Дзеі 27 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
А калі прысудзілі нам плыць у Італію, Паўла і некаторых іншых вязьняў аддалі сотніку з кагорты Аўгуста, на імя Юлій.
Калі было вырашана, што мы паплывем у Італію, Паўла і некаторых іншых вязняў аддалі сотніку па імені Юлій з кагорты цэзара.
Узыйшоўшы ж на Адраміцкі карабель, які меў плысьці ўздоўж месцаў Азійскіх, мы вырушылі, маючы з сабой Арыстарха, Македонца з Тэсалонік,
Мы селі на адраміцкі карабель, які меў плыць каля азіяцкіх мясцін. З намі быў Арыстарх, македонец з Тэсалонікі.
і на другі дзень прысталі да Сідону. І Юлій, які абыходзіўся з Паўлам па-людзку, дазволіў яму пайсьці да сяброў і атрымаць адпачынак.
На другі дзень мы прысталі ў Сідоне. Юлій ставіўся да Паўла добразычліва і дазволіў яму наведаць сяброў і скарыстаць з іх апекі.
Вырушыўшы адтуль, мы прыплылі да Кіпру, бо вятры былі супраціўныя.
Адправіўшыся адтуль, мы прыбылі на Кіпр, бо дзьмулі супраціўныя вятры.
І пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, мы зыйшлі ў Мірах Лікійскіх.
Пераплыўшы мора каля Цыліцыі і Памфіліі, мы прыбылі ў Ліцыйскую Міру.
Там сотнік, знайшоўшы Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, пасадзіў нас на яго.
Там сотнік знайшоў александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго.
Плывучы ж памалу даволі дзён і ледзь апынуўшыся насупраць Кніду, бо вецер не дазваляў нам, прыплылі мы да Крыту насупраць Сальмону.
Плывучы паволі шмат дзён, мы з цяжкасцю дабраліся да ваколіцы Кнідаса. Паколькі вецер не пускаў нас далей, мы падплылі да Крыта насупраць Сальмона.
І, ледзьве праплыўшы паўз яго, мы прыйшлі да нейкага месца, называнага Добрыя Затокі, ад якога блізка горад Лясэя.
А калі ледзьве мінулі яго, прыплылі да месца, якое завецца Добрыя Прыстані, непадалёк ад горада Ласая.
А калі мінула даволі часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо ўжо і пост прамінуў, радзіў Павал,
Калі прайшло ўжо шмат часу і плаванне было небяспечным, а пост ужо скончыўся, Павел пачаў асцерагаць,
кажучы ім: «Мужы! Я бачу, што плаваньне мае быць са шкодаю і многімі стратамі ня толькі для ладунку і карабля, але і для душаў нашых».
кажучы ім: «Мужы, я бачу што плаванне будзе цяжкім і з вялікай шкодаю не толькі для грузу і карабля, але і для нашага жыцця».
А сотнік больш даверыўся корніку і гаспадару карабля, чым таму, што казаў Павал.
Але сотнік больш давяраў стырнавому і ўладальніку карабля, чым словам Паўла.
А як затока не была прыстасаваная для зімаваньня, большасьць давала параду плысьці адтуль, каб можна было перазімаваць, дабраўшыся да Фініку, Крыцкае затокі, што ляжыць насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру.
Паколькі прыстань была непрыстасаваная для зімоўкі, большасць раіла адплысці адтуль, каб, калі можна, дабрацца да Фенікса і перазімаваць у гэтай крыцкай прыстані, адкрытай на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.
Калі ж павеяў паўднёвы вецер, яны, думаючы, што атрымалі жаданае, выправіўшыся, паплылі паўз Крыт.
Калі ж падзьмуў паўднёвы вецер, яны, мяркуючы, што ўжо дасягнуць сваёй мэты, паднялі якары і паплылі ўзджоўж узбярэжжа Крыта.
Неўзабаве наляцеў бурны вецер, называны Эўраклідон.
Але неўзабаве наляцеў з боку вострава ўраганны вецер, які называецца эўракілон.
А калі карабель падхапіла і ён ня мог працівіцца ветру, мы здаліся, і нас панесла.
Карабель падхапіла так, што ён не мог працівіцца ветру, таму мы паддаліся і нас панесла.
Наляцеўшы ж на нейкую выспачку, называную Кляўда, мы ледзь здолелі ўтрымаць човен.
Падплыўшы да пэўнага вострава, які завецца Каўда, мы ледзьве ўтрымалі ратавальную лодку.
Падняўшы яго, узяліся за помачы, абвязваючы карабель, і, баючыся, каб ня быць выкінутымі на мялізну, спусьцілі ветразь і гэтак насіліся.
Падняўшы яе, мы сталі выкарыстоўваць дапаможныя сродкі, каб абвязаць карабель. Баючыся наляцець на Сірт, мы спусцілі плаваючы якар, і так нас насіла.
А як бура крэпка кідала нас, на другі дзень выкінулі тавары,
Паколькі бура пачала нас моцна гнаць, на другі дзень мы сталі выкідаць груз.
а на трэці дзень мы сваімі рукамі павыкідалі карабельны рыштунак.
А на трэці — сваімі рукамі паскідалі з карабля аснастку.
А калі шмат дзён не сьвяціла ані сонца, ані зоркі, і немалая бура налягала, нарэшце прапала ўсякая надзея, каб нам выратавацца.
Калі многа дзён не паказвалася ні сонца, ні зоркі, а моцная бура налягала, знікла ўсякая надзея на нашае выратаванне.
А як мы доўга былі няеўшы, Павал, стаўшы пасярод, сказаў: «Мужы, трэба было, паслухаўшыся мяне, ня плысьці ад Крыту і пазьбегнуць гэтае шкоды і страты.
Паколькі доўга не елі, Павел стаў сярод іх і сказаў: «Мужы, трэба было слухацца мяне і не адплываць з Крыта, тады мы абмінулі б гэтыя пакуты і страты.
І цяпер раджу вам, падбадзёрцеся, бо ня будзе згубленая ніводная душа сярод вас, акрамя карабля.
Цяпер жа прашу вас бадзёрыцца, таму што ніводзін з вас не загіне, толькі карабель.
Бо стаў перада мною ў гэтую ноч анёл Бога, Якому я прыналежу і Якому служу,
Бо сёння ўначы з’явіўся мне анёл Бога, якому належу і якому служу,
і сказаў: “Ня бойся, Паўле! Ты мусіш стаць перад цэзарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою”.
і сказаў: “Не бойся, Павел, бо табе трэба з’явіцца перад цэзарам, і вось, Бог падараваў табе ўсіх, хто плыве з табою”.
Дзеля гэтага падбадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што будзе паводле таго, як мне было сказана,
Таму бадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што так станецца, як мне было сказана.
і мы мусім быць выкінутыя на нейкі востраў».
Нас павінна выкінуць на нейкі востраў».
А як настала чатырнаццатая ноч, што нас насіла па Адрыятыцы, каля сярэдзіны ночы маракі сталі спадзявацца, што падыходзім да нейкае зямлі.
На чатырнаццатую ноч, як мы блукалі па Адрыятыцы, каля поўначы маракі пачалі здагадвацца, што яны набліжаюцца да нейкай зямлі.
І, памераўшы, знайшлі дваццаць сажняў. А крыху адплыўшы і зноў памераўшы, знайшлі пятнаццаць сажняў.
Калі памералі глыбіню, атрымалася дваццаць сажняў. Адплыўшы крыху далей, памералі зноў, атрымалася пятнаццаць сажняў.
І, баючыся, каб ня быць выкінутымі на скалістыя месцы, скінуўшы з карна чатыры якары, чакалі дня.
Баючыся трапіць на камяністыя месцы, мы кінулі з кармы чатыры якары і маліліся, каб настаў дзень.
А калі маракі шукалі, каб уцячы з карабля, і спускалі ў мора човен, паказваючы, быццам маюць скінуць якары з носу,
Калі ж маракі хацелі ўцячы з карабля і спусцілі лодку на мора, робячы выгляд, нібы хочуць закінуць якар з носа,
Павал сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце збавіцца».
Павел сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы не зможаце ўратавацца».
Тады жаўнеры паабсякалі вяроўкі ад чаўна і далі яму ўпасьці.
Тады жаўнеры перарэзалі вяроўкі на лодцы, і яна ўпала.
А перад настаньнем дня Павал прасіў усіх прыняць ежу, кажучы: «Сёньня чатырнаццаты дзень, як вы, чакаючы, застаяцёся ня еўшы і нічога не прыймаючы.
Перад наступленнем дня Павел угаворваў усіх падсілкавацца, кажучы: «Сёння чатырнаццаты дзень вы чакаеце без ежы, не спажываючы нічога.
Дзеля гэтага прашу вас прыняць ежу, бо гэта будзе дзеля вашага выратаваньня, бо нікому з вас волас з галавы не ўпадзе».
Таму прашу вас прыняць ежу, бо гэта для вашага ўратавання, таму што нікому з вас не ўпадзе волас з галавы».
А сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, пераламіўшы, пачаў есьці.
Сказаўшы гэта, узяў хлеб і падзякаваў Богу перад усімі і, паламаўшы, стаў есці.
І ўсе, падбадзёрыўшыся, прынялі ежу.
Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу.
Было ж усіх на караблі дзьвесьце семдзясят шэсьць душ.
Было ж нас усіх на караблі дзвесце семдзесят чалавек.
Насыціўшыся ежай, мы палегчылі карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
Наеўшыся, яны сталі аблягчаць карабель, выкідаючы збожжа ў мора.
А як настаў дзень, не пазналі зямлі, але ўгледзелі нейкую затоку, якая мела бераг, да якога пастанавілі, калі магчыма, прыстаць з караблём.
Калі настаў дзень, яны не распазналі зямлі, але ўбачылі нейкі заліў з пясчаным берагам, куды вырашылі прыстаць з караблём.
І, адкінуўшы якары, пайшлі па моры, і, адвязаўшы стырно і наставіўшы жагель па ветры, кіраваліся да берагу.
Абрэзаўшы якары і пакінуўшы іх у моры, аслабілі вяроўкі стырна і, падняўшы пярэдні ветразь па ветры, скіраваліся да берага.
А натрапіўшы на касу, карабель сеў на мялізну, і нос, завязшы, заставаўся нерухомы, а карно разьбівалася сілаю хваляў.
Аднак натрапілі на мель і пасадзілі на ёй карабель. Нос карабля зарыўся і застаўся нерухомы, а карма пачала развальвацца пад напорам хваляў.
Жаўнеры зрабілі пастанову, каб вязьняў пазабіваць, каб хто, выплыўшы, ня ўцёк.
Жаўнеры вырашылі пазабіваць вязняў, каб ніхто, выплыўшы, не ўцёк.
Сотнік жа, хочучы ўратаваць Паўла, забараніў іхнюю пастанову і загадаў тым, якія могуць плаваць, скочыўшы першымі, выйсьці на зямлю,
Але сотнік, жадаючы ўратаваць Паўла, стрымаў іх ад гэтага і загадаў усім, хто ўмее плаваць, першымі выскачыць і выйсці на бераг.
а рэшце [плысьці] каму на дошках, каму на чым іншым з карабля. І гэтак сталася, што ўсе ўратаваліся на зямлю.
Астатнія плылі, хто на дошках, хто на чым-небудзь з карабля. Такім чынам усе бяспечна дабраліся да берага.