Дзеі 26 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Агрыпа сказаў Паўлу: «Табе дазволена гаварыць за самога сябе». Тады Павел працягнуў руку і прамовіў у сваю абарону:
 
Агрыппа-ж сказаў да Паўла: Дазваляецца табе гаварыць аб сабе самым. Тады Павал, працягнуўшы руку, пачаў бараніцца.

«Кароль Агрыпа, я лічу сябе шчаслівым, што сёння павінен абараняцца перад табою ад усяго, у чым мяне вінавацяць юдэі.
 
Я лічу сябе шчасьлівым, кароль Агрыппа, што прад табою маю сягоньня бараніць сябе ад усяго, у чым мяне вінавацяць жыды.

Ты найбольш ведаеш усе юдэйскія звычаі і спрэчныя пытанні. Таму прашу велікадушна выслухаць мяне.
 
Найбольш, што ты ведаеш усё, і якія ёсьць у жыдоў звычаі і справы, дзеля гэтага прашу, каб мяне цярпліва выслухаў.

Жыццё маё з маладосці, якое ад пачатку праходзіла ў Ерузалеме сярод майго народу, ведаюць усе юдэі.
 
А жыцьцё-то маё ад моладасьці, якое было ад пачатку пасярод майго народу ў Ерузаліме, ведаюць усе жыды,

Яны ведаюць мяне здаўна і могуць засведчыць, што я жыў як фарысей паводле самай строгай плыні нашай рэлігіі.
 
знаючы мяне ад пачатку (калі-б хацелі даць пасьведчаньне), што паводле найпэўнейшай сэкты нашай рэлігіі я жыў як фарызэй.

А цяпер я стаю перад судом за надзею на абяцанне, якое Бог даў айцам нашым,
 
А цяпер у надзеі абяцаньня, якое сталася да айцоў нашых ад Бога, я стаю як падсудны,

а яго спаўнення чакаюць нашыя дванаццаць пакаленняў, днём і ноччу няспынна служачы Богу. За гэтую надзею, кароль, юдэі вінавацяць мяне!
 
да якога спадзяюцца дайсьці дванаццаць нашых пакаленьняў, служачы ўначы і ўдзень. За гэту надзею, кароль, вінавацяць мяне жыды.

Чаму вы лічыце неверагодным, што Бог уваскрашае памерлых?
 
Чаму непадобным да веры лічыцца ў вас, калі Бог ускрашае ўмерлых?

Я таксама лічыў, што павінен шмат зрабіць супраць імені Езуса з Назарэта.
 
А я-то думаў, што я павінен зрабіць многа праціўнага супроць імені Езуса Назарэнскага.

Я гэта і рабіў у Ерузалеме. Атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, я многіх святых кінуў у вязніцу. Калі іх забівалі, даваў згоду.
 
Што я і зрабіў у Ерузаліме, узяўшы ўладу ад архісьвятараў, і многа сьвятых я замкнуў у вастрогах, а калі іх забівалі, я насіў прысуд.

Часта па ўсіх сінагогах я караў іх і прымушаў блюзнерыць, а будучы раз’юшаным на іх, пераследаваў нават у чужых гарадах.
 
І часта караючы іх па ўсіх бажніцах, я прымушаў блюзьніць, а праз меру проціў іх шалеючы, я прасьледаваў аж па чужых гарадох.

Калі дзеля гэтага я ішоў у Дамаск з уладай і даручэннем ад першасвятароў,
 
Калі на гэтае я ішоў у Дамашак, з уладаю і дазволам архісьвятараў,

апоўдні я ўбачыў на дарозе, о кароль, святло з неба, ярчэйшае за святло сонца, якое асвятляла мяне і тых, хто ішоў разам са мною.
 
я ўпоўдзень увідзеў у дарозе, кароль, як сьвятло з неба над яснасьць сонца асьвяціла мяне і тых, што былі разам са мною.

Калі мы ўсе ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які казаў мне па-габрэйску: “Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне? Цяжка табе ісці супраць ражна”.
 
А калі мы ўсе ўпалі на зямлю, пачуў я голас, гаворачы да мяне ў жыдоўскай мове: «Шаўле, Шаўле, чаму ты мяне прасьледуеш? Трудна табе проціў ражна брыкаць».

Я спытаўся: “Хто ты, Пане?” Ён адказаў: “Я Езус, якога ты пераследуеш.
 
А я сказаў: Хто ты ёсьць, Пане? Пан-жа сказаў: «Я ёсьць Езус, каторага ты прасьледуеш.

Але падыміся, устань на ногі свае, бо для таго Я з’явіўся табе, каб зрабіць цябе слугою і сведкам таго, што ты бачыў і што Я адкрыю табе.
 
Але падыміся і стань на ногі свае, бо на тое я зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкай таго, што ты відзеў, і таго, ў чым табе зьяўлюся;

Я вызвалю цябе ад гэтага народу і ад язычнікаў, да якіх Я пасылаю цябе
 
вырываючы цябе ад народу і паганаў, да каторых я цяпер пасылаю цябе

адкрыць ім вочы, каб яны павярнуліся ад цермы да святла і ад улады сатаны да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі дараванне грахоў і спадчыну сярод асвячаных”.
 
адчыніць ім вочы, каб зьвярнуліся ад цемры да сьвятла, а ад улады д’ябла да Бога, каб атрымалі адпушчэньне грахоў і ўдзел паміж сьвятымі праз веру ў мяне».

Таму, кароль Агрыпа, я не быў непаслухмяным нябеснаму бачанню,
 
Дзеля гэтага, кароль Агрыппа, я ня быў няверны нябеснаму відзеньню,

але прапаведаваў спачатку жыхарам Дамаска і Ерузалема, а потым па ўсёй зямлі юдэйскай і язычнікам, каб яны каяліся і навярталіся да Бога, здзяйсняючы справы, што вынікаюць з пакаяння.
 
але абвяшчаю я сьпярша тым, што ёсьць у Дамашку, і ў Ерузаліме, і па ўсей жыдоўскай краіне, і паганам, каб пакутывалі і навярнуліся да Бога, чынячы ўчынкі годныя пакуты.

За гэта юдэі схапілі мяне ў святыні і спрабавалі забіць.
 
Дзеля гэтай прычыны жыды, схапіўшы мяне, калі я быў у сьвятыні, імкнуліся мяне забіць.

Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я аж да гэтага дня працягваю сведчыць малому і вялікаму. Я не кажу нічога, акрамя таго, што, па словах прарокаў і Майсея, павінна было адбыцца:
 
Але ўспаможаны помачай Бога я стаю аж па сягоньняшні дзень, сьведчучы і меншаму і большаму, нічога ня кажучы апроч таго, што гаварылі прарокі, што мае быць, і Майсей:

што Хрыстус павінен быў цярпець і абвясціць, як першы сярод уваскрослых, святло народу гэтаму і язычнікам».
 
што Хрыстус падлеглы цярпеньню, што ён першы з ускросшых мае абвяшчаць сьвятло народу і паганам.

Калі ён так абараняўся, Фэст гучна сказаў: «Павел, ты ашалеў! Вялікая вучонасць даводзіць цябе да вар’яцтва».
 
Калі ён гэта гаварыў і бараніўся, Фэст сказаў вялікім голасам: Ты шалееш, Паўле, вялікая навука даводзіць цябе да шалу.

Але Павел сказаў: «Я не шалею, дастойны Фэст, але абвяшчаю словы праўдзівыя і прадуманыя.
 
А Павал сказаў: Я не шалею, высокадастойны Фэсьце, але гавару словы праўды і развагі.

Бо ведае пра гэта кароль, перад якім я смела кажу гэта. Я ўпэўнены, што нічога з гэтага не схавана ад яго, бо адбывалася не ў закутку.
 
Бо аб гэтым ведае кароль, да каторага і гавару сьмела, бо думаю, што нічога з гэтага ад яго не закрыта. Бо нічога з гэтага ня дзеялася ў кутку.

Ці верыш ты, кароль Агрыпа, прарокам? Я ведаю, што верыш».
 
Ці верыш, кароль Агрыппа, прарокам? Ведаю, што верыш.

Агрыпа сказаў Паўлу: «Яшчэ крыху і пераканаеш мяне стаць хрысцінянінам!»
 
Агрыппа-ж да Паўла: Памалу праканаеш мяне стацца хрысьціянінам.

Павел сказаў: «Я маліў бы Бога, каб калісьці не толькі ты, але і ўсе, хто сёння чуе мяне, сталі такімі, як я, акрамя гэтых кайданаў!»
 
А Павал: Я жадаю ў Бога, каб і ў малым і ў вялікім, ня толькі ты, але і ўсе, каторыя слухаюць, сталіся сягоньня такімі, якім і я ёсьць, апроч гэтых путаў.

Тады кароль і намеснік, а таксама Бэрэніка, і тыя, што сядзелі разам з імі, падняліся.
 
І ўстаў кароль, і начальнік, і Вэрніка, і каторыя сядзелі з імі.

Адышоўшы ўбок, яны гаварылі паміж сабою, кажучы: «Гэты чалавек не робіць нічога вартага смерці і кайданаў».
 
І адыйшоўшы, гаварылі паміж сабою, кажучы: Што нічога ня ўчыніў гэты чалавек годнага сьмерці або путаў.

І сказаў Агрыпа Фэсту: «Можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не звяртаўся да цэзара».
 
А Агрыппа сказаў Фэсту: Гэты чалавек мог быць звольнены, каб не апэляваў да цэзара.