Дзеі 11 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Пачулі Апосталы і браты́, якія былí ў Іудзеі, што і язычнікі прынялí сло́ва Божае.
 
І пачулі апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і пагане прынялі слова Божае.

І калі Пётр прыйшоў у Іерусалім, абрэ́заныя папрака́лі яго,
 
Калі-ж прыйшоў Пётр у Ерузалім, спрачаліся з ім тыя, што былі з абразаньня,

ка́жучы: да людзей неабрэ́заных увахо́дзіў ты і еў з імі.
 
кажучы: Чаму ты ўвайшоў да мужоў, маючых адрэзак і еў з імі?

Тады пачаў Пётр апавяда́ць ім па пара́дку, ка́жучы:
 
А Пётр, пачаўшы, выкладаў ім папарадку, кажучы:

у горадзе Іаппíі я маліўся і ў захапле́нні бачыў відзе́нне: сыхо́дзіць нейкае ёмішча, нíбы вялікае палатно́, за чатыры канцы́ апу́шчанае з неба, і наблíзілася яно да мяне;
 
Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і бачыў у захопленьні відзеньне, зыходзячую нейкую пасудзіну, як-бы вялікі настольнік, за чатары канцы спусканы з неба, і прыйшоў аж да мяне.

узіра́ючыся ў яго, я разгле́дзеў і ўба́чыў чатырохно́гіх зямны́х, і звяро́ў, і паўзуно́ў, і птушак нябе́сных.
 
Углядаючыся на яго, я прыглядаўся і ўбачыў чацьвёраногіх зямлі, і зьвяроў, і паўзуноў, і птахаў нябесных.

І пачуў я голас, які казаў мне: «устань, Пётр, закалí і еж».
 
Пачуў-жа я і голас, кажучы мне: «Устань, Пётра, забівай і еш».

Але я сказаў: «ні ў якім ра́зе, Госпадзі, бо нішто пага́нае ці нячы́стае ніколі не ўвахо́дзіла ў ву́сны мае́».
 
Я-ж сказаў: О не, Пане, бо паганае або нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае.

І адказаў мне голас з неба другі раз, ка́жучы: «тое, што Бог ачы́сціў, ты не лічы́ пага́ным».
 
І адказаў голас другі раз з неба: «Што Бог ачысьціў, ты не называй паганым».

Так было́ тройчы; і ўзя́та было́ ўсё зноў на неба.
 
А гэтае сталася праз тры разы, і ізноў усё было ўзята ў неба.

І вось, у той самы час падышлí да до́ма, у якім я быў, тры чалавекі, пасла́ныя з Кесары́і да мяне.
 
І вось зараз-жа тры мужы сталі ў доме, у каторым я быў, пасланыя з Цэзарэі да мяне.

І сказаў мне Дух пайсці з імі, ні ў чым не сумнява́ючыся; пайшлі са мною і гэтыя шэсць братоў, і мы ўвайшлі ў дом таго чалавека.
 
А Дух сказаў мне, каб я ішоў з імі, нічога не сумневаючыся. Пайшлі-ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і ўвайшлі мы ў дом мужа.

І ён паве́даміў нам, што бачыў у доме сваім Ангела, які стаў і сказаў яму: «пашлі ў Іаппíю людзей і паклíч Сімана, якога завуць Пятром,
 
А ён расказаў нам, як відзеў анёла ў сваім доме, стаячага і кажучага яму: «Пашлі ў Ёппу і паклч Сымона, каторы завецца Пётр,

ён скажа табе тое, праз што спасе́шся ты і ўвесь дом твой».
 
ён скажа табе словы, праз каторыя будзеш збаўлены ты і ўвесь твой дом».

Калі я пачаў прамаўля́ць, сышоў Дух Святы́ на іх, як і на нас у пача́тку.
 
А калі я пачаў гаварыць, паў Дух сьвяты на іх, так як і на нас напачатку.

І ўспо́мніў я сло́вы Госпада, як Ён казаў: «Іаан хрысцíў вадою, а вы будзеце ахры́шчаны Ду́хам Святы́м».
 
І прыпомніў я слова Пана, як ён казаў: «Ян-то хрысьціў вадою, але вы будзеце хрышчаны Духам сьвятым» (Ап. Дз. 1:5).

Дык вось, калі такі са́мы дар даў ім Бог, як і нам, якія ўве́равалі ў Госпада нашага Іісуса Хрыста, то хто я такі, каб мог перашко́дзіць Богу?
 
Дык калі ім даў Бог такую-ж ласку, як і нам, каторыя верым у Пана Езуса Хрыста, хто я, што мог-бы забараніць Богу?

Вы́слухаўшы гэта, яны супако́іліся і ўсла́вілі Бога, ка́жучы: зна́чыць, і язы́чнікам Бог даў пакая́нне дзе́ля жыцця́.
 
Пачуўшы гэтае, замоўклі і славілі Бога, кажучы: Дык і паганам даў Бог пакуту да жыцьця.

Між тым, рассе́яныя ў вы́ніку гане́ння, якое даты́чылася Сцяфана, прайшлі да Фінікíі, і Кіпра, і Антыяхíі, нікому не прапаве́дуючы сло́ва, акрамя́ Іудзеяў.
 
А тыя-ж, каторыя былі разьсеяны дзеля ўцісьненьня, якое сталася за Сьцяпана, перайшлі аж да Фэніцыі і Цыпру і Антыохіі, нікому ня кажучы слова, апроч толькі жыдом.

Былí ж некато́рыя з іх Кіпрыётамі і Кірыне́йцамі, якія, прыйшо́ўшы ў Антыяхíю, прамаўля́лі да Элінíстаў, прапаве́дуючы Госпада Іісуса.
 
Былі-ж некаторыя з іх мужы Цыпрыйцы, якія, калі ўвайшлі ў Антыохію, гаварылі і да грэкаў, абвяшчаючы Пана Езуса.

І была́ рука Гаспо́дняя з імі; і вялікая ко́лькасць, уве́раваўшы, звярну́лася да Госпада.
 
І была рука Пана з імі, і вялікі лік веруючых навярнуўся да Пана.

І дайшла вестка пра іх да царквы ў Іерусаліме, і паслалі Варна́ву ісці ў Антыяхíю;
 
І дайшла аб іх мова да вушэй Касьцёла, які быў у Ерузаліме, і паслалі Барнабу аж да Антыохіі.

ён, прыйшоўшы і ўба́чыўшы блага́даць Божую, узра́даваўся і заахво́чваў усіх, каб застава́ліся з Госпадам шчы́рым сэ́рцам;
 
Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і напамінаў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Пану;

таму што ён быў чалавек добры і напо́ўнены Ду́хам Святы́м і вераю. І далучы́лася даволі многа наро́ду да Госпада.
 
бо быў ён муж добры і поўны Духа сьвятога і веры. І вялікая грамада прыхінулася да Пана.

Тады Варнава пайшоў у Тарс шука́ць Саўла, і, знайшо́ўшы яго, прывёў у Антыяхíю;
 
І рушыў Барнаба ў Тарс, каб пашукаць Шаўла; знайшоўшы яго, прывёў у Антыохію.

і ста́лася так, што яны цэлы год збіра́ліся ў царкве і навуча́лі даволі шмат людзей; і вучні ў Антыяхíі ўпершыню́ пачалí называ́цца Хрысція́намі.
 
І цэлы год яны прабылі там у Касьцеле і навучалі вялікую грамаду, так што вучні найперш у Антыохіі былі названы хрысьціянамі.

У тыя дні прыйшлí з Іерусаліма ў Антыяхíю прарокі;
 
У гэтыя-ж дні надыйшлі парокі з Ерузаліму ў Антыохію.

і адзін з іх, па імені Ага́ў, устаўшы, прадказа́ў праз Ду́ха, што па ўсім свеце наста́не голад вялікі, такі, як быў пры ке́сары Кла́ўдзіі;
 
І ўстаўшы адзін з іх, на імя Агаб, абвяшчаў праз Духа, што мае быць па ўсім сьвеце вялікі голад; які настаў за Клаўдыя.

тады вучні вы́значылі, каб кожны з іх, паводле даста́тку свайго, паслаў дапамогу брата́м, якія жылí ў Іудзеі,
 
А вучні, як хто меў, пастанавілі кожны паслаць на ўслужэньне братом, жывучым у Юдэі.

так яны і зрабілі, паслаўшы сабра́нае да прасвітараў праз Варнаву і Саўла.
 
Што і зрабілі, паслаўшы да старшых праз рукі Барнабы і Шаўла.