Дзеі 13 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

А ў Антыяхіі, у тамашняй царкве, былі прарокі і настаўнікі: Варнава, Сімяон, званы Нігерам, Лукій Кірэнец, Манаін, які гадаваўся разам з тэтрархам Ірадам, і Саўл.
 
У Касцёле Антыёхіі прарокамі і настаўнікамі былі: Барнаба і Сымон, якога звалі таксама Нігер, Люцый Кірэнэец і Манаэн, які выхоўваўся разам з тэтрархам Ірадам, і Саўл.

І калі яны служылі Госпаду і пасціліся, Святы Дух сказаў: Аддзяліце Мне Варнаву і Саўла для работы, да якой Я іх заклікаў.
 
Калі яны служылі Пану і пасцілі, Дух Святы сказаў: «Вылучыце Мне Барнабу і Саўла на справу, да якой Я іх паклікаў».

Тады яны, папасціўшы і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусцілі [іх].
 
Тады, пасля посту і малітвы, яны ўсклалі на іх рукі і адпусцілі іх.

Дык яны, пасланыя Святым Духам, прыйшлі ў Селеўкію, а адтуль адплылі на Кіпр.
 
А яны, пасланыя Духам Святым, прыбылі ў Сэлеўкію. Адтуль паплылі на Кіпр.

І калі былі ў Саламіне, яны абвяшчалі слова Божае ў іўдзейскіх сінагогах. І яны мелі пры сабе памагатым Іаана.
 
Калі былі ў Саламіне, абвяшчалі Божае слова ў юдэйскіх сінагогах. Мелі таксама Яна памочнікам.

І, прайшоўшы ўвесь востраў да Пафа, яны спаткалі аднаго чалавека, мага, ілжэпрарока-іудзея, імем Варыісус,
 
Прайшоўшы ўвесь востраў аж да Пафаса, яны знайшлі нейкага чалавека, чарадзея, ілжэпрарока, юдэя, якога звалі Бар-Езус.

які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, чалавекам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, хацеў паслухаць слова Божае.
 
Ён быў разам з праконсулам Сергіем Паўлам, чалавекам разумным. Паклікаўшы Барнабу і Саўла, ён пажадаў пачуць слова Божае.

Але Элімамаг (бо так перакладаецца яго імя) супроцьстаяў ім, намагаючыся адвесці праконсула ад веры.
 
Але выступіў супраць іх Ялім, гэта значыць «чарадзей», бо так перакладаецца яго імя, і намагаўся адвярнуць праконсула ад веры.

Але Саўл, ён жа Павел, напоўніўшыся Святым Духам, угледзеўшыся ў яго,
 
Аднак Саўл, ён жа Павел, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на яго

сказаў: О поўны ўсялякай хітрасці і ўсялякага махлярства, сыне д’ябла, вораг усялякай праведнасці, няўжо ты не перастанеш зводзіць з прамых дарог Гасподніх?
 
і сказаў: «Сын д’ябла, поўны ўсякага подступу і зладзейства, вораг усякай праўды, ці перастанеш ты зводзіць з простых шляхоў Пана?

І цяпер — вось рука Гасподняя на табе, і ты будзеш сляпы і не ўбачыш сонца да часу. — І тут жа напалі на яго змрок і цемра; і ён, замітусіўшыся сюды-туды, шукаў павадыроў.
 
Вось цяпер рука Пана на табе: будзеш невідушчы і не ўбачыш сонца нейкі час». І адразу ахапіў яго змрок і цемра, і ён пачаў хадзіць наўкола, шукаючы павадыра.

Тады праконсул, убачыўшы, што адбылося, увераваў, уражаны вучэннем Гасподнім.
 
Калі ж праконсул убачыў, што адбылося, паверыў, здзіўлены вучэннем Пана.

І, адплыўшы з Пафа, Павел і тыя, хто быў з ім, прыбылі ў Пергію, што ў Памфіліі; а Іаан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Іерусалім.
 
Калі Павел і тыя, хто быў з ім, адплылі з Пафаса, прыбылі ў Пэргэ, што ў Памфіліі. Але Ян пакінуў іх і вярнуўся ў Ерузалем.

Яны ж, прайшоўшы ад Пергіі, прыбылі ў Антыёхію Пісідыйскую і, увайшоўшы ў сінагогу ў суботні дзень, селі.
 
Яны ж прайшлі Пэргэ і прыбылі ў Антыёхію Пісідыйскую, і ў шабат увайшлі ў сінагогу, і селі.

І пасля чытання закона і прарокаў начальнікі сінагогі паслалі да іх сказаць: Мужы браты, калі ў вас ёсць якое-небудзь слова настаўлення для народу, кажыце.
 
Пасля чытання Закону і Прарокаў кіраўнікі сінагогі паслалі да іх, кажучы: «Браты, калі маеце нейкае слова заахвочвання для народу, скажыце!»

І Павел, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: Мужы ізраільскія і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце.
 
Тады Павел устаў, даў знак рукою і сказаў: «Мужы ізраэльскія і тыя, хто баіцца Бога, слухайце.

Бог гэтага народа, Ізраіля, выбраў нашых бацькоў і ўзвысіў гэты народ падчас бытнасці ў егіпецкай зямлі, і высокай рукою вывеў іх з яе,
 
Бог гэтага ізраэльскага народу выбраў айцоў нашых і ўзвысіў народ падчас знаходжання ў зямлі егіпецкай, і ўзнятаю рукою вывеў іх з яе.

і каля сарака гадоў цярпеў37 іх у пустэльні
 
Каля сарака гадоў цярпеў іх звычаі на пустыні.

і, знішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, Ён даў іх зямлю ў спадчыну [ім]
 
І знішчыўшы сем народаў у зямлі канаанскай, даў ім у спадчыну іхнюю зямлю

прыблізна на чатырыста пяцьдзесят гадоў. І пасля гэтага даваў суддзяў аж да прарока Самуіла.
 
пасля чатырохсот пяцідзесяці гадоў. Потым даў ім суддзяў аж да прарока Самуэля.

А потым яны папрасілі цара, і Бог даў ім Саула, сына Кісавага, чалавека з племя Веньямінавага, на сорак гадоў.
 
Затым яны папрасілі караля, і Бог даў ім Саўла, сына Кіша, мужа з пакалення Бэньяміна, на сорак гадоў.

І, адхіліўшы яго, Ён паставіў ім цара Давіда, пра якога і сказаў, сведчачы: «Я знайшоў Давіда, сына Іесеевага, чалавека Мне па сэрцы, які выканае ўсе Мае жаданні».
 
Адкінуўшы яго, прызначыў Давіда каралём іхнім, пра якога і сказаў, засведчыўшы: “Я знайшоў Давіда, сына Есэя, чалавека па сэрцы Маім, які выканае ўсе Мае жаданні”.

Ад яго патомства Бог паводле абяцання прывёў Ізраілю Збаўца, Ісуса,
 
З ягонага патомства, паводле абяцання, Бог паслаў для Ізраэля Збаўцу Езуса.

пасля таго, як Іаан прапаведаваў перад Яго прыходам хрышчэнне пакаяння ўсяму ізраільскаму народу.
 
Перад Ягоным прыйсцем Ян прапаведаваў хрост пакаяння ўсяму ізраэльскаму народу.

А калі Іаан завяршаў свой шлях, ён казаў: «Кім вы мяне лічыце? Я не Той, але вось ідзе за мною Той, у Каго я няварты развязаць сандаліі на нагах».
 
Пад канец сваёй дзейнасці Ян сказаў: “Я не з’яўляюся тым, кім вы лічыце мяне; але вось за мною ідзе той, каму я не варты развязаць сандалі на нагах”.

Мужы браты, сыны Аўраамавага роду і тыя між вас, хто баіцца Бога, слова гэтага выратавання было нам38 паслана.
 
Браты, сыны роду Абрагама і тыя з вас, хто баіцца Бога. Нам паслана слова гэтага збаўлення,

Бо жыхары Іерусаліма і начальнікі іх, не пазнаўшы Яго і голасу прарокаў, якія чытаюцца штосуботы, выканалі іх, асудзіўшы Яго.
 
бо жыхары Ерузалема і іх кіраўнікі не пазналі Езуса і, калі асудзілі Яго, споўнілі словы прарокаў, што чыталіся кожны шабат.

І хоць не знайшлі ніякай прычыны для смерці, яны папрасілі ў Пілата забіць Яго.
 
І хоць не знайшлі ніякай прычыны для смерці, прасілі Пілата забіць Яго.

Калі ж выканалі ўсё, што напісана пра Яго, яны, зняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магільню.
 
А калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, знялі Яго з крыжа і паклалі ў магілу.

Але Бог уваскрэсіў Яго з мёртвых.
 
Але Бог уваскрасіў Яго.

Ён з’яўляўся шмат дзён тым, хто прыйшоў разам з Ім з Галілеі ў Іерусалім, якія [цяпер] Яго сведкі перад народам.
 
Шмат дзён з’яўляўся Ён тым, хто разам з Ім прыйшоў з Галілеі ў Ерузалем, якія цяпер сведчаць пра Яго перад народам.

І мы дабравесцім вам абяцанне, якое было дадзена бацькам,
 
Мы таксама абвяшчаем вам Евангелле, што абяцанне, дадзенае айцам нашым,

што Бог гэта выканаў для нас, [іх] дзяцей, уваскрэсіўшы Ісуса, як і напісана ў другім псалме: «Ты Мой Сын; Ты сёння ад Мяне нарадзіўся».
 
Бог выканаў для нас, дзяцей іхніх, калі ўваскрасіў Езуса, як і напісана ў другім псальме: “Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў”.

А што Ён уваскрэсіў Яго з мёртвых, так што Ён ужо не вернецца ў тленне, Ён сказаў так: «Я дам вам святое, абяцанае Давіду, непарушнае».
 
А пра тое, што ўваскрасіў Яго, каб Ён больш не вярнуўся да тлення, так сказаў: “Я верна выканаю абяцанні, дадзеныя Давіду”.

Таму Ён і ў іншым месцы кажа: «Ты не дасі Твайму Святому ўбачыць тлення».
 
Таму ў іншым месцы кажа: “Ты не дасі свайму святому ўбачыць тлення”.

Бо Давід, паслужыўшы свайму пакаленню паводле волі Божай, спачыў і быў пахаваны са сваімі бацькамі і ўбачыў тленне.
 
Давід, які ў свой час паслужыў Божай волі, спачыў і, далучыўся да сваіх айцоў, убачыў тленне.

Той жа, Каго Бог уваскрэсіў, не ўбачыў тлення.
 
А той, каго ўваскрасіў Бог, не ўбачыў тлення.

Дык няхай будзе вам вядома, мужы браты, што праз Яго вам абвяшчаецца дараванне грахоў [і] ад усяго, ад чаго вы не маглі быць апраўданыя Маісеевым законам,
 
Таму, браты, няхай вам будзе вядома, што праз Яго абвяшчаецца вам адпушчэнне грахоў, і ва ўсім, у чым вы не апраўдаліся ў Законе Майсея,

у Ім кожны, хто верыць, апраўдваецца.
 
кожны веруючы апраўдаецца праз Яго.

Дык глядзіце, каб не прыйшло [на вас] сказанае ў прарокаў:
 
Сцеражыцеся, каб з вамі не здарылася тое, што сказана ў Прарокаў:

«Гляньце, пагардлівыя, і здзівіцеся і знікніце, бо Я раблю работу ў вашы дні, работу, якой вы ні ў якім разе не паверылі б, калі б хто расказваў вам».
 
“Глядзіце, насмешнікі,здзіўляйцеся і згіньце,бо Я раблю справу ў дні вашыя,справу, у якую вы не паверыце, калі б хто і распавёў вам!”».

І калі Павел і Варнава выходзілі [з іудзейскай сінагогі, язычнікі] іх прасілі, каб гэтыя словы ім былі расказаны ў наступную суботу.
 
Калі ж яны выходзілі, прасілі іх расказаць у наступны шабат пра гэтыя рэчы.

А калі сход сінагогі быў распушчаны, многія з іудзеяў і набожных празелітаў пайшлі ўслед за Паўлам і Варнавам, якія, гаворачы з імі, пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай.
 
Калі сабраныя разышліся, многія юдэі і пабожныя празеліты пайшлі следам за Паўлам і Барнабам, якія ў размове пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай.

А ў наступную суботу амаль увесь горад сабраўся, каб паслухаць слова Божае.
 
У наступны шабат сабраўся амаль увесь горад слухаць слова Пана.

Але іудзеі, убачыўшы натоўпы, напоўніліся зайздрасцю, пачалі богазневажаючы, пярэчыць таму, што казаў Павел.
 
Калі юдэі ўбачылі такі натоўп, напоўніліся зайздрасцю і пярэчылі таму, што казаў Павел, і блюзнерылі.

А Павел і Варнава, выступаючы адважна, сказалі: Неабходна было, каб вам першым было сказана слова Божае. А як вы аспрэчваеце яго і не лічыце сябе вартымі вечнага жыцця, то вось, мы звяртаемся да язычнікаў.
 
Тады Павел і Барнаба з адвагаю сказалі: «Вам першым трэба было абвяшчаць слова Божае. Але паколькі вы адкідваеце яго і лічыце саміх сябе нявартымі вечнага жыцця, таму мы звяртаемся да язычнікаў.

Бо так загадаў нам Госпад: «Я паставіў Цябе святлом язычнікам, каб Ты быў для выратавання да краю зямлі».
 
Бо так нам загадаў Пан: “Я зрабіў цябе святлом народаў,каб ты быў збаўленнем аж да межаў зямлі”».

І язычнікі, чуючы гэта, радаваліся і славілі слова Гасподняе; і ўверавалі ўсе, якія былі прызначаны ў вечнае жыццё.
 
Калі пачулі гэта язычнікі, узрадаваліся і славілі слова Пана, і ўсе, пакліканыя да вечнага жыцця, паверылі.

І слова Гасподняе шырылася па ўсёй краіне.
 
А слова Пана пашыралася па ўсёй краіне.

Але іудзеі падбухторылі набожных [і] паважаных жанчын і першых людзей горада і ўчынілі ганенне на Паўла і Вараву, і выгналі іх са сваіх межаў.
 
Юдэі ж падбухторылі пабожных і дастойных жанчын, уплывовых у горадзе людзей і пачалі пераследаваць Паўла і Барнабу, і выгналі іх са сваіх межаў.

А яны, абтросшы пыл са сваіх ног, прыйшлі ў Іконій.
 
Яны ж абтрэслі пыл з ног і пайшлі ў Іконію.

А вучні напаўняліся радасцю і Святым Духам.
 
А вучні напаўняліся радасцю і Духам Святым.