Дзеі 23 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага
Павал, паўзіраўшыся на сынэдрыён, сказаў: «Мужы браты! Усім добрым сумленьнем я жыў перад Богам да гэтага дня».
Углядаючыся-ж на Раду, Павал сказаў: Мужы браты, ва ўсякім добрым сумленьні прабываў я перад Богам аж па сяньняшні дзень.
А першасьвятар Ананія загадаў тым, што стаялі пры ім, каб білі яго ў вусны.
А архісьвятар Ананій загадаў тым, што стаялі каля яго, біць яго ў вусны.
Тады Павал сказаў яму: «Бог будзе біць цябе, сьцяна пабеленая! І ты сядзіш, судзячы мяне паводле Закону, і насуперак Закону загадваеш мяне біць».
Тады Павал сказаў да яго: Ударыць цябе Бог, сьцяна пабеленая. Ты-ж седзячы судзіш мяне паводле закону, а загадываеш мяне біць супроць закону?
А тыя, што стаялі, сказалі: «Першасьвятара Божага зьневажаеш?»
А тыя, што стаялі пры ім, сказалі: Архісьвятару Божаму ты наругаесься?
І прамовіў Павал: «Ня ведаў я, браты, што ён першасьвятар. Бо напісана: “На начальніка народу твайго не кажы блага”».
А Павал сказаў: Ня ведаў я, браты, што ён архісьвятар. Бо ёсьць напісана: «Павадыру народу твайго не наругайся». (Вых. 22:28).
А, разумеючы, што адна частка — садукеі, а другая — фарысэі, закрычаў Павал у сынэдрыёне: «Мужы браты! Я — фарысэй, сын фарысэя. За надзею і ўваскрасеньне мёртвых судзяць мяне!»
Павал-жа, ведаючы, што адна часьць была садукеяў, а другая фарызэяў, ускрыкнуў у Радзе: Мужы браты, я ёсьць фарызэй, сын фарызэяў; мяне судзяць за надзею і ўскрашэньне ўмерлых.
Калі ж ён гэтае сказаў, сталася спрэчка паміж фарысэямі і садукеямі, і разьдзялілася грамада,
А калі гэтае сказаў, сталася спрэчка паміж фарызэямі і садукеямі і разарвалася сабраньне.
бо садукеі кажуць, што няма ані ўваскрасеньня, ані анёла, ані духа; а фарысэі прызнаюць адно і другое.
Бо садукеі кажуць, што няма ўскрашэньня, ані анёла, ані духа, а фарызэі прызнаюць і адно і другое.
Узьняўся ж вялікі крык, і, устаўшы, кніжнікі фарысэйскае часткі спрачаліся, кажучы: «Нічога благога мы не знаходзім у чалавеку гэтым. Ці дух гаварыў яму, ці анёл, не змагаймася з Богам».
І стаўся вялікі крык. А ўстаўшы некаторыя з фарызэяў, змагаліся, кажучы: Мы нічога благога не знаходзім у гэтым чалавеку. А можа з ім гаварыў дух або анёл?
А калі спрэчка павялічылася, тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам, зыйшоўшы, узяць яго спасярод іх і весьці ў табар.
І калі стаўся вялікі спор, тысячнік баючыся, каб яны Паўла не разарвалі, загадаў жаўнерам ісьці і вырваць яго спасярод іх і завясьці яго ў лагер.
А ў наступную ноч Госпад, стаўшы перад ім, сказаў: «Будзь пэўны, Паўле! Бо як ты сьведчыў пра Мяне ў Ерусаліме, гэтак мусіш сьведчыць і ў Рыме».
А ў наступную ноч Пан, стаўшы пры ім, сказаў: Будзь стойкі, бо як ты сьведчыў аба мне ў Ерузаліме, так трэба, каб ты сьведчыў і ў Рыме.
А як настаў дзень, некаторыя Юдэі, зрабіўшы сход, далі сабе клятву, кажучы, што ня будуць ані есьці, ані піць, пакуль не заб’юць Паўла.
Калі-ж настаў дзень, сабраліся некаторыя з жыдоў і пакаяліся сабе, кажучы, што ня будуць есьці ані піць, пакуль не заб’юць Паўла.
Было ж больш за сорак тых, што далі гэткі зарок.
Было-ж болей як сорак мужоў, каторыя зрабілі гэту змову.
Яны, прыйшоўшы да першасьвятароў і старшыняў, сказалі: «З праклёнам мы пакляліся нічога ня есьці, пакуль не заб’ем Паўла.
Яны прыйшлі да архісьвятараў і старшых і сказалі: Мы кляцьбою пакляліся, што не пакаштуем нічога, пакуль не заб’ём Паўла.
Вы ж цяпер разам з сынэдрыёнам паведаміце тысячніку, каб заўтра ён вывеў яго да вас, быццам маеце дакладней разгледзець адносна яго, а мы, перш, чым ён наблізіцца, гатовыя забіць яго».
Дык вы цяпер паведамце тысячніка з Радаю, каб прывёў яго да вас, быццам вы маеце нешта пэнейшае даведацца аб ім. А мы, перш чым ён прыбліжыцца, прагатовіліся яго забіць.
Пачуўшы ж пра гэтую змову, сын сястры Паўлавае, прыйшоўшы і ўвайшоўшы ў табар, паведаміў Паўлу.
Калі-ж пачуў сын Паўлавай сястры аб подступах, прыйшоў і ўвайшоў у лагер, і паведаміў Паўла.
А Павал, паклікаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: «Завядзі гэтага дзецюка да тысячніка, бо ён мае нешта паведаміць яму».
Павал-жа, паклікаўшы да сябе аднаго з сотнікаў, сказаў: Гэтага дзяцюка завядзі да тысячніка, бо мае яму нешта далажыць.
Дык той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і кажа: «Вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў прывесьці да цябе гэтага дзецюка, які мае нешта сказаць табе».
І гэны-то ўзяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: Вязень Павал прасіў мяне завясьці гэтага дзяцюка да цябе, ён мае табе нешта сказаць.
Тысячнік, узяўшы яго за руку і адыйшоўшыся на бок, спытаў: «Што такое маеш паведаміць мне?»
А тысячнік, узяўшы яго за руку, адыйшоў з ім набок і спытаўся ў яго: што такое, што ты маеш мне далажыць?
А той сказаў: «Юдэі дамовіліся прасіць цябе, каб заўтра ты вывеў Паўла да сынэдрыёну, быццам маючы нешта дакладней запытацца адносна яго.
Ён-жа сказаў: жыды змовіліся прасіць цябе, каб ты ўзаўтра вывеў Паўла ў Раду, быцца яны маюць нешта пэўнейшае даведацца аб ім.
Дык ты ня дай пераканаць цябе ім, бо на яго цікуюць больш за сорак мужоў з іх, якія далі клятву ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць яго, і цяпер яны гатовыя, чакаючы абяцаньня ад цябе».
Але ты ня вер ім, бо з іх змовіліся на яго болей як сорак мужоў, каторыя пакляліся ня есьці і ня піць, пакуль не загубяць яго; і цяпер яны гатовы, чакаючы твайго абяцаньня.
Дык тысячнік адпусьціў дзецюка, загадаўшы: «Нікому не кажы, што мне пра гэтае паведаміў».
Дык тысячнік адпусьціў дзяцюка, каб нікому не гаварыў, што аб гэтым яго паведаміў.
І, паклікаўшы нейкіх двух сотнікаў, сказаў: «Падрыхтуйце дзьвесьце жаўнераў, і семдзясят коньнікаў, і дзьвесьце драбаў, каб ісьці ў Цэзарэю а трэцяй гадзіне ночы.
І паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў ім: Прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, каб ішлі аж у Цэзарэю, і семдзесят коньнікаў і дзьвесьце дзіднікаў на трэцюю гадзіну ночы.
І пастаўце жывёлу, каб, пасадзіўшы Паўла, завесьці здаровага да ваяводы Фэлікса».
І прыгатуйце жывёлу, каб пасадзіўшы Паўла, здаровага адвялі да начальніка Фэлікса.
І напісаў пасланьне гэткага зьместу:
(Бо ён баяўся, каб яго часам не хвацілі жыды і не забілі, і каб ён потым ня зносіў абгавору, быццам меў атрымаць грошы).
«Кляўдый Лізій — вяльможнаму ваяводзе Фэліксу: радавацца!
Напісаў пісьмо, зьмяшчаючае гэтае: Клаўдый Лізій высокадастойнаму начальніку Фэліксу, прывет.
Мужа гэтага, якога Юдэі схапілі і меліся забіць, я, стаўшы з войскам, вырваў, даведаўшыся, што ён — Рымлянін.
Гэтага мужа, злоўленага жыдамі, калі яны мелі яго забіць, я надыйшоўшы з войскам вырваў, пазнаўшы, што ён рымлянін.
А хочучы даведацца віну, дзеля чаго вінавацяць яго, я прывёў яго ў сынэдрыён іхні
А хочучы ведаць прычыну, якую яны яму закідалі, я завёў яго ў іхную Раду.
і знайшоў, што яго вінавацяць дзеля спрэчак у Законе іхнім, а няма ніякага абвінавачваньня, вартага сьмерці ці путаў.
Знайшоў яго абвінавачанага ў справах іхнага закону, але ня маючага ніякай віны, годнай сьмерці або вастрогу.
А калі паведамілі мяне пра змову супраць мужа гэтага, што мелася ў Юдэяў, я неадкладна паслаў [яго] да цябе, загадаўшы, каб тыя, што абвінавачваюць яго, гаварылі супраць яго перад табою. Бывай здаровы».
А калі мне было данесена аб подступах, якія яны прыгатовілі яму, я паслаў яго да цябе, паведамлючы і тых, што яго вінавацілі, уаб гаварылі перад табою. Бывай здароў.
Дык жаўнеры паводле загаданага ім, узяўшы Паўла, павялі ўначы ў Антыпатрыду,
Дык жаўнеры паводле таго, як і было загадана, узяўшы Паўла, павялі ўначы ў Антыпатрыду.
а назаўтра, пакінуўшы коньнікаў ісьці з ім, вярнуліся ў табар.
А назаўтра, аставіўшы коньнікаў, каб ішлі з ім, вярнуліся ў лагер.
Тыя, прыйшоўшы ў Цэзарэю і аддаўшы пасланьне ваяводзе, паставілі перад ім і Паўла.
Калі яны прыбылі ў Цэзарэю і перадалі пісьмо начальніку, паставілі перад ім і Паўла.
А ваявода, прачытаўшы, спытаўся, з якое ён правінцыі, і, зразумеўшы, што з Кілікіі,
А калі прачытаў і спытаўся, з якой быў правінцыі, і даведаўшыся, што з Цыліцыі,
сказаў: «Я выслухаю цябе, калі зьявяцца і твае абвінавальнікі». І загадаў вартаваць яго ў прэторыі Ірадавай.
сказаў: Выслухаю цябе, калі прыйдуць тыя, што цябе вінавацяць. І загадаў яго пільнаваць у палацы Гэрада.