Дзеі 13 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

А ў Антыяхіі, у тамашняй царкве, былі прарокі і настаўнікі: Варнава, Сімяон, званы Нігерам, Лукій Кірэнец, Манаін, які гадаваўся разам з тэтрархам Ірадам, і Саўл.
 
Былі-ж у Касьцеле, што быў у Антыохіі, прарокі і вучыцялі, паміж імі Барнаба і Сымон, каторы зваўся Чорны, і Луцый Цырэнэец, і Манаген, каторы быў выгадаваны разам з Гэрадам тэтрархай, і Шавал.

І калі яны служылі Госпаду і пасціліся, Святы Дух сказаў: Аддзяліце Мне Варнаву і Саўла для работы, да якой Я іх заклікаў.
 
А калі яны адпрўлялі службу Пану і пасьцілі, сказаў ім Дух сьвяты: Адлучэце мне Шаўла і Барнабу на справу, да якое я іх узяў.

Тады яны, папасціўшы і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусцілі [іх].
 
Тады посьцячы і молячыся, і ўзлажыўшы на іх рукі, адправілі іх.

Дык яны, пасланыя Святым Духам, прыйшлі ў Селеўкію, а адтуль адплылі на Кіпр.
 
І яны-то, пасланыя Духам сьвятым, пайшлі ў Сэлеўцыю, а адтуль паплылі ў Цыпр.

І калі былі ў Саламіне, яны абвяшчалі слова Божае ў іўдзейскіх сінагогах. І яны мелі пры сабе памагатым Іаана.
 
І калі прыбылі ў Саламіну, абвяшчалі слова Божае ў бажніцах жыдоўскіх. А мелі яны і Яна на ўслужэньні.

І, прайшоўшы ўвесь востраў да Пафа, яны спаткалі аднаго чалавека, мага, ілжэпрарока-іудзея, імем Варыісус,
 
А перайшоўшы ўсю выспу аж да Пафы, знайшлі аднаго мужа чараўніка, фальшывага прарока, жыда, катораму на імя было Бар’езу,

які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, чалавекам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, хацеў паслухаць слова Божае.
 
каторы быў пры старасьце Сяргею Паўле, разумным мужу. Гэты, паклікаўшы Барнабу і Шаўла, жадаў слухаць слова Божае.

Але Элімамаг (бо так перакладаецца яго імя) супроцьстаяў ім, намагаючыся адвесці праконсула ад веры.
 
Супраціўляўся-ж ім Элімас чараўнік (бо гэтак тлумачыцца імя ягонае), стараючыся адвярнуць старасту ад веры.

Але Саўл, ён жа Павел, напоўніўшыся Святым Духам, угледзеўшыся ў яго,
 
А Шавал, ён-жа і Павал, напоўнены Духам сьвятым, углядаючыся на яго,

сказаў: О поўны ўсялякай хітрасці і ўсялякага махлярства, сыне д’ябла, вораг усялякай праведнасці, няўжо ты не перастанеш зводзіць з прамых дарог Гасподніх?
 
сказаў: О поўны ўсякай здрады і ўсякай крывадушнасьці сыне д’ябла, ворагу ўсякай справядлівасьці, ты не перастаеш выварачываць простыя дарогі Пана.

І цяпер — вось рука Гасподняя на табе, і ты будзеш сляпы і не ўбачыш сонца да часу. — І тут жа напалі на яго змрок і цемра; і ён, замітусіўшыся сюды-туды, шукаў павадыроў.
 
І вось цяпер рука Пана над табою, і будзеш сьляпы, ня відзячы сонца аж да часу. І зараз-жа паў на яго змрок і цемра, і ходзячы навакол, шукаў, хто-б яму падаў руку.

Тады праконсул, убачыўшы, што адбылося, увераваў, уражаны вучэннем Гасподнім.
 
Тады стараста, увідзеўшы, што сталася, уверыў, дзівячыся над навукай Пана.

І, адплыўшы з Пафа, Павел і тыя, хто быў з ім, прыбылі ў Пергію, што ў Памфіліі; а Іаан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Іерусалім.
 
Калі-ж Павал і тыя, што з ім былі, адплылі з Пафы, прыбылі ў Пэргу, у Памфіліі. Ян-жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерузалім.

Яны ж, прайшоўшы ад Пергіі, прыбылі ў Антыёхію Пісідыйскую і, увайшоўшы ў сінагогу ў суботні дзень, селі.
 
А яны, прайшоўшы Пэргу, прыйшлі ў Антыохію Пізыдзкую, і ўвайшоўшы ў бажніцу ў дзень суботні, селі.

І пасля чытання закона і прарокаў начальнікі сінагогі паслалі да іх сказаць: Мужы браты, калі ў вас ёсць якое-небудзь слова настаўлення для народу, кажыце.
 
Пасьля-ж прачытаньня закону і прарокаў паслалі старшыя над бажніцай да іх, кажучы: Мужы браты, калі ёсьць у вас якая мова напамінаньня да народу, кажэце.

І Павел, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: Мужы ізраільскія і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце.
 
Устаўшы-ж Павал і рукою наказаўшы маўчаньне, сказаў: Мужы Ізраільскія і каторыя баіцёся Бога, слухайце.

Бог гэтага народа, Ізраіля, выбраў нашых бацькоў і ўзвысіў гэты народ падчас бытнасці ў егіпецкай зямлі, і высокай рукою вывеў іх з яе,
 
Бог народу Ізраільскага выбраў айцоў нашых і ўзвысіў народ, калі былі жыхарамі ў зямлі Эгіпскай, і вывеў іх вышняю рукою з яе,

і каля сарака гадоў цярпеў37 іх у пустэльні
 
і праз сорак гадоў часу перанасіў іх абычаі ў пустыні.

і, знішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, Ён даў іх зямлю ў спадчыну [ім]
 
І зьніштожыўшы сем народаў у зямлі Канаанскай, лёсам падзяліў ім зямлю іх,

прыблізна на чатырыста пяцьдзесят гадоў. І пасля гэтага даваў суддзяў аж да прарока Самуіла.
 
каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў потым; а пасьля гэтага даў судзьдзяў аж да Самуэля прарока.

А потым яны папрасілі цара, і Бог даў ім Саула, сына Кісавага, чалавека з племя Веньямінавага, на сорак гадоў.
 
І ад таго часу прасілі аб караля, і даў ім Бог Саула, сына Ціса, мужа з пакаленьня Бэн’яміна, сарака гадоў.

І, адхіліўшы яго, Ён паставіў ім цара Давіда, пра якога і сказаў, сведчачы: «Я знайшоў Давіда, сына Іесеевага, чалавека Мне па сэрцы, які выканае ўсе Мае жаданні».
 
І адкінуўшы яго, падняў ім Давіда караля, катораму даючы пасьведчаньне, сказаў: «Знайшоў я Давіда, сына Ессага, мужа паводле сэрца майго, каторы будзе чыніць усе заданьні мае» (І Карал. 13:14).

Ад яго патомства Бог паводле абяцання прывёў Ізраілю Збаўца, Ісуса,
 
З яго патомства Бог, паводле абяцаньня, вывеў для Ізраіля Збаўцу Езуса,

пасля таго, як Іаан прапаведаваў перад Яго прыходам хрышчэнне пакаяння ўсяму ізраільскаму народу.
 
калі Ян перад воблікам прыходу ягонага абвяшчаў хрост пакуты ўсяму народу Ізарільскаму.

А калі Іаан завяршаў свой шлях, ён казаў: «Кім вы мяне лічыце? Я не Той, але вось ідзе за мною Той, у Каго я няварты развязаць сандаліі на нагах».
 
Калі-ж Ян споўніў свой бег, казаў: «За каго вы мяне ўважаеце, я ня ёсьць; але вось ідзе за мною, каторага я ня годзен разьвязаць абутак з ног».

Мужы браты, сыны Аўраамавага роду і тыя між вас, хто баіцца Бога, слова гэтага выратавання было нам38 паслана.
 
Мужы браты, сыны роду Абрагама і каторыя паміж вас баяцца Бога, вам паслана слова гэтага збаўленьня.

Бо жыхары Іерусаліма і начальнікі іх, не пазнаўшы Яго і голасу прарокаў, якія чытаюцца штосуботы, выканалі іх, асудзіўшы Яго.
 
Бо каторыя жылі ў Ерузаліме і павадары ягоныя, не пазнаўшы яго і асудзіўшы, выпаўнілі прарочыя галасы, якія чытаюцца кожную суботу,

І хоць не знайшлі ніякай прычыны для смерці, яны папрасілі ў Пілата забіць Яго.
 
і не занайшоўшы з ім ніякай прычыны сьмерці, прасілі ў Пілата, каб яго забіць.

Калі ж выканалі ўсё, што напісана пра Яго, яны, зняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магільню.
 
А калі даканалі ўсё, што аб ім было напісана, зьняўшы яго з дрэва, палажылі яго ў гробе.

Але Бог уваскрэсіў Яго з мёртвых.
 
Але Бог падняў яго з умерлых трэцяга дня. Яго бачылі праз многія дні тыя,

Ён з’яўляўся шмат дзён тым, хто прыйшоў разам з Ім з Галілеі ў Іерусалім, якія [цяпер] Яго сведкі перад народам.
 
каторыя разам з ім прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім, каторыя аж дагэтуль ёсьць сьведкамі яго перад народам.

І мы дабравесцім вам абяцанне, якое было дадзена бацькам,
 
І мы вам абвяшчаем тое абяцаньне, якое сталася да айцоў нашых,

што Бог гэта выканаў для нас, [іх] дзяцей, уваскрэсіўшы Ісуса, як і напісана ў другім псалме: «Ты Мой Сын; Ты сёння ад Мяне нарадзіўся».
 
што Бог выпаўніў яго дзецям нашым, падняўшы Езуса, як і напісана ёсьць у другім псальме: «Ты ёсьць Сын мой, я сягоньня радзіў цябе».

А што Ён уваскрэсіў Яго з мёртвых, так што Ён ужо не вернецца ў тленне, Ён сказаў так: «Я дам вам святое, абяцанае Давіду, непарушнае».
 
А што падняў яго з умерлых, каб болей ужо не варочаўся да гніцьця, так сказаў: Што «дам вам сьвятое Давідава вернае» (Із. 55:3).

Таму Ён і ў іншым месцы кажа: «Ты не дасі Твайму Святому ўбачыць тлення».
 
Дзеля таго і ў другім месцы кажа: «Ня дасі сьвятому твайму ўбачыць гніцьця» (Пс. 16:10).

Бо Давід, паслужыўшы свайму пакаленню паводле волі Божай, спачыў і быў пахаваны са сваімі бацькамі і ўбачыў тленне.
 
Бо Давід, на вяку сваім паслужыўшы волі Божай, заснуў і далучаны ёсьць да айцоў сваіх і ўбачыў гніцьцё.

Той жа, Каго Бог уваскрэсіў, не ўбачыў тлення.
 
Але каго Бог ускрасіў з умерлых, той ня бачыў гніцьця.

Дык няхай будзе вам вядома, мужы браты, што праз Яго вам абвяшчаецца дараванне грахоў [і] ад усяго, ад чаго вы не маглі быць апраўданыя Маісеевым законам,
 
Няхай-жа будзе вам ведама, мужы браты, што праз яго абвяшчаецца вам адпушчэньне грахоў; і ад усяго, ад чаго вы не маглі быць апраўданымі праз закон Майсея,

у Ім кожны, хто верыць, апраўдваецца.
 
праз яго кожны, хто верыць, бывае апраўданы.

Дык глядзіце, каб не прыйшло [на вас] сказанае ў прарокаў:
 
Дык глядзеце, каб ня прыйшло на вас, што сказана ў прарокаў:

«Гляньце, пагардлівыя, і здзівіцеся і знікніце, бо Я раблю работу ў вашы дні, работу, якой вы ні ў якім разе не паверылі б, калі б хто расказваў вам».
 
«Убачце, пагарднікі, і дзівецеся, і згіньце, бо чыню справу ў дні вашыя, справу, якой вы не паверыце, калі-б хто расказаў вам» (Авв. 1:5).

І калі Павел і Варнава выходзілі [з іудзейскай сінагогі, язычнікі] іх прасілі, каб гэтыя словы ім былі расказаны ў наступную суботу.
 
А калі яны выходзілі, прасілі, каб у наступную суботу гаварылі да іх гэтыя словы.

А калі сход сінагогі быў распушчаны, многія з іудзеяў і набожных празелітаў пайшлі ўслед за Паўлам і Варнавам, якія, гаворачы з імі, пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай.
 
Калі-ж была распушчана бажніца, многа жыдоў і набожных нованаверненых пайшло за Паўлам і Барнабай, каторыя гаворачы радзілі ім трываць у ласцы Божай.

А ў наступную суботу амаль увесь горад сабраўся, каб паслухаць слова Божае.
 
А ў наступную суботу блізу ўвесь горад зыйшоўся слухаць слова Божага.

Але іудзеі, убачыўшы натоўпы, напоўніліся зайздрасцю, пачалі богазневажаючы, пярэчыць таму, што казаў Павел.
 
Але жыды, убачыўшы грамады, напоўніліся зайздрасьцяй і блюзьнячы пярэчылі таму, што гаварыў Павал.

А Павел і Варнава, выступаючы адважна, сказалі: Неабходна было, каб вам першым было сказана слова Божае. А як вы аспрэчваеце яго і не лічыце сябе вартымі вечнага жыцця, то вось, мы звяртаемся да язычнікаў.
 
Тады Павал і Барнаба цьвёрда сказалі: Для вас трэба было наўперад гаварыць слова Божае, але затым што вы адкідаеце яго і прызнаецё сябе нягоднымі жыцьця вечнага, вось іы зварочваемся да паганаў.

Бо так загадаў нам Госпад: «Я паставіў Цябе святлом язычнікам, каб Ты быў для выратавання да краю зямлі».
 
Бо гэтак загадаў нам Пан: «Паставіў цябе на сьветласьць паганаў, каб быў на збаўленьне аж край зямлі» (Із. 49:6).

І язычнікі, чуючы гэта, радаваліся і славілі слова Гасподняе; і ўверавалі ўсе, якія былі прызначаны ў вечнае жыццё.
 
Пагане-ж пачуўшы, узрадаваліся і славілі слова Пана; і ўверылі каторыя-толькі былі прызначаны да жыцьця вечнага.

І слова Гасподняе шырылася па ўсёй краіне.
 
І разсявалася слова Пана па ўсей краіне.

Але іудзеі падбухторылі набожных [і] паважаных жанчын і першых людзей горада і ўчынілі ганенне на Паўла і Вараву, і выгналі іх са сваіх межаў.
 
Але жыды падбурылі набожных і паважаных жанчын і першых у горадзе, і паднялі прасьлед проці Паўла і Барнабы, і выкінулі іх з сваіх граніц.

А яны, абтросшы пыл са сваіх ног, прыйшлі ў Іконій.
 
Яны-ж, абтросшы на іх пыл з ног, прыйшлі ў Іконію.

А вучні напаўняліся радасцю і Святым Духам.
 
Вучні так-жа напаўняліся радасьцяй і Духам сьвятым.