Дзеі 3 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Пётар жа і Ян ішлі разам у сьвятыню а дзявятай гадзіне малітвы.
 
Пётр-жа і Ян ішлі на гадзіну ў сьвятыню дзевятаю малітвы.

І нейкі чалавек, кульгавы ад чэрава маці сваёй, якога насілі і кожны дзень лажылі ля дзьвярэй сьвятыні, называных Прыгожымі, прасіць міласьціну ў тых, якія ўваходзяць у сьвятыню,
 
І нясьлі аднаго чалавека, каторы быў кульгавы з лона маткі сваей; яго штодня клалі каля сьвятыні брамы, што завецца Прыгожай, каб прасіў дарэньня ад уваходзячых у сьвятыню.

убачыўшы Пятра і Яна, што меліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны.
 
Той, як убачыў Пятра і Яна, пачынаючых уваходзіць у сьвятыню, прасіў, каб атрымаць дарэньне.

А Пётар, які з Янам углядаўся на яго, сказаў: «Паглядзі на нас».
 
А ўглядаючыся на яго Пётр з Янам, сказаў: Паглянь на нас.

Ён жа ўзіраўся на іх, чакаючы нешта ад іх узяць.
 
Ён-жа ўзіраўся на іх, спадзяючыся нешта ад іх атрымаць.

А Пётар сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне. А што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!»
 
А Пётр сказаў: Серабра і золата ў мяне няма, але што маю, тое табе даю: У імя Езуса Хрыста Назарэнскага ўстань і хадзі.

І, узяўшы яго за правую руку, падняў. І адразу ўмацаваліся ногі і косткі ягоныя,
 
І ўзяўшы яго за правую руку, падняў яго, і зараз-жа акрэплі ногі і ступені ягоны.

і ён, падскочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы, і скачучы, і хвалячы Бога.
 
І ўскочыўшы стаў і хадзіў; і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы і падскаківаючы і хвалячы Бога.

І ўвесь народ бачыў яго, як хадзіў і хваліў Бога.
 
І відзеў яго ўвесь народ ходзячага і хвалячага Бога.

І пазналі яго, што ён быў той, які дзеля міласьціны сядзеў ля Прыгожых дзьвярэй сьвятыні; і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад таго, што здарылася з ім.
 
І пазнавалі яго, што гэта быў той, каторы дзеля дарэньня садзіўся каля Прыгожай брамы сьвятыні; і былі напоўнены здумленьнем і захопленьнем дзеля таго, што было яму сталася.

А як аздароўлены кульгавы трымаўся Пятра і Яна, увесь народ у здуменьні прыбег да іх у прысенак, называны Салямонавым.
 
А калі ён дзяражаўся Пятра і Яна, зьбегся да іх увесь народ у прысенак, што завецца Саламонавым, здумлеваючыся.

Бачачы гэта, Пётар адказаў народу: «Мужы Ізраільцяне! Што зьдзіўляецеся гэтаму, ці што так углядаецеся на нас, нібыта мы сваёю сілай або пабожнасьцю зрабілі, каб ён хадзіў?
 
А відзячы Пётр адазваўся да народу: Мужы Ізраільскія, што вы дзівіцёся з гэтага, або што вы ўгледаецеся на нас, быццам мы нашай моцай або ўладай зрабілі, што гэты ходзіць?

Бог Абрагама, і Ісаака, і Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы выдалі і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той судзіў вызваліць Яго.
 
Бог Абрагама і Бог Ізаака і Бог Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Сына свайго Езуса, каторага вы-то выдаля і адракліся перад Пілатам; калі той судзіў, каб быў звольнены.

Вы ж ад Сьвятога і Праведнага адракліся і прасілі дараваць вам чалавека забойцу,
 
Вы-ж адракліся ад сьвятога і справядлівага, і прасілі, каб вам падарыў мужа забойцу,

а Самаго Начальніка жыцьця забілі. Яго Бог падняў з мёртвых, і мы — сьведкі гэтага.
 
а спраўцу жыцьця вы забілі; каторага Бог падняў з умерлых, чаго мы ёсьць сьведкі.

І дзеля веры ў імя Ягонае ўмацавала імя Ягонае таго, каго вы бачыце і ведаеце; і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад усімі вамі.
 
І дзеля веры ў імя яго ўзмацавала імя ягонае гэтага, каторага вы бачыце і знаеце, і вера, каторая праз яго ёсьць, дала поўнае гэтае аздараўленьне на вачах вас усіх.

І цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы гэта, як і начальнікі вашыя,
 
А цяпер, браты, ведаю, што зрабілі вы праз нясьведамасьць, так як і вашыя старшыя.

а Сам Бог, Які прадвесьціў праз вусны ўсіх Сваіх прарокаў, каб цярпець [пакуты] Хрысту, тое і споўніў.
 
Бог-жа гэтак споўніў тое, што прадказаў праз вусны ўсіх прарокаў, што Хрыстус ягоны мае цярпець.

Дык навярніцеся і вярніцеся, каб сьцерліся грахі вашыя,
 
Дык пакутуйце і навярнецеся, каб былі зьніштожаны грахі вашы,

каб прыйшлі часы асьвяжэньня ад аблічча Госпада, і каб Ён паслаў Ісуса Хрыста, Якога вам наперад абвясьціў,
 
каб, калі прыйдуць часы ахалоды ад вобліку Пана, ды ён паслаў таго, каторы ёсьць абвешчаны вам, Езуса Хрыста.

і Якога мусіла неба прыняць да часу напраўленьня ўсяго, пра што гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых прарокаў ад вякоў.
 
Яго-то трэба, каб прыняло неба аж да часаў направы ўсяго, аб чым гаварыў Бог праз вусны сваіх сьвятых ад веку прарокаў.

Бо Майсей сказаў бацькам: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне. Яго слухайце ў-ва ўсім, што будзе казаць вам.
 
Майсей-то сказаў: «што прарока падыйме вам Пан Бог ваш з братоў вашых, так як мяне; яго будзеце слухаць ва ўсім, што-колечы будзе вам гаварыць (Дл. 18:15,18).

І будзе: кожная душа, якая не паслухае Прарока гэтага, будзе вынішчана з народу”.
 
І будзе, што ўсякая душа, якая не паслухае гэнага прарока, будзе выкаранена з народу» (Лев. 23:29).

І ўсе прарокі ад Самуэля і па чарзе, якія толькі гаварылі, прапаведвалі гэтыя дні.
 
І ўсе прарокі ад Самуэля і потым, каторыя гаварылі, абвяшчалі гэтыя дні.

Вы — сыны прарокаў і запавету, які заключыў Бог з бацькамі нашымі, кажучы да Абрагама: “І ў насеньні тваім дабраслаўлёныя будуць усе народы зямлі”.
 
Вы ёсьць сыны прарокаў і ўмовы, якую ўстанавіў Бог з нашымі айцамі, кажучы да Абрагама: «І ў патомстве тваім будуць багаслаўлены ўсе народы зямлі» (Ген. 22:18).

Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуўся кожны ад зласьлівасьці сваёй».
 
Вам найперш Бог, падняўшы Сына свайго, паслаў багаславіць вам, каб кожны навярнуўся ад нягоднасьці сваей.