Дзеі 12 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага
А ў той час цар Ірад падняў рукі на некаторых з царквы, каб зрабіць ім ліха.
А ў тым-жа часе прылажыў кароль Гэрад рукі, каб замучыць некаторых з Касьцёла.
І ён забіў мечам Іякава, Іаанавага брата.
І забіў Якуба, брата Янавага, мячом.
І, убачыўшы, што гэта даспадобы іудзеям, ён да таго ж узяў і Пятра, (а былі дні Праснакоў),
А бачачы, што спадабалася жыдом, дабавіў, каб узяць і Пятра. Былі-ж дні Прэснакоў.
якога ён схапіў і пасадзіў у турму, аддаўшы яго чатыром чацвёркам воінаў, каб вартавалі яго, маючы намер пасля Пасхі вывесці яго да народа.
Калі яго ўзяў, пасадзіў у вастрог, аддаючы чатыром чацьвёркам жаўнераў пад стражу, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго прад народ.
І Пятра вартавалі ў турме, але царква рупліва малілася Богу за яго.
І трымалі Пятра ў вастрозе. А малітва бяз упынку адбывалася Касьцёлам за яго да Бога.
А калі Ірад збіраўся вывесці яго, у тую ноч Пётр спаў між двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, а стражнікі перад дзвярыма вартавалі турму.
А калі Гэрад меў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двух жаўнераў, зьвязаны двама ланцугамі, і стражнікі перад дзьвярыма сьцераглі вастрогу.
І вось Анёл Гасподні паўстаў перад ім і ў памяшканні заззяла святло; і, стукнуўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго, кажучы: Уставай хутчэй. — І ў яго ўпалі ланцугі з рук.
І вось анёл Панскі стаў побач і яснасьць засьвяціла ў памяшканьні, і ўдарыўшы ў бок Пятра, збудзіў яго, кажучы: Устань скоранька. І апалі ланцугі з рук ягоных.
І Анёл сказаў яму: Падперажыся і падвяжы свае сандалі. — Ён так і зрабіў. І той кажа яму: Надзень сваю вопратку і ідзі за мною.
І сказаў да яго анёл: Апаяшыся і ўзлажы абутак твой. І зрабіў так. І сказаў яму: Надзень на сябе сваю вопратку і ідзі за мною.
І ён выйшаў і пайшоў услед за ім; і не ведаў, ці напраўду адбывалася тое, што рабіў Анёл, а думаў, што бачыць з’явенне.
І выйшаўшы, ішоў за ім і ня ведаў, што гэта праўда, што дзеялася праз анёла, але думаў, што відзеньне відзеў.
І, прайшоўшы першую варту і другую, яны падышлі да жалезнай брамы, якая вяла ў горад і якая сама сабою адчынілася перад імі. І, выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу; і адразу ж Анёл адступіў ад яго.
Прайшоўшы-ж першую і другую стражу, яны прыйшлі да жалезнай брамы, каторая вядзе ў горад, яна ім сама адчынілася. І выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і зараз адыйшоў ад яго анёл.
І Пётр, апамятаваўшыся, сказаў: Цяпер я сапраўды ведаю, што Госпад паслаў Свайго Анёла і выбавіў мяне з рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў іудзейскі народ.
А Пётр, прыйшоўшы да сябе, сказаў: Цяпер ведаю сапраўды, што паслаў Пан свайго анёла і вырваў мяне з рукі Гэрада і з усяго чаканьня жыдоўскага народу.
І, усвядоміўшы гэта, ён пайшоў да дома Марыі, маці Іаана, званага Маркам, дзе сабраліся і маліліся даволі многія.
І разважыўшы прыйшоў да дому Марыі, маткі Яна, каторы зваўся Марак, дзе былі сабраўшыся многія і маліліся.
І калі ён пастукаў у дзверы брамы, падышла паслухаць служанка імем Рода.
Калі-ж ён стукаў у дзьверцы брамы, выйшла паслухаць дзяўчына, на імя Родэ.
І, пазнаўшы Пятроў голас, яна ад радасці не адчыніла брамы, а, прыбегшы, сказала, што Пётр стаіць перад брамаю.
І пазнаўшы голас Пятра, з радасьці не адчыніла брамы, але ўбегшы абвясьціла, што Пётр стаіць перад брамай.
А яны сказалі ёй: Ці ў сваім ты розуме? — Але яна настойвала, што гэта так. Яны ж казалі: Гэта яго Анёл.
А яны сказалі да яе: Ты шалееш. Але яна цьвярдзіла, што гэта так. Яны-ж гаварылі: Гэта анёл ягоны.
А Пётр усё стукаў; і, калі адчынілі, яны ўбачылі яго і здзівіліся.
А Пётр не пераставаў стукаць. Калі-ж адчынілі, убачылі яго і астаўпянелі.
А ён, даўшы ім знак рукою, каб маўчалі, расказаў ім, як Госпад вывеў яго з турмы, і сказаў: Перадайце пра гэта Іякаву і братам. — І, выйшаўшы, ён падаўся ў іншае месца.
Даўшы-ж знак ім рукою, каб маўчалі, ён расказаў, як Пан вывеў яго з вастрогу, і сказаў: Паведамце Якуба і братоў адб гэтым. І выйшаўшы, пайшоў у другое месца.
Калі ж настаў дзень, сярод воінаў было немалое36 ўзрушэнне ад таго, што адбылося з Пятром.
Калі-ж настаў дзень, была немалая трывога паміж жаўнераў, што-б сталася з Пятром.
І Ірад, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, аддаў стражнікаў пад суд і загадаў адвесці і [забіць іх]. І, адышоўшы з Іудзеі ў Кесарыю, ён заставаўся там.
А Гэрад, спытаўшыся аб ім і не знайшоўшы, зрабіўшы сьледзтва над стражнікамі, загадаў іх весьці; і выехаўшы з Юдэі ў Цэзарэю, там прабываў.
І [Ірад] быў у гневе на тыран і сіданянаў. І тыя аднадушна прыйшлі да яго і, угаварыўшы Уласта, царскага пасцельніка, прасілі міру, бо іх краіна кармілася ад царскай.
Быў-жа ён разгневаўшыся на Тырыйцаў. А яны аднадушна прыйшлі да яго, і праканаўшы Бласта, каторы быў над спальняю караля, прасілі супакою, таму што іншыя краіны жывіліся ад яго.
І ў вызначаны дзень Ірад, убраўшыся ў царскія шаты і сеўшы на ўзвышэнні, прамаўляў да іх,
А ў назначаны дзень Гэрад, адзеты ў каралеўскую адзежу, сеў на пасадзе і прамаўляў да іх.
а народ выкрыкваў: Голас Бога, а не чалавека!
Народ-жа крычаў: Галасы Бога, а не чалавека.
І тут жа яго працяў Анёл Гасподні за тое, што ён не ўзнёс хвалы Богу; і ён, з’едзены чэрвямі, выпусціў дух.
А зараз-жа ўдарыў яго анёл Панскі, таму што не аддаў хвалу Богу, і сточаны чарвякамі, сканаў.
А слова Божае расло і памнажалася.
А слова Пана расло і множылася.
А Варнава і Саўл вярнуліся з Іерусаліма [ў Антыёхію], выканаўшы даручэнне, узяўшы з сабою Іаана, званага Маркам.
Барнаба-ж і Шавал, споўніўшы ўслужэньне, узяўшы Яна, каторы зваўся Марак, вярнуліся з Ерузаліму.