Дзеі 4 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Калі яны гаварылі да народу, сталі перад імі сьвятары, і начальнікі варты сьвятыні, і садукеі,
 
Калі яны прамаўлялі да народу, падышлі да іх святары, дазорац святыні і садукеі,

узлаваныя, што яны навучаюць народ і прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне з мёртвых.
 
абураныя тым, што яны навучаюць народ і абвяшчаюць уваскрашэнне ў Езусе.

І ўсклалі на іх рукі, і аддалі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар.
 
Схапілі іх і кінулі ў вязніцу да раніцы, бо ўжо быў вечар.

А многія з тых, якія чулі слова, паверылі; і быў лік такіх мужоў каля пяці тысячаў.
 
А многія з тых, хто чуў прамову, паверылі. Было іх каля пяці тысяч мужчын.

А назаўтра сталася, што сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія, і старшыні, і кніжнікі,
 
На другі дзень сабраліся іх правадыры, старэйшыны і кніжнікі ў Ерузалеме,

і Анна першасьвятар, і Каяфа, і Ян, і Аляксандар, і ўсе, хто быў з роду першасьвятарскага,
 
таксама першасвятар Анна і Каяфа, Ян і Аляксандр ды іншыя, што былі з першасвятарскага роду.

і, паставіўшы іх пасярод, пыталіся: «Якою моцаю ці якім імем вы ўчынілі гэта?»
 
Яны паставілі іх пасярэдзіне і пыталіся: «Якою моцаю або чыім імем вы зрабілі гэта?»

Тады Пётар, напоўніўшыся Духам Сьвятым, сказаў да іх: «Начальнікі народу і старшыні Ізраілю!
 
Тады Пётр, напоўнены Духам Святым, сказаў ім: «Правадыры народу і старэйшыны,

Калі нас сёньня дапытваюць за дабрадзейства нядужаму чалавеку, кім ён аздароўлены,
 
калі нас сёння дапытваюць за добры ўчынак, дзякуючы якому гэты хворы чалавек выздаравеў,

няхай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраіля, што ў імя Ісуса Хрыста з Назарэту, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, праз Яго ён стаіць перад вамі здаровы.
 
то няхай будзе вядома вам і ўсяму ізраэльскаму народу, што гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы дзякуючы імені Езуса Хрыста, Назараніна, якога вы ўкрыжавалі і якога Бог уваскрасіў з мёртвых.

Ён — Камень, пагарджаны вамі, будаўнічымі, Які стаўся галавою вугла,
 
Ён — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі,і які стаўся галавою вугла.

і ні ў кім іншым няма збаўленьня, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мусілі мы быць збаўленыя».
 
І няма ні ў кім іншым збаўлення, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мы можам атрымаць збаўленне».

А ўбачыўшы адвагу Пятра і Яна і спасьцярогшы, што яны людзі някніжныя і простыя, зьдзіўляліся; пазналі ж іх, што яны былі з Ісусам.
 
Бачучы адвагу Пятра і Яна і даведаўшыся, што гэта людзі непісьменныя і простыя, дзівіліся. І пазналі іх, што яны былі з Езусам.

Бачачы ж аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, не маглі нічога запярэчыць.
 
Гледзячы на аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, нічога не маглі адказаць.

Загадаўшы ж ім выйсьці з сынэдрыёну, радзіліся між сабою,
 
Загадаўшы ім выйсці з месца пасяджэнняў, раіліся паміж сабою, кажучы:

кажучы: «Што мы зробім з гэтымі людзьмі? Бо, праўда, вялікі знак, які стаўся праз іх, яўны для ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме, і мы ня можам адмовіць гэта.
 
«Што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо яны ўчынілі відавочны цуд, вядомы ўсім жыхарам Ерузалема. І мы не можам запярэчыць гэтаму.

Але, каб больш не разыходзілася гэта ў народзе, пагрозамі забаронім ім, каб ужо не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзей».
 
Але, каб далей не пашыралася гэта ў народзе, забаронім ім пад пагрозаю, каб не прамаўлялі больш ад гэтага імя да ніводнага чалавека».

І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісуса.
 
Тады паклікалі іх і забаранілі ім увогуле прамаўляць і навучаць у імя Езуса.

А Пётар і Ян, адказваючы ім, сказалі: «Судзіце, ці справядліва перад Богам слухаць вас больш, чым Бога?
 
Але Пётр і Ян адказалі ім: «Падумайце, ці справядліва перад Богам слухацца вас больш, чым Бога?

Бо мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі».
 
Мы не можам маўчаць пра тое, што бачылі і чулі».

Яны ж, пагражаючы, вызвалілі іх, не знаходзячы, як пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася.
 
А тыя зноў прыгразілі і адпусцілі іх, бо з ўвагі на людзей не змаглі пакараць іх, таму што ўсе славілі Бога за тое, што сталася.

Бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім стаўся знак аздараўленьня.
 
А чалавеку таму, з якім стаўся гэты цуд аздараўлення, было больш за сорак гадоў.

Калі ж іх вызвалілі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі ўсё, што ім сказалі першасьвятары і старшыні.
 
Калі іх адпусцілі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі, што сказалі ім першасвятары і старэйшыны.

А яны, пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: «Уладару! Ты — Бог, Які ўчыніў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх.
 
Тыя, выслухаўшы іх, узнялі разам голас да Бога і сказалі: «Валадару, Ты стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх.

Праз вусны Давіда, слугі Твайго, Ты сказаў: “Чаму бунтуюцца пагане і народы задумваюць марнае?
 
Ты праз Духа Святога вуснамі айца нашага Давіда, Твайго слугі, сказаў: “Чаму бунтуюцца язычнікіі народы задумалі марнае?

Паўсталі валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага”.
 
Паўсталі каралі зямлі,і валадары сабраліся разамсупраць Пана і супраць Памазаніка Яго”.

Бо праўдзіва сабраліся супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, Ірад і Понтый Пілат з паганамі і народам Ізраіля,
 
Бо, сапраўды, супраць святога Слугі Твайго Езуса, якога Ты намасціў, сабраліся ў гэтым горадзе Ірад і Понцій Пілат разам з язычнікамі і народам Ізраэля,

каб учыніць усё, што рука Твая і рада Твая прадвызначылі, каб сталася.
 
каб учыніць тое, што Твая рука і воля Твая прадвызначыла.

І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія, і дай слугам Тваім з усёю адвагаю гаварыць слова Тваё,
 
Цяпер, Пане, паглядзі на іхнія пагрозы і дай слугам Тваім з усёй адвагаю абвяшчаць Тваё слова.

а Ты працягні руку Тваю на аздараўленьне, і каб рабіліся знакі і цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса».
 
Выцягні сваю руку дзеля аздараўлення, няхай стануцца знакі і цуды ў імя святога Слугі Твайго Езуса».

І, як памаліліся, захісталася месца, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе былі напоўненыя Духам Сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагаю.
 
Калі памаліліся, затрэслася месца, на якім яны сабраліся, і ўсе напоўніліся Духам Святым, і адважна абвяшчалі Божае слова.

А ў мноства тых, якія паверылі, было адно сэрца і адна душа, і ніхто нічога з маёмасьці сваёй не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.
 
Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў сваім нічога з маёмасці сваёй, але ўсё ў іх было супольнае.

І з вялікай сілай апосталы давалі сьведчаньне ўваскрасеньня Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.
 
Апосталы з вялікай моцаю давалі сведчанне пра ўваскрасенне Пана Езуса, і ўсе яны мелі вялікую ласку.

Бо не было сярод іх нікога, хто меў нястачу, бо ўсе, хто меў палі ці дамы, продаючы іх, прыносілі цану праданага
 
Не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу, бо ўсе, хто валодаў зямлёю або дамамі, прадавалі іх

і клалі ля ног апосталаў; а кожнаму давалася тое, якую хто меў патрэбу.
 
і прыносілі грошы ад продажу, і клалі да ног Апосталаў. А раздавалася кожнаму паводле ягонай патрэбы.

А Ёсія, названы апосталамі Барнабам, што значыць Сын пацяшэньня, лявіт, родам з Кіпру,
 
Юзаф жа, якога Апосталы называлі Барнабам, што азначае «сын суцяшэння», левіт, родам з Кіпра,

які меў сваё поле, прадаўшы яго, прынёс грошы і паклаў ля ног апосталаў.
 
прадаў зямлю, якую меў, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.