Дзеі 26 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага
Агрыпа ж прамовіў да Паўла: «Дазваляецца табе гаварыць за сябе». Тады Павал, выцягнуўшы руку, адказаў:
Агрыппа-ж сказаў да Паўла: Дазваляецца табе гаварыць аб сабе самым. Тады Павал, працягнуўшы руку, пачаў бараніцца.
«Валадару Агрыпа, я ўважаю сябе шчасьлівым, маючы сёньня адказваць перад табою адносна ўсяго, што закідаюць мне Юдэі,
Я лічу сябе шчасьлівым, кароль Агрыппа, што прад табою маю сягоньня бараніць сябе ад усяго, у чым мяне вінавацяць жыды.
тым больш, што ты знаўца ўсіх звычаяў Юдэйскіх і спрэчак. Дзеля гэтага прашу цябе выслухаць мяне доўгацярпліва.
Найбольш, што ты ведаеш усё, і якія ёсьць у жыдоў звычаі і справы, дзеля гэтага прашу, каб мяне цярпліва выслухаў.
Дык вось, усё жыцьцё маё ад юнацтва, якое ад пачатку праходзіла сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі.
А жыцьцё-то маё ад моладасьці, якое было ад пачатку пасярод майго народу ў Ерузаліме, ведаюць усе жыды,
Ведаючы мяне раней, калі захочуць, засьведчаць, што я жыў як фарысэй паводле найдасканалейшага накірунку набажэнства нашага.
знаючы мяне ад пачатку (калі-б хацелі даць пасьведчаньне), што паводле найпэўнейшай сэкты нашай рэлігіі я жыў як фарызэй.
І цяпер я стаю, як падсудны, за надзею на абяцаньне, дадзенае бацькам нашым ад Бога,
А цяпер у надзеі абяцаньня, якое сталася да айцоў нашых ад Бога, я стаю як падсудны,
асягнуць якое спадзяюцца дванаццаць каленаў нашых, служачы ўночы і ўдзень безупынна. За гэтую надзею і абвінавачваюць мяне Юдэі, валадару Агрыпа!
да якога спадзяюцца дайсьці дванаццаць нашых пакаленьняў, служачы ўначы і ўдзень. За гэту надзею, кароль, вінавацяць мяне жыды.
Што? Вы судзіце, што неверагодна, каб Бог уваскрашаў мёртвых?
Чаму непадобным да веры лічыцца ў вас, калі Бог ускрашае ўмерлых?
Дык і я думаў у сабе, што я мушу шмат зрабіць супраць імя Ісуса з Назарэту,
А я-то думаў, што я павінен зрабіць многа праціўнага супроць імені Езуса Назарэнскага.
што і рабіў у Ерусаліме, і, узяўшы ўладу ад першасьвятароў, я шмат сьвятых замыкаў у вязьніцу, і як іх забівалі, я даваў голас.
Што я і зрабіў у Ерузаліме, узяўшы ўладу ад архісьвятараў, і многа сьвятых я замкнуў у вастрогах, а калі іх забівалі, я насіў прысуд.
І па ўсіх сынагогах, шмат караючы іх, я прымушаў іх блюзьніць, і, яшчэ больш разьярыўшыся супраць іх, перасьледаваў нават і ў чужых гарадах.
І часта караючы іх па ўсіх бажніцах, я прымушаў блюзьніць, а праз меру проціў іх шалеючы, я прасьледаваў аж па чужых гарадох.
І з гэтым ідучы ў Дамаск, з уладаю і дазволам ад першасьвятароў,
Калі на гэтае я ішоў у Дамашак, з уладаю і дазволам архісьвятараў,
пасярод дня, валадару, убачыў я на шляху сьвятло з неба, ярчэйшае за зьзяньне сонца, якое асьвяціла мяне і тых, што ішлі са мной.
я ўпоўдзень увідзеў у дарозе, кароль, як сьвятло з неба над яснасьць сонца асьвяціла мяне і тых, што былі разам са мною.
А калі ўсе мы ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які гаварыў да мяне і казаў на гебрайскай мове: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне? Цяжка табе супраць ражна ўпірацца”.
А калі мы ўсе ўпалі на зямлю, пачуў я голас, гаворачы да мяне ў жыдоўскай мове: «Шаўле, Шаўле, чаму ты мяне прасьледуеш? Трудна табе проціў ражна брыкаць».
А я сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” Ён жа сказаў: “Я — Ісус, Якога ты перасьледуеш;
А я сказаў: Хто ты ёсьць, Пане? Пан-жа сказаў: «Я ёсьць Езус, каторага ты прасьледуеш.
але паўстань і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб выбраць цябе паслугачом і сьведкам таго, што ты бачыў і што Я зьяўлю табе,
Але падыміся і стань на ногі свае, бо на тое я зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкай таго, што ты відзеў, і таго, ў чым табе зьяўлюся;
вырываючы цябе з народу гэтага і паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе,
вырываючы цябе ад народу і паганаў, да каторых я цяпер пасылаю цябе
каб адчыніць вочы іхнія, зьвярнуць ад цемры да сьвятла і ад улады шатана да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі адпушчэньне грахоў і жэрабя сярод асьвечаных”.
адчыніць ім вочы, каб зьвярнуліся ад цемры да сьвятла, а ад улады д’ябла да Бога, каб атрымалі адпушчэньне грахоў і ўдзел паміж сьвятымі праз веру ў мяне».
Адгэтуль, валадару Агрыпа, я ня быў непаслухмяным відзежу нябеснаму,
Дзеля гэтага, кароль Агрыппа, я ня быў няверны нябеснаму відзеньню,
але абвяшчаў спачатку жыхарам Дамаску і Ерусаліму, а пасьля ўсёй краіны Юдэйскай і паганам, каб навярнуліся і зьвярнуліся да Бога, робячы ўчынкі, вартыя навяртаньня.
але абвяшчаю я сьпярша тым, што ёсьць у Дамашку, і ў Ерузаліме, і па ўсей жыдоўскай краіне, і паганам, каб пакутывалі і навярнуліся да Бога, чынячы ўчынкі годныя пакуты.
За гэта Юдэі спрабавалі забіць мяне, схапіўшы ў сьвятыні.
Дзеля гэтай прычыны жыды, схапіўшы мяне, калі я быў у сьвятыні, імкнуліся мяне забіць.
Але я, атрымаўшы дапамогу ад Бога, да гэтага дня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога звыш ня кажучы, як што гаварылі Прарокі і Майсей, што мае стацца:
Але ўспаможаны помачай Бога я стаю аж па сягоньняшні дзень, сьведчучы і меншаму і большаму, нічога ня кажучы апроч таго, што гаварылі прарокі, што мае быць, і Майсей:
што Хрыстос мае пакутаваць і, як Першы з уваскрасеньня мёртвых, мае прапаведаваць сьвятло народу [гэтаму] і паганам».
што Хрыстус падлеглы цярпеньню, што ён першы з ускросшых мае абвяшчаць сьвятло народу і паганам.
А калі ён гэтак адказваў, прамовіў Фэст моцным голасам: «Ты вар’яцееш, Павал! Вялікая вучонасьць даводзіць цябе да шаленства».
Калі ён гэта гаварыў і бараніўся, Фэст сказаў вялікім голасам: Ты шалееш, Паўле, вялікая навука даводзіць цябе да шалу.
А той кажа: «Не вар’яцею, вяльможны Фэсьце, але прамаўляю словы праўды і здаровага розуму,
А Павал сказаў: Я не шалею, высокадастойны Фэсьце, але гавару словы праўды і развагі.
бо разумее гэта валадар, перад якім я гавару адважна, бо перакананы, што нішто з гэтага перад ім ня ўтоілася, бо нічога з гэтага ў закуцьці ня дзеялася.
Бо аб гэтым ведае кароль, да каторага і гавару сьмела, бо думаю, што нічога з гэтага ад яго не закрыта. Бо нічога з гэтага ня дзеялася ў кутку.
Ці верыш ты Прарокам, валадару Агрыпа? Ведаю, што верыш».
Ці верыш, кароль Агрыппа, прарокам? Ведаю, што верыш.
Агрыпа ж прамовіў да Паўла: «Ты мала не пераканаў мяне стацца Хрысьціянінам!»
Агрыппа-ж да Паўла: Памалу праканаеш мяне стацца хрысьціянінам.
А Павал сказаў: «Маліў бы я Бога, каб памалу ці памногу, ня толькі ты, але і ўсе, што слухаюць мяне сёньня, сталіся такімі, як і я, акрамя гэтых путаў».
А Павал: Я жадаю ў Бога, каб і ў малым і ў вялікім, ня толькі ты, але і ўсе, каторыя слухаюць, сталіся сягоньня такімі, якім і я ёсьць, апроч гэтых путаў.
І калі сказаў ён гэтае, устаў валадар, і ваявода, і Бэрніка, і тыя, што з імі сядзелі,
І ўстаў кароль, і начальнік, і Вэрніка, і каторыя сядзелі з імі.
і, адыйшоўшыся ў бок, гаварылі паміж сабою, кажучы, што нічога, вартага сьмерці або путаў ня робіць чалавек гэты.
І адыйшоўшы, гаварылі паміж сабою, кажучы: Што нічога ня ўчыніў гэты чалавек годнага сьмерці або путаў.
А Агрыпа сказаў Фэсту: «Можна было вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не прызваў цэзара».
А Агрыппа сказаў Фэсту: Гэты чалавек мог быць звольнены, каб не апэляваў да цэзара.