Дзеі 26 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага
І Агрыпа сказаў Паўлу: Табе дазваляецца гаварыць за сябе. — Тады Павел, выцягнуўшы руку, прамовіў у сваю абарону:
Агрыппа-ж сказаў да Паўла: Дазваляецца табе гаварыць аб сабе самым. Тады Павал, працягнуўшы руку, пачаў бараніцца.
Ва ўсім, у чым мяне абвінавачваюць іудзеі, цару Агрыпа, — я лічу сябе шчаслівым, што магу сёння абараняцца перад табою,
Я лічу сябе шчасьлівым, кароль Агрыппа, што прад табою маю сягоньня бараніць сябе ад усяго, у чым мяне вінавацяць жыды.
асабліва таму, што ты знаўца ўсіх звычаяў і спрэчных пытанняў між іудзеяў; таму прашу выслухаць мяне доўгацярпліва.
Найбольш, што ты ведаеш усё, і якія ёсьць у жыдоў звычаі і справы, дзеля гэтага прашу, каб мяне цярпліва выслухаў.
А жыццё маё з юнацтва, якое ад пачатку праходзіла між майго народу ў Іерусаліме, ведаюць усе іудзеі;
А жыцьцё-то маё ад моладасьці, якое было ад пачатку пасярод майго народу ў Ерузаліме, ведаюць усе жыды,
знаючы ўжо мяне здаўна, калі яны захочуць сведчыць, то паводле найсуровейшага кірунку нашага веравызнання я жыў як фарысей.
знаючы мяне ад пачатку (калі-б хацелі даць пасьведчаньне), што паводле найпэўнейшай сэкты нашай рэлігіі я жыў як фарызэй.
І цяпер я стаю перад судом за надзею на абяцанне, якое даў Бог нашым бацькам,
А цяпер у надзеі абяцаньня, якое сталася да айцоў нашых ад Бога, я стаю як падсудны,
якога спадзяюцца дасягнуць нашы дванаццаць плямёнаў, шчыра служачы дзень і ноч. За гэтую надзею, цару [Агрыпа], мяне абвінавачваюць іудзеі.
да якога спадзяюцца дайсьці дванаццаць нашых пакаленьняў, служачы ўначы і ўдзень. За гэту надзею, кароль, вінавацяць мяне жыды.
Чаму ў вас лічыцца неверагодным, калі Бог уваскрашае мёртвых?
Чаму непадобным да веры лічыцца ў вас, калі Бог ускрашае ўмерлых?
Дык вось і мне здавалася, што трэба шмат зрабіць супроць імя Ісуса Назарэя,
А я-то думаў, што я павінен зрабіць многа праціўнага супроць імені Езуса Назарэнскага.
што я і рабіў у Іерусаліме; і шмат святых я зняволіў у турмы, атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, і падаваў голас супроць іх, калі іх забівалі.
Што я і зрабіў у Ерузаліме, узяўшы ўладу ад архісьвятараў, і многа сьвятых я замкнуў у вастрогах, а калі іх забівалі, я насіў прысуд.
І ва ўсіх сінагогах, часта караючы іх, я прымушаў іх да богазнявагі; і ў надзвычайнай супроць іх раз’юшанасці, гнаў іх нават і ў чужаземных гарадах.
І часта караючы іх па ўсіх бажніцах, я прымушаў блюзьніць, а праз меру проціў іх шалеючы, я прасьледаваў аж па чужых гарадох.
Дзеля гэтага я ішоў у Дамаск з уладаю і даручэннем ад першасвятароў.
Калі на гэтае я ішоў у Дамашак, з уладаю і дазволам архісьвятараў,
Апоўдні ў дарозе я ўбачыў, о цару, святло з неба, мацнейшае за ззянне сонца і якое заззяла вакол мяне і тых, што ішлі са мною.
я ўпоўдзень увідзеў у дарозе, кароль, як сьвятло з неба над яснасьць сонца асьвяціла мяне і тых, што былі разам са мною.
І калі мы ўсе ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які казаў мне на яўрэйскай мове: «Саўле, Саўле, чаму ты гоніш Мяне? Цяжка табе ісці супроць ражна?»
А калі мы ўсе ўпалі на зямлю, пачуў я голас, гаворачы да мяне ў жыдоўскай мове: «Шаўле, Шаўле, чаму ты мяне прасьледуеш? Трудна табе проціў ражна брыкаць».
І я сказаў: «Хто ты, Госпадзе?» А Госпад сказаў: «Я Ісус, Якога ты гоніш.
А я сказаў: Хто ты ёсьць, Пане? Пан-жа сказаў: «Я ёсьць Езус, каторага ты прасьледуеш.
Але ўстань і стань на свае ногі, бо Я дзеля гэтага з’явіўся табе, каб прызначыць цябе слугою і сведкам і таго, у чым ты бачыў Мяне, і таго, у чым Я з’яўлюся табе,
Але падыміся і стань на ногі свае, бо на тое я зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкай таго, што ты відзеў, і таго, ў чым табе зьяўлюся;
выбаўляючы цябе ад [гэтага] народу і язычнікаў, да якіх Я [цяпер] пасылаю цябе
вырываючы цябе ад народу і паганаў, да каторых я цяпер пасылаю цябе
адкрыць ім вочы, каб яны павярнуліся ад цемры да святла і ад улады сатаны да Бога, каб яны атрымалі дараванне грахоў і спадчыну між тых, хто асвечаны вераю ў Мяне».
адчыніць ім вочы, каб зьвярнуліся ад цемры да сьвятла, а ад улады д’ябла да Бога, каб атрымалі адпушчэньне грахоў і ўдзел паміж сьвятымі праз веру ў мяне».
Таму я, цару Агрыпе, не быў непакорлівы нябеснаму з’явенню,
Дзеля гэтага, кароль Агрыппа, я ня быў няверны нябеснаму відзеньню,
але спярша абвяшчаў і тым, што ў Дамаску, і ў Іерусаліме, і па ўсёй іудзейскай краіне, і язычнікам, каб яны пакаяліся і звярнуліся да Бога, творачы годныя ўчынкі, даказваючы сваё пакаянне.
але абвяшчаю я сьпярша тым, што ёсьць у Дамашку, і ў Ерузаліме, і па ўсей жыдоўскай краіне, і паганам, каб пакутывалі і навярнуліся да Бога, чынячы ўчынкі годныя пакуты.
За гэта іудзеі, схапіўшы мяне, [калі я быў] у святыні, спрабавалі расправіцца.
Дзеля гэтай прычыны жыды, схапіўшы мяне, калі я быў у сьвятыні, імкнуліся мяне забіць.
Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я да гэтага дня стаю, сведчачы і малому і вялікаму, не кажучы нічога, акрамя таго, пра што прарокі і Маісей казалі, што гэта адбудзецца,
Але ўспаможаны помачай Бога я стаю аж па сягоньняшні дзень, сьведчучы і меншаму і большаму, нічога ня кажучы апроч таго, што гаварылі прарокі, што мае быць, і Майсей:
што павінен быў адпакутаваць Хрыстос і Ён, першы ўваскрэслы з мёртвых, абвесціць святло і гэтаму народу, і язычнікам.
што Хрыстус падлеглы цярпеньню, што ён першы з ускросшых мае абвяшчаць сьвятло народу і паганам.
І калі ён казаў гэта ў сваю абарону, Фэст гучным голасам прамовіў: Ты звар’яцеў, Паўле! Вялікая вучонасць даводзіць цябе да вар’яцтва.
Калі ён гэта гаварыў і бараніўся, Фэст сказаў вялікім голасам: Ты шалееш, Паўле, вялікая навука даводзіць цябе да шалу.
А Павел [сказаў]: Я не звар’яцеў, глыбокашаноўны Фэсце, а кажу словы праўды і здаровага розуму.
А Павал сказаў: Я не шалею, высокадастойны Фэсьце, але гавару словы праўды і развагі.
Бо ведае пра гэта цар, якому я і кажу адважна, бо я перакананы, што [нішто] з гэтага не засталося для яго незаўважаным; бо не ў закутку гэта рабілася.
Бо аб гэтым ведае кароль, да каторага і гавару сьмела, бо думаю, што нічога з гэтага ад яго не закрыта. Бо нічога з гэтага ня дзеялася ў кутку.
Цару Агрыпе, ці верыш прарокам? Ведаю, што верыш.
Ці верыш, кароль Агрыппа, прарокам? Ведаю, што верыш.
Але Агрыпа Паўлу [сказаў]: Ты хутка ўгаворыш мяне, каб я зрабіўся хрысціянінам.
Агрыппа-ж да Паўла: Памалу праканаеш мяне стацца хрысьціянінам.
А Павел [сказаў]: Я маліўся б Богу, каб хутка ці няхутка не толькі ты, але і ўсе, хто слухае мяне сёння, зрабіліся такімі ж, як я, акрамя гэтых ланцугоў.
А Павал: Я жадаю ў Бога, каб і ў малым і ў вялікім, ня толькі ты, але і ўсе, каторыя слухаюць, сталіся сягоньня такімі, якім і я ёсьць, апроч гэтых путаў.
І, [калі ён гэта сказаў], усталі цар, і намеснік, і Верніка, і тыя, хто сядзеў з імі;
І ўстаў кароль, і начальнік, і Вэрніка, і каторыя сядзелі з імі.
і, адышоўшы, гаварылі адзін з адным, кажучы: Гэты чалавек не робіць нічога, вартага смерці альбо ланцугоў.
І адыйшоўшы, гаварылі паміж сабою, кажучы: Што нічога ня ўчыніў гэты чалавек годнага сьмерці або путаў.
І Агрыпа сказаў Фэсту: Можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не апеляваў да цэзара. [Таму і вырашыў намеснік паслаць яго да кесара].
А Агрыппа сказаў Фэсту: Гэты чалавек мог быць звольнены, каб не апэляваў да цэзара.