Дзеі 23 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Павал, паўзіраўшыся на сынэдрыён, сказаў: «Мужы браты! Усім добрым сумленьнем я жыў перад Богам да гэтага дня».
Тады Паўла, уцеміўшыся ў сынэдрыён, сказаў: «Мужы браты, я з усім добрым сумленьням жыў перад Богам дагэтуль».
А першасьвятар Ананія загадаў тым, што стаялі пры ім, каб білі яго ў вусны.
Найвышшы ж сьвятар Ананя расказаў тым, што стаялі ля яго, біць яго па вуснах.
Тады Павал сказаў яму: «Бог будзе біць цябе, сьцяна пабеленая! І ты сядзіш, судзячы мяне паводле Закону, і насуперак Закону загадваеш мяне біць».
Тады Паўла сказаў яму: «Бог вытне цябе, пабеленая сьцяна; ты ж сядзіш, судзячы мяне з права, і напярэк праву расказуеш мяне біць».
А тыя, што стаялі, сказалі: «Першасьвятара Божага зьневажаеш?»
Прытомныя ж сказалі: «На найвышшага сьвятара Божага вернеш?»
І прамовіў Павал: «Ня ведаў я, браты, што ён першасьвятар. Бо напісана: “На начальніка народу твайго не кажы блага”».
І сказаў Паўла: «Я ня ведаў, браты, што ён найвышшы сьвятар; бо напісана: "Ня гукай ліха на дзяржаўцу люду свайго"».
А, разумеючы, што адна частка — садукеі, а другая — фарысэі, закрычаў Павал у сынэдрыёне: «Мужы браты! Я — фарысэй, сын фарысэя. За надзею і ўваскрасеньне мёртвых судзяць мяне!»
Паўла ж, ведаючы, што адна часьць была садукеяў, а другая фарысэяў, загукаў у сынэдрыёне: «Мужы браты, я фарысэй, сын фарысэяў, мяне судзяць за спадзеву а ўскрысеньне мертвых!»
Калі ж ён гэтае сказаў, сталася спрэчка паміж фарысэямі і садукеямі, і разьдзялілася грамада,
Як жа ён сказаў гэта, паўстала нязгода памеж фарысэяў і садукеяў, і збор падзяліўся;
бо садукеі кажуць, што няма ані ўваскрасеньня, ані анёла, ані духа; а фарысэі прызнаюць адно і другое.
Бо садукеі кажуць, што няма ўскрысеньня, ані ангіла, ані духа; а фарысэі вызнаюць абое.
Узьняўся ж вялікі крык, і, устаўшы, кніжнікі фарысэйскае часткі спрачаліся, кажучы: «Нічога благога мы не знаходзім у чалавеку гэтым. Ці дух гаварыў яму, ці анёл, не змагаймася з Богам».
І быў вялікі вераск, і кніжнікі фарысэйскае часьці, стаўшы, сьперачаліся, кажучы: «Мы не знаходзім ліха ў гэтым чалавеку. Калі дух гукаў яму альбо ангіл, не ваюйма з Богам».
А калі спрэчка павялічылася, тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам, зыйшоўшы, узяць яго спасярод іх і весьці ў табар.
Як жа вялікая сумятня паўстала, тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлы, расказаў жаўнерам зыйсьці ўзяць яго з пасярод іх і прывесьці да гораду.
А ў наступную ноч Госпад, стаўшы перад ім, сказаў: «Будзь пэўны, Паўле! Бо як ты сьведчыў пра Мяне ў Ерусаліме, гэтак мусіш сьведчыць і ў Рыме».
Наступное ж ночы Спадар стаў ля яго й сказаў: «Асьмелься, бо як ты сьветчыў празь Мяне ў Ерузаліме, так маеш сьветчыць і ў Рыме».
А як настаў дзень, некаторыя Юдэі, зрабіўшы сход, далі сабе клятву, кажучы, што ня будуць ані есьці, ані піць, пакуль не заб’юць Паўла.
А як разаднела, Жыды змовіліся, пастанавіўшы пад праклёнам, кажучы, што ня будуць есьці ані піць, пакуль не заб’юць Паўлы.
Было ж больш за сорак тых, што далі гэткі зарок.
Было ж балей за сорак, што задзіночыліся гэтай змоваю.
Яны, прыйшоўшы да першасьвятароў і старшыняў, сказалі: «З праклёнам мы пакляліся нічога ня есьці, пакуль не заб’ем Паўла.
І пайшлі яны да найвышшых сьвятароў а старцоў, кажучы: «Мы прысягнулі праклёнам нічога не паспытацца, пакуль не заб’ем Паўлы.
Вы ж цяпер разам з сынэдрыёнам паведаміце тысячніку, каб заўтра ён вывеў яго да вас, быццам маеце дакладней разгледзець адносна яго, а мы, перш, чым ён наблізіцца, гатовыя забіць яго».
Дык вы цяпер асьветча тысячніку і сынэдрыёну, каб ён вывеў яго да вас, быццам хочаце дакладней разгледзіць справу ягоную; мы ж, уперад чымся ён дабліжыцца, гатовы забіць яго».
Пачуўшы ж пра гэтую змову, сын сястры Паўлавае, прыйшоўшы і ўвайшоўшы ў табар, паведаміў Паўлу.
Але сын сястры Паўлавае, пачуўшы праз змову, прышоў, і ўвыйшоў да гораду, і наказаў Паўлу.
А Павал, паклікаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: «Завядзі гэтага дзецюка да тысячніка, бо ён мае нешта паведаміць яму».
Паўла ж, пагукаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: «Вазьмі гэтага маладзёна да тысячніка, бо ён мае штось наказаць яму».
Дык той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і кажа: «Вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў прывесьці да цябе гэтага дзецюка, які мае нешта сказаць табе».
Дык ён, узяўшы яго, прывеў да тысячніка й кажа: «Вязень Паўла пагукаў мяне і прасіў завесьці да цябе гэтага маладзёна, каторы мае штось сказаць табе».
Тысячнік, узяўшы яго за руку і адыйшоўшыся на бок, спытаў: «Што такое маеш паведаміць мне?»
Тысячнік жа, узяўшы яго за руку і адышоўшы на бок, папытаўся: «Што ты хочаш сказаць імне?»
А той сказаў: «Юдэі дамовіліся прасіць цябе, каб заўтра ты вывеў Паўла да сынэдрыёну, быццам маючы нешта дакладней запытацца адносна яго.
Тады ён сказаў: «Жыды змовіліся прасіць цябе, каб ты вывеў Паўлу заўтра да сынэдрыёну, быццам дакладней выпытаць празь яго;
Дык ты ня дай пераканаць цябе ім, бо на яго цікуюць больш за сорак мужоў з іх, якія далі клятву ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць яго, і цяпер яны гатовыя, чакаючы абяцаньня ад цябе».
Але ты ня дайся ўмовіць ім, бо зь іх цікуюць на яго больш за сорак чалавекаў, каторыя пастанавілі пад праклёнам ня есьці ані піць, пакуль не заб’юць яго; і цяпер гатовы, чакаючы твае загады».
Дык тысячнік адпусьціў дзецюка, загадаўшы: «Нікому не кажы, што мне пра гэтае паведаміў».
Тады тысячнік адпусьціў маладзёна, расказаўшы яму: «Нікому не кажы, што ты паведаў імне гэта».
І, паклікаўшы нейкіх двух сотнікаў, сказаў: «Падрыхтуйце дзьвесьце жаўнераў, і семдзясят коньнікаў, і дзьвесьце драбаў, каб ісьці ў Цэзарэю а трэцяй гадзіне ночы.
І, пагукаўшы двух сотнікаў, сказаў: «На трэйцюю гадзіну ночы прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, семдзясят коньнікаў і дзьвесьце дзіднікаў, ісьці аж да Цэсарэі.
І пастаўце жывёлу, каб, пасадзіўшы Паўла, завесьці здаровага да ваяводы Фэлікса».
І жывёла хай будзе прыгатавана, каб, пасадзіць Паўлу на іх і прывесьці бясьпечна да Хвэлікса, вайводы».
І напісаў пасланьне гэткага зьместу:
Напісаў і ліст гэткае хормы:
«Кляўдый Лізій — вяльможнаму ваяводзе Фэліксу: радавацца!
«Кляўд Ліс Найпачэсьліўшаму Вайводзе Хвэліксу — здарованьне.
Мужа гэтага, якога Юдэі схапілі і меліся забіць, я, стаўшы з войскам, вырваў, даведаўшыся, што ён — Рымлянін.
Мужа гэтага Жыды, няўшы, зараз маніліся забіць; я насьпеў із жаўнерамі і выратаваў з рук іхных, даведаўшыся, што ён Рымлянін.
А хочучы даведацца віну, дзеля чаго вінавацяць яго, я прывёў яго ў сынэдрыён іхні
І, зычачы даведацца, у чым вінавалі яго, прывёў яго да сынэдрыёну іхнага,
і знайшоў, што яго вінавацяць дзеля спрэчак у Законе іхнім, а няма ніякага абвінавачваньня, вартага сьмерці ці путаў.
І знайшоў, што яго вінуюць у нейкіх пытаньнях права іхнага, але няма ў ім ніякае віны, гожае сьмерці альбо зялезаў.
А калі паведамілі мяне пра змову супраць мужа гэтага, што мелася ў Юдэяў, я неадкладна паслаў [яго] да цябе, загадаўшы, каб тыя, што абвінавачваюць яго, гаварылі супраць яго перад табою. Бывай здаровы».
Адзяржаўшы ж ведамку праз змову на сьмерць на гэтага чалавека, я без адвалокі паслаў яго да цябе, расказаўшы й жалабнікам гукаць перад табою, што ё супроці яго. Заставайся здароў!»
Дык жаўнеры паводле загаданага ім, узяўшы Паўла, павялі ўначы ў Антыпатрыду,
Дык жаўнеры, за расказаньням ім, узялі Паўлу й прывялі яго ночы да Антыпатрыды.
а назаўтра, пакінуўшы коньнікаў ісьці з ім, вярнуліся ў табар.
А назаўтрае, пакінуўшы коньнікаў ісьці зь ім, зьвярнуліся да гораду.
Тыя, прыйшоўшы ў Цэзарэю і аддаўшы пасланьне ваяводзе, паставілі перад ім і Паўла.
А тыя, прышоўшы да Цэсарэі і аддаўшы ліст вайводзе, пастанавілі Паўлу таксама яму.
А ваявода, прачытаўшы, спытаўся, з якое ён правінцыі, і, зразумеўшы, што з Кілікіі,
Прачытаўшы ліст, папытаўся, зь якое краіны ён быў, і даведаўшыся, што зь Кілікі, сказаў:
сказаў: «Я выслухаю цябе, калі зьявяцца і твае абвінавальнікі». І загадаў вартаваць яго ў прэторыі Ірадавай.
«Я выслухаю цябе, як пазоўнікі твае таксама стануць. І расказаў яго сьцерагчы ў доме Гірадавым.