Дзеі 12 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
А ў той час валадар Ірад падняў руку, каб рабіць зло некаторым з царквы,
У той час кароль Ірад пачаў пераследаваць некаторых з Касцёла.
а Якуба, брата Яна, забіў мячом.
Забіў мячом Якуба, брата Яна.
І, бачачы, што гэта падабаецца Юдэям, дадаў, што схапіў і Пятра, а былі дні праснакоў,
А калі ўбачыў, што гэта спадабалася юдэям, схапіў таксама і Пятра. А былі дні Праснакоў.
і, схапіўшы, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго народу.
Затрымаўшы яго, пасадзіў у вязніцу і загадаў чатыром чацвёркам жаўнераў вартаваць яго, маючы намер пасля Пасхі выдаць яго народу.
Дык Пятра пільнавалі ў вязьніцы, а шчырая малітва за яго ўзносілася ад царквы да Бога.
Так Пятра вартавалі ў вязніцы, а Касцёл рупліва маліўся за яго да Бога.
Калі ж Ірад меўся вывесьці яго, у тую ноч Пётар спаў між двух жаўнераў, зьвязаны двума ланцугамі, і перад дзьвярыма вартаўнікі пільнавалі вязьніцу.
У тую ноч, калі Ірад хацеў выдаць яго, ён спаў паміж двума жаўнерамі, скаваны падвойнымі ланцугамі, і ахоўнікі каля брамы вартавалі вязніцу.
І вось, анёл Госпада стаў, і сьвятло засьвяціла ў цэлі, і, ударыўшы Пятра ў бок, падняў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І ўпалі з рук ягоных ланцугі.
І вось анёл Пана з’явіўся перад ім, а ў цямніцы заззяла святло. Штурхнуўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго і сказаў: «Уставай хутчэй!» Ланцугі апалі з ягоных рук.
Анёл жа сказаў да яго: «Падперажыся і азуй сандалы твае». Ён зрабіў гэта, і той кажа яму: «Апрані адзеньне тваё і ідзі за мною».
Анёл сказаў яму: «Падперажыся і завяжы свае сандалі!» Той так і зрабіў. Пасля сказаў яму: «Адзень свой плашч і ідзі за мною!»
І, выйшаўшы, пайшоў за ім, і ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз анёла, а думаў, што бачыць відзеж.
Калі выйшаў, пайшоў следам за ім, не ведаючы, ці праўдзівае тое, што робіць анёл. Думаў жа, што гэта з’ява.
Абмінуўшы ж першую варту і другую, яны падыйшлі да жалезных брамаў, што вялі ў горад, якія самі расчыніліся ім, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і анёл адразу адыйшоў ад яго.
Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі. Выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і раптам анёл пакінуў яго.
І Пётар, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер праўдзіва ведаю, што Госпад паслаў анёла Свайго і вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі».
Тады Пётр, апрытомнеўшы, сказаў: «Цяпер сапраўды ведаю, што Пан паслаў анёла свайго і ўратаваў мяне ад рукі Ірада і ад усяго, што задумаў юдэйскі народ».
І, агледзеўшыся, прыйшоў у дом Марыі, маці Яна, называнага Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся.
Зразумеўшы гэта, ён прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся на малітве.
А калі Пётар грукаўся ў дзьверы брамаў, падыйшла паслухаць служка, на імя Рода,
Калі Пётр пастукаў у дзверы брамы, выйшла спытацца служанка па імені Рода.
і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла брамаў, а, убегшы, абвясьціла, што Пётар стаіць перад брамамі.
Пазнаўшы голас Пятра, яна ад радасці не адчыніла брамы, а пабегла сказаць, што Пётр стаіць ля брамы.
Яны ж сказалі да яе: «Ты звар’яцела». А яна настойвала, што гэта ён. Яны ж казалі: «Гэта анёл ягоны».
Яны ж сказалі ёй: «Ты звар’яцела!» Але яна настойвала, што так ёсць. Яны ж казалі: «Гэта яго анёл».
А Пётар працягваў грукацца. Адчыніўшы, яны ўбачылі яго і зьдзівіліся.
Тым часам Пётр стукаў далей. А калі адчынілі, убачылі яго і здзівіліся.
Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, распавёў ім, як Госпад вывеў яго з вязьніцы. І сказаў: «Абвясьціце пра гэта Якубу і братам». І, выйшаўшы, пайшоў у іншае месца.
Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, расказаў, як Пан вывеў яго з вязніцы. Потым сказаў: «Паведаміце пра гэта Якубу і братам». Затым выйшаў і адправіўся ў іншае месца.
А як настаў дзень, было хваляваньне немалое ў жаўнераў адносна таго, што магло стацца з Пятром.
Калі настаў дзень, сярод жаўнераў пачалося немалое хваляванне ад таго, што здарылася з Пятром.
Ірад жа, шукаючы яго і не знайшоўшы яго, дапытаўшы вартаўнікоў, загадаў вывесьці іх [на сьмерць]. І, зыйшоўшы з Юдэі ў Цэзарэю, быў [там].
Ірад жа, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, аддаў вартаўнікоў пад суд і загадаў зняволіць, а сам накіраваўся з Юдэі ў Цэзарэю і спыніўся там.
А быў Ірад дужа зазлаваны на Тырыянаў і Сідонцаў. Яны ж аднадушна прыйшлі да яго і, пераканаўшы Бласта, падкаморага валадарскага, прасілі міру, бо іхняя краіна жывілася ад валадарскае.
Ірад быў раззлаваны на жыхароў Тыра і Сідона. Тады яны з агульнай згоды прыйшлі да яго. Дабіўшыся прыхільнасці Бласта, каралеўскага ўрадніка, прасілі міру, таму што іх краіна кармілася ад каралеўскай зямлі.
У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы валадарскае адзеньне і сеўшы на судовым пасадзе, прамаўляў да іх,
У вызначаны дзень Ірад, апрануўшыся ў каралеўскія шаты, сеў на ўзвышэнні і прамаўляў да іх,
а народ крычаў: «Голас бога, а не чалавека!»
а народ усклікаў: «Гэта голас Бога, а не чалавека!»
А анёл Госпада адразу ўдарыў яго за тое, што ён не аддаў славу Богу, і, заедзены чэрвямі, ён памёр.
Але раптам анёл Пана ўдарыў яго, бо ён не аддаў хвалы Богу. І, з’едзены чарвякамі, ён памёр.
А слова Божае расло і памнажалася.
Слова ж Божае расло і пашыралася.
А Барнаба і Саўл, споўніўшы служэньне, вярнуліся з Ерусаліму, узяўшы з сабою Яна, якога звалі Маркам.
Барнаба і Саўл, выканаўшы сваё служэнне ў Ерузалеме, вярнуліся і ўзялі з сабою Яна, якога звалі таксама Маркам.