Дзеі 2 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І калі надыйшоў дзень Пяцідзясятніцы, былі ўсе аднадушна разам.
Як настаў дзень Пяцьдзясятніцы, усі яны былі разам на адным месцу.
І стаўся раптам шум з неба, быццам ад наляцеўшага гвалтоўнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
І зьнецікі стаўся гук ізь неба, бы ад павеву буйнога ветру, і напоўніў увесь дом, ідзе яны сядзелі.
І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, і паселі на кожным з іх.
І зьявіліся ім падзеленыя языкі, бы агнёвыя, і асеў на кажным адзін ізь іх.
І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць.
І напоўніліся ўсі Духам Сьвятым і пачалі гукаць іншымі мовамі, як тый Дух даваў ім вымаўляць.
Былі ж у Ерусаліме спыніўшыся Юдэі, мужы пабожныя, з усякага народу пад небам.
Былі ж там у Ерузаліме прыяжджомыя Юдэі, людзі набожныя, ад усялякага народу пад нябёсамі.
А як стаўся голас гэты, зыйшлося мноства і ўстрывожылася, бо кожны чуў, што яны гавораць ягонай мовай.
Як жа стаўся гук, зышлася множасьць, і былі зумеўшыся, бо кажны чуў іх гукаючых да іх ягоным собскім нарэччам.
Усе ж дзівіліся і зьдзіўляліся, кажучы адзін аднаму: «Вось, усе гэтыя, што гавораць, ці ж не Галілейцы?
І ўсі зумяваліся а дзіваваліся, гукаючы мяжсобку: «Ці ня ўсі гукаючыя Ґалілеяне?
І як мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?
Як жа мы чуем кажны собскае нарэчча, у каторым нарадзіліся,
Парты, і Мідзяне, і Эляміты, і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі,
Парфяне а Мідзяне а Еламіты а жыхары Месопотамы а Юдэі а Каппадокі, Понту а Азі,
Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і межаў Лібіі каля Кірэнэі, і прыйшоўшыя рымскія Юдэі, і празэліты,
Фрыґі а Памфілі, Ягіпту а часьцяў Лібы, сумежных ізь Кірэнаю, а прыяжджомыя Рымляне, Юдэі а нова на веру наверненыя,
Крыцяне і Арабы, — чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую?»
Крыцяне а Арабаве, чуем іх нашымі мовамі гукаючых празь вялікія справы Божыя?»
Дзівіліся ж усе і бянтэжыліся, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»
І ўсі зумяваліся, і ў клопатнай парусе гукалі адны адным: «Што гэта значыцца?»
А іншыя, насьміхаючыся, казалі, што яны напіліся маладога віна.
Але іншыя, насьміхаючыся, гукалі: «Яны ўпіліся новым віном».
Пётар жа з Адзінаццацьцю, устаўшы, узьняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта вядома, і выслухайце словы мае,
Пётра ж, стаўшы з адзінанцацьма, узьняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсі жыхары Ерузаліму! хай будзе ведама вам, і ўважайце на словы мае:
бо яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ трэцяя гадзіна дня.
Яны не п’яныя, як вы ўвабражаеце сабе, бо трэйцяя гадзіна дня;
Але гэта ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля:
Але гэта сказанае прарокам Ёелям:
“І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — выльлю Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і юнакі вашыя будуць бачыць відзежы, і старыя вашыя будуць сьніць сны.
"І будзе апошніх дзён, кажа Бог, выльлю з Духа Свайго на ўсе цела; і будуць праракаць сынове вашы а дачкі вашы, і маладзёны вашы будуць відзець відзені, і старыя вашыя будуць сьніць сны.
І на слугаў Маіх і на служак Маіх выльлю ў тыя дні Духа Майго, і будуць прарочыць.
Але, і на слугаў Сваіх і на служэбкі Свае выльлю тых дзён із Духа Свайго, і яны будуць праракаць.
І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе: кроў, і агонь, і куродым.
І дам чудосы на небе ўгары і знакі на зямлі далавах, кроў а агонь а куродым.
Сонца пераменіцца ў цемру, і месяц — у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпада, вялікі і слаўны.
Сонца абернецца ў цемнь, і месяц у кроў, уперад чымся настане дзень Спадароў, вялікі а славуты.
І будзе: кожны, хто будзе клікаць імя Госпада, будзе збаўлены”.
І станецца, што кажны, хто будзе гукаць імя Спадарова, спасецца".
Мужы Ізраільцяне, выслухайце гэтыя словы: Ісуса з Назарэту, Мужа, зьяўленага між вамі Богам моцамі, і цудамі, і знакамі, якія рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі вы ведаеце,
«Мужы ізраельскія! слухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэцкага, мужа, пасьветчанага вам Богам учынкамі магутнасьці а чудосамі а знакамі, што Бог учыніў перазь Яго сярод вас, як вы самы ведаеце,
Яго, паводле вызначанай рады і прадбачаньня Божага выдадзенага, вы, узяўшы і рукамі беззаконьнікаў прыбіўшы цьвікамі, забілі.
Яго радаю і перадведаньням Божым выданага, вы рукою бяспраўных укрыжавалі а забілі.
Яго Бог уваскрасіў, вызваліўшы з мукаў сьмерці, таму што немагчыма было, каб Ён быў стрыманы ёю.
Бог ускрысіў Яго, раскволіўшы путы сьмерці, бо нельга было ёй удзяржаць Яго гэтымі.
Бо Давід кажа пра Яго: “Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.
Бо Давід кажа ўзглядам Яго: "Я бачыў Спадара кажначасна перад сабою; бо Ён па правіцы маёй, каб я не захістаўся.
Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё, і ўзрадаваўся язык мой, нават і цела маё супачыне ў надзеі,
Затым сэрца мае цешылася, і язык мой весяліўся, нават і цела мае будзе жыхарыць у надзеі;
бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.
Бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле ані дасі Сьвятому бачыць расклад.
Ты даў мне ведаць шлях жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю перад абліччам Тваім”.
Ты даў імне пазнаці дарогі жыцьця; Ты напоўніў мяне радасьцяй перад відам Сваім".
Мужы браты! Належыцца мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная ў нас да гэтага дня.
Мужы браты, няхай будзе дазволена гукаць выразьліва праз патрыярха Давіда, што ён памер і пахаваны, і помнік ягоны памеж нас дагэтуль.
А як быў ён прарок і ведаў, што прысягай прысягнуў яму Бог з плоду паясьніцы ягонай паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе ягоным,
Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог із прысягаю абяцаў з плоду сьцёгнаў ягоных пасадзіць на пасадзе ягоным,
прадбачачы, ён гаварыў пра ўваскрасеньне Хрыста, што не пакінутая душа Ягоная ў пекле, і цела Ягонае ня бачыла парахненьне.
Ён перадбачыўшы, гукаў праз ускрысеньне Хрыста, што не пакінены будзе Ён у пекле ані абача цела Ягонае раскладу.
Гэтага Ісуса ўваскрасіў Бог, і ўсе мы — сьведкі гэтага.
Гэтага Ісуса Бог ускрысіў, чаго ўсі мы сьветкі.
Дык узьнесены правіцаю Бога і ўзяўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што вы цяпер бачыце і чуеце.
Дык, будучы ўзьняты правіцаю Божай і адзяржаўшы ад Айца абятніцу Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што бачыце а чуеце.
Бо Давід не ўзыйшоў у неба, а ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь праваруч Мяне,
Бо Давід ня ўзьнёсься да нябёс, але ён сам кажа: "Сказаў Спадар Спадару майму: сядзь па правіцы Маёй,
пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх"”.
Пакуль Я пакладу непрыяцеляў Тваіх казулькаю пад ногі Твае".
Дык няхай упэўнена ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог зрабіў і Госпадам, і Хрыстом Яго, Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі».
Дык няхай увесь дом Ізраеляў напэўна ведае, што Бог учыніў Яго, Гэтага Ісуса, Каторага вы ўкрыжавалі, Спадаром а Хрыстом».
Пачуўшы гэта, яны былі ўражаныя ў сэрцы і сказалі да Пятра і рэшты апосталаў: «Што нам рабіць, мужы браты?»
Пачутае баданула ім у сэрца, і сказалі Пётру а іншым апосталам: «Што мы маем рабіць, мужы браты?»
Пётар жа прамовіў да іх: «Навярніцеся, і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і возьмеце дар Сьвятога Духа.
Пётра сказаў ім: «Пакайцеся а ахрысьціцеся кажны з вас у імя Ісуса Хрыста дзеля дараваньня грахоў, — і адзяржыце дар Сьвятога Духа;
Бо абяцаньне для вас, і для дзяцей вашых, і для ўсіх, якія далёка, каго пакліча Госпад, Бог наш».
Бо вам ёсьць абятніца й дзяцём вашым і ўсім далёкім толькім, колькіх пагукае Спадар Бог наш».
І іншымі шматлікімі словамі сьведчыў і ўпрошваў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага пакаленьня скрыўленага».
І шмат якімі іншымі словамі ён урочыста сьветчыў і захочаваў іх, кажучы: «Ратуйцеся ад роду гэтага крутадушнага».
Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, былі ахрышчаныя, і ў той дзень дадалося каля трох тысячаў душ.
Тады тыя, што ахвотна прынялі слова ягонае, былі ахрышчаны; і дадана таго дня душаў каля трох тысячаў.
І трывалі яны ў вучэньні апосталаў, і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба, і ў малітвах.
І яны непарушна трывалі ў навуццы апосталаў а ўзаем’ю, у ламеньню хлеба а ў малітвах.
Быў жа страх на кожнай душы, і шмат цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў.
І боязьнь агарнула кажную душў, і шмат чудосаў а знакоў было зьдзеяна апосталамі.
А ўсе, якія мелі веру, былі разам, і мелі ўсё супольнае.
І ўсі вернікі былі разам, і мелі ўсе супольнае.
І прадавалі маёмасьць і ўласнасьць, і дзялілі паміж усімі, хто якую меў патрэбу.
І прадавалі двары свае а маемасьці, і раздавалі ўсім, подле патрэбы кажнага.
І кожны дзень аднадушна трываючы ў сьвятыні і ламаючы хлеб у дамах, прыймалі ежу ў весялосьці і лагоднасьці сэрца,
І дзень пры дню непарушна трывалі ў сьвятьгаі, і, ломячы хлеб па дамох, дзялілі ежу ў радасьці а ў прасьціні сэрца,
хвалячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы тых, што былі збаўленыя.
Хвалячы Бога і маючы зычлівасьць у ўсяго люду. Спадар жа што дзень дадаваў да царквы спасаных.