Дзеі 14 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І сталася ў Іконіі, што падобным чынам увайшлі яны ў юдэйскую сінагогу і прамаўлялі так, што вялікае мноства юдэяў і грэкаў уверыла.
І сталася ў Іконі, што яны ўвыйшлі разам у жыдоўскую бажніцу, і так гукалі, што ўверыла вялікая множасьць як Жыдоў, так і Грэкаў.
Але тыя юдэі, што не ўверылі, падбуралі і раздражнялі паганаў супраць братоў.
А нявернікі Жыды падвучылі а атруцілі на братоў думкі паган.
Аднак яны прабылі там доўгі час, дзейнічаючы з вераю ў Госпада, Які сведчыў слова ласкі Сваёй і даваў цуды і знакі чыніць іх рукамі.
Яны, адылі, заставаліся ладны час, адважна гукаючы ў Спадару, Каторы даў сьветчаньне слову ласкі Свае, даючы, каб знакі а чудосы чыніліся рукамі іхнымі.
Дык жыхары горада падзяліліся: і адны былі з юдэямі, а другія — з Апосталамі.
І падзяліліся множасьць места: адныя былі із Жыдамі, а другія з апосталамі.
Калі, аднак, пагане і юдэі сумесна з начальнікамі сваімі пачалі намагацца, каб зняважыць іх і ўкаменаваць,
А як пагане й Жыды з начэльнікамі сваімі імкнуліся напасьці на іх, каб зьняважыць а ўкаменаваць іх;
яны, дазнаўшыся, уцяклі ў гарады лікаонскія, Лістру і Дэрбу, і ў іх ваколіцы,
Яны, зацеміўшы гэта, уцяклі да местаў Лікаонскіх, Лістры а Дэрвы і аколіцаў іхных;
і там абвяшчалі Евангелле.
І там былі, абяшчаючы дабравесьць.
І сядзеў у Лістры адзін чалавек, хворы на ногі, калека ад нараджэння свайго, які ніколі не хадзіў.
Сядзеў жа адзін мужчына ў Лістры, каторы не валодаў нагамі сваімі, кульгавы ад улоньня маці свае, каторы ніколі не хадзіў.
Ён слухаў, што казаў Паўла. Той жа глянуў на яго ўважна ды, бачачы, што ён мае веру, каб быць збаўленым,
Гэты чуў Паўлу гукаючага, каторы, уцеміўшыся ў яго і бачачы, што ён меў веру дзеля ўздараўленьня,
сказаў моцным голасам: «Стань проста на ногі твае!» І той падскочыў і стаў хадзіць.
Сказаў вялікім голасам: «Стань проста на ногі свае!» і ён ускочыў, і хадзіў.
І людзі, бачачы, што ўчыніў Паўла, узвысілі голас свой, кажучы па-лікаонску: «Багі сталіся падобнымі да людзей і сышлі да нас!»
Гурбы ж, абачыўшы, што Паўла ўчыніў, узьнялі галасы свае палікаонску, кажучы: «Багове, перакінуўшыся ў людзёў, зышлі да нас!»
І назвалі Барнабу Зеўсам, а Паўлу — Гермесам, бо ён быў правадыром у слове.
І назвалі Варнаву Зэўсам, а Паўлу Гэрмам, бо ён быў галоўны прамоўца.
А святар храма Зеўса, які быў перад іх горадам, прывёў да брамы валоў ды прынёс вянкі і хацеў разам з народам скласці ахвяру.
Сьвятар жа Зэўсаў, што быў перад местам, прывёўшы валы і прынёсшы вянкі да брамы, хацеў з гурбамі абрачы аброк.
Калі пра гэта даведаліся Апосталы Барнаба і Паўла, раздзёрлі адзенне сваё ды кінуліся ў народ, крычучы
Але апосталы, Варнава а Паўла, пачуўшы, разьдзерлі адзецьці свае і кінуліся да гурбаў, крычачы а кажучы:
і кажучы: «Людзі, што гэта вы робіце? І мы людзі, падобныя да вас, абвяшчаем вам Евангелле, каб вы адвярнуліся ад гэтых марнасцей да Бога жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў іх ёсць.
«Мужы! нашто вы гэта робіце? і мы людзі, падобныя прыродаю да вас, і прыносім вам дабравесьць, каб навярнуць вас ад марнасьцяў гэтых да жывога Бога, Каторы ўчыніў неба й зямлю, і мора, і ўсе ў іх;
Дапусціў Ён у даўнейшых пакаленнях, каб усе народы хадзілі сваімі дарогамі,
Каторы ў мінулых пакаленьнях дазволіў усім народам хадзіць сваімі собскімі дарогамі,
але не пераставаў сведчыць аб Сабе, чынячы дабро, даючы нам дажджы, урадлівую пару, напаўняючы ежай і радасцю сэрцы нашы».
Хоць запраўды не пакінуў Сябе бязь сьветчаньня, дзеючы дабро й даючы зь неба дождж а ўродлівыя поры, поўнячы ежаю а пацехаю сэрцы вашыя».
І гэтымі словамі ледзь стрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.
І, кажучы гэта ўсе, яны ледзь удзяржалі гурбы ад абраканьня ім.
Тым часам падышлі юдэі з Антыёхіі і Іконіі і, падбурыўшы людзей, укаменавалі Паўлу ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.
Але прышлі Жыды з Антыёхі а Іконі, і пераканалі гурбы, і ўкаменавалі Паўлу, выцягнулі яго зь места, дапушчаючы, што ён памер.
Але калі сабраліся вакол яго вучні, ён, узняўшыся, пайшоў у горад. А на другі дзень разам з Барнабам накіраваўся ў Дэрбу.
Як жа вучанікі абступілі яго, ён устаў і пайшоў да места, а назаўтрае пайшоў з Варнаваю да Дэрвы.
І ў гэтым горадзе прапаведавалі Евангелле, і навучалі многіх, а пасля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,
І абясьціўшы дабравесьць гэтаму месту, і прыдбаўшы шмат вучанікаў, зьвярнуліся да Лістры а Іконі а Антыёхі,
умацоўваючы душы вучняў, навучаючы іх трыванню ў веры і што каб увайсці ў Валадарства Божае, трэба прайсці праз многа прыцясненняў.
Мацуючы душы вучанікаў, захочуючы іх трываць у веры і навучаючы, што шмат якімі атугамі маем увыйсьці ў гаспадарства Божае.
Потым з малітвай і постам для кожнай царквы прызначылі з іх ліку старэйшых ды даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі.
І прызначыўшы ім старшых у кажнай царкве, памаліўшыся з постам, паручылі іх Спадару, у Каторага ўверылі.
І, праходзячы ў Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію,
І, перайшоўшы перазь Пісыду, прышлі да Памфілі.
і прапаведавалі слова ў Пэргэ, а затым пайшлі ў Аталію.
І, кажучы слова ў Перзе, зышлі да Аталі;
І адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі.
А стуль адплылі да Антыёхі, скуль былі паручаны ласцы Божай на працу, каторую й зьдзеялі.
І, калі прыйшлі і склікалі царкву, расказалі, што Бог учыніў з імі, ды як адкрыў Ён дзверы веры паганам.
І прыбыўшы, і зьбершы царкву, яны здалі лічбу ім з усяго, што Бог учыніў імі, і што Ён адчыніў паганам дзьверы веры.
І шмат часу былі яны там сярод вучняў.
І заставаліся немалы час із вучанікамі.