Дзеі 4 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Калі яны гаварылі да народу, сталі перад імі сьвятары, і начальнікі варты сьвятыні, і садукеі,
Калі ж яны прамаўлялі да народа, падышлі да іх святары і начальнік святыні ды садукеі,
узлаваныя, што яны навучаюць народ і прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне з мёртвых.
наракаючы, што яны вучаць народ ды што абвяшчаюць у Ісусе ўваскрэсенне з мёртвых.
І ўсклалі на іх рукі, і аддалі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар.
Дык усклалі на іх рукі і даручылі іх варце да наступнага дня, бо быў ужо вечар.
А многія з тых, якія чулі слова, паверылі; і быў лік такіх мужоў каля пяці тысячаў.
А многія з тых, што слухалі слова, уверылі; і было іх лікам каля пяці тысяч мужоў.
А назаўтра сталася, што сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія, і старшыні, і кніжнікі,
І сталася на наступны дзень, што сабраліся ў Ерузаліме іх начальнікі, старэйшыны і кніжнікі,
і Анна першасьвятар, і Каяфа, і Ян, і Аляксандар, і ўсе, хто быў з роду першасьвятарскага,
і першасвятар Анна, і Каяфа, і Ян, і Аляксандр ды колькі іх было са святарскага роду
і, паставіўшы іх пасярод, пыталіся: «Якою моцаю ці якім імем вы ўчынілі гэта?»
і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: «Якою моцай ці ў чыё імя вы гэта зрабілі?»
Тады Пётар, напоўніўшыся Духам Сьвятым, сказаў да іх: «Начальнікі народу і старшыні Ізраілю!
Тады Пётра, напоўнены Святым Духам, сказаў ім: «Правадыры народа і старэйшыны Ізраэля!
Калі нас сёньня дапытваюць за дабрадзейства нядужаму чалавеку, кім ён аздароўлены,
Калі сёння вы дапытваеце нас пра дабрадзейства хвораму чалавеку, праз якое ён быў аздароўлены,
няхай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраіля, што ў імя Ісуса Хрыста з Назарэту, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, праз Яго ён стаіць перад вамі здаровы.
дык хай будзе ведама ўсім вам ды ўсяму народу Ізраэля, што ў імя Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі і Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, у Яго імя гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы.
Ён — Камень, пагарджаны вамі, будаўнічымі, Які стаўся галавою вугла,
Ён — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі і які стаўся галавою вугла.
і ні ў кім іншым няма збаўленьня, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мусілі мы быць збаўленыя».
І няма ў нікім іншым збаўлення, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы быць збаўлены».
А ўбачыўшы адвагу Пятра і Яна і спасьцярогшы, што яны людзі някніжныя і простыя, зьдзіўляліся; пазналі ж іх, што яны былі з Ісусам.
Яны, бачачы адвагу Пётры і Яна і зразумеўшы, што яны людзі простыя і неадукаваныя, здзівіліся і пазналі іх, што яны былі з Ісусам.
Бачачы ж аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, не маглі нічога запярэчыць.
Але, бачачы стаяўшага з імі чалавека, які быў аздароўлены, нічога не маглі запярэчыць.
Загадаўшы ж ім выйсьці з сынэдрыёну, радзіліся між сабою,
Дык, загадаўшы ім выйсці з залы рады, радзіліся між сабой,
кажучы: «Што мы зробім з гэтымі людзьмі? Бо, праўда, вялікі знак, які стаўся праз іх, яўны для ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме, і мы ня можам адмовіць гэта.
кажучы: «Што маем зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо ўсім жыхарам Ерузаліма ясна, што зроблены імі яўны знак, і мы не можам адмаўляць гэта.
Але, каб больш не разыходзілася гэта ў народзе, пагрозамі забаронім ім, каб ужо не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзей».
Але, каб не разыходзілася гэта ў народзе, сурова забаронім ім, каб больш не прамаўлялі ў гэтае імя ніводнаму чалавеку».
І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісуса.
І, зноў паклікаўшы іх, забаранілі ім зусім прамаўляць і навучаць у імя Ісуса.
А Пётар і Ян, адказваючы ім, сказалі: «Судзіце, ці справядліва перад Богам слухаць вас больш, чым Бога?
Аднак Пётра і Ян, адказваючы, сказалі ім: «Мяркуйце самі, ці справядліва перад абліччам Бога вас больш слухаць, чым Бога?
Бо мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі».
Бо мы не можам не гаварыць пра тое, што мы бачылі і чулі».
Яны ж, пагражаючы, вызвалілі іх, не знаходзячы, як пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася.
Дык яны, аднаўляючы пагрозы і не знаходзячы, за што караць, выпусцілі іх дзеля народа, бо ўсе славілі Бога з прычыны таго, што сталася.
Бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім стаўся знак аздараўленьня.
Бо той чалавек, з якім стаўся гэты знак аздараўлення, меў болей сарака гадоў.
Калі ж іх вызвалілі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі ўсё, што ім сказалі першасьвятары і старшыні.
Выпушчаныя, яны прыйшлі да сваіх і абвясцілі, што казалі ім першасвятары і старэйшыны.
А яны, пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: «Уладару! Ты — Бог, Які ўчыніў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх.
Тыя ж, выслухаўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: «Госпадзе, Ты — Бог, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што ёсць у іх,
Праз вусны Давіда, слугі Твайго, Ты сказаў: “Чаму бунтуюцца пагане і народы задумваюць марнае?
Які праз Духа Святога сказаў вуснамі бацькі нашага Давіда, паслугача Твайго: “Чаго бунтуюцца плямёны і народы задумваюць марнае?
Паўсталі валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага”.
Узнімаюцца цары зямлі і князі збіраюцца супольна супраць Госпада і супраць Хрыста Яго”.
Бо праўдзіва сабраліся супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, Ірад і Понтый Пілат з паганамі і народам Ізраіля,
Бо сапраўды сышліся ў гэтым горадзе супраць святога Паслугача Твайго Ісуса, Якога Ты намасціў, Ірад і Понцкі Пілат з паганамі ды народам Ізраэля,
каб учыніць усё, што рука Твая і рада Твая прадвызначылі, каб сталася.
каб здзейсніць тое, чаму рука і рада Твая прызначылі стацца.
І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія, і дай слугам Тваім з усёю адвагаю гаварыць слова Тваё,
І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іх ды дай слугам Тваім з усёю адвагай абвяшчаць слова Тваё,
а Ты працягні руку Тваю на аздараўленьне, і каб рабіліся знакі і цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса».
ды працягні руку Тваю, каб аздараўляць і чыніць знакі і цуды праз імя святога Сына Твайго Ісуса».
І, як памаліліся, захісталася месца, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе былі напоўненыя Духам Сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагаю.
І, калі яны памаліліся, задрыжала месца, на якім яны сабраліся, ды ўсе былі напоўнены Духам Святым і вясцілі слова Божае з адвагай.
А ў мноства тых, якія паверылі, было адно сэрца і адна душа, і ніхто нічога з маёмасьці сваёй не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.
І вялікае мноства веруючых былі аднаго сэрца і адной душы; і нічога з таго, што мелі, ніхто не называў сваім, бо ўсё ў іх было супольнае.
І з вялікай сілай апосталы давалі сьведчаньне ўваскрасеньня Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.
І Апосталы з вялікай сілай сведчылі пра ўваскрэсенне Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.
Бо не было сярод іх нікога, хто меў нястачу, бо ўсе, хто меў палі ці дамы, продаючы іх, прыносілі цану праданага
І не было між імі нікога ў недастатку, бо ўсе, хто былі ўласнікі зямлі або дома, прадавалі іх ды прыносілі грошы за тое, што прадавалі,
і клалі ля ног апосталаў; а кожнаму давалася тое, якую хто меў патрэбу.
ды складалі ля ног Апосталаў, ды давалася кожнаму тое, хто ў чым меў патрэбу.
А Ёсія, названы апосталамі Барнабам, што значыць Сын пацяшэньня, лявіт, родам з Кіпру,
Тады Язэп, названы Апосталамі Барнабам, што значыць «Сын пацяшэння», левіт, родам з Кіпра,
які меў сваё поле, прадаўшы яго, прынёс грошы і паклаў ля ног апосталаў.
маючы зямлю, прадаў яе, і прынёс грошы, і паклаў ля ног Апосталаў.