Дзеі 14 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Сталася ж у Іконіі ўвайсьці ім разам у сынагогу жыдоўскую і прамаўляць гэтак, што ўверыла жыдоў і грэкаў вялікае мноства.
 
І сталася ў Іконі, што яны ўвыйшлі разам у жыдоўскую бажніцу, і так гукалі, што ўверыла вялікая множасьць як Жыдоў, так і Грэкаў.

А няверучыя жыды падбурылі і варожа настроілі душы паганаў супраць братоў.
 
А нявернікі Жыды падвучылі а атруцілі на братоў думкі паган.

Але яны прабылí шмат часу, адважна прамаўляючы аб Госпадзе, Які сьведчыў аб Слове Багадаці Сваёй і даваў тварыць цуды і знакі цераз рукі іхныя.
 
Яны, адылі, заставаліся ладны час, адважна гукаючы ў Спадару, Каторы даў сьветчаньне слову ласкі Свае, даючы, каб знакі а чудосы чыніліся рукамі іхнымі.

І была падзелена грамада́ мястовая: і адны былі з жыдамі, другія ж з Апосталамі.
 
І падзяліліся множасьць места: адныя былі із Жыдамі, а другія з апосталамі.

Калі ж пагане і жыды разам з начальнікамі іхнымі памкнуліся напасьці на іх, каб зьнява́жыць ды пабіць каме́ньмі,
 
А як пагане й Жыды з начэльнікамі сваімі імкнуліся напасьці на іх, каб зьняважыць а ўкаменаваць іх;

дык (яны), даведаўшыся, уцяклі ў месты Лікаоні: Лістру і Дэрбу, дый у навако́льле.
 
Яны, зацеміўшы гэта, уцяклі да местаў Лікаонскіх, Лістры а Дэрвы і аколіцаў іхных;

І былі тамака (і) абвяшчалі Эвангельле.
 
І там былі, абяшчаючы дабравесьць.

У Лістры ж нейкі мужчына са спаралізаванымі нагамі сядзеў, бо быў ад чэрава маткі сваёй кульгавым, які ніколі ня хадзіў.
 
Сядзеў жа адзін мужчына ў Лістры, каторы не валодаў нагамі сваімі, кульгавы ад улоньня маці свае, каторы ніколі не хадзіў.

Ён слухаў, як прамаўляў Паўла. Той, паўзіраўшыся на яго і ўбачыўшы, што мае веру на аздараўленьне,
 
Гэты чуў Паўлу гукаючага, каторы, уцеміўшыся ў яго і бачачы, што ён меў веру дзеля ўздараўленьня,

сказаў моцным голасам: Устань на ногі твае роўна. І (той) падскочыў ды хадзіў.
 
Сказаў вялікім голасам: «Стань проста на ногі свае!» і ён ускочыў, і хадзіў.

І людзі, убачыўшы, што зрабíў Паўла, узвысілі галасы свае, кажучы па-лікаонску: (самі) бо́гі, упадо́бленыя людзям, зыйшлі да нас!
 
Гурбы ж, абачыўшы, што Паўла ўчыніў, узьнялі галасы свае палікаонску, кажучы: «Багове, перакінуўшыся ў людзёў, зышлі да нас!»

І называ́лі Барнабу Зэўсам, а Паўлу — Гэрмэсам, бо ён быў вяду́чым у слове.
 
І назвалі Варнаву Зэўсам, а Паўлу Гэрмам, бо ён быў галоўны прамоўца.

А жрэц Зэўса, пастаўленага перад местам іхнім, прывёўшы быкоў зь вянкамі да варотаў, хацеў разам з народам учыніць ахвярапрынашэньне.
 
Сьвятар жа Зэўсаў, што быў перад местам, прывёўшы валы і прынёсшы вянкі да брамы, хацеў з гурбамі абрачы аброк.

Пачуўшы ж, Апосталы Барнаба і Паўла, разадраўшы вопраткі свае, кíнуліся ў народ, крычучы
 
Але апосталы, Варнава а Паўла, пачуўшы, разьдзерлі адзецьці свае і кінуліся да гурбаў, крычачы а кажучы:

ды ка́жучы: мужчыны, што гэта (вы) ро́біце? І мы ёсьць падо́бныя вам людзі, якія дабравесьцяць вам, каб (вы) ад гэтых ма́рных навярнуліся да Бога Жывога, Які сатварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,
 
«Мужы! нашто вы гэта робіце? і мы людзі, падобныя прыродаю да вас, і прыносім вам дабравесьць, каб навярнуць вас ад марнасьцяў гэтых да жывога Бога, Каторы ўчыніў неба й зямлю, і мора, і ўсе ў іх;

Які ў міну́лых родах дапусьціў усім народам хадзіць шляхамі сваімі,
 
Каторы ў мінулых пакаленьнях дазволіў усім народам хадзіць сваімі собскімі дарогамі,

хаця і ня пакíнуў сьведчыць аб Сабе, робячы дабро зь неба нам, даючы дажджы і по́ры ўраджайныя, напаўняючы ежай і ўцехай сэрцы нашыя.
 
Хоць запраўды не пакінуў Сябе бязь сьветчаньня, дзеючы дабро й даючы зь неба дождж а ўродлівыя поры, поўнячы ежаю а пацехаю сэрцы вашыя».

І, гэта кажучы, ледзьве спынíлі народ, каб ня чынілі ахвярапрынашэньне ім.
 
І, кажучы гэта ўсе, яны ледзь удзяржалі гурбы ад абраканьня ім.

З Антыёхі ж і Іконіі прыйшлі жыды і, падбурыўшы народ ды ўкаменаваўшы Паўлу, вывалаклі (яго) за места, падумаўшы, што ён памёр.
 
Але прышлі Жыды з Антыёхі а Іконі, і пераканалі гурбы, і ўкаменавалі Паўлу, выцягнулі яго зь места, дапушчаючы, што ён памер.

Калі ж абступілі яго вучні, (ён) устаўшы, увайшоў у места і на наступны дзень выйшаў разам з Барнабаю ў Дэрбу.
 
Як жа вучанікі абступілі яго, ён устаў і пайшоў да места, а назаўтрае пайшоў з Варнаваю да Дэрвы.

І абвясьціўшы Эвангельле гэнаму месту ды прыдбаўшы шмат вучняў, (яны) вярнуліся назад у Лістру, і Іконію і Антыёху,
 
І абясьціўшы дабравесьць гэтаму месту, і прыдбаўшы шмат вучанікаў, зьвярнуліся да Лістры а Іконі а Антыёхі,

умацоўваючы душы вучняў, заклікаючы трываць у веры, ды што праз шмат мукаў належыць нам увайсьці ў Валадарства Бога.
 
Мацуючы душы вучанікаў, захочуючы іх трываць у веры і навучаючы, што шмат якімі атугамі маем увыйсьці ў гаспадарства Божае.

Рукапаклаўшы ж ім па цэрквах старэйшынаў (ды) памаліўшыся з по́стам, даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі.
 
І прызначыўшы ім старшых у кажнай царкве, памаліўшыся з постам, паручылі іх Спадару, у Каторага ўверылі.

І, прайшоўшы Пісідыю, прыйшлі ў Памхвілю.
 
І, перайшоўшы перазь Пісыду, прышлі да Памфілі.

І, узьвясьціўшы Слова ў Пэрзе, зыйшлі ў Атталю,
 
І, кажучы слова ў Перзе, зышлі да Аталі;

а адтуль адплылí да Антыёхі, адкуль былí аддадзены Багадаці Бога на справу, якую выпаўнілі.
 
А стуль адплылі да Антыёхі, скуль былі паручаны ласцы Божай на працу, каторую й зьдзеялі.

Прыйшоўшы ж ды склікаўшы царкву, яны расказалі ўсё, што ўчыніў зь імі Бог і як расчыніў паганам дзьверы веры.
 
І прыбыўшы, і зьбершы царкву, яны здалі лічбу ім з усяго, што Бог учыніў імі, і што Ён адчыніў паганам дзьверы веры.

І былі тамака ня малы час з вучнямі.
 
І заставаліся немалы час із вучанікамі.