Дзеі 27 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага
А калі прысудзілі нам плыць у Італію, Паўла і некаторых іншых вязьняў аддалі сотніку з кагорты Аўгуста, на імя Юлій.
А як было яму прысуджана плысьці ў Італію, дык аддалі Паўла з іншымі вязьнямі сотніку, на імя Юлію, роты аўгуставай.
Узыйшоўшы ж на Адраміцкі карабель, які меў плысьці ўздоўж месцаў Азійскіх, мы вырушылі, маючы з сабой Арыстарха, Македонца з Тэсалонік,
Узыйшоўшы на адрумэцкі карабель, маючы плысьці каля мясьцін Азіі, мы вырушылі; з намі быў Арыстарх Македонец тэссалоніцкі.
і на другі дзень прысталі да Сідону. І Юлій, які абыходзіўся з Паўлам па-людзку, дазволіў яму пайсьці да сяброў і атрымаць адпачынак.
І на другі дзень мы прыбылі ў Сыдон. Юлій-жа, палюдзку абходзячыся з Паўлам, пазволіў ісьці да прыяцеляў і парабіць стараньні каля сябе.
Вырушыўшы адтуль, мы прыплылі да Кіпру, бо вятры былі супраціўныя.
І вырушыўшы адтуль, мы падплылі да Цыпру, затым што былі праціўныя вятры.
І пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, мы зыйшлі ў Мірах Лікійскіх.
І пераплыўшы мора Цыліцыі і Памфіліі, мы прыбылі ў Лістру, якая ёсьць у Ліцыі.
Там сотнік, знайшоўшы Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, пасадзіў нас на яго.
А там сотнік, знайшоўшы александрыйскі карабель, які плыў у Італію, перасадзіў нас на яго.
Плывучы ж памалу даволі дзён і ледзь апынуўшыся насупраць Кніду, бо вецер не дазваляў нам, прыплылі мы да Крыту насупраць Сальмону.
І плывучы памалу праз многа дзён, і ледзь прыплыўшы наўпроць Кніда, бо перашкаджаў нам вецер, мы прыплылі да Крыту каля Салмону.
І, ледзьве праплыўшы паўз яго, мы прыйшлі да нейкага месца, называнага Добрыя Затокі, ад якога блізка горад Лясэя.
І ледзь плывучы побач, мы прыбылі ў вадно месца, якое завецца Добрыя Затокі, блізка якога быў горад Таласса.
А калі мінула даволі часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо ўжо і пост прамінуў, радзіў Павал,
Калі-ж прайшло многа часу, і калі ўжо плаваньне ня было бясьпечным, затым што ўжо і пост прайшоў, Павал прасьцерагаў іх,
кажучы ім: «Мужы! Я бачу, што плаваньне мае быць са шкодаю і многімі стратамі ня толькі для ладунку і карабля, але і для душаў нашых».
кажучы ім: Мужы, віджу, што плаваньне пачынае быць са шкодай і вялікай стратай ня толькі цяжару і карабля, але і жыцьця нашага.
А сотнік больш даверыўся корніку і гаспадару карабля, чым таму, што казаў Павал.
Але сотнік болей верыў стырніку і гаспадару карабля, чым таму, што гаварыў Павал.
А як затока не была прыстасаваная для зімаваньня, большасьць давала параду плысьці адтуль, каб можна было перазімаваць, дабраўшыся да Фініку, Крыцкае затокі, што ляжыць насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру.
А як ня было выгоднай затокі да зімаваньня, большасьць падала раду плысьці адтуль, можа неяк змаглі-б перазімаваць, дабраўшыся да Фэніксу у Крыцкай затоцы, якая ляжыць проціў паўдзённа і паўночна-заходняга ветру.
Калі ж павеяў паўднёвы вецер, яны, думаючы, што атрымалі жаданае, выправіўшыся, паплылі паўз Крыт.
Калі-ж падуў паўдзённы вецер, думаючы, што дадзержаць намеру, яны вырушыўшы з Ассону, плылі ўздоўж Крыту.
Неўзабаве наляцеў бурны вецер, называны Эўраклідон.
Але нядоўга пасьля гэтага наляцеў на яго бурны вецер, званы эўраквілон.
А калі карабель падхапіла і ён ня мог працівіцца ветру, мы здаліся, і нас панесла.
Калі-ж быў пахоплены карабель і ня мог ісьці проціў ветру, здаўшы карабель на вецер, мы панясьліся.
Наляцеўшы ж на нейкую выспачку, называную Кляўда, мы ледзь здолелі ўтрымаць човен.
І прынёсшыся данейкага вострава, званага Каўда, мы ледзь змаглі ўдзяржаць лодку.
Падняўшы яго, узяліся за помачы, абвязваючы карабель, і, баючыся, каб ня быць выкінутымі на мялізну, спусьцілі ветразь і гэтак насіліся.
Падняўшы яе, ужывалі памоцных спосабаў, абвязваючы карабель. Баючыся, каб не папасьці ў Сырту, спусьцілі парус і так нясьліся.
А як бура крэпка кідала нас, на другі дзень выкінулі тавары,
А як моцная бура намі кідала, на другі дзень выкінулі цяжар.
а на трэці дзень мы сваімі рукамі павыкідалі карабельны рыштунак.
А на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі карабельныя прылады.
А калі шмат дзён не сьвяціла ані сонца, ані зоркі, і немалая бура налягала, нарэшце прапала ўсякая надзея, каб нам выратавацца.
Калі-ж ані сонца ані зоры не паказваліся праз многа дзён, а бура налягала не малая, ужо прапала ўсякая надзея на наш ратунак.
А як мы доўга былі няеўшы, Павал, стаўшы пасярод, сказаў: «Мужы, трэба было, паслухаўшыся мяне, ня плысьці ад Крыту і пазьбегнуць гэтае шкоды і страты.
А як былі доўга без яды, тады Павал, стаўшы пасярод іх, сказаў: Трэба-ж было, мужы, паслухаўшы мяне, ня зрывацца ад Крыту і ўсьцерагчыся гэтага няшчасьця і ўтраты.
І цяпер раджу вам, падбадзёрцеся, бо ня будзе згубленая ніводная душа сярод вас, акрамя карабля.
А цяпер раджу вам быць добрай мысьлі, бо ніводнага з вас жыцьцё ня згіне, апроч толькі карабля.
Бо стаў перада мною ў гэтую ноч анёл Бога, Якому я прыналежу і Якому служу,
Бо стануў пры мне ў гэту ноч анёл Бога, да каторага я належу і катораму служу,
і сказаў: “Ня бойся, Паўле! Ты мусіш стаць перад цэзарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою”.
кажучы: «Ня бойся, Паўле, трэба табе стануць перад цэзарам, і вось падарыў табе Бог усіх, што плывуць з табою».
Дзеля гэтага падбадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што будзе паводле таго, як мне было сказана,
Дзеля гэтага будзьце добрай мысьлі, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне было сказана.
і мы мусім быць выкінутыя на нейкі востраў».
І мы мусім прыплысьці да нейкага вострава.
А як настала чатырнаццатая ноч, што нас насіла па Адрыятыцы, каля сярэдзіны ночы маракі сталі спадзявацца, што падыходзім да нейкае зямлі.
А калі надыйшла чатырнаццатая ноч, як мы плавалі па Адрыі, каля поўначы здалося карабельнікам, што ім паказалася нейкая краіна.
І, памераўшы, знайшлі дваццаць сажняў. А крыху адплыўшы і зноў памераўшы, знайшлі пятнаццаць сажняў.
І спусьціўшы шнур з волавам, яны знайшлі дваццаць сажняў, а трохі адтуль адплыўшы, знайшлі пятнаццаць сажняў.
І, баючыся, каб ня быць выкінутымі на скалістыя месцы, скінуўшы з карна чатыры якары, чакалі дня.
Баючыся-ж, каб не папасьці на скалістыя мясцы, кінулі з кармы чатыры якары і жадалі, каб настаў дзень.
А калі маракі шукалі, каб уцячы з карабля, і спускалі ў мора човен, паказваючы, быццам маюць скінуць якары з носу,
А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі ў мора лодку, пад відам быццам хочуць сьпераду закінуць якар,
Павал сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце збавіцца».
сказаў Павел сотніку і жаўнерам: Калі гэтыя не астануцца на краблі, вы ня можаце быць выратаваны.
Тады жаўнеры паабсякалі вяроўкі ад чаўна і далі яму ўпасьці.
Тады жаўнеры паадсякалі вяроўкі ад лодкі і далі ей зваліцца.
А перад настаньнем дня Павал прасіў усіх прыняць ежу, кажучы: «Сёньня чатырнаццаты дзень, як вы, чакаючы, застаяцёся ня еўшы і нічога не прыймаючы.
А калі пачало сьвітаць, прасіў Павал усіх прыняць ежу, кажучы: Сягоньня, чатырнаццаты дзень чакаючы, вы трываеце ня еўшы, нічога ня прыймаючы.
Дзеля гэтага прашу вас прыняць ежу, бо гэта будзе дзеля вашага выратаваньня, бо нікому з вас волас з галавы не ўпадзе».
Дзеля гэтага прашу вас прыняць ежу на вашае здароўе, бо ніводнага з вас волас з галавы ня згіне.
А сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, пераламіўшы, пачаў есьці.
І калі гэтае сказаў, узяўшы хлеб, учыніў падзяку Богу на вачах усіх, і пераламаўшы, пачаў есьці.
І ўсе, падбадзёрыўшыся, прынялі ежу.
І яны ўсе, стаўшыся болей спакойнымі, так-жа прынялі ежу.
Было ж усіх на караблі дзьвесьце семдзясят шэсьць душ.
А было нас усіх душ на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць.
Насыціўшыся ежай, мы палегчылі карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
І насыціўшыся ежай, аблягчалі карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
А як настаў дзень, не пазналі зямлі, але ўгледзелі нейкую затоку, якая мела бераг, да якога пастанавілі, калі магчыма, прыстаць з караблём.
Калі-ж настаў дзень, не пазнавалі зямлі, але заўважылі нейкую затоку, маючую бераг, да якога думалі, калі змогуць, прыстаць з караблём.
І, адкінуўшы якары, пайшлі па моры, і, адвязаўшы стырно і наставіўшы жагель па ветры, кіраваліся да берагу.
І падняўшы якараы, даручылі сябе мору, разам аслабіўшы сувязі стыраў і падняўшы на перадзе парус паводле ветру, скіраваліся да берагу.
А натрапіўшы на касу, карабель сеў на мялізну, і нос, завязшы, заставаўся нерухомы, а карно разьбівалася сілаю хваляў.
А папаўшы на мелкае месца, узьбілі карабель, і перад, увязшы, астаўся нярухомы, а карма разьбівалася сілаю мора.
Жаўнеры зрабілі пастанову, каб вязьняў пазабіваць, каб хто, выплыўшы, ня ўцёк.
Была-ж рада ў жаўнераў, каб пазабіваць вязьняў, каб хто выплыўшы ня ўцёк.
Сотнік жа, хочучы ўратаваць Паўла, забараніў іхнюю пастанову і загадаў тым, якія могуць плаваць, скочыўшы першымі, выйсьці на зямлю,
Але сотнік, хочучы захаваць Паўла, забараніў рабіць і загадаў тым, каторыя маглі плаваць, кінуцца першымі і выплыць і выйсьці на зямлю,
а рэшце [плысьці] каму на дошках, каму на чым іншым з карабля. І гэтак сталася, што ўсе ўратаваліся на зямлю.
а рэшту іншых на дошках несьлі, некаторых на тым, што было з карабля. І так сталася, што ўсе душы выйшлі на зямлю.