Дзеі 13 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І былі ў Антыёхіі, у царкве, прарокі і настаўнікі: Барнаба і Сімяон, званы Нігер, Луцый Цырэнец і Манаэн, які гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, ды Саўл.
У Касцёле Антыёхіі прарокамі і настаўнікамі былі: Барнаба і Сымон, якога звалі таксама Нігер, Люцый Кірэнэец і Манаэн, які выхоўваўся разам з тэтрархам Ірадам, і Саўл.
І, калі яны адпраўлялі службу Госпадаву і посцілі, сказаў Дух Святы: «Вылучыце мне Барнабу і Саўла на дзейнасць, на якую Я іх паклікаў».
Калі яны служылі Пану і пасцілі, Дух Святы сказаў: «Вылучыце Мне Барнабу і Саўла на справу, да якой Я іх паклікаў».
Тады з постам і малітваю, усклаўшы на іх рукі, адпусцілі іх.
Тады, пасля посту і малітвы, яны ўсклалі на іх рукі і адпусцілі іх.
І яны, выпраўленыя Духам Святым, накіраваліся ў Сэлеўцыю, а адтуль паплылі па моры на Кіпр.
А яны, пасланыя Духам Святым, прыбылі ў Сэлеўкію. Адтуль паплылі на Кіпр.
І, калі прыбылі ў Саламіну, прапаведавалі слова Божае ў сінагогах юдэйскіх. Мелі ж яны Яна ў дапамогу.
Калі былі ў Саламіне, абвяшчалі Божае слова ў юдэйскіх сінагогах. Мелі таксама Яна памочнікам.
І, праходзячы праз увесь востраў, дайшлі да Пафы. Там напаткалі аднаго чараўніка, фальшывага юдэйскага прарока, якому імя Барыісус.
Прайшоўшы ўвесь востраў аж да Пафаса, яны знайшлі нейкага чалавека, чарадзея, ілжэпрарока, юдэя, якога звалі Бар-Езус.
Ён быў з праконсулам Сергіем Паўлам, чалавеку разумным. Ён, паклікаўшы Барнабу і Саўла, хацеў паслухаць слова Божае.
Ён быў разам з праконсулам Сергіем Паўлам, чалавекам разумным. Паклікаўшы Барнабу і Саўла, ён пажадаў пачуць слова Божае.
Але працівіўся ім Элімас, чараўнік, так бо тлумачыцца імя яго, намагаючыся праконсула адвярнуць ад веры.
Але выступіў супраць іх Ялім, гэта значыць «чарадзей», бо так перакладаецца яго імя, і намагаўся адвярнуць праконсула ад веры.
Тады Саўл, які таксама Паўла, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на яго пільна
Аднак Саўл, ён жа Павел, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на яго
і сказаў: «О ты, сын д’ябла, поўны ўсякага ашуканства ды ўсякай крывадушнасці, вораг усякай справядлівасці! Ці не перастанеш ты заварочваць простых дарог Госпадавых?
і сказаў: «Сын д’ябла, поўны ўсякага подступу і зладзейства, вораг усякай праўды, ці перастанеш ты зводзіць з простых шляхоў Пана?
Вось жа, цяпер рука Госпадава на табе; і будзеш сляпы, і нейкі час не будзеш бачыць сонца». І зараз жа найшла на яго слепата і цемра, і ён, ходзячы кругамі, шукаў, хто б даў яму руку.
Вось цяпер рука Пана на табе: будзеш невідушчы і не ўбачыш сонца нейкі час». І адразу ахапіў яго змрок і цемра, і ён пачаў хадзіць наўкола, шукаючы павадыра.
Тады, убачыўшы, што здарылася, праконсул уверыў, здзіўлены навукай Госпадавай.
Калі ж праконсул убачыў, што адбылося, паверыў, здзіўлены вучэннем Пана.
Адплыўшы з Пафы, тыя, што былі з Паўлам, прыбылі ў Пэргэ ў Памфіліі, а Ян вярнуўся ў Ерузалім, адышоўшы ад іх.
Калі Павел і тыя, хто быў з ім, адплылі з Пафаса, прыбылі ў Пэргэ, што ў Памфіліі. Але Ян пакінуў іх і вярнуўся ў Ерузалем.
Яны ж, ідучы далей, прайшлі Пэргэ, і дайшлі да Антыёхіі Пісідыйскай, і ў суботу ўвайшлі ў сінагогу, і там паселі.
Яны ж прайшлі Пэргэ і прыбылі ў Антыёхію Пісідыйскую, і ў шабат увайшлі ў сінагогу, і селі.
Па прачытанні закону і прарокаў начальнікі сінагогі паслалі да іх, кажучы: «Калі маеце, мужы браты, нейкае слова заахвоты для народа, прамоўце!»
Пасля чытання Закону і Прарокаў кіраўнікі сінагогі паслалі да іх, кажучы: «Браты, калі маеце нейкае слова заахвочвання для народу, скажыце!»
Тады падняўся Паўла і, даўшы знак рукою маўчаць, гаворыць: «Слухайце, мужы ізраэльскія ды тыя, што баіцеся Бога!
Тады Павел устаў, даў знак рукою і сказаў: «Мужы ізраэльскія і тыя, хто баіцца Бога, слухайце.
Бог гэтага народа ізраэльскага выбраў нашых бацькоў ды ўзвысіў народ, калі былі яны жыхарамі зямлі Егіпецкай, і магутнаю рукою вывеў іх з яе.
Бог гэтага ізраэльскага народу выбраў айцоў нашых і ўзвысіў народ падчас знаходжання ў зямлі егіпецкай, і ўзнятаю рукою вывеў іх з яе.
І каля сарака гадоў зносіў цярпліва іх нараканні ў пустыні.
Каля сарака гадоў цярпеў іх звычаі на пустыні.
Ды, выгубіўшы сем народаў у зямлі Ханаан, жэрабем падзяліў зямлю ім
І знішчыўшы сем народаў у зямлі канаанскай, даў ім у спадчыну іхнюю зямлю
меней-болей праз чатырыста пяцьдзясят гадоў. Потым даў ім суддзяў аж да прарока Самуэля.
пасля чатырохсот пяцідзесяці гадоў. Потым даў ім суддзяў аж да прарока Самуэля.
І, калі пазней прасілі цара, даў ім Бог Саўла, сына Кіса, мужа з пакалення Бэньяміна, на сорак гадоў.
Затым яны папрасілі караля, і Бог даў ім Саўла, сына Кіша, мужа з пакалення Бэньяміна, на сорак гадоў.
А калі яго адкінуў, паставіў ім царом Давіда, пра якога, даючы сведчанне, сказаў: “Знайшоў Я Давіда, сына Ясэя, мужа па сэрцы Маім, які ва ўсім выканае волю Маю”.
Адкінуўшы яго, прызначыў Давіда каралём іхнім, пра якога і сказаў, засведчыўшы: “Я знайшоў Давіда, сына Есэя, чалавека па сэрцы Маім, які выканае ўсе Мае жаданні”.
З яго нашчадкаў, паводле абяцання, Бог падняў для Ізраэля Збаўцу Ісуса,
З ягонага патомства, паводле абяцання, Бог паслаў для Ізраэля Збаўцу Езуса.
перад прыходам Якога Ян прапаведаваў хрост навяртання ўсяму народу Ізраэля.
Перад Ягоным прыйсцем Ян прапаведаваў хрост пакаяння ўсяму ізраэльскаму народу.
А пад канец свайго шляху Ян казаў: “Кім вы лічыце мяне? Гэта не я; але, вось, пасля мяне ідзе Той, Якому я не варты развязаць пасталоў на нагах”.
Пад канец сваёй дзейнасці Ян сказаў: “Я не з’яўляюся тым, кім вы лічыце мяне; але вось за мною ідзе той, каму я не варты развязаць сандалі на нагах”.
Мужы браты, сыны роду Абрагама і тыя паміж вас, што баяцца Бога! Вам паслана слова збаўлення гэтага.
Браты, сыны роду Абрагама і тыя з вас, хто баіцца Бога. Нам паслана слова гэтага збаўлення,
Жыхары Ерузаліма ды іх начальнікі не прызналі Яго ды, асуджаючы Яго, здзейснілі прадказанні прарокаў, чытаныя кожную суботу,
бо жыхары Ерузалема і іх кіраўнікі не пазналі Езуса і, калі асудзілі Яго, споўнілі словы прарокаў, што чыталіся кожны шабат.
і, не знаходзячы ў Ім ніякай віны, вартай смерці, дамагаліся ад Пілата, каб Яго забіць.
І хоць не знайшлі ніякай прычыны для смерці, прасілі Пілата забіць Яго.
А калі выканалі ўсё, што пра Яго было напісана, зняўшы Яго з крыжа, паклалі ў магілу.
А калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, знялі Яго з крыжа і паклалі ў магілу.
Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых,
Але Бог уваскрасіў Яго.
і Ён паказваўся многа дзён тым, што з Ім разам прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім; яны цяпер сведкі Яго перад народам.
Шмат дзён з’яўляўся Ён тым, хто разам з Ім прыйшоў з Галілеі ў Ерузалем, якія цяпер сведчаць пра Яго перад народам.
І мы абвяшчаем вам гэтую добрую вестку, што абяцанне, дадзенае бацькам,
Мы таксама абвяшчаем вам Евангелле, што абяцанне, дадзенае айцам нашым,
Бог выканаў адносна нас, іх сыноў, уваскрашаючы нам Ісуса, як напісана ў другім псальме: “Ты — Сын Мой. Я сёння нарадзіў Цябе”.
Бог выканаў для нас, дзяцей іхніх, калі ўваскрасіў Езуса, як і напісана ў другім псальме: “Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў”.
А што Яго ўваскрасіў з мёртвых і што Ён не вернецца больш у парахненне, так сказаў: “Дам для вас святыя абяцанні Давіду”.
А пра тое, што ўваскрасіў Яго, каб Ён больш не вярнуўся да тлення, так сказаў: “Я верна выканаю абяцанні, дадзеныя Давіду”.
І ў іншым месцы кажа: “Не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне”.
Таму ў іншым месцы кажа: “Ты не дасі свайму святому ўбачыць тлення”.
Бо Давід, паслужыўшы свайму пакаленню, заснуў з волі Божай, і быў пахаваны пры сваіх бацьках, і ўбачыў парахненне.
Давід, які ў свой час паслужыў Божай волі, спачыў і, далучыўся да сваіх айцоў, убачыў тленне.
Але Той, Каго Бог уваскрасіў, не бачыў парахнення.
А той, каго ўваскрасіў Бог, не ўбачыў тлення.
Мужы браты, хай будзе вам ведама, што праз Яго абвяшчаецца вам дараванне грахоў; ад усяго, ад чаго не маглі вы апраўдацца ў законе Майсея,
Таму, браты, няхай вам будзе вядома, што праз Яго абвяшчаецца вам адпушчэнне грахоў, і ва ўсім, у чым вы не апраўдаліся ў Законе Майсея,
у Ім кожны, хто ўверыць, апраўдаецца.
кожны веруючы апраўдаецца праз Яго.
Дык глядзіце, каб не здзейснілася, што сказана прарокамі:
Сцеражыцеся, каб з вамі не здарылася тое, што сказана ў Прарокаў:
“Глядзіце вы, што пагарджаеце, дзівуйцеся ды адыдзіцеся, бо Я выконваю ў дні вашы справу, у якую не паверыце, калі вам хтосьці аб гэтым раскажа”».
“Глядзіце, насмешнікі,здзіўляйцеся і згіньце,бо Я раблю справу ў дні вашыя,справу, у якую вы не паверыце, калі б хто і распавёў вам!”».
Калі яны выходзілі з сінагогі юдэйскай, прасілі іх пагане, каб яны ў наступную суботу гаварылі тыя самыя словы.
Калі ж яны выходзілі, прасілі іх расказаць у наступны шабат пра гэтыя рэчы.
А як разышлася сінагога, многа юдэяў і пабожных празелітаў праводзілі Паўлу і Барнабу, якія заклікалі іх да трывання ў ласцы Божай.
Калі сабраныя разышліся, многія юдэі і пабожныя празеліты пайшлі следам за Паўлам і Барнабам, якія ў размове пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай.
А ў наступную суботу амаль увесь горад сышоўся слухаць слова Божае.
У наступны шабат сабраўся амаль увесь горад слухаць слова Пана.
Калі ж юдэі ўбачылі натоўпы, ахапіла іх зайздрасць, і, блюзнячы, пярэчылі таму, чаму навучаў Паўла, кажучы супраць ды зневажаючы.
Калі юдэі ўбачылі такі натоўп, напоўніліся зайздрасцю і пярэчылі таму, што казаў Павел, і блюзнерылі.
Тады Паўла і Барнаба сказалі адважна: «Першым вам належала прапаведаваць слова Божае, але, калі вы яго адкідваеце ды самі сябе лічыце за нягодных жыцця вечнага, вось, мы звернемся да паганаў.
Тады Павел і Барнаба з адвагаю сказалі: «Вам першым трэба было абвяшчаць слова Божае. Але паколькі вы адкідваеце яго і лічыце саміх сябе нявартымі вечнага жыцця, таму мы звяртаемся да язычнікаў.
Бо гэтак загадаў нам Госпад: “Устанаўляю Я цябе святлом для паганаў, каб быў Ты збаўленнем аж па край зямлі”».
Бо так нам загадаў Пан: “Я зрабіў цябе святлом народаў,каб ты быў збаўленнем аж да межаў зямлі”».
Пагане ж, чуючы гэта, цешыліся ды славілі слова Госпадава, і ўсе, прызначаныя да жыцця вечнага, уверылі.
Калі пачулі гэта язычнікі, узрадаваліся і славілі слова Пана, і ўсе, пакліканыя да вечнага жыцця, паверылі.
І слова Госпадава разносілася па ўсім краі.
А слова Пана пашыралася па ўсёй краіне.
Тым часам юдэі падбурылі пабожных і паважаных жанчын ды першых грамадзян і ўчынілі пераследаванне на Паўлу і Барнабу, ды выкінулі іх са сваіх межаў.
Юдэі ж падбухторылі пабожных і дастойных жанчын, уплывовых у горадзе людзей і пачалі пераследаваць Паўла і Барнабу, і выгналі іх са сваіх межаў.
А яны, абтросшы на іх пыл ад ног сваіх, пайшлі ў Іконію.
Яны ж абтрэслі пыл з ног і пайшлі ў Іконію.
Вучні ж былі поўныя радасці і Духа Святога.
А вучні напаўняліся радасцю і Духам Святым.