Дзеі 5 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Адзін чалавек па імені Ананія са сваёй жонкай Сапфірай прадаў свой набытак
 
Адзін-жа муж, на імя Ананій, з жонкай сваею Сафірай, прадаў поле,

і ўтаіў з ведама жонкі частку выручаных сродкаў, а частку прынёс і паклаў ля ног Апосталаў.
 
і адлажыў з заплаты за поле, з ведама сваей жонкі, і прынёсшы нейкую часьць, палажыў ля ног апосталаў.

Але Пётр сказаў: «Ананія, чаму сатана напоўніў тваё сэрца, каб ты зманіў перад Духам Святым і ўтаіў частку сродкаў за зямлю?
 
І сказаў Пётр: Ананій, чаму д’ябал скусіў тваё сэрца, каб ты лгаў Духу сьвятому і адлажыў з заплаты за поле?

Хіба тое, што ты меў, не было тваім, а прададзенае ці не было ў тваёй уладзе? Чаму ты задумаў гэта ў сваім сэрцы? Ты зманіў не перад людзьмі, а перад Богам!»
 
Ці-ж астаючыся яно не пры табе аставалася, а прададзенае ці-ж ня ў тваей было моцы? Чаму-ж ты пастанавіў у сэрцы сваім гэтую рэч? Ты не салгаў людзям, але Богу.

Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў і памёр. Усіх, хто чуў гэта, ахапіў вялікі страх.
 
А пачуўшы гэтыя словы, Ананій упаў і сканаў. І зьняў вялікі страх усіх, каторыя чулі.

А юнакі ўсталі, узялі яго, вынеслі і пахавалі.
 
А ўстаўшы, дзяцюкі прынялі яго і вынесшы, пахавалі.

Гадзіны праз тры прыйшла яго жонка, не ведаючы пра тое, што адбылося.
 
Прайшло-ж каля трох гадзін часу, і жонка ягона, ня ведаючы, што стала, увайшла.

Пётр спытаўся ў яе: «Скажы мне, ці за столькі вы прадалі зямлю?» Яна адказала: «Так, за столькі».
 
І сказаў ей Пётр: Скажы мне жанчына, ці вы за столькі прадалі поле? Яна-ж сказала: Так за столькі.

Тады Пётр сказаў ёй: «Чаму гэта вы дамовіліся выпрабоўваць Духа Пана? Вось, на парозе ногі тых, хто пахаваў твайго мужа, — яны вынесуць і цябе».
 
Пётр-жа да яе: што гэта вы змовіліся, каб спакушваць Духа Панскага? Вось ногі тых, што пахавалі твайго мужа, ля дзьвярэй, і цябе вынясуць.

Яна адразу ўпала ля яго ног і аддала духа. Юнакі ж, калі ўвайшлі, знайшлі яе мёртвай і, вынесшы, пахавалі яе каля мужа.
 
Яна зараз-жа ўпала ля ног ягоных і сканала. Увайшоўшы-ж дзяцюкі, знайшлі яе памёршаю і вынесьлі і пахавалі каля яе мужа.

Увесь Касцёл і ўсіх, хто чуў гэта, ахапіў вялікі страх.
 
І зьняў вялікі страх увесь касьцёл і ўсіх, што чулі аб гэтым.

Рукамі Апосталаў было ўчынена ў народзе шмат знакаў і цудаў. Усе аднадушна сыходзіліся на ганак Саламона.
 
Праз рукі-ж апосталаў дзеяліся многія знакі і цуды ў народзе. І былі ўсе аднадушна ў прысенку Саламона,

З астатніх жа ніхто не асмельваўся далучыцца да іх, а народ іх узвялічваў.
 
а з іншых ніхто не адважаваўся да іх далучыцца; але народ іх славіў

Праз веру ўсё больш далучалася да Пана, мноства мужчын і жанчын,
 
і болей павялічвалася мноства мужоў і жанок, веручых у Пану,

так што выносілі хворых на вуліцы і клалі іх на насілках і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, упала на каго-небудзь з іх.
 
так што на вуліцы выносілі хворых і клалі на ложах і насілках, каб пры праходзе Пятра прынамся цень ягоны ацяніў каго-колечы з іх і каб былі звольнены ад сваіх хваробаў.

Сыходзілася таксама ў Ерузалем з навакольных мястэчак мноства людзей, якія прыносілі хворых і апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны вылечваліся.
 
Зьбіралася-ж так-жа мноства з суседніх гарадоў да Ерузаліму, прыносячы хворых і мучаных духамі нячыстымі; усе яны былі аздароўлены.

Тады першасвятар і ўсе тыя, хто быў разам з ім, з кола садукеяў, поўныя зайздрасці,
 
І паўстаўшы архісьвятар і ўсе, што з ім былі (гэта ёсьць гэрэзыя садукеяў), былі напоўнены зайздрасьцяй,

схапілі Апосталаў і кінулі іх у гарадскую турму.
 
і налажылі рукі на апосталаў і пасадзілі іх у вагульны вастрог.

Але ноччу анёл Пана адчыніў дзверы вязніцы, вывеў іх і сказаў:
 
Але анёл Панскі, уначы адчыніўшы дзьверы вастрогу і вывеўшы іх, сказаў:

«Ідзіце і абвяшчайце народу ў святыні ўсе словы гэтага жыцця».
 
Ідзеце, і стаўшы гаварэце народу ў сьвятыні ўсе словы гэтага жыцьця.

Яны ж, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у святыню і навучалі. Апосталы перад Сінэдрыёнам Першасвятар і тыя, хто быў разам з ім, прыйшлі, склікалі Сінэдрыён і ўсю раду старэйшын сыноў Ізраэля і паслалі ў вязніцу, каб прывялі Апосталаў.
 
Яны, пачуўшы, увайшлі нараніцы ў сьвятыню і навучалі. А прыйшоўшы архісьвятар і тыя, што з ім былі, склікалі Раду і ўсіх старшых з сыноў Ізраіля, і паслалі ў вастрог, каб іх прывесьці.

Аднак, прыйшоўшы, слугі не знайшлі іх у вязніцы. Вярнуўшыся, яны сказалі:
 
Калі-ж прыйшлі слугі, і адчыніўшы вастрог, не знайшлі іх, вярнуўшыся, абвесьцілі,

«Турма была замкнёнай і ў поўнай бяспецы, і варта стаяла пры дзвярах. Аднак, адчыніўшы, мы нікога там не знайшлі».
 
кажучы: Вастрог-то мы знайшлі замкнёны з усей стараннасьцяй, і стражнікаў стаячых перад дзьвярамі, але адчыніўшы, мы ўнутры нікога не знайшлі.

Калі дазорац святыні і першасвятары пачулі гэтыя словы, не зразумелі, што сталася.
 
Калі-ж пачулі гэтыя словы, начальнік сьвятыні і архісьвятары сумневаліся аб іх, што-б гэта сталася?

Але нехта прыбыў і сказаў ім: «Вось мужы, якіх вы кінулі ў вязніцу, стаяць у святыні і навучаюць народ».
 
Прыйшоўшы-ж нехта, сказаў ім: што вось мужы, каторых вы пасадзілі ў вастрог, ёсьць у сьвятыні, стаяць і вучаць народ.

Тады дазорац пайшоў са слугамі і прывёў іх без прымусу, таму што баяліся народу, каб не закідалі іх камянямі.
 
Тады пайшоў начальнік з слугамі і прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не закаменаваў іх.

Калі слугі прывялі Апосталаў у Сінэдрыён, першасвятар спытаўся ў іх:
 
І прывёўшы іх, паставілі перад Радай. І спытаўся ў іх архісьвятар,

«Ці не строга забаранілі мы вам навучаць у імя гэтае? Між тым вы напоўнілі ўвесь Ерузалем вашым вучэннем і хочаце абвінаваціць нас у крыві таго чалавека».
 
кажучы: Мы вам забаронай забаранілі, каб вы ня вучылі ў гэтае імя, а вы вось напоўнілі Ерузалім вашаю навукаю і хочаце на нас узьвесьці кроў гэтага чалавека.

Пётр і Апосталы адказалі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей.
 
Адказваючы-ж Пётр і апосталы сказалі: Болей трэба слухаць Бога, чым людзей.

Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве.
 
Бог айцоў нашых падняў Езуса, каторага вы забілі, павесіўшы на дрэве.

Бог узвысіў Яго сваёй правіцаю як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў.
 
Гэтага павадыра і збаўцу ўзвысіў Бог правіцаю сваею, каб даць пакутаваньне Ізраілю і адпушчэньне грахоў.

Мы сведкі гэтых слоў і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму».
 
І мы ёсьць сьведкі гэтых слоў і Дух сьвяты, каторага даў Бог усім паслушным яму.

Тыя, калі пачулі гэта, разгневаліся і вырашылі іх забіць.
 
Пачуўшы гэтае надрываліся і думалі іх забіць.

Адзін з фарысеяў па імені Гамаліэль, настаўнік Закону, паважаны ўсім народам, устаў у Сінэдрыёне і загадаў на хвіліну вывесці гэтых людзей. Пасля сказаў:
 
Устаўшы-ж у Радзе адзін фарызэй, на імя Гамаліель, вучыцель закону, паважаны ўсім народам, загадаў людзям накоратка выйсьці

«Мужы ізраэльскія, добра падумайце, што хочаце зрабіць з гэтымі людзьмі.
 
і сказаў да іх: Мужы ізраільскія, уважайце на сябе адносна гэтых людзей, што маеце рабіць.

Бо нядаўна перад гэтым з’явіўся Тэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага. Далучылася да яго каля чатырохсот чалавек. Але ён быў забіты, і ўсе, хто слухаў яго, разышліся і зніклі.
 
Бо прад гэтымі днямі паўстаў Тэод, кажучы, што ён ёсьць нехта; да яго прыстала лікам каля чатырохсот мужоў; ён быў забіты і ўсе, што верылі яму, былі разсеены і абернуты ў нішто.

Пасля яго, падчас перапісу, з’явіўся Юда з Галілеі і павёў народ за сабою. Але і ён загінуў, і ўсе, хто слухаўся яго, рассеяліся.
 
Пасьля гэтага паўстаў Юда Галілеец у дні перапісу і пацягнуў за сабою народ; і ён загінуў, і ўсе, каторыя — толькі прысталі да яго, разсыпаліся.

Цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэтая задума і гэтая справа ад людзей, то яна знікне,
 
Дык і цяпер кажу вам, адступеце ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэта рада ці справа ад людзей, яна раскідаецца;

а калі ад Бога, то вы не здолееце знішчыць іх. І каб часам вы не змагаліся з Богам!»Яны паслухаліся яго.
 
але калі яна з Бога, ня зможаце яе раскінуць, каб часам вам ня прыйшлося змагацца і з Богам. І згадзіліся з ім.

Паклікаўшы Апосталаў, збілі іх і забаранілі ім прамаўляць у імя Езуса, ды адпусцілі.
 
І паклікаўшы апосталаў, набіўшы іх, загадалі, каб яны зусім не гаварылі ў імя Езуса, і пусьцілі іх.

А яны пайшлі з Сінэдрыёна, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за гэтае імя.
 
А яны ішлі ад вобліку Рады, цешачыся, што сталіся годнымі цярпець зьнявагу за імя Езус.

Не пераставалі кожны дзень навучаць у святыні і па дамах, абвяшчаючы Евангелле пра Езуса Хрыста.
 
І не пераставалі кожны дзень у сьвятыні і па дамох навучаць і апавяшчаць Езуса Хрыста.