Дзеі 12 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
У гэты час цар Ірад падняў рукі, каб пераследаваць некаторых з царквы.
У той час кароль Ірад пачаў пераследаваць некаторых з Касцёла.
І Якуба, брата Яна, забіў мечам.
Забіў мячом Якуба, брата Яна.
І, бачачы, што гэта спадабалася юдэям, увязніў да таго ж і Пётру. А былі гэта дні праснакоў.
А калі ўбачыў, што гэта спадабалася юдэям, схапіў таксама і Пятра. А былі дні Праснакоў.
Калі яго схапіў, укінуў у вязніцу, даручыўшы, каб чатыры варты па чацвёра жаўнераў пільнавалі яго, жадаючы па свяце Пасхі вывесці яго народу.
Затрымаўшы яго, пасадзіў у вязніцу і загадаў чатыром чацвёркам жаўнераў вартаваць яго, маючы намер пасля Пасхі выдаць яго народу.
І быў Пётра вартаваны ў астрозе. А ў царкве безупынна была малітва за яго да Бога.
Так Пятра вартавалі ў вязніцы, а Касцёл рупліва маліўся за яго да Бога.
У ноч, пасля якой Ірад меўся вывесці яго, Пётра, скаваны падвоеным ланцугом, спаў між двумя воінамі, і вартаўнікі перад брамай пільнавалі астрог.
У тую ноч, калі Ірад хацеў выдаць яго, ён спаў паміж двума жаўнерамі, скаваны падвойнымі ланцугамі, і ахоўнікі каля брамы вартавалі вязніцу.
І вось, з’явіўся анёл Госпадаў, і святло заззяла ў каморы; і, ткнуўшы ў бок Пётры, абудзіў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І апалі ланцугі з рук яго.
І вось анёл Пана з’явіўся перад ім, а ў цямніцы заззяла святло. Штурхнуўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго і сказаў: «Уставай хутчэй!» Ланцугі апалі з ягоных рук.
І сказаў яму анёл: «Падперажыся ды абуй пасталы твае!» І ён так зрабіў. І кажа яму: «Надзень вопратку тваю ды ідзі за мной».
Анёл сказаў яму: «Падперажыся і завяжы свае сандалі!» Той так і зрабіў. Пасля сказаў яму: «Адзень свой плашч і ідзі за мною!»
І, выйшаўшы, ішоў за ім, але не ведаў, ці гэта рэчаіснасць, што анёл робіць, а думаў, што бачыць з’яву.
Калі выйшаў, пайшоў следам за ім, не ведаючы, ці праўдзівае тое, што робіць анёл. Думаў жа, што гэта з’ява.
Прамінуўшы першую і другую варту, яны дайшлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і зараз анёл аддаліўся ад яго.
Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі. Выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і раптам анёл пакінуў яго.
Тады Пётра, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер ведаю сапраўды, што Госпад паслаў анёла Свайго ды вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ юдэйскі».
Тады Пётр, апрытомнеўшы, сказаў: «Цяпер сапраўды ведаю, што Пан паслаў анёла свайго і ўратаваў мяне ад рукі Ірада і ад усяго, што задумаў юдэйскі народ».
Паразважаўшы, пайшоў у дом Марыі, маці Яна, званага Маркам, дзе пазбіраліся многія на малітве.
Зразумеўшы гэта, ён прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся на малітве.
І калі Пётра пастукаў у дзверы, прыбегла дзяўчына, на імя Рода, паслухаць, хто там.
Калі Пётр пастукаў у дзверы брамы, выйшла спытацца служанка па імені Рода.
І, пазнаўшы голас Пётры, з радасці не адчыніла дзверы, але пабегла паведаміць, што Пётра стаіць перад дзвярамі.
Пазнаўшы голас Пятра, яна ад радасці не адчыніла брамы, а пабегла сказаць, што Пётр стаіць ля брамы.
А яны сказалі ёй: «Дурніца!» Яна ж даказвала, што гэта так. Яны ж усе казалі: «Гэта анёл яго».
Яны ж сказалі ёй: «Ты звар’яцела!» Але яна настойвала, што так ёсць. Яны ж казалі: «Гэта яго анёл».
А Пётра стукаўся далей. Калі ж нарэшце адчынілі, убачылі яго і надта здзівіліся.
Тым часам Пётр стукаў далей. А калі адчынілі, убачылі яго і здзівіліся.
Ён жа, даўшы ім знак рукою маўчаць, расказаў, як Госпад вывеў яго з астрога, і сказаў: «Паведаміце пра гэта Якубу і братам». І, выйшаўшы, пайшоў у другое месца.
Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, расказаў, як Пан вывеў яго з вязніцы. Потым сказаў: «Паведаміце пра гэта Якубу і братам». Затым выйшаў і адправіўся ў іншае месца.
Калі ж настаў дзень, між жаўнерамі ўзнікла немалая трывога з-за таго, што сталася праз Пётру.
Калі настаў дзень, сярод жаўнераў пачалося немалое хваляванне ад таго, што здарылася з Пятром.
Ірад жа, калі спытаўся пра яго і не знайшоў, судзіў вартаўнікоў, загадаўшы пакараць іх смерцю. І, перабраўшыся з Юдэі ў Цэзарэю, там затрымаўся.
Ірад жа, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, аддаў вартаўнікоў пад суд і загадаў зняволіць, а сам накіраваўся з Юдэі ў Цэзарэю і спыніўся там.
А Ірад дужа злаваўся на жыхароў Тыра і Сідона. Але яны аднадушна прыбылі да яго і, схіліўшы на свой бок Бласта, палацовага царскага, прасілі супакою, бо іх край жывіўся ад краю царскага.
Ірад быў раззлаваны на жыхароў Тыра і Сідона. Тады яны з агульнай згоды прыйшлі да яго. Дабіўшыся прыхільнасці Бласта, каралеўскага ўрадніка, прасілі міру, таму што іх краіна кармілася ад каралеўскай зямлі.
У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы царскія шаты, седзячы на пасадзе, прамаўляў да іх.
У вызначаны дзень Ірад, апрануўшыся ў каралеўскія шаты, сеў на ўзвышэнні і прамаўляў да іх,
А народ крычаў: «Гэта голас бога, а не чалавека!»
а народ усклікаў: «Гэта голас Бога, а не чалавека!»
І адразу ж ударыў яго анёл Госпадаў, таму што ён не аддаў Богу належнай славы, і ён памёр, сточаны чарвямі.
Але раптам анёл Пана ўдарыў яго, бо ён не аддаў хвалы Богу. І, з’едзены чарвякамі, ён памёр.
Слова ж Госпадава расло і памнажалася.
Слова ж Божае расло і пашыралася.
А Барнаба і Саўл, выканаўшы сваё даручэнне, вярнуліся з Ерузаліма, узяўшы з сабой Яна, званага Маркам.
Барнаба і Саўл, выканаўшы сваё служэнне ў Ерузалеме, вярнуліся і ўзялі з сабою Яна, якога звалі таксама Маркам.