Дзеі 15 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І некаторыя, што прыйшлі з Юдэі, навучалі братоў: «Калі ня будзеце абрэзаны паводле звычаю Майсея, ня можаце быць збаўленыя».
 
Некаторыя, прыйшоўшы з Юдэі, навучалі братоў: «Калі не будзеце абрэзаны па звычаі Майсея, не можаце быць збаўлены».

Тады сталася немалое змаганьне і спрэчка з імі ў Паўла і Барнабы, і вызначылі, каб Павал, і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх узыйшлі наконт гэтай спрэчкі да апосталаў і старостаў у Ерусалім.
 
І сталася шмат немалых спрэчак і звадак між імі ды Паўлам і Барнабам, так што вырашылі, каб Паўла і Барнаба ды яшчэ некалькі з іх пайшлі дзеля гэтае справы ў Ерузалім да Апосталаў і старэйшых.

Яны ж, праведзеныя царквою, праходзілі праз Фінікію і Самарыю, распавядаючы пра навяртаньне паганаў; і зрабілі радасьць вялікую ўсім братам.
 
Дык, пасланыя царквою, ішлі яны праз Фэніцыю і Самарыю, расказваючы пра навяртанне паганаў, і прыносілі братам вялікую радасць.

А прыйшоўшы ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, і апосталамі, і старостамі, і расказалі ўсё, што Бог учыніў з імі.
 
Калі ж прыбылі ў Ерузалім, былі прыняты царквою і Апосталамі ды старэйшымі і расказалі ім, як шмат Бог учыніў ім.

Падняліся ж некаторыя з герэзіі фарысэйскае, якія былі паверыўшыя, кажучы, што трэба іх абрэзаць і загадаць захоўваць закон Майсея.
 
Але некаторыя з тых, што ўверылі з герэзіі фарысейскай, супрацівіліся, кажучы: «Трэба абрэзаць іх і загадаць трымацца закону Майсея!»

І сабраліся апосталы і старосты разгледзець наконт слова гэтага.
 
Дык сабраліся Апосталы і старэйшыя, каб разгледзець гэтую справу.

А як сталася вялікая спрэчка, Пётар, устаўшы, сказаў ім: «Мужы браты! Вы ведаеце, што ад дзён старадаўных Бог выбраў сярод нас, каб праз мае вусны пачулі пагане слова Эвангельля і паверылі.
 
Калі ўзнікла вялікая спрэчка, тады, узняўшыся, Пётра сказаў ім: «Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўніх дзён выбраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх пагане пачулі слова Евангелля ды ўверылі.

І Знаўца сэрцаў, Бог, засьведчыў ім, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам,
 
І Бог, Які ведае сэрцы, засведчыў гэта, даючы ім Духа Святога, як і нам,

і ніяк не адрозьніў між намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
 
і не зрабіў ніякай розніцы між намі і імі, ачышчаючы сэрцы іх верай.

Дык цяпер навошта вы спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ані бацькі нашыя, ані мы?
 
Дык чаму цяпер выпрабоўваеце Бога, каб ускласці на вучняў ярмо, якога ані бацькі нашы, ані мы самі не змаглі насіць?

Але мы верым, што збаўленыя праз ласку Госпада Ісуса Хрыста, гэтаксама, як і яны».
 
Мы, аднак, верым, што праз ласку Госпада Ісуса Хрыста будзем збаўлены, як і яны».

І замаўчала ўсё мноства, і слухалі Барнабу і Паўла, якія распавядалі, якія знакі і цуды ўчыніў праз іх Бог сярод паганаў.
 
І замоўк увесь натоўп, і слухалі аповед Барнабы і Паўлы, якія знакі і цуды ўчыніў Бог праз іх сярод паганаў.

Калі ж яны замаўчалі, адказаў Якуб, кажучы: «Мужы браты! Паслухайце мяне!
 
І калі яны замоўклі, азваўся Якуб, кажучы: «Мужы браты, паслухайце мяне.

Сымон распавёў, як спачатку Бог нагледзеў узяць з паганаў народ дзеля імя Свайго,
 
Сімяон расказаў, як Бог спачатку наведаў паганаў, каб выбраць з іх народ для імя Свайго,

і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:
 
і з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:

“Пасьля гэтага вярнуся, і адбудую намёт Давіда, які заваліўся, і зруйнаванае ў ім адбудую, і выпрастую яго,
 
“Пасля гэтага вярнуся і адбудую палатку Давіда, якая ўпала, і адбудую руіны яе, і ўзнаўлю яе,

каб шукалі Госпада пазасталыя людзі і ўсе народы, над якімі будуць клікаць імя Маё, — кажа Госпад, Які робіць усё гэта”.
 
каб іншыя людзі шукалі Госпада ды ўсе народы, над якімі будзе прызывана імя Маё. Так кажа Госпад, Які чыніць усё гэта:

Ад вякоў вядомыя Богу ўсе справы Ягоныя.
 
вядомы спрадвеку Богу ўсе справы Яго”.

Дзеля гэтага я суджу ня мучыць тых з паганаў, якія зьвярнуліся да Бога,
 
Таму я лічу, што не трэба непакоіць тых, якія з паганаў навярнуліся да Бога,

але напісаць ім, каб высьцерагаліся гідотаў ідальскіх, і распусты, і душанага, і крыві;
 
але напісаць ім, каб сцерагліся апаганьвання ад балванаў, распусты, і задаўленага, і крыві.

бо [закон] Майсея ад старадаўніх пакаленьняў мае ў гарадах тых, хто абвяшчае яго, чытаны ў сынагогах кожную суботу».
 
Бо Майсей ад найдаўнейшых пакаленняў мае такіх, што ў розных гарадах абвяшчаюць яго ў сінагогах, дзе кожную суботу чытаюць».

Тады надумалі апосталы і старосты разам з усёй царквою, выбраўшы спасярод сябе мужоў, паслаць у Антыёхію з Паўлам і Барнабам Юду, называнага Барсабам, і Сілу, мужоў кіраўнікоў сярод братоў,
 
Тады Апосталы і старэйшыя з усёй царквою надумалі выбраць мужоў са свайго ліку: Юду, званага Барсабам, і Сілу, мужоў першых сярод братоў, ды паслаць іх у Антыёхію разам з Барнабам і Паўлам,

напісаўшы рукамі сваімі гэтак: «Апосталы, і старосты, і браты — братам з паганаў у Антыёхіі і Сірыі, і Кілікіі: радавацца!
 
напісаўшы праз рукі іх гэтак: «Апосталы, і старэйшыя, і браты — тым, што жывуць у Антыёхіі, Сірыі і Цыліцыі, братам з паганаў, прывітанне!

Пачуўшы, што некаторыя, што прыйшлі ад нас, устрывожылі вас словамі, захістаўшы душы вашыя, кажучы абрэзывацца і захоўваць Закон, чаго мы не загадвалі,
 
Мы даведаліся, што некаторыя з нашых без нашага даручэння занепакоілі вас словамі, трывожачы сэрцы вашы, кажучы, што вы павінны быць абрэзаны і выконваць закон.

надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных мужоў разам з улюбёнымі нашымі Барнабам і Паўлам,
 
Дык мы, сабраўшыся разам, вырашылі паслаць да вас выбраных людзей разам з дарагімі нам Барнабам і Паўлам,

людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
людзьмі, якія за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста аддалі душы свае.

Дык паслалі мы Юду і Сілу, і яны словамі паведамяць тое самае.
 
Дык пасылаем Юду і Сілу, якія перакажуць словамі тое самае.

Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, акрамя гэтага неабходнага:
 
Бо Дух Святы і мы вырашылі, што не трэба ўскладаць на вас аніякага цяжару, апрача таго, што неабходна:

сьцерагчыся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты. Захоўваючы сябе ад гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя».
 
устрымлівацца ад ахвяр для ідалаў, ад крыві, ад таго, што задушана, ды ад распусты. Добра вы зробіце, калі ад гэтых рэчаў паўстрымаецеся. Бывайце здаровы».

Тады тыя, што былі пасланыя, прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы мноства, аддалі пасланьне.
 
Тыя ж, пасланыя, прыбылі ў Антыёхію і, сабраўшы грамаду, аддалі ліст.

А тыя, прачытаўшы, узрадаваліся ад гэтага пацяшэньня.
 
Калі яго прачыталі, узрадаваліся словам суцяшэння.

Юда і Сіла, якія былі і прарокамі, многімі словамі пацяшалі братоў і ўмацоўвалі.
 
А Юда і Сіла, якія і самі былі прарокамі, у частых прамовах пацяшалі братоў і ўмацоўвалі іх.

Прабыўшы ж там [нейкі] час, яны былі ў супакоі пасланыя братамі да апосталаў.
 
Па нейкім часе адаслалі іх браты з прывітаннем супакою да Апосталаў.

А Сіле надумалася застацца там.
 
Сіла ж вырашыў застацца, а Юда вярнуўся ў Ерузалім.

А Павал і Барнаба былі ў Антыёхіі, навучаючы і дабравесьцячы разам з многімі другімі слова Госпадава.
 
А Паўла і Барнаба затрымаліся ў Антыёхіі, навучаючы і дабравесцячы з многімі іншымі слова Госпадава.

І праз колькі дзён сказаў Павал да Барнабы: «Вярнуўшыся, адведаем братоў нашых у-ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведвалі слова Госпада, як яны маюцца».
 
А праз некалькі дзён Паўла сказаў Барнабу: «Вернемся і наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведавалі слова Госпадава, і паглядзім, як маюцца».

Барнаба ж пастанавіў узяць з сабою Яна, называнага Маркам.
 
Барнаба хацеў узяць з сабой Яна, званага Маркам,

А Павал лічыў, што няварта браць яго з сабою, бо ён адыйшоў ад іх у Памфіліі і не пайшоў з імі на гэтую справу.
 
але Паўла судзіў, што за тое, што ён адышоў ад іх у Памфіліі і не хадзіў працаваць з імі, не належыць браць яго.

Тады сталася спрэчка, так што яны разлучыліся адзін з адным, і Барнаба, узяўшы Марка, паплыў на Кіпр.
 
І ўсчынілася крыўда, так што раздзяліліся, і Барнаба, узяўшы Марка, паплыў на Кіпр,

А Павал, паклікаўшы Сілу, пайшоў, аддадзены братамі ласцы Божай,
 
Паўла ж, абраўшы Сілу, пайшоў, даручаны братамі ласцы Бога.

і праходзіў праз Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.
 
І праходзіў праз Сірыю і Цыліцыю, умацоўваючы цэрквы.