Дзеі 25 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Фэст жа, прыйшоўшы ў сваё гаспадарства, цераз тры дні вырушыў із Кесарыі ў Ерузалім.
Фэст, прыбыўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні адбыў з Цэзарэі ў Ерузалем.
І архірэй і выдатне́йшыя із Жыдоў зьявіліся да яго проці Паўлы
Тады першасвятары і ўплывовыя юдэі паскардзіліся яму на Паўла і прасілі яго
і малілі яго, каб зрабіў ласку ды прыслаў яго ў Ерузалім, — зрабіўшы змову, каб забіць яго ў дарозе.
зрабіць ласку і прыслаць Паўла ў Ерузалем, бо задумвалі забіць яго ў дарозе.
Але Фэст адказаў, што Паўлу сьцерагуць у Кесарыі, а сам ён маніцца хутка выехаць.
Але Фэст адказаў, што Паўла сцерагуць у Цэзарэі, і ён сам неўзабаве туды адправіцца.
Дык хто із вас можа, сказаў ён, няхай ідуць са мною і, калі ёсьць не́шта на чалаве́ку гэтым, няхай яго вінавацяць.
«Тыя з вас, хто можа, — сказаў ён, — няхай пойдуць разам са мною і, калі ёсць штосьці заганнае ў гэтым чалавеку, няхай абвінавацяць яго».
Пабыўшы-ж у іх больш дзесяцёх дзён, вярнуўся ў Кесарыю і назаўтрае, се́ўшы на судным пасадзе, загадаў прывясьці Паўлу.
Прабыўшы ў іх не больш за восем або дзесяць дзён, ён вярнуўся ў Цэзарэю. На другі дзень сеў на судовы пасад і загадаў прывесці Паўла.
Калі-ж той прыйшоў, абступілі яго Жыды, што прыйшлі з Ерузаліму, прыносячы на яго многа цяжкіх абвінавачаньняў, якіх ня здолелі даказаць.
Калі прывялі, вакол яго сталі юдэі, што прыйшлі з Ерузалема, і выказвалі супраць яго шмат цяжкіх абвінавачванняў, якіх не маглі даказаць.
Ён-жа апраўдываўся, што ні ў чым не правініўся ані проці закону Жыдоўскага, ані проці царквы, ані проці ке́сара.
Павел у сваё апраўданне сказаў: «Я ні ў чым не правініўся ні супраць юдэйскага Закону, ні супраць святыні, ні супраць цэзара».
Але Фэст, хочучы зрабіць ласку Жыдом, адказваючы Паўлу, сказаў: Ці хочаш ісьці ў Ерузалім, ды каб там я судзіў цябе́ за гэта?
Тады Фэст, жадаючы дагадзіць юдэям, адказаў Паўлу: «Хочаш ісці ў Ерузалем і там стаць перад судом у гэтых справах?»
Паўла-ж сказаў: Я стаю перад ке́саравым судом, дзе́ і трэ’ мне́ судзіцца. Жыдом ніякае крыўды не зрабіў, як і ты добра ве́даеш.
Павел адказаў: «Я стаю перад судом цэзара, дзе мяне і належыць судзіць. Я не пакрыўдзіў юдэяў нічым, і ты добра ведаеш гэта.
Калі паступаю несправядліва і ўчыніў не́шта, вартае сьме́рці, дык не адмаўляюся паме́рці; але, калі нічога таго няма, у чым мяне́ яны вінавацяць, дык ніхто ня можа выдаць ім мяне́. Паклікаюся на ке́сара.
Калі я ўчыніў злачынства і зрабіў штосьці вартае смерці, я не адмаўляюся памерці. Але калі няма нічога, у чым яны вінавацяць мяне, то ніхто не можа выдаць мяне ім. Я звяртаюся да цэзара!»
Тады Фэст, пагутарыўшы з раднікамі, адказаў: Паклікаешся на ке́сара, да ке́сара й пойдзеш.
Тады Фэст, пагаварыўшы з радаю, адказаў: «Ты звярнуўся да цэзара, да цэзара і пойдзеш».
Праз колькі дзён цар Агрыппа й Вэрніка прыбылі ў Кесарыю прывітаці Фэста.
Праз некалькі дзён кароль Агрыпа і Бэрэніка прыбылі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.
Калі-ж пабылі яны тамака шмат дзён, Фэст падаў цару справу Паўлы, кажучы: Ёсьць не́йкі чалаве́к, пакінены Фэліксам у путах,
Паколькі яны прабылі там шмат дзён, Фэст растлумачыў справу Паўла каралю, кажучы: «Фелікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека.
на якога ў бытнасьць маю ў Ерузаліме жаліліся архірэі і старшыя із Жыдоў, просячы суду на яго.
Калі я быў у Ерузалеме, першасвятары і старэйшыны Ізраэля падалі супраць яго скаргу, патрабуючы асуджэння.
Я адказаў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць чалаве́ка на сьме́рць пе́рш, чым вінавачаны ме́ціме перад абліччам абвініцеляў і займе́ць ме́сца дзеля апраўданьня ад абвіне́ньня.
Я адказаў ім, што рымляне не маюць звычаю асуджаць каго-небудзь на смерць, пакуль абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі і не атрымае магчымасці бараніцца ад закідаў.
Калі-ж яны прыйшлі сюды, я безадкладна назаўтрае се́ў на судны пасад і загадаў прывясьці таго чалаве́ка.
Калі яны прыйшлі сюды, то я не марудзіў, але ў наступны дзень распачаў судовы працэс і загадаў прывесці таго чалавека.
Абвініцелі, абступіўшы яго, ня прыне́сьлі проці яго ніякае віны, якое я спадзяваўся;
Абвінаваўцы сталі вакол яго, але не падалі ніякага абвінавачвання ў тых злачынствах, якія я падазраваў.
а ме́лі яны з ім не́йкія спрэчкі аб іхніх забабонах ды аб не́йкім паме́ршым Ісусе, аб якім Паўла казаў, што Ён жыве́.
Яны спрачаліся з ім пра іх вераванні і пра нейкага памерлага Езуса, пра якога Павел сцвярджае, што Ён жывы.
Не разьбіраючыся ў гэтай спрэчцы, я сказаў: ці хоча ён ісьці ў Ёрузалім ды тамака судзіцца за гэта?
Не ведаючы, як вырашаць такія справы, я спытаўся ў яго, ці не хоча ён пайсці ў Ерузалем і там судзіцца за гэта.
Калі-ж Паўла зажадаў, каб яго затрымаць на разгляд Аўгуста, я загадаў пілнаваць яго, пакуль не пашлю яго да Ке́сара.
Калі ж Павел пажадаў застацца пад вартаю, пакуль яго справу не разгледзіць цэзар, я загадаў сцерагчы яго, пакуль не адпраўлю да цэзара».
Агрыппа-ж сказаў да Фэста: Хаце́ў бы й я сам выслухаць чалаве́ка. Заўтра, адказаў ён, пачуеш яго.
Агрыпа сказаў Фэсту: «Я хацеў бы паслухаць гэтага чалавека». «Заўтра, — сказаў той, — ты пачуеш яго».
Назаўтрае-ж, як Агрыппа й Вэрніка прыйшлі з вялікай пышнасьцяй і ўвайшлі ў судовую палату з тысячнікамі й паважне́йшымі мужамі ме́ста, па загаду Фэставаму быў прыве́дзены Паўла.
Назаўтра Агрыпа і Бэрэніка прыйшлі з усёй пампезнасцю і ўвайшлі ў судовую залу з тысячнікамі і гарадской знаццю. На загад Фэста прывялі Паўла.
І кажа Фэст: Цару Агрыппа дый усе́ прысутныя з намі мужы! Вы бачыце таго, аб якога ўся грамада Жыдоўская прыступала да мяне́ і ў Ерузаліме і тут, крычучы, што ня сьле́д яму больш жыць.
Фэст сказаў: «Кароль Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы, вы бачыце таго, супраць каго ўвесь народ юдэйскі выступіў перада мною ў Ерузалеме і тут з воклічамі, што ён не павінен больш жыць.
Але я не знайшоў, каб ён учыніў не́шта вартае сьме́рці, дый ён сам паклікаўся на Аўгуста; дык я рассудзіў паслаці яго.
Але я пераканаўся, што ён не зрабіў нічога вартага смерці, а паколькі ён сам звяртаўся да цэзара, я вырашыў паслаць да яго.
Ды ня маю аб ім нічога пэўнага напісаць Гаспадару; дзеля гэтага прывёў яго да вас, а асабліва да цябе́, цару Агрыппа, каб, рассудзіўшы, ме́ці што напісаць.
Я не маю нічога канкрэтнага, каб напісаць пра яго гаспадару. Таму я прывёў яго да вас, асабліва да цябе, кароль Агрыпа, каб пасля гэтага разбіральніцтва мне было што напісаць.
Бо неразумным здае́цца мне́, пасылаючы вязьня, не паказаць і абвінавачаньня на яго.
Бо мне здаецца неразважным паслаць вязня, не падаўшы абвінавачанняў супраць яго».