Дзеі 25 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Фэст, прыйшоўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні ўзыйшоў з Цэзарэі ў Ерусалім.
Фэст, прыбыўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні адбыў з Цэзарэі ў Ерузалем.
А першасьвятары і першыя з Юдэяў выступілі перад ім супраць Паўла і малілі яго,
Тады першасвятары і ўплывовыя юдэі паскардзіліся яму на Паўла і прасілі яго
просячы ў яго ласкі, каб ён выклікаў [Паўла] ў Ерусалім, учыніўшы змову, каб забіць яго ў дарозе.
зрабіць ласку і прыслаць Паўла ў Ерузалем, бо задумвалі забіць яго ў дарозе.
Тады Фэст адказаў, што Паўла пільнуюць у Цэзарэі, а сам ён мае неўзабаве выйсьці [туды].
Але Фэст адказаў, што Паўла сцерагуць у Цэзарэі, і ён сам неўзабаве туды адправіцца.
«Дык хто з вас можа, — кажа ён, — няхай ідуць [са мною], і, калі ёсьць нешта на чалавеку гэтым, няхай яго вінавацяць».
«Тыя з вас, хто можа, — сказаў ён, — няхай пойдуць разам са мною і, калі ёсць штосьці заганнае ў гэтым чалавеку, няхай абвінавацяць яго».
А прабыўшы ў іх больш за дзесяць дзён, зыйшоў у Цэзарэю і на заўтра, сеўшы на судовым пасадзе, загадаў прывесьці Паўла.
Прабыўшы ў іх не больш за восем або дзесяць дзён, ён вярнуўся ў Цэзарэю. На другі дзень сеў на судовы пасад і загадаў прывесці Паўла.
Калі ж той прыйшоў, абступілі яго Юдэі, якія прыйшлі з Ерусаліму, прыносячы супраць Паўла шмат цяжкіх абвінавачваньняў, якіх не маглі давесьці.
Калі прывялі, вакол яго сталі юдэі, што прыйшлі з Ерузалема, і выказвалі супраць яго шмат цяжкіх абвінавачванняў, якіх не маглі даказаць.
Ён жа адказваў, што ні ў чым не саграшыў ані супраць Закону Юдэйскага, ані супраць сьвятыні, ані супраць цэзара.
Павел у сваё апраўданне сказаў: «Я ні ў чым не правініўся ні супраць юдэйскага Закону, ні супраць святыні, ні супраць цэзара».
А Фэст, хочучы зрабіць ласку Юдэям, адказваючы Паўлу, сказаў: «Ці хочаш, узыйшоўшы ў Ерусалім, там быць суджаны мною за гэта?»
Тады Фэст, жадаючы дагадзіць юдэям, адказаў Паўлу: «Хочаш ісці ў Ерузалем і там стаць перад судом у гэтых справах?»
А Павал сказаў: «Я стаю перад судовым пасадам цэзара, дзе я мушу быць суджаным. Юдэяў нічым я ня скрыўдзіў, як і ты добра ведаеш.
Павел адказаў: «Я стаю перад судом цэзара, дзе мяне і належыць судзіць. Я не пакрыўдзіў юдэяў нічым, і ты добра ведаеш гэта.
Бо калі я зрабіў нейкую крыўду і нешта, вартае сьмерці, не адмаўляюся памерці; а калі няма нічога, у чым яны мяне вінавацяць, ніхто ня можа выдаць ім мяне. Прызываю [суд] цэзара!»
Калі я ўчыніў злачынства і зрабіў штосьці вартае смерці, я не адмаўляюся памерці. Але калі няма нічога, у чым яны вінавацяць мяне, то ніхто не можа выдаць мяне ім. Я звяртаюся да цэзара!»
Тады Фэст, пагутарыўшы з радаю, адказаў: «Прызываеш цэзара? Да цэзара пойдзеш».
Тады Фэст, пагаварыўшы з радаю, адказаў: «Ты звярнуўся да цэзара, да цэзара і пойдзеш».
А калі мінула некалькі дзён, валадар Агрыпа і Бэрніка прыйшлі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.
Праз некалькі дзён кароль Агрыпа і Бэрэніка прыбылі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.
Калі ж былі яны там шмат дзён, Фэст прадставіў валадару справу Паўла, кажучы: «Ёсьць нейкі чалавек, пакінуты Фэліксам як вязень,
Паколькі яны прабылі там шмат дзён, Фэст растлумачыў справу Паўла каралю, кажучы: «Фелікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека.
супраць якога, калі я быў у Ерусаліме, выступалі першасьвятары і старшыні юдэйскія, просячы прысуду на яго.
Калі я быў у Ерузалеме, першасвятары і старэйшыны Ізраэля падалі супраць яго скаргу, патрабуючы асуджэння.
Я адказаў ім, што ў Рымлянаў няма звычаю выдаваць нейкага чалавека на сьмерць перш, чым вінавачаны будзе мець перад абліччам [сваім] абвінавальнікаў і атрымае месца дзеля абароны ад абвінавачваньня.
Я адказаў ім, што рымляне не маюць звычаю асуджаць каго-небудзь на смерць, пакуль абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі і не атрымае магчымасці бараніцца ад закідаў.
Дык калі яны зыйшліся, я, ня робячы аніякай затрымкі, на другі дзень, сеўшы на судовы пасад, загадаў прывесьці гэтага чалавека.
Калі яны прыйшлі сюды, то я не марудзіў, але ў наступны дзень распачаў судовы працэс і загадаў прывесці таго чалавека.
Абвінавальнікі, абступіўшы яго, не прынесьлі супраць яго аніякае віны, якой я спадзяваўся,
Абвінаваўцы сталі вакол яго, але не падалі ніякага абвінавачвання ў тых злачынствах, якія я падазраваў.
а мелі яны з ім нейкія спрэчкі пра іхнюю рэлігію і пра нейкага памёршага Ісуса, пра Якога Павал цьвердзіў, што Ён жывы.
Яны спрачаліся з ім пра іх вераванні і пра нейкага памерлага Езуса, пра якога Павел сцвярджае, што Ён жывы.
Зьбянтэжаны гэтай спрэчкаю, я сказаў, ці хоча ён ісьці ў Ерусалім і там быць суджаным за гэта.
Не ведаючы, як вырашаць такія справы, я спытаўся ў яго, ці не хоча ён пайсці ў Ерузалем і там судзіцца за гэта.
А як Павал запатрабаваў, каб яго пільнавалі дзеля разгляду Аўгуста, я загадаў пільнаваць яго, пакуль не пашлю яго да цэзара».
Калі ж Павел пажадаў застацца пад вартаю, пакуль яго справу не разгледзіць цэзар, я загадаў сцерагчы яго, пакуль не адпраўлю да цэзара».
Агрыпа ж мовіў да Фэста: «Хацеў бы і я сам пачуць гэтага чалавека». А той кажа: «Заўтра пачуеш яго».
Агрыпа сказаў Фэсту: «Я хацеў бы паслухаць гэтага чалавека». «Заўтра, — сказаў той, — ты пачуеш яго».
Дык на заўтра, калі Агрыпа і Бэрніка прыйшлі з вялікай пышнасьцю і ўвайшлі ў судовую залю разам з тысячнікамі і найпаважнейшымі мужамі гораду, на загад Фэста быў прыведзены Павал.
Назаўтра Агрыпа і Бэрэніка прыйшлі з усёй пампезнасцю і ўвайшлі ў судовую залу з тысячнікамі і гарадской знаццю. На загад Фэста прывялі Паўла.
І прамовіў Фэст: «Валадару Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Вы бачыце таго, адносна якога ўсё мноства Юдэйскае прасіла мяне і ў Ерусаліме, і тут, крычучы, што не належыцца яму больш жыць.
Фэст сказаў: «Кароль Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы, вы бачыце таго, супраць каго ўвесь народ юдэйскі выступіў перада мною ў Ерузалеме і тут з воклічамі, што ён не павінен больш жыць.
Але я не спасьцярог, каб ён зрабіў нешта вартае сьмерці, і як ён сам прызваў Аўгуста, я судзіў паслаць яго.
Але я пераканаўся, што ён не зрабіў нічога вартага смерці, а паколькі ён сам звяртаўся да цэзара, я вырашыў паслаць да яго.
Ды ня маю нічога пэўнага напісаць гаспадару. Дзеля гэтага прывёў яго да вас, і асабліва да цябе, валадару Агрыпа, каб, учыніўшы допыт, я меў, што напісаць.
Я не маю нічога канкрэтнага, каб напісаць пра яго гаспадару. Таму я прывёў яго да вас, асабліва да цябе, кароль Агрыпа, каб пасля гэтага разбіральніцтва мне было што напісаць.
Бо неразумным здаецца мне, пасылаючы вязьня, нават не пазначыць абвінавачваньня супраць яго».
Бо мне здаецца неразважным паслаць вязня, не падаўшы абвінавачанняў супраць яго».