Дзеі 5 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

А нейкі муж, на імя Ананія, з Сапфіраю, жонкаю сваёю, прадаў маёмасьць сваю,
 
Адзін чалавек па імені Ананія са сваёй жонкай Сапфірай прадаў свой набытак

і прыхаваў з цаны з ведама жонкі сваёй, і, прынёсшы нейкую частку, палажыў ля ног апосталаў.
 
і ўтаіў з ведама жонкі частку выручаных сродкаў, а частку прынёс і паклаў ля ног Апосталаў.

А Пётар сказаў: «Чаму напоўніў шатан сэрца тваё, каб схлусіць Духу Сьвятому ды прыхаваць з цаны за поле?
 
Але Пётр сказаў: «Ананія, чаму сатана напоўніў тваё сэрца, каб ты зманіў перад Духам Святым і ўтаіў частку сродкаў за зямлю?

Ці ж не тваё было, што ты меў, і праданае ці ж не ў тваёй уладзе было? Навошта ты палажыў рэч гэтую ў сэрца сваё? Ты схлусіў ня людзям, але Богу».
 
Хіба тое, што ты меў, не было тваім, а прададзенае ці не было ў тваёй уладзе? Чаму ты задумаў гэта ў сваім сэрцы? Ты зманіў не перад людзьмі, а перад Богам!»

Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў нежывы. І вялікі страх стаўся на ўсіх, якія чулі гэта.
 
Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў і памёр. Усіх, хто чуў гэта, ахапіў вялікі страх.

А юнакі, устаўшы, узялі яго і, вынесшы, пахавалі.
 
А юнакі ўсталі, узялі яго, вынеслі і пахавалі.

Сталася ж гадзіны праз тры, прыйшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася.
 
Гадзіны праз тры прыйшла яго жонка, не ведаючы пра тое, што адбылося.

А Пётар спытаўся ў яе: «Скажы мне, ці за гэтулькі аддалі вы поле?» Яна ж сказала: “Так, за гэтулькі”.
 
Пётр спытаўся ў яе: «Скажы мне, ці за столькі вы прадалі зямлю?» Яна адказала: «Так, за столькі».

А Пётар сказаў да яе: «Навошта змовіліся вы спакусіць Духа Госпадавага? Вось, пры дзьвярах ногі тых, якія пахавалі мужа твайго, і яны вынясуць цябе».
 
Тады Пётр сказаў ёй: «Чаму гэта вы дамовіліся выпрабоўваць Духа Пана? Вось, на парозе ногі тых, хто пахаваў твайго мужа, — яны вынесуць і цябе».

Яна ж адразу ўпала ля ног ягоных нежывая. А юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую і, вынесшы, пахавалі каля мужа яе.
 
Яна адразу ўпала ля яго ног і аддала духа. Юнакі ж, калі ўвайшлі, знайшлі яе мёртвай і, вынесшы, пахавалі яе каля мужа.

І стаўся вялікі страх на ўсёй царкве і на ўсіх, якія чулі гэта.
 
Увесь Касцёл і ўсіх, хто чуў гэта, ахапіў вялікі страх.

А праз рукі апосталаў рабілася шмат знакаў і цудаў у народзе, і былі ўсе аднадушна ў прысенку Салямонавым.
 
Рукамі Апосталаў было ўчынена ў народзе шмат знакаў і цудаў. Усе аднадушна сыходзіліся на ганак Саламона.

А з іншых ніхто не адважваўся прыстаць да іх, але ўзьвялічваў іх народ.
 
З астатніх жа ніхто не асмельваўся далучыцца да іх, а народ іх узвялічваў.

А тых, што вераць у Госпада, дадавалася яшчэ больш, мноства мужчынаў і жанчынаў,
 
Праз веру ўсё больш далучалася да Пана, мноства мужчын і жанчын,

так што выносілі хворых на вуліцы і лажылі на ложках і насілках, каб хоць цень Пятра, які ішоў, ацяніў каго з іх.
 
так што выносілі хворых на вуліцы і клалі іх на насілках і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, упала на каго-небудзь з іх.

Зыйшлося таксама ў Ерусалім мноства з навакольных гарадоў, несучы хворых і апанаваных нячыстымі духамі, якія ўсе былі аздароўленыя.
 
Сыходзілася таксама ў Ерузалем з навакольных мястэчак мноства людзей, якія прыносілі хворых і апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны вылечваліся.

А першасьвятар і ўсе, што з ім, якія былі з герэзіі садукейскай, паўстаўшы, напоўніліся зайздрасьцю,
 
Тады першасвятар і ўсе тыя, хто быў разам з ім, з кола садукеяў, поўныя зайздрасці,

і ўсклалі рукі свае на апосталаў, і зьмясьцілі іх у вастрог грамадзкі.
 
схапілі Апосталаў і кінулі іх у гарадскую турму.

А анёл Госпада ўначы адчыніў дзьверы вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
 
Але ноччу анёл Пана адчыніў дзверы вязніцы, вывеў іх і сказаў:

«Ідзіце і, стаўшы, гаварыце ў сьвятыні да народу ўсе словы жыцьця гэтага».
 
«Ідзіце і абвяшчайце народу ў святыні ўсе словы гэтага жыцця».

Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі раніцаю ў сьвятыню і навучалі. А першасьвятар і тыя, што з ім, прыйшоўшы, склікалі сынэдрыён і ўсю старшызну сыноў Ізраіля і паслалі ў вязьніцу прывесьці іх.
 
Яны ж, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у святыню і навучалі. Апосталы перад Сінэдрыёнам Першасвятар і тыя, хто быў разам з ім, прыйшлі, склікалі Сінэдрыён і ўсю раду старэйшын сыноў Ізраэля і паслалі ў вязніцу, каб прывялі Апосталаў.

Паслугачы ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы і, вярнуўшыся, паведамілі,
 
Аднак, прыйшоўшы, слугі не знайшлі іх у вязніцы. Вярнуўшыся, яны сказалі:

кажучы: «Вязьніцу знайшлі мы замкнёную надзейна і вартаўнікоў, якія звонку стаялі перад дзьвярыма; але, адчыніўшы, усярэдзіне нікога не знайшлі».
 
«Турма была замкнёнай і ў поўнай бяспецы, і варта стаяла пры дзвярах. Аднак, адчыніўшы, мы нікога там не знайшлі».

Калі ж пачулі словы гэтыя сьвятар, і начальнік варты сьвятыні, і першасьвятары, зьбянтэжыліся, што б гэта сталася?
 
Калі дазорац святыні і першасвятары пачулі гэтыя словы, не зразумелі, што сталася.

А нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім, кажучы, што вось мужы, якіх вы зьмясьцілі ў вязьніцу, стаяць у сьвятыні і навучаюць народ.
 
Але нехта прыбыў і сказаў ім: «Вось мужы, якіх вы кінулі ў вязніцу, стаяць у святыні і навучаюць народ».

Тады начальнік варты, пайшоўшы з паслугачамі, прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.
 
Тады дазорац пайшоў са слугамі і прывёў іх без прымусу, таму што баяліся народу, каб не закідалі іх камянямі.

А прывёўшы, паставілі іх у сынэдрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар,
 
Калі слугі прывялі Апосталаў у Сінэдрыён, першасвятар спытаўся ў іх:

кажучы: «Ці не пагрозамі забаранілі мы вам навучаць пра імя гэтае? І вось, вы напоўнілі Ерусалім вучэньнем вашым і хочаце сьцягнуць на нас кроў Чалавека Гэтага».
 
«Ці не строга забаранілі мы вам навучаць у імя гэтае? Між тым вы напоўнілі ўвесь Ерузалем вашым вучэннем і хочаце абвінаваціць нас у крыві таго чалавека».

І, адказваючы, Пётар і апосталы сказалі: «Больш трэба слухацца Бога, чым людзей.
 
Пётр і Апосталы адказалі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей.

Бог бацькоў нашых уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.
 
Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве.

Яго, Начальніка і Збаўцу, Бог правіцай Сваёй узвысіў, каб даць Ізраілю навяртаньне і адпушчэньне грахоў.
 
Бог узвысіў Яго сваёй правіцаю як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў.

І сьведкі Ягоныя на словы гэтыя — мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго».
 
Мы сведкі гэтых слоў і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму».

Тыя ж, пачуўшы, раз’юшыліся і пастанавілі пазабіваць іх.
 
Тыя, калі пачулі гэта, разгневаліся і вырашылі іх забіць.

А адзін фарысэй у сынэдрыёне, на імя Гамаліэль, законавучыцель, знаны ўсяму народу, устаўшы, загадаў на трохі [часу] вывесьці апосталаў,
 
Адзін з фарысеяў па імені Гамаліэль, настаўнік Закону, паважаны ўсім народам, устаў у Сінэдрыёне і загадаў на хвіліну вывесці гэтых людзей. Пасля сказаў:

і сказаў ім: «Мужы Ізраільцяне, сьцеражыцеся адносна людзей гэтых, што маеце ўчыніць.
 
«Мужы ізраэльскія, добра падумайце, што хочаце зрабіць з гэтымі людзьмі.

Бо перад гэтымі днямі паўстаў Тэўда, кажучы пра сябе як пра некага, і да яго прыстаў лік мужоў каля чатырохсот; ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьцярушыліся і сталіся нічым.
 
Бо нядаўна перад гэтым з’явіўся Тэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага. Далучылася да яго каля чатырохсот чалавек. Але ён быў забіты, і ўсе, хто слухаў яго, разышліся і зніклі.

Пасьля гэтага ў дні перапісу паўстаў Юда Галілеец і пацягнуў за сабою даволі народу; і ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся.
 
Пасля яго, падчас перапісу, з’явіўся Юда з Галілеі і павёў народ за сабою. Але і ён загінуў, і ўсе, хто слухаўся яго, рассеяліся.

І цяпер кажу вам: адыйдзіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх; бо калі ад людзей рада гэтая ці справа гэтая, будзе зьнішчаная,
 
Цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэтая задума і гэтая справа ад людзей, то яна знікне,

а калі ад Бога, вы ня здолееце зьнішчыць яе, і каб не апынулася, што вы ваюеце з Богам».
 
а калі ад Бога, то вы не здолееце знішчыць іх. І каб часам вы не змагаліся з Богам!»Яны паслухаліся яго.

Яны ж паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, зьбіўшы, загадалі ім не гаварыць пра імя Ісуса, і вызвалілі іх.
 
Паклікаўшы Апосталаў, збілі іх і забаранілі ім прамаўляць у імя Езуса, ды адпусцілі.

Тыя ж пайшлі ад аблічча сынэдрыёна, радуючыся, што сталіся вартымі зьняважаньня за імя Ягонае.
 
А яны пайшлі з Сінэдрыёна, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за гэтае імя.

І кожны дзень у сьвятыні і дома не пераставалі навучаць і дабравесьціць пра Ісуса Хрыста.
 
Не пераставалі кожны дзень навучаць у святыні і па дамах, абвяшчаючы Евангелле пра Езуса Хрыста.