Дзеі 2 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага
І, калі спаўняўся дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым жа месцы.
І калі спаўняліся дні Сёмухі, былі яны ўсе разам на тым-жа месцы.
І раптам стаўся шум з неба, як бы ад наляцеўшага буйнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
І стаўся раптам з неба шум, як-бы надыходзячага сільнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
І паказаліся ім паасобна языкі, як бы агнявыя, і паселі на кожнага з іх;
І паказаліся ім паразьдзяляныя языкі як-бы агню, і сеў на кожным адным з іх.
і напоўнены былі яны ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі так, як ім Дух даваў прамаўляць.
І былі напоўнены ўсе Духам сьвятым, і пачалі гаварыць рознымі мовамі, так як Дух сьвяты даваў ім вымаўляць.
Жылі тады ў Ерузаліме юдэі, людзі пабожныя, з усіх народаў, што ёсць пад небам;
Былі-ж у Ерузаліме прабываючыя жыды, мужы набожныя, з усякага народу, што ёсьць пад небам.
і, калі ўзняўся гэты голас, збеглася мноства людзей, і дзівіліся, бо кожны чуў іх, як прамаўлялі на яго мове.
Калі-ж стаўся гэты голас, зьбеглася мноства і ўстрывожылася ў мысьлі, бо кожны чуў іх гаворачых сваей мовай.
Слупянелі яны і дзівіліся, кажучы: «Ці ж, вось, гэтыя ўсе, што прамаўляюць, не галілейцы?
Астаўпянелі-ж усе і дзівіліся, кажучы: Ці-ж вось гэтыя ўсе, што гавораць, ня ёсьць галілеяне?
Дык як жа мы кожны чуем сваю ўласную мову, у якой мы нарадзіліся?
І як-жа мы кожны чулі сваю мову, у якой нарадзіліся?
Парты і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі,
Парты і мэды, і эламіты, і жыхары Мэзапотаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понту і Азіі,
Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лібіі, што каля Цырэны, і прыбыльцы з Рыма,
Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і старон Лібіі, каторая ёсьць каля Цырэны, і прыходжыя рымскія,
а таксама юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — чуем, што яны гавораць пра веліч Божую на нашых мовах».
жыды і наверненыя, крыцяне і арабы, мы чулі іх гаворачымі нашымі мовамі вялікасьці Божыя.
І дзівіліся ўсе, і не разумелі гэтага, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»
І стаўпянелі ўсе і дзівіліся, кажучы адзін да другога: што гэта мае быць?
А іншыя, падсмейваючыся, казалі: «Можа быць, яны напіліся маладога віна?»
А іншыя, насьмяхаючыся, казалі: што яны напіліся маладога віна.
Тады Пётра, стаўшы з адзінаццаццю, узвысіў голас свой і сказаў ім: «Мужы юдэйскія ды ўсе жыхары Ерузаліма, хай будзе вам гэта ведама, і ўспрыміце вушамі мае словы!
Стаўшы-ж Пётр з адзінаццацьма падняў голас свой і гаварыў ім: Мужы жыдоўскія і ўсе, што жывецё ў Ерузаліме, гэта няхай будзе вам ведама і прыймеце да вушэй словы мае.
Гэтыя людзі не п’яныя, як вы думаеце, бо трэцяя гадзіна дня,
Бо ня ёсьць гэтыя п’яныя, як вы думаеце, бо ёсьць трэцяя гадзіна дня;
але гэта спаўняецца тое, што сказана праз прарока Ёэля:
але ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля (2:28-32):
“І будзе: у апошнія дні, — кажа Бог, — вылью ад Духа Майго на кожнае цела; і будуць праракаваць сыны вашы і дочкі вашы, і юнакі вашы будуць бачыць з’явы, і старыя вашы будуць бачыць сны.
«І будзе ў апошнія дні (кажа Пан) вылю з Духа майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, а маладзяны вашыя будуць бачыць зьявы, а старцы вашыя сны будуць сьніць.
І на паслугачоў Маіх і на паслугачак вылью ў тыя дні ад Духа Майго, і будуць праракаваць.
І на слуг-то маіх і на служкі мае ў гэныя дні вылю з Духа майго і будуць прарочыць.
І дам цуды на небе, угары, ды знакі на зямлі, унізе кроў і агонь, і слупы дыму;
І дам цуды на небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе; кроў і агонь і курава дыму.
сонца зменіцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і слаўны.
Сонца абернецца ў цемру і месяц у кроў, перш чым прыйдзе дзень Пана вялікі і яўны.
І будзе: кожны, хто пакліча імя Госпада, будзе збаўлены”.
І будзе: усякі хто-толькі прызаве імя Пана, збаўлены будзе».
Мужы ізраэльскія, паслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засведчанага перад вамі Богам моцамі, цудамі і знакамі, якія Бог учыніў праз Яго між вамі, як вы самі ведаеце,
Мужы ізраільскія, паслухайце слоў гэтых! Езуса Назарэнскага, мужа пацьверджанага між вамі ад Бога моцамі і цудамі і знакамі, якія ўчыніў Бог праз яго пасярод вас, як і вы ведаеце,
Яго вось, Які паводле вызначанага рашэння і наканавання Божага быў выдадзены, вы, рукамі беззаконных прыбіўшы цвікамі, забілі,
гэтага азначанай радай і празорам Божым выданага, вы рукамі нягодных замучыўшы загубілі.
але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад пакут смерці, бо немагчыма было, каб яна авалодала Ім.
Яго ўскрасіў Бог, разьвязаўшы болі пекла, дзеля таго што немагчыма было яму ўдзяржаць яго.
Бо Давід кажа адносна Яго: “Стаяў я перад Госпадам маім заўсёды; паколькі Ён праваруч мяне, нічога не баюся.
Бо Давід кажа аб ім: «Відзеў я Пана прад вачамі маімі заўсёды, бо ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.
Дзеля таго ўзрадавалася сэрца маё і ўзвесялілася душа мая; звыш таго, і цела маё супакоіцца ў спадзяванні.
Дзеля гэтага ўзрадавалася сэрца маё і разьвесяліўся язык мой; дагэтага і цела маё супачыне ў надзеі.
Бо не пакінеш душы маёй у пекле ды не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне.
Бо не пакінеш душы маей у пекле, і не дасі сьвятому твайму ўбачыць гніцьця.
Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця, Ты напоўніш мяне радасцю ад аблічча Твайго”.
Учыніў ты мне ведамымі дарогі жыцьця і напоўніш мяне радасьцяй перад воблікам тваім» (Пс. 15:8-11).
Мужы браты, хай дазволена мне будзе сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, ды магіла яго захавалася ў нас да сённяшняга дня.
Мужы браты, няхай-жа можна будзе сьмела сказаць да вас аб патрыярху Давідзе, што ён памёр і пахаваны, і гроб ягоны ёсьць у нас аж па сяньняшні дзень.
Як прарок, ён ведаў, што Бог прысягаў яму вернай прысягай, што ад плода сцёгнаў яго паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе Яго,
Дык ён, будучы прарокам і ведаючы, што яму Бог прысягай прысягнуў, што з плоду паясьніцы ягонай будзе сядзець на пасадзе яго,
і, прадбачачы, гаварыў пра ўваскрэсенне Хрыста, што душа Яго не застанецца ў пекле, ды што цела Яго не ўбачыць парахнення.
прадбачыўшы сказаў аб ускрасеньні Хрыста, што ён ані пакінены ёсьць у пекле, ані цела ягонае ня бачыла гніцьця.
Гэтага вось Ісуса ўваскрасіў Бог, і мы ўсе — сведкі гэтага.
Гэтага Езуса ўскрасіў Бог, чаго мы ўсе ёсьць сьведкі.
Ён быў правіцаю Божаю ўзвышаны, атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, і выліў Яго, як вы бачыце і чуеце.
Дык узвышаны правіцаю Божаю і атрымаўшы ад Айца абяцаньне Духа сьвятога, ён выліў таго, каго вы бачыце і чуеце.
Бо Давід не ўзышоў у неба, аднак ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне,
Бо Давід ня ўзыйшоў у неба, але сам кажа: «Сказаў Пан Пану майму, сядзь праваруч мяне,
аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”.
пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх» (Пс. 109:1).
Дык хай вельмі цвёрда ведае ўвесь дом Ізраэля, што гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі, Бог учыніў Госпадам і Хрыстом».
Дык няхай напэўна ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог учыніў яго і Панам і Хрыстом, гэтага Езуса, каторага вы ўкрыжавалі.
Калі яны пачулі гэта, спакарыліся сэрцам ды пыталіся ў Пётры і іншых Апосталаў: «Дык што маем мы рабіць, мужы браты?»
Пачуўшы-ж гэтае, скрышыліся сэрцам і сказалі да Пятра і да іншых апосталаў: што нам рабіць, мужы браты?
А Пётра сказаў ім: «Учыніце навяртанне, і хай кожны з вас прыме хрост у імя Ісуса Хрыста на адпушчэнне вашых грахоў, і атрымаеце дар Духа Святога;
А Пётр да іх: Пакутуйце (кажа) і няхай кожны з вас ахрысьціцца ў імя Езуса Хрыста на адпушчэньне грахоў вашых, і вы атрымаеце дар Духа сьвятога.
бо вам належыць абяцанае і сынам вашым, ды ўсім тым, хто далёка, каго б ні паклікаў Госпад, Бог наш».
Бо для вас ёсьць абяцаньне і для дзяцей вашых, і для ўсіх, хто ёсьць далёка, каго-толькі пакліча Пан Бог наш.
І многімі іншымі словамі сведчыў і ўшчуваў іх, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага роду распуснага».
Яшчэ многімі іншымі славамі сьведчыў і напамінаў іх, кажучы: Ратуйцеся ад гэтага нягоднага роду.
Дык тыя, што прыхільна прынялі яго словы, былі ахрышчаны; і ў той дзень было далучана каля трох тысяч душ.
Дык тыя, што прынялі мову яго, былі ахрышчаны. І далучылася ў той дзень каля трох тысяч душ.
І трывалі яны ў навуцы Апосталаў ды ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах.
І трывалі ў навуцы апосталаў і ў супольніцтве ламаньня хлеба і ў малітвах.
І страх быў у кожнай душы, бо Апосталы чынілі мноства знакаў і цудаў.
І быў у кожнай душы страх; многа так-жа цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў у Ерузаліме, і вялікая баязьнь была ва ўсіх.
Усе тыя, што ўверылі, былі разам ды ўсё мелі супольнае,
Так-жа ўсе, што верылі, былі разам і мелі ўсё супольнае.
і прадавалі маёмасць і ўласнасць ды дзялілі яе між тымі, у каго якая была патрэба;
Маемасьць і дабро прадавалі і дзялілі іх усім, як кожнаму трэба было.
і штодзень аднадушна заставаліся ў святыні, і, ламаючы хлеб па дамах, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца,
Штодня так-жа аднадушна трываючы ў сьвятыні; і ламаючы хлеб па дамох, спажывлі ежу з радасьцяй і прастатой сэрца,
славячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народа. Госпад жа штодзень дадаваў да царквы збаўляемых.
хвалячы Бога і маючы ласку ў усяго народу. Пан-жа штодня дабаўляў да супольнасьці тых, што мелі быць збаўлены.