Дзеі 5 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
А не́йкі муж, па íмені Ана́нія, з жонкаю сваёю Сапфíраю прада́ў маёмасць
Адзін-жа муж, на імя Ананій, з жонкай сваею Сафірай, прадаў поле,
і адкла́ў сабе ад прыбы́тку, з ве́дама жо́нкі сваёй, і, прынёсшы не́йкую ча́стку, пакла́ў да ног Апо́сталаў.
і адлажыў з заплаты за поле, з ведама сваей жонкі, і прынёсшы нейкую часьць, палажыў ля ног апосталаў.
Пётр жа сказаў: Ана́нія! чаму напо́ўніў сатана́ сэ́рца тваё так, што ты салга́ў Ду́ху Свято́му і адкла́ў сабе ад прыбы́тку за зямлю́?
І сказаў Пётр: Ананій, чаму д’ябал скусіў тваё сэрца, каб ты лгаў Духу сьвятому і адлажыў з заплаты за поле?
хіба́ не тваё было́ тое, што ты меў, і набы́тае ад про́дажу хіба́ ж не ў тваёй ўла́снасці было́? чаму ж ты заду́маў справу гэтую ў сэ́рцы сваім? ты салга́ў не лю́дзям, а Богу.
Ці-ж астаючыся яно не пры табе аставалася, а прададзенае ці-ж ня ў тваей было моцы? Чаму-ж ты пастанавіў у сэрцы сваім гэтую рэч? Ты не салгаў людзям, але Богу.
Пачу́ўшы сло́вы гэ́тыя, Ана́нія ўпаў і вы́пусціў дух; і страх вялікі ахапíў усіх, хто чуў пра гэта.
А пачуўшы гэтыя словы, Ананій упаў і сканаў. І зьняў вялікі страх усіх, каторыя чулі.
Юнакí ж уста́лі, абгарну́лі яго палатно́м і, вы́несшы, пахава́лі.
А ўстаўшы, дзяцюкі прынялі яго і вынесшы, пахавалі.
І ста́лася гадзíны праз тры пасля гэтага: прыйшла́ і жонка яго, не ве́даючы, што зда́рылася.
Прайшло-ж каля трох гадзін часу, і жонка ягона, ня ведаючы, што стала, увайшла.
Звярну́ўся да яе Пётр: скажы мне, ці за столькі вы аддалí зямлю́? Яна ж адказа́ла: так, за столькі.
І сказаў ей Пётр: Скажы мне жанчына, ці вы за столькі прадалі поле? Яна-ж сказала: Так за столькі.
Пётр жа сказаў ёй: чаму́ вы змо́віліся вы́прабаваць Ду́ха Гаспо́дняга́ вось, за дзвяры́ма крокі тых, што пахава́лі му́жа твайго; яны вы́несуць і цябе́.
Пётр-жа да яе: што гэта вы змовіліся, каб спакушваць Духа Панскага? Вось ногі тых, што пахавалі твайго мужа, ля дзьвярэй, і цябе вынясуць.
І яна адразу ўпа́ла каля́ ног яго і вы́пусціла дух; а юнакі, увайшо́ўшы, знайшлí яе мёртвай і, вы́несшы, пахава́лі побач з му́жам яе.
Яна зараз-жа ўпала ля ног ягоных і сканала. Увайшоўшы-ж дзяцюкі, знайшлі яе памёршаю і вынесьлі і пахавалі каля яе мужа.
І ахапíў страх вялікі ўсю царкву́ і ўсіх, хто чуў пра гэта.
І зьняў вялікі страх увесь касьцёл і ўсіх, што чулі аб гэтым.
Рука́мі ж Апосталаў рабíлася многа знаме́нняў і цу́даў у народзе; і знахо́дзіліся аднаду́шна ўсе ў прытво́ры Саламо́навым,
Праз рукі-ж апосталаў дзеяліся многія знакі і цуды ў народзе. І былі ўсе аднадушна ў прысенку Саламона,
з іншых жа ніхто не адва́жваўся далуча́цца да іх; але народ праслаўля́ў іх.
а з іншых ніхто не адважаваўся да іх далучыцца; але народ іх славіў
І ўсё больш станавíлася ве́руючых у Госпада, мно́ства мужчы́н і жанчы́н;
і болей павялічвалася мноства мужоў і жанок, веручых у Пану,
так што і на ву́ліцы выно́сілі хворых і кла́лі на пасце́лях і ло́жках, каб, калі прахо́дзіў Пётр, хоць цень яго ўпаў на каго-не́будзь з іх.
так што на вуліцы выносілі хворых і клалі на ложах і насілках, каб пры праходзе Пятра прынамся цень ягоны ацяніў каго-колечы з іх і каб былі звольнены ад сваіх хваробаў.
Сыхо́дзіліся ў Іерусалім і многія з навако́льных гарадоў, несучы́ хворых і нячы́стымі ду́хамі апанава́ных, якія і ацаля́ліся ўсе.
Зьбіралася-ж так-жа мноства з суседніх гарадоў да Ерузаліму, прыносячы хворых і мучаных духамі нячыстымі; усе яны былі аздароўлены.
Падня́ўся тады першасвята́р і ўсе, што з ім былí, якія нале́жалі да е́расі садуке́йскай, напо́ўніліся за́йздрасцю
І паўстаўшы архісьвятар і ўсе, што з ім былі (гэта ёсьць гэрэзыя садукеяў), былі напоўнены зайздрасьцяй,
і накла́лі ру́кі свае на Апосталаў, і пасадзíлі іх у грама́дскую цямнíцу.
і налажылі рукі на апосталаў і пасадзілі іх у вагульны вастрог.
Ангел жа Гасподні ўначы́ адчынíў дзве́ры цямнíцы і, вы́веўшы іх, сказаў:
Але анёл Панскі, уначы адчыніўшы дзьверы вастрогу і вывеўшы іх, сказаў:
ідзíце і, ста́ўшы ў хра́ме, прамаўля́йце наро́ду ўсе сло́вы жыцця́ гэ́тага.
Ідзеце, і стаўшы гаварэце народу ў сьвятыні ўсе словы гэтага жыцьця.
Вы́слухаўшы гэта, яны ўвайшлí пад ра́ніцу ў храм і вучы́лі. А першасвята́р і тыя, што былí з ім, прыйшо́ўшы, склíкалі сінедрыён ды ўсіх старэ́йшын з сыноў Ізра́ілевых і пасла́лі ў цямнíцу, каб прыве́сці іх.
Яны, пачуўшы, увайшлі нараніцы ў сьвятыню і навучалі. А прыйшоўшы архісьвятар і тыя, што з ім былі, склікалі Раду і ўсіх старшых з сыноў Ізраіля, і паслалі ў вастрог, каб іх прывесьці.
Слугі ж, пайшо́ўшы, не знайшлí іх у цямнíцы, вярну́ліся і паве́дамілі,
Калі-ж прыйшлі слугі, і адчыніўшы вастрог, не знайшлі іх, вярнуўшыся, абвесьцілі,
ка́жучы: цямнíцу знайшлí мы замкнёнай вельмі надзе́йна і вартавы́х, якія стаялі перад дзвяры́ма; але, адчынíўшы, усярэ́дзіне ніко́га не знайшлі.
кажучы: Вастрог-то мы знайшлі замкнёны з усей стараннасьцяй, і стражнікаў стаячых перад дзьвярамі, але адчыніўшы, мы ўнутры нікога не знайшлі.
Калі ж пачу́лі тыя словы першасвята́р, і нача́льнік хра́мавай ва́рты, і іншыя першасвятары́, то недаўмява́лі што б гэта магло быць?
Калі-ж пачулі гэтыя словы, начальнік сьвятыні і архісьвятары сумневаліся аб іх, што-б гэта сталася?
І нехта, прыйшоўшы, паве́даміў ім, кажучы: вось, мужы́, якіх вы пасадзíлі ў цямнíцу, стая́ць у хра́ме і ву́чаць народ.
Прыйшоўшы-ж нехта, сказаў ім: што вось мужы, каторых вы пасадзілі ў вастрог, ёсьць у сьвятыні, стаяць і вучаць народ.
Тады пайшоў нача́льнік ва́рты са слу́гамі і прывёў іх без прыму́су, бо бая́ліся народу, каб не пабíлі іх каме́ннем;
Тады пайшоў начальнік з слугамі і прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не закаменаваў іх.
і, прывёўшы, паста́вілі іх у сінедрыёне, і спыта́ў у іх першасвята́р, ка́жучы:
І прывёўшы іх, паставілі перад Радай. І спытаўся ў іх архісьвятар,
хіба́ мы строга не забаранíлі вам навуча́ць у імя́ гэтае́ і вось, вы напо́ўнілі Іерусалім вучэ́ннем вашым ды хо́чаце наве́сці на нас кроў Таго Чалавека.
кажучы: Мы вам забаронай забаранілі, каб вы ня вучылі ў гэтае імя, а вы вось напоўнілі Ерузалім вашаю навукаю і хочаце на нас узьвесьці кроў гэтага чалавека.
Але Пётр і Апосталы прамо́вілі ў адка́з: больш трэ́ба падпарадко́ўвацца Богу, чым лю́дзям;
Адказваючы-ж Пётр і апосталы сказалі: Болей трэба слухаць Бога, чым людзей.
Бог айцо́ў нашых уваскрасíў Іісуса, Якога вы ўмярцвíлі, паве́сіўшы на дрэ́ве;
Бог айцоў нашых падняў Езуса, каторага вы забілі, павесіўшы на дрэве.
Яго як Правадыра́ і Спасіцеля ўзвы́сіў Бог правíцаю Сваёю, каб даць Ізра́ілю пакая́нне і адпушчэ́нне грахо́ў;
Гэтага павадыра і збаўцу ўзвысіў Бог правіцаю сваею, каб даць пакутаваньне Ізраілю і адпушчэньне грахоў.
і све́дкі Яму́ ў спра́вах гэтых мы і Дух Святы́, Якога Бог даў тым, што падпарадко́ўваюцца Яму́.
І мы ёсьць сьведкі гэтых слоў і Дух сьвяты, каторага даў Бог усім паслушным яму.
Яны ж, вы́слухаўшы, раз’ю́шыліся і заду́малі забіць іх.
Пачуўшы гэтае надрываліся і думалі іх забіць.
Але ўстаў у сінедрыёне адзін фарысе́й, па íмені Гамаліíл, законавучы́цель, паважа́ны ўсім народам, і загада́ў ненадо́ўга вы́весці Апосталаў,
Устаўшы-ж у Радзе адзін фарызэй, на імя Гамаліель, вучыцель закону, паважаны ўсім народам, загадаў людзям накоратка выйсьці
а ім сказаў: мужы́ Ізра́ільскія! до́бра ўзва́жце са́мі сабе́ нако́нт гэтых людзе́й, што́ вы збіра́ецеся рабíць;
і сказаў да іх: Мужы ізраільскія, уважайце на сябе адносна гэтых людзей, што маеце рабіць.
бо перад гэ́тымі дня́мі з’явíўся Фе́ўда, выдаючы́ сябе́ за каго́сьці зна́чнага, і да яго далучы́лася каля чатырохсо́т чалаве́к; але ён быў забíты, і ўсе, хто падпарадко́ўваўся яму́, паразыхо́дзіліся і знíклі;
Бо прад гэтымі днямі паўстаў Тэод, кажучы, што ён ёсьць нехта; да яго прыстала лікам каля чатырохсот мужоў; ён быў забіты і ўсе, што верылі яму, былі разсеены і абернуты ў нішто.
пасля гэтага ў дні пе́рапісу з’явіўся Іуда Галіле́янін і павёў за сабою даво́лі шмат людзе́й; але і той загíнуў, і ўсе, хто падпарадко́ўваўся яму, рассе́яліся;
Пасьля гэтага паўстаў Юда Галілеец у дні перапісу і пацягнуў за сабою народ; і ён загінуў, і ўсе, каторыя — толькі прысталі да яго, разсыпаліся.
і цяпер, кажу́ вам, адступíцеся ад гэтых людзе́й і пакíньце іх; бо, калі ад людзе́й заду́ма гэтая ці спра́ва гэтая, то яна знíшчыцца,
Дык і цяпер кажу вам, адступеце ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэта рада ці справа ад людзей, яна раскідаецца;
а калі ад Бога, то не здо́лееце знíшчыць яе, каб самíм не аказа́цца багабо́рцамі.
але калі яна з Бога, ня зможаце яе раскінуць, каб часам вам ня прыйшлося змагацца і з Богам. І згадзіліся з ім.
Яны паслу́халіся яго, паклíкалі Апосталаў, і, пабíўшы, забаранілі ім прамаўля́ць у імя́ Іісуса, і адпусцíлі іх.
І паклікаўшы апосталаў, набіўшы іх, загадалі, каб яны зусім не гаварылі ў імя Езуса, і пусьцілі іх.
Яны ж пайшлі з сінедрыёна, ра́дуючыся, што за імя́ Госпада Іісуса ўдасто́іліся прыня́ць знява́гу;
А яны ішлі ад вобліку Рады, цешачыся, што сталіся годнымі цярпець зьнявагу за імя Езус.
і кожны дзень у хра́ме і до́ма яны не перастава́лі вучы́ць і дабраве́сціць пра Іісуса Хрыста́.
І не пераставалі кожны дзень у сьвятыні і па дамох навучаць і апавяшчаць Езуса Хрыста.