Дзеі 2 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І, калі спаўняўся дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым жа месцы.
Як настаў дзень Пяцьдзясятніцы, усі яны былі разам на адным месцу.
І раптам стаўся шум з неба, як бы ад наляцеўшага буйнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
І зьнецікі стаўся гук ізь неба, бы ад павеву буйнога ветру, і напоўніў увесь дом, ідзе яны сядзелі.
І паказаліся ім паасобна языкі, як бы агнявыя, і паселі на кожнага з іх;
І зьявіліся ім падзеленыя языкі, бы агнёвыя, і асеў на кажным адзін ізь іх.
і напоўнены былі яны ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі так, як ім Дух даваў прамаўляць.
І напоўніліся ўсі Духам Сьвятым і пачалі гукаць іншымі мовамі, як тый Дух даваў ім вымаўляць.
Жылі тады ў Ерузаліме юдэі, людзі пабожныя, з усіх народаў, што ёсць пад небам;
Былі ж там у Ерузаліме прыяжджомыя Юдэі, людзі набожныя, ад усялякага народу пад нябёсамі.
і, калі ўзняўся гэты голас, збеглася мноства людзей, і дзівіліся, бо кожны чуў іх, як прамаўлялі на яго мове.
Як жа стаўся гук, зышлася множасьць, і былі зумеўшыся, бо кажны чуў іх гукаючых да іх ягоным собскім нарэччам.
Слупянелі яны і дзівіліся, кажучы: «Ці ж, вось, гэтыя ўсе, што прамаўляюць, не галілейцы?
І ўсі зумяваліся а дзіваваліся, гукаючы мяжсобку: «Ці ня ўсі гукаючыя Ґалілеяне?
Дык як жа мы кожны чуем сваю ўласную мову, у якой мы нарадзіліся?
Як жа мы чуем кажны собскае нарэчча, у каторым нарадзіліся,
Парты і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі,
Парфяне а Мідзяне а Еламіты а жыхары Месопотамы а Юдэі а Каппадокі, Понту а Азі,
Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лібіі, што каля Цырэны, і прыбыльцы з Рыма,
Фрыґі а Памфілі, Ягіпту а часьцяў Лібы, сумежных ізь Кірэнаю, а прыяжджомыя Рымляне, Юдэі а нова на веру наверненыя,
а таксама юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — чуем, што яны гавораць пра веліч Божую на нашых мовах».
Крыцяне а Арабаве, чуем іх нашымі мовамі гукаючых празь вялікія справы Божыя?»
І дзівіліся ўсе, і не разумелі гэтага, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»
І ўсі зумяваліся, і ў клопатнай парусе гукалі адны адным: «Што гэта значыцца?»
А іншыя, падсмейваючыся, казалі: «Можа быць, яны напіліся маладога віна?»
Але іншыя, насьміхаючыся, гукалі: «Яны ўпіліся новым віном».
Тады Пётра, стаўшы з адзінаццаццю, узвысіў голас свой і сказаў ім: «Мужы юдэйскія ды ўсе жыхары Ерузаліма, хай будзе вам гэта ведама, і ўспрыміце вушамі мае словы!
Пётра ж, стаўшы з адзінанцацьма, узьняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсі жыхары Ерузаліму! хай будзе ведама вам, і ўважайце на словы мае:
Гэтыя людзі не п’яныя, як вы думаеце, бо трэцяя гадзіна дня,
Яны не п’яныя, як вы ўвабражаеце сабе, бо трэйцяя гадзіна дня;
але гэта спаўняецца тое, што сказана праз прарока Ёэля:
Але гэта сказанае прарокам Ёелям:
“І будзе: у апошнія дні, — кажа Бог, — вылью ад Духа Майго на кожнае цела; і будуць праракаваць сыны вашы і дочкі вашы, і юнакі вашы будуць бачыць з’явы, і старыя вашы будуць бачыць сны.
"І будзе апошніх дзён, кажа Бог, выльлю з Духа Свайго на ўсе цела; і будуць праракаць сынове вашы а дачкі вашы, і маладзёны вашы будуць відзець відзені, і старыя вашыя будуць сьніць сны.
І на паслугачоў Маіх і на паслугачак вылью ў тыя дні ад Духа Майго, і будуць праракаваць.
Але, і на слугаў Сваіх і на служэбкі Свае выльлю тых дзён із Духа Свайго, і яны будуць праракаць.
І дам цуды на небе, угары, ды знакі на зямлі, унізе кроў і агонь, і слупы дыму;
І дам чудосы на небе ўгары і знакі на зямлі далавах, кроў а агонь а куродым.
сонца зменіцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і слаўны.
Сонца абернецца ў цемнь, і месяц у кроў, уперад чымся настане дзень Спадароў, вялікі а славуты.
І будзе: кожны, хто пакліча імя Госпада, будзе збаўлены”.
І станецца, што кажны, хто будзе гукаць імя Спадарова, спасецца".
Мужы ізраэльскія, паслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засведчанага перад вамі Богам моцамі, цудамі і знакамі, якія Бог учыніў праз Яго між вамі, як вы самі ведаеце,
«Мужы ізраельскія! слухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэцкага, мужа, пасьветчанага вам Богам учынкамі магутнасьці а чудосамі а знакамі, што Бог учыніў перазь Яго сярод вас, як вы самы ведаеце,
Яго вось, Які паводле вызначанага рашэння і наканавання Божага быў выдадзены, вы, рукамі беззаконных прыбіўшы цвікамі, забілі,
Яго радаю і перадведаньням Божым выданага, вы рукою бяспраўных укрыжавалі а забілі.
але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад пакут смерці, бо немагчыма было, каб яна авалодала Ім.
Бог ускрысіў Яго, раскволіўшы путы сьмерці, бо нельга было ёй удзяржаць Яго гэтымі.
Бо Давід кажа адносна Яго: “Стаяў я перад Госпадам маім заўсёды; паколькі Ён праваруч мяне, нічога не баюся.
Бо Давід кажа ўзглядам Яго: "Я бачыў Спадара кажначасна перад сабою; бо Ён па правіцы маёй, каб я не захістаўся.
Дзеля таго ўзрадавалася сэрца маё і ўзвесялілася душа мая; звыш таго, і цела маё супакоіцца ў спадзяванні.
Затым сэрца мае цешылася, і язык мой весяліўся, нават і цела мае будзе жыхарыць у надзеі;
Бо не пакінеш душы маёй у пекле ды не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне.
Бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле ані дасі Сьвятому бачыць расклад.
Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця, Ты напоўніш мяне радасцю ад аблічча Твайго”.
Ты даў імне пазнаці дарогі жыцьця; Ты напоўніў мяне радасьцяй перад відам Сваім".
Мужы браты, хай дазволена мне будзе сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, ды магіла яго захавалася ў нас да сённяшняга дня.
Мужы браты, няхай будзе дазволена гукаць выразьліва праз патрыярха Давіда, што ён памер і пахаваны, і помнік ягоны памеж нас дагэтуль.
Як прарок, ён ведаў, што Бог прысягаў яму вернай прысягай, што ад плода сцёгнаў яго паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе Яго,
Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог із прысягаю абяцаў з плоду сьцёгнаў ягоных пасадзіць на пасадзе ягоным,
і, прадбачачы, гаварыў пра ўваскрэсенне Хрыста, што душа Яго не застанецца ў пекле, ды што цела Яго не ўбачыць парахнення.
Ён перадбачыўшы, гукаў праз ускрысеньне Хрыста, што не пакінены будзе Ён у пекле ані абача цела Ягонае раскладу.
Гэтага вось Ісуса ўваскрасіў Бог, і мы ўсе — сведкі гэтага.
Гэтага Ісуса Бог ускрысіў, чаго ўсі мы сьветкі.
Ён быў правіцаю Божаю ўзвышаны, атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, і выліў Яго, як вы бачыце і чуеце.
Дык, будучы ўзьняты правіцаю Божай і адзяржаўшы ад Айца абятніцу Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што бачыце а чуеце.
Бо Давід не ўзышоў у неба, аднак ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне,
Бо Давід ня ўзьнёсься да нябёс, але ён сам кажа: "Сказаў Спадар Спадару майму: сядзь па правіцы Маёй,
аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”.
Пакуль Я пакладу непрыяцеляў Тваіх казулькаю пад ногі Твае".
Дык хай вельмі цвёрда ведае ўвесь дом Ізраэля, што гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі, Бог учыніў Госпадам і Хрыстом».
Дык няхай увесь дом Ізраеляў напэўна ведае, што Бог учыніў Яго, Гэтага Ісуса, Каторага вы ўкрыжавалі, Спадаром а Хрыстом».
Калі яны пачулі гэта, спакарыліся сэрцам ды пыталіся ў Пётры і іншых Апосталаў: «Дык што маем мы рабіць, мужы браты?»
Пачутае баданула ім у сэрца, і сказалі Пётру а іншым апосталам: «Што мы маем рабіць, мужы браты?»
А Пётра сказаў ім: «Учыніце навяртанне, і хай кожны з вас прыме хрост у імя Ісуса Хрыста на адпушчэнне вашых грахоў, і атрымаеце дар Духа Святога;
Пётра сказаў ім: «Пакайцеся а ахрысьціцеся кажны з вас у імя Ісуса Хрыста дзеля дараваньня грахоў, — і адзяржыце дар Сьвятога Духа;
бо вам належыць абяцанае і сынам вашым, ды ўсім тым, хто далёка, каго б ні паклікаў Госпад, Бог наш».
Бо вам ёсьць абятніца й дзяцём вашым і ўсім далёкім толькім, колькіх пагукае Спадар Бог наш».
І многімі іншымі словамі сведчыў і ўшчуваў іх, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага роду распуснага».
І шмат якімі іншымі словамі ён урочыста сьветчыў і захочаваў іх, кажучы: «Ратуйцеся ад роду гэтага крутадушнага».
Дык тыя, што прыхільна прынялі яго словы, былі ахрышчаны; і ў той дзень было далучана каля трох тысяч душ.
Тады тыя, што ахвотна прынялі слова ягонае, былі ахрышчаны; і дадана таго дня душаў каля трох тысячаў.
І трывалі яны ў навуцы Апосталаў ды ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах.
І яны непарушна трывалі ў навуццы апосталаў а ўзаем’ю, у ламеньню хлеба а ў малітвах.
І страх быў у кожнай душы, бо Апосталы чынілі мноства знакаў і цудаў.
І боязьнь агарнула кажную душў, і шмат чудосаў а знакоў было зьдзеяна апосталамі.
Усе тыя, што ўверылі, былі разам ды ўсё мелі супольнае,
І ўсі вернікі былі разам, і мелі ўсе супольнае.
і прадавалі маёмасць і ўласнасць ды дзялілі яе між тымі, у каго якая была патрэба;
І прадавалі двары свае а маемасьці, і раздавалі ўсім, подле патрэбы кажнага.
і штодзень аднадушна заставаліся ў святыні, і, ламаючы хлеб па дамах, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца,
І дзень пры дню непарушна трывалі ў сьвятьгаі, і, ломячы хлеб па дамох, дзялілі ежу ў радасьці а ў прасьціні сэрца,
славячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народа. Госпад жа штодзень дадаваў да царквы збаўляемых.
Хвалячы Бога і маючы зычлівасьць у ўсяго люду. Спадар жа што дзень дадаваў да царквы спасаных.