Дзеі 4 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі яны гаварылі да народу, сталі перад імі сьвятары, і начальнікі варты сьвятыні, і садукеі,
 
І як яны гукалі да люду, прыступілі да іх сьвятарове а ўраднікі сьвятыні а садукеі,

узлаваныя, што яны навучаюць народ і прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне з мёртвых.
 
Надта парушаючыся з тае прычыны, што яны наўчаюць люд і абяшчаюць у Ісусу ўскрысеньне зь мертвых.

І ўсклалі на іх рукі, і аддалі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар.
 
І наклалі на іх рукі, і пасадзілі іх да вязьніцы да раньня, бо ўжо быў вечар.

А многія з тых, якія чулі слова, паверылі; і быў лік такіх мужоў каля пяці тысячаў.
 
Але шмат хто з тых, што чулі слова, уверылі, і быў лік мужоў каля пяцёх тысячаў.

А назаўтра сталася, што сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія, і старшыні, і кніжнікі,
 
І сталася назаўтрае нараніцы, што зьберліся ў Ерузаліме начэльнікі іхныя а старцы а кніжнікі.

і Анна першасьвятар, і Каяфа, і Ян, і Аляксандар, і ўсе, хто быў з роду першасьвятарскага,
 
А Ганна, найвышшы сьвятар, а Каяпа а Яан а Аляксандра, і колькі было іх із роду найвышшага сьвятара;

і, паставіўшы іх пасярод, пыталіся: «Якою моцаю ці якім імем вы ўчынілі гэта?»
 
І, пастанавіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: «Якой сілаю альбо ў якім іменю вы ўчынілі гэта?»

Тады Пётар, напоўніўшыся Духам Сьвятым, сказаў да іх: «Начальнікі народу і старшыні Ізраілю!
 
Тады Пётра, напоўніўшыся Духа Сьвятога, сказаў ім: «Начэльнікі люду а старцы,

Калі нас сёньня дапытваюць за дабрадзейства нядужаму чалавеку, кім ён аздароўлены,
 
Калі мы сядні выпытаваны ўзглядам добрага ўчынку калеку, як ён быў уздароўлены;

няхай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраіля, што ў імя Ісуса Хрыста з Назарэту, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, праз Яго ён стаіць перад вамі здаровы.
 
Няхай будзе ведама вам усім і ўсяму люду ізраельскаму, што ў іменю Ісуса Хрыста Назарэцкага, Каторага вы ўкрыжавалі, Каторага Бог ускрысіў зь мертвых, у Ім пастаноўлены ён тут перад вамі здаровы.

Ён — Камень, пагарджаны вамі, будаўнічымі, Які стаўся галавою вугла,
 
Ён ё камень, пагрэбаваны вамі будаўнічымі, Каторы стаў галаўным каменям,

і ні ў кім іншым няма збаўленьня, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мусілі мы быць збаўленыя».
 
І няма ні ў кім іншым спасеньня; бо няма іншага імені пад небам, данага людзём, каторым мы маглі б спасьціся».

А ўбачыўшы адвагу Пятра і Яна і спасьцярогшы, што яны людзі някніжныя і простыя, зьдзіўляліся; пазналі ж іх, што яны былі з Ісусам.
 
І бачачы адвагу Пётраву а Яанаву, і зацеміўшы, што яны някніжныя а простыя, яны дзіваваліся; і пазналі, што яны былі зь Ісусам;

Бачачы ж аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, не маглі нічога запярэчыць.
 
Бачачы ж стаячага зь імі ўздароўленага чалавека, нічога не маглі сказаць напярэк.

Загадаўшы ж ім выйсьці з сынэдрыёну, радзіліся між сабою,
 
І, расказаўшы ім выйсьці з рады, разважалі мяжсобку,

кажучы: «Што мы зробім з гэтымі людзьмі? Бо, праўда, вялікі знак, які стаўся праз іх, яўны для ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме, і мы ня можам адмовіць гэта.
 
Кажучы: «Што нам рабіць із гэтымі людзьмі? бо, што запраўды яўны знак стаўся перазь іх, ведама ўсім жыхарам Ерузаліму, і мы ня можам заперачыць гэтага.

Але, каб больш не разыходзілася гэта ў народзе, пагрозамі забаронім ім, каб ужо не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзей».
 
Але, каб далей гэта не пашыралася памеж люду, стродка прыгразіма ім наперад у гэтым імені нікому ня гукаць».

І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісуса.
 
І, гукнуўшы іх, абавязалі не вымаўляць ані вучыць у імені Ісусавым.

А Пётар і Ян, адказваючы ім, сказалі: «Судзіце, ці справядліва перад Богам слухаць вас больш, чым Бога?
 
Але Пётра а Яан, адказуючы, сказалі ім: «Ці справядліва гэта перад Богам валей вас слухаць, чымся Бога? рассудзіце.

Бо мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі».
 
Што да нас, мы ня можам узьдзяржацца ад гуканьня таго, што мы бачылі й чулі».

Яны ж, пагражаючы, вызвалілі іх, не знаходзячы, як пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася.
 
А яны, пагразіўшы балей ім, адпусьцілі іх, не знаходзячы спосабу пакараць іх, з прычыны люду; бо ўсі славілі Бога за сталае.

Бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім стаўся знак аздараўленьня.
 
Бо звыш сараку год было таму чалавеку, што зь ім стаўся гэты знак уздараўленьня.

Калі ж іх вызвалілі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі ўсё, што ім сказалі першасьвятары і старшыні.
 
І, будучы адпушчаныя, яны прышлі да сваіх і паведамілі ўсе, што старшыя сьвятары а старцы казалі ім.

А яны, пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: «Уладару! Ты — Бог, Які ўчыніў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх.
 
Яны ж, пачуўшы, згодна ўзьнялі голас свой да Бога й сказалі: «Спадару, Ты Тый, што ўчыніў неба й зямлю й мора і ўсе, што ў іх!

Праз вусны Давіда, слугі Твайго, Ты сказаў: “Чаму бунтуюцца пагане і народы задумваюць марнае?
 
Ты вуснамі айца нашага Давіда, слугі Свайго, сказаў Духам Сьвятым: "Чаго пыхата шалеюць народы, і люды выдумляюць пустое?

Паўсталі валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага”.
 
Каралёве земныя а дзяржаўцы зьберліся разам на Спадара а на Хрыста".

Бо праўдзіва сабраліся супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, Ірад і Понтый Пілат з паганамі і народам Ізраіля,
 
Бо запраўды зьберліся ў месьце гэтым на Сьвятое Дзяцё Твае Ісуса, памазанага Табою, Гірад а Понт Пілат із паганамі й людам ізраельскім,

каб учыніць усё, што рука Твая і рада Твая прадвызначылі, каб сталася.
 
Каб зрабіць тое, што рука Твая а рада Твая наканавала, каб сталася.

І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія, і дай слугам Тваім з усёю адвагаю гаварыць слова Тваё,
 
А цяпер, Спадару, глянь на пагрозы іхныя і дай слугам Сваім адважна казаць слова Твае,

а Ты працягні руку Тваю на аздараўленьне, і каб рабіліся знакі і цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса».
 
У каторым Ты выцягуеш руку Сваю на ўздараўленьне а на ўчыненьне знакоў а чудосаў імям Сьвятога Дзіцяці Твайго Ісуса».

І, як памаліліся, захісталася месца, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе былі напоўненыя Духам Сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагаю.
 
І як яны маліліся, затрэслася месца, на каторым яны былі зьбершыся, і ўсі напоўніліся Духам Сьвятым, і казалі слова Божае адважна.

А ў мноства тых, якія паверылі, было адно сэрца і адна душа, і ніхто нічога з маёмасьці сваёй не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.
 
І ў множасьці тых вернікаў было адно сэрца й адна душа; і ніхто не казаў, што што-лень з тога, што ён меў, было ягонае собскае, але ўсе ў іх было супольнае.

І з вялікай сілай апосталы давалі сьведчаньне ўваскрасеньня Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.
 
І зь вялікай моцаю апосталы сьветчылі праз ускрысеньне Спадара Ісуса, і вялікая ласка была на іх усіх.

Бо не было сярод іх нікога, хто меў нястачу, бо ўсе, хто меў палі ці дамы, продаючы іх, прыносілі цану праданага
 
Ня было памеж іх нікога патрабуючага; бо каторыя былі собсьнікамі земляў альбо дамоў, прадаючы іх, прыносілі цэны праданых,

і клалі ля ног апосталаў; а кожнаму давалася тое, якую хто меў патрэбу.
 
І клалі ля ног апосталаў; і дзялілі на кажнага подле яго патрэбы.

А Ёсія, названы апосталамі Барнабам, што значыць Сын пацяшэньня, лявіт, родам з Кіпру,
 
Гэтак Язэп, катораму апосталы далі мянушку Варнава, што знача «Сын пацяшэньня», Левіт, родам Кіпрыянін,

які меў сваё поле, прадаўшы яго, прынёс грошы і паклаў ля ног апосталаў.
 
Маючы зямлю, прадаўшы яе, прынёс грошы і паклаў іх ля ног апостальскіх.