Дзеі 11 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага
Апосталы ж і браты, што былі ў Юдэі, дачуліся, што пагане таксама прынялі слова Божае.
І пачулі апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і пагане прынялі слова Божае.
І калі Пётра прыбыў у Ерузалім, веруючыя з абрэзаных дакаралі яго,
Калі-ж прыйшоў Пётр у Ерузалім, спрачаліся з ім тыя, што былі з абразаньня,
кажучы: «Ты пайшоў да людзей неабрэзаных ды еў з імі».
кажучы: Чаму ты ўвайшоў да мужоў, маючых адрэзак і еў з імі?
Пачаўшы, Пётра стаў тлумачыць ім па парадку, кажучы:
А Пётр, пачаўшы, выкладаў ім папарадку, кажучы:
«Быў я ў горадзе Ёпе на малітве і ўбачыў з’яву ў захапленні, як нейкая пасудзіна, падобная на вялікі абрус, за чатыры канцы спускалася з неба, аж спусцілася каля мяне.
Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і бачыў у захопленьні відзеньне, зыходзячую нейкую пасудзіну, як-бы вялікі настольнік, за чатары канцы спусканы з неба, і прыйшоў аж да мяне.
І, углядаючыся, я спыніўся і ўбачыў на ёй чатырохногіх зямлі, звяроў, і гадаў, ды птушак нябесных.
Углядаючыся на яго, я прыглядаўся і ўбачыў чацьвёраногіх зямлі, і зьвяроў, і паўзуноў, і птахаў нябесных.
І пачуў я голас, які казаў мне: “Устань, Пётра, забівай і еж!”
Пачуў-жа я і голас, кажучы мне: «Устань, Пётра, забівай і еш».
Я адказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе! Ніколі нічога паганага або нячыстага не браў я ў свае вусны”.
Я-ж сказаў: О не, Пане, бо паганае або нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае.
Але голас з неба азваўся мне паўторна: “Што Бог ачысціў, ты не называй нячыстым!”
І адказаў голас другі раз з неба: «Што Бог ачысьціў, ты не называй паганым».
І так паўтарылася тры разы, і зноў усё было ўзята ў неба.
А гэтае сталася праз тры разы, і ізноў усё было ўзята ў неба.
І вось, зараз жа перад домам, у якім мы былі, з’явіліся трое мужчын, якіх паслалі з Цэзарэі да мяне.
І вось зараз-жа тры мужы сталі ў доме, у каторым я быў, пасланыя з Цэзарэі да мяне.
І сказаў мне Дух, каб я, не сумняваючыся, пайшоў з імі. А разам са мной пайшлі таксама тых шэсць братоў, і мы разам прыбылі ў дом таго чалавека.
А Дух сказаў мне, каб я ішоў з імі, нічога не сумневаючыся. Пайшлі-ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і ўвайшлі мы ў дом мужа.
І ён расказаў нам, як убачыў анёла, які паўстаў у яго доме, і сказаў яму: “Пашлі ў Ёпу мужчын і пакліч Сімона, званага Пётрам.
А ён расказаў нам, як відзеў анёла ў сваім доме, стаячага і кажучага яму: «Пашлі ў Ёппу і паклч Сымона, каторы завецца Пётр,
Ён скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой”.
ён скажа табе словы, праз каторыя будзеш збаўлены ты і ўвесь твой дом».
Калі ж я пачаў прамаўляць, Дух Святы сышоў на іх, як і на нас напачатку.
А калі я пачаў гаварыць, паў Дух сьвяты на іх, так як і на нас напачатку.
І прыпомніў я тады словы Госпада, як Ён казаў: “Ян хрысціў вадою, вы ж будзеце ахрышчаны Духам Святым”.
І прыпомніў я слова Пана, як ён казаў: «Ян-то хрысьціў вадою, але вы будзеце хрышчаны Духам сьвятым» (Ап. Дз. 1:5).
Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія ўверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, то хто ж я, каб мог працівіцца Богу?»
Дык калі ім даў Бог такую-ж ласку, як і нам, каторыя верым у Пана Езуса Хрыста, хто я, што мог-бы забараніць Богу?
Пачуўшы гэта, усе супакоіліся ды славілі Бога і казалі: «Дык і паганам даў Бог ласку навяртання на жыццё».
Пачуўшы гэтае, замоўклі і славілі Бога, кажучы: Дык і паганам даў Бог пакуту да жыцьця.
А тыя, што былі рассеяны дзеля пераследавання, што ўзнікла з прычыны Сцяпана, дабраліся аж да Фэніцыі, і Кіпра, і Антыёхіі, абвяшчаючы слова адным толькі юдэям.
А тыя-ж, каторыя былі разьсеяны дзеля ўцісьненьня, якое сталася за Сьцяпана, перайшлі аж да Фэніцыі і Цыпру і Антыохіі, нікому ня кажучы слова, апроч толькі жыдом.
З іх жа некаторыя былі кіпрыйцы і цырэнцы, якія, прыбыўшы ў Антыёхію, сталі прамаўляць да грэкаў, абвяшчаючы добрую вестку пра Госпада Ісуса.
Былі-ж некаторыя з іх мужы Цыпрыйцы, якія, калі ўвайшлі ў Антыохію, гаварылі і да грэкаў, абвяшчаючы Пана Езуса.
І рука Госпада была з імі, і вялікая колькасць веруючых навярнуліся да Госпада.
І была рука Пана з імі, і вялікі лік веруючых навярнуўся да Пана.
І вестка пра іх дайшла да вушэй царквы, што ў Ерузаліме, дык паслалі Барнабу пайсці ажно ў Антыёхію.
І дайшла аб іх мова да вушэй Касьцёла, які быў у Ерузаліме, і паслалі Барнабу аж да Антыохіі.
Калі ён прыбыў і ўбачыў дзеянне ласкі Божай, усцешыўся ды заахвочваў усіх, каб усім сэрцам трывалі ў Госпадзе.
Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і напамінаў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Пану;
А быў ён чалавек добры і поўны Духа Святога ды веры. І вялікая колькасць прыхінулася да Госпада.
бо быў ён муж добры і поўны Духа сьвятога і веры. І вялікая грамада прыхінулася да Пана.
Пасля Барнаба накіраваўся ў Тарс, каб адшукаць Саўла.
І рушыў Барнаба ў Тарс, каб пашукаць Шаўла; знайшоўшы яго, прывёў у Антыохію.
І, калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію. І сталася ім, што цэлы год працавалі яны разам у царкве і навучалі вялікае мноства людзей, і ў Антыёхіі ўпершыню вучняў назвалі хрысціянамі.
І цэлы год яны прабылі там у Касьцеле і навучалі вялікую грамаду, так што вучні найперш у Антыохіі былі названы хрысьціянамі.
У тыя дні з Ерузаліма ў Антыёхію прыбылі прарокі.
У гэтыя-ж дні надыйшлі парокі з Ерузаліму ў Антыохію.
І вось, адзін з іх, імем Агаб, устаўшы, даў знак праз Духа, што па ўсёй зямлі мае быць вялікі голад; і стаўся ён за цэзара Клаўдзія.
І ўстаўшы адзін з іх, на імя Агаб, абвяшчаў праз Духа, што мае быць па ўсім сьвеце вялікі голад; які настаў за Клаўдыя.
Дык вучні вырашылі, што кожны па магчымасці мае ўспамагчы братам, што пражываюць у Юдэі.
А вучні, як хто меў, пастанавілі кожны паслаць на ўслужэньне братом, жывучым у Юдэі.
Так яны і зрабілі, пасылаючы дапамогу старэйшым праз Барнабу і Саўла.
Што і зрабілі, паслаўшы да старшых праз рукі Барнабы і Шаўла.