Дзеі 5 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

А адзін чалавек, імем Ананія, са сваёй жонкай Сафірай прадаў маёмасць
 
Адзін чалавек па імені Ананія са сваёй жонкай Сапфірай прадаў свой набытак

ды, з ведама жонкі сваёй, утаіў сабе частку атрыманых грошай, а рэшту, прынёсшы, паклаў ля ног Апосталаў.
 
і ўтаіў з ведама жонкі частку выручаных сродкаў, а частку прынёс і паклаў ля ног Апосталаў.

Пётра ж сказаў: «Ананія, чаму шатан напоўніў тваё сэрца, каб ты падмануў Духа Святога і затрымаў у сябе частку атрыманых за поле грошай?
 
Але Пётр сказаў: «Ананія, чаму сатана напоўніў тваё сэрца, каб ты зманіў перад Духам Святым і ўтаіў частку сродкаў за зямлю?

Тое, што меў, ці не тваё было? І праданае ці не ў тваёй уладзе было? Дык чаму надумаў гэтакую рэч у сэрцы сваім? Ты ж схлусіў не людзям, але Богу!»
 
Хіба тое, што ты меў, не было тваім, а прададзенае ці не было ў тваёй уладзе? Чаму ты задумаў гэта ў сваім сэрцы? Ты зманіў не перад людзьмі, а перад Богам!»

Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў і сканаў; і стаўся страх вялікі на ўсіх, якія чулі гэта.
 
Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў і памёр. Усіх, хто чуў гэта, ахапіў вялікі страх.

А некалькі юнакоў, устаўшы, загарнулі яго і, вынесшы, пахавалі.
 
А юнакі ўсталі, узялі яго, вынеслі і пахавалі.

Сталася, што недзе праз тры гадзіны ўвайшла яго жонка, не ведаючы, што здарылася.
 
Гадзіны праз тры прыйшла яго жонка, не ведаючы пра тое, што адбылося.

І звярнуўся да яе Пётра: «Скажы мне, ці за столькі прадалі вы зямлю?» А яна адказала: «Так, за столькі».
 
Пётр спытаўся ў яе: «Скажы мне, ці за столькі вы прадалі зямлю?» Яна адказала: «Так, за столькі».

Пётра ж сказаў ёй: «Навошта вы змовіліся, каб спакусіць Духа Госпадава? Вось, у парозе тыя, што пахавалі мужа твайго. Вынесуць яны і цябе».
 
Тады Пётр сказаў ёй: «Чаму гэта вы дамовіліся выпрабоўваць Духа Пана? Вось, на парозе ногі тых, хто пахаваў твайго мужа, — яны вынесуць і цябе».

І яна зараз жа ўпала ля ног яго і сканала. Юнакі, уваходзячы, знайшлі яе мёртвай і, вынесшы, пахавалі каля мужа.
 
Яна адразу ўпала ля яго ног і аддала духа. Юнакі ж, калі ўвайшлі, знайшлі яе мёртвай і, вынесшы, пахавалі яе каля мужа.

І стаўся страх вялікі над усёй царквой ды з усімі, хто аб гэтым пачулі.
 
Увесь Касцёл і ўсіх, хто чуў гэта, ахапіў вялікі страх.

Рукамі ж Апосталаў былі чынены ў народзе многія знакі і цуды, і былі ўсе аднадушна ў прысенку Саламонавым.
 
Рукамі Апосталаў было ўчынена ў народзе шмат знакаў і цудаў. Усе аднадушна сыходзіліся на ганак Саламона.

І ніхто з іншых не адважваўся да іх далучыцца, але хваліў іх народ.
 
З астатніх жа ніхто не асмельваўся далучыцца да іх, а народ іх узвялічваў.

І штораз больш павялічваўся лік мужчын і жанчын, што верылі ў Госпада,
 
Праз веру ўсё больш далучалася да Пана, мноства мужчын і жанчын,

так што людзі нават на вуліцу выносілі хворых ды там клалі на насілкі або ложкі, каб, калі пройдзе Пётра, хоць цень яго ўпаў на якога з іх.
 
так што выносілі хворых на вуліцы і клалі іх на насілках і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, упала на каго-небудзь з іх.

Таксама з суседніх гарадоў збягалася ў Ерузалім многа народа, прыносячы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны былі аздароўлены.
 
Сыходзілася таксама ў Ерузалем з навакольных мястэчак мноства людзей, якія прыносілі хворых і апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны вылечваліся.

Тады першасвятар і ўсе, што былі з ім, з існуючэй герэзіі садукейскай, напоўніліся зайздрасцю,
 
Тады першасвятар і ўсе тыя, хто быў разам з ім, з кола садукеяў, поўныя зайздрасці,

і ўсклалі рукі свае на Апосталаў, і пасадзілі іх у грамадскую вязніцу.
 
схапілі Апосталаў і кінулі іх у гарадскую турму.

А ўночы анёл Госпадаў адчыніў дзверы вязніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
 
Але ноччу анёл Пана адчыніў дзверы вязніцы, вывеў іх і сказаў:

«Ідзіце і вясціце ў святыні народа ўсе словы жыцця гэтага».
 
«Ідзіце і абвяшчайце народу ў святыні ўсе словы гэтага жыцця».

Пачуўшы гэта, яны на світанні ўвайшлі ў святыню і навучалі. Тым часам першасвятар і тыя, што былі з ім, прыйшоўшы, склікалі раду ды ўсіх старэйшын сыноў Ізраэля і паслалі ў вязніцу, каб прывесці іх.
 
Яны ж, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у святыню і навучалі. Апосталы перад Сінэдрыёнам Першасвятар і тыя, хто быў разам з ім, прыйшлі, склікалі Сінэдрыён і ўсю раду старэйшын сыноў Ізраэля і паслалі ў вязніцу, каб прывялі Апосталаў.

Але паслугачы, пайшоўшы, не знайшлі іх у вязніцы, а вярнуўшыся, паведамілі,
 
Аднак, прыйшоўшы, слугі не знайшлі іх у вязніцы. Вярнуўшыся, яны сказалі:

кажучы: «Знайшлі мы вязніцу вельмі старанна замкнёную, ды вартаўнікоў, што стаялі перад дзвярамі; але, адчыніўшы, у сярэдзіне не знайшлі мы нікога».
 
«Турма была замкнёнай і ў поўнай бяспецы, і варта стаяла пры дзвярах. Аднак, адчыніўшы, мы нікога там не знайшлі».

Калі начальнік варты святыні і першасвятар пачулі гэтыя словы, дык не маглі зразумець, што гэта з імі сталася.
 
Калі дазорац святыні і першасвятары пачулі гэтыя словы, не зразумелі, што сталася.

У той час нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім, кажучы: «Вось, людзі, якіх вы замкнулі ў вязніцы, стаяць у святыні і навучаюць народ».
 
Але нехта прыбыў і сказаў ім: «Вось мужы, якіх вы кінулі ў вязніцу, стаяць у святыні і навучаюць народ».

Тады начальнік з паслугачамі пайшоў і прывёў іх, але без прымусу, бо баяліся, каб народ не ўкаменаваў іх саміх.
 
Тады дазорац пайшоў са слугамі і прывёў іх без прымусу, таму што баяліся народу, каб не закідалі іх камянямі.

І, калі яны прывялі іх, то паставілі перад радай. І першасвятар спытаўся ў іх,
 
Калі слугі прывялі Апосталаў у Сінэдрыён, першасвятар спытаўся ў іх:

кажучы: «Хіба не забаранілі мы вам строга, каб вы не навучалі ў гэтае імя? А вось, вы напоўнілі Ерузалім вашаю навукай ды хочаце ўзвесці на нас кроў Гэтага Чалавека».
 
«Ці не строга забаранілі мы вам навучаць у імя гэтае? Між тым вы напоўнілі ўвесь Ерузалем вашым вучэннем і хочаце абвінаваціць нас у крыві таго чалавека».

У адказ Пётра і Апосталы сказалі: «Болей трэба слухацца Бога, чым людзей.
 
Пётр і Апосталы адказалі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей.

Бог нашых бацькоў уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, прыбіўшы да дрэва,
 
Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве.

Бог узвысіў Яго правіцай Сваёй як Валадара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю навяртанне ды адпушчэнне грахоў.
 
Бог узвысіў Яго сваёй правіцаю як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў.

І мы — сведкі Яго на словы гэтыя, як і Дух Святы, Якога Бог даў паслухмяным Яму».
 
Мы сведкі гэтых слоў і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму».

Калі яны гэта пачулі, то моцна раззлаваліся і хацелі іх забіць.
 
Тыя, калі пачулі гэта, разгневаліся і вырашылі іх забіць.

Тады адзін фарысей на імя Гамаліэль, заканазнавец, паважаны ўсім народам, устаўшы ў радзе, загадаў на нейкі час вывесці Апосталаў
 
Адзін з фарысеяў па імені Гамаліэль, настаўнік Закону, паважаны ўсім народам, устаў у Сінэдрыёне і загадаў на хвіліну вывесці гэтых людзей. Пасля сказаў:

і прамовіў да іх: «Мужы ізраэльцы! Добра абдумайце, што вы будзеце рабіць з гэтымі людзьмі.
 
«Мужы ізраэльскія, добра падумайце, што хочаце зрабіць з гэтымі людзьмі.

Бо нядаўна ў нас выступіў Тэўда, кажучы, што ён — нехта незвычайны, і далучыліся да яго каля чатырохсот прыхільнікаў, і быў забіты, і ўсе, што верылі яму, расцярушыліся, і след іх прапаў.
 
Бо нядаўна перад гэтым з’явіўся Тэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага. Далучылася да яго каля чатырохсот чалавек. Але ён быў забіты, і ўсе, хто слухаў яго, разышліся і зніклі.

Потым у дні перапісу выступіў Юда галілеец, і пацягнуў за сабой даволі людзей; і ён сам згінуў, і ўсе яго прыхільнікі рассеяліся.
 
Пасля яго, падчас перапісу, з’явіўся Юда з Галілеі і павёў народ за сабою. Але і ён загінуў, і ўсе, хто слухаўся яго, рассеяліся.

І цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей, і пакіньце іх у супакоі, і адпусціце іх. Бо калі гэты намер і дзейнасць ад людзей паходзіць, будзе знішчана,
 
Цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэтая задума і гэтая справа ад людзей, то яна знікне,

а калі ад Бога, дык вы не зможаце іх знішчыць, ды каб часам не аказалася, што вы ваюеце з Богам». Яны паслухалі яго
 
а калі ад Бога, то вы не здолееце знішчыць іх. І каб часам вы не змагаліся з Богам!»Яны паслухаліся яго.

і, паклікаўшы Апосталаў і пабіўшы, сурова папярэдзілі, каб не прамаўлялі ў імя Ісуса, і адпусцілі іх.
 
Паклікаўшы Апосталаў, збілі іх і забаранілі ім прамаўляць у імя Езуса, ды адпусцілі.

І яны выходзілі ад аблічча рады ўсцешаныя, што дзеля імя Ісуса цярпелі знявагу,
 
А яны пайшлі з Сінэдрыёна, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за гэтае імя.

і, не перастаючы, штодзень у святыні і па дамах навучалі і абвяшчалі добрую вестку аб Ісусе Хрысце.
 
Не пераставалі кожны дзень навучаць у святыні і па дамах, абвяшчаючы Евангелле пра Езуса Хрыста.