Дзеі 24 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
А праз пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія са старшынямі і нейкім рытарам Тэртулам, якія выступілі перад ваяводам супраць Паўла.
За пяць жа дзён прышоў найвышшы сьвятар Ананя із старцамі а зь якімсь прамоўцам Тэртулям, каторыя паведамілі вайводу праз Паўлу.
А калі таго паклікалі, пачаў абвінавачваць яго Тэртул, гаворачы:
Як яго пагукалі, Тэртуль пачаў вінаваць кажучы: «Шмат супакою адзержуем перазь цябе, і палепшаньні прыходзяць гэтаму народу ад твае абачлівасьці, —
«Дазнаючы праз цябе вялікага супакою і дабрабыту, якія сталіся ў народзе гэтым праз тваю апеку, заўсёды і паўсюль прыймаем мы гэта, вяльможны Фэліксе, з усёю ўдзячнасьцю.
Мы ў вусім і ўсюдых сардэчна прыймаем гэта, найдабрачэсьліўшы Хвэліксе, зь усёй падзякаю.
А каб табе шмат не дакучаць, прашу цябе каротка выслухаць нас паводле спагаднасьці тваёй.
Але каб лішне доўга не задзержаваць цябе, калі ласка, выслухай нас коратка із свае бачнасьці.
Бо, знайшоўшы, што муж гэты — пошасьць, будзіцель бунту сярод Юдэяў па ўсім сусьвеце і правадыр герэзіі Назарэйскае,
Бо, знайшоўшы, што гэты чалавек — болька, і падвучае да бунту ўсіх Жыдоў па сьвеце, і кіраўнік сэкты назарэцкае,
які сьвятыню спакусіўся зьняважыць, мы затрымалі яго і хацелі судзіць паводле нашага закону.
Каторы важыўся нават збудзеніць сьвятыню, мы яго нялі і судзілі подле права свайго;
А тысячнік Лізій, прыйшоўшы, з вялікім гвалтам забраў яго з нашых рук,
Але тысячнік Ліс, прышоўшы, зь вялікім усілствам адабраў яго з рук нашых,
загадаўшы абвінавальнікам ягоным ісьці да цябе. Ад яго ты сам можаш, дасьледаваўшы ўсё гэта, даведацца, у чым мы вінавацім яго».
Расказаўшы пазоўнікам прыйсьці да цябе. Ты можаш сам, выпытаўшы, даведацца напэўна, у чым мы яго вінуем».
Пацьвердзілі і Юдэі, кажучы, што гэта так.
І Жыды таксама прылучыліся да жалабы, пацьвердзіўшы, што гэта было так.
А Павал адказаў, калі ваявода даў яму знак гаварыць: «Ведаючы, што ты шмат год судзьдзя гэтага народу, я ахвотней буду адказваць адносна [справы] маёй.
Але Паўла, як вайвода кіўнуў яму гукаць, адказаў: «Ведаючы, што даўгія гады ты быў судзьдзёю народу гэтага, я тым свабадней хачу бараніцца ў сваёй справе.
Ты можаш даведацца, што ня больш, як дванаццаць дзён прайшло, як узыйшоў я пакланіцца ў Ерусалім.
І ты можаш балей даведацца, што адгэнуль, як я прышоў на паклон да Ерузаліму, няма больш за двананцаць дзён.
І ані ў сьвятыні не знайшлі мяне, што я з некім вяду гутарку ці бунтую натоўп, ані ў сынагогах, ані ў горадзе,
І не засьпелі яны мяне, каб я сьперачаўся зь кім, і ня зьбіраў я гурбы ані ў бажніцах, ані ў месьце;
і яны ня могуць давесьці таго, у чым цяпер вінавацяць мяне.
І ня могуць давесьці таго, у чым цяпер вінуюць мяне.
Але прызнаюся табе, што паводле шляху, які яны герэзіяй называюць, я гэтак служу Богу бацькоў, верачы ўсяму, што напісана ў Законе і ў Прарокаў,
Але ў тым прызнаюся табе, што ў тэй Дарозе, каторую яны завуць сэктаю, я служу Богу айцоў сваіх, верачы ўсяму подле Закону і ўсяму ў прароках запісанаму,
маючы надзею на Бога, што мае быць уваскрасеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго яны і самі чакаюць.
Маючы надзею ў Богу, што будзе ўскрысеньне справядлівых і несправядлівых, чаго й самы яны чакаюць.
Дзеля гэтага я сам намагаюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі.
Затым я таксама руплюся мець у вусім сумленьне беззаганнае перад Богам і людзьмі.
Праз шмат год я прыйшоў чыніць міласьціны для народу майго і дары.
Па шмат гадох я прыбыў, прыносячы ўбожыну народу свайму й аброкі.
Пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні некаторыя Юдэі з Азіі, а не з натоўпам і не з замяшаньнем.
Тады знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні, ня з гурбаю ані замятнёю; але некаторыя Жыды з Азі,
Яны мусяць прыйсьці да цябе і абвінавачваць, калі нешта маюць супраць мяне.
Каторыя мелі б стаць перад табою і абвінаваць, калі маюць штось супроці мяне.
Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне якую крыўду, калі я стаяў перад сынэдрыёнам.
Альбо няхай яны самы скажуць, што за бяспраўе знайшлі ў імне, як я стаяў перад сынэдрыёнам,
Ці адно тое слова, якое я крыкнуў, як стаяў сярод іх, што сёньня вы судзіце мяне за ўваскрасеньне мёртвых».
Хіба што да слова, каторае я гукнуў, стоячы памеж іх: "Я суджаны сядні вамі за ўскрысеньне зь мертвых".»
Пачуўшы гэтае, Фэлікс адклаў [справу] іхнюю, сказаўшы: «Дакладней даведаўшыся пра шлях гэты, як прыйдзе тысячнік Лізій, разгледжу [справу] вашую».
І, выслухаўшы гэта, Хвэлікс адклаў ім, кажучы: «Каб праз гэту Дарогу дакладней даведацца, рассуджу вашу справу, як тысячнік Ліс прыедзе».
І загадаў сотніку пільнаваць Паўла, але даваць палёгку і не забараняць нікому з ягоных служыць яму і прыходзіць да яго.
І расказаў сотніку сьцерагчы яго, і палягчыць яму, і не бараніць нікому із сваіх ягоных слугаваць яму і давядацца да яго.
А праз некалькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёй, якая была Юдэйкай, паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Хрыста.
За колькі дзён Хвэлікс, прыбыўшы з Друзілаю, жонкаю сваёй, каторая была Жыдзіца, паслаў па Паўлу і слухаў яго што да веры ў Хрыста.
А як той вёў гутарку пра праведнасьць, і стрыманасьць, і пра будучы суд, Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: «Цяпер годзе, ідзі, а як знайду час, паклічу цябе».
І як ён разважаў праз справядлівасьць а ўзьдзержлівасьць а будучы суд, Хвэлікс, зьлякаўшыся, адказаў: «Цяпер ідзі, у дагодным часе пашлю па цябе».
Пры гэтым ён, спадзеючыся, што атрымае грошы ад Паўла, каб звольніў яго, часта клічучы яго, гутарыў з ім.
У тым самым часе ён спадзяваўся, што Паўла дасьць яму грошы; затым пасылаў па яго часьцей і гутарыў зь ім.
А як споўніліся два гады, Фэлікс атрымаў наступніка Порцыя Фэста, і, хочучы зрабіць ласку Юдэям, Фэлікс пакінуў Паўла ўвязьненым.
Як мінулі два гады, наступнікам Хвэліксавым стаў Порц Фэст. Хочучы дагадзіць Жыдом, Хвэлікс пакінуў Паўлу ў вязьніцы.