Дзеі 3 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Пётар жа і Ян ішлі разам у сьвятыню а дзявятай гадзіне малітвы.
А дзевятай гадзіне Пётр і Ян уваходзілі ў святыню на малітву.
І нейкі чалавек, кульгавы ад чэрава маці сваёй, якога насілі і кожны дзень лажылі ля дзьвярэй сьвятыні, называных Прыгожымі, прасіць міласьціну ў тых, якія ўваходзяць у сьвятыню,
Быў там чалавек, кульгавы ад нараджэння, якога прыносілі і садзілі штодня каля брамы святыні, што звалася Прыгожай, каб ён прасіў міласціну ў тых, хто ўваходзіў у святыню.
убачыўшы Пятра і Яна, што меліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны.
Калі ён убачыў Пятра і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, папрасіў у іх міласціну.
А Пётар, які з Янам углядаўся на яго, сказаў: «Паглядзі на нас».
Пётр прыгледзеўся з Янам да яго і сказаў:
Ён жа ўзіраўся на іх, чакаючы нешта ад іх узяць.
«Паглядзі на нас». Той паглядзеў на іх, спадзеючыся што-небудзь атрымаць. Але Пётр сказаў:
А Пётар сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне. А што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!»
«Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэта, устань і хадзі!»
І, узяўшы яго за правую руку, падняў. І адразу ўмацаваліся ногі і косткі ягоныя,
І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго. Адразу ўмацаваліся яго ногі і ступні.
і ён, падскочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы, і скачучы, і хвалячы Бога.
Ён ускочыў, стаў на ногі і пачаў хадзіць, увайшоў з імі ў святыню, ходзячы, падскокваючы і славячы Бога.
І ўвесь народ бачыў яго, як хадзіў і хваліў Бога.
Усе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога.
І пазналі яго, што ён быў той, які дзеля міласьціны сядзеў ля Прыгожых дзьвярэй сьвятыні; і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад таго, што здарылася з ім.
Пазналі яго, што гэта быў той, які сядзеў каля Прыгожай брамы святыні дзеля міласціны, і напоўніліся жахам і здзіўленнем ад таго, што сталася з ім.
А як аздароўлены кульгавы трымаўся Пятра і Яна, увесь народ у здуменьні прыбег да іх у прысенак, называны Салямонавым.
Ён не адступаўся ад Пятра і Яна, таму ўвесь народ у здзіўленні збегся да іх на ганак, званы Саламонавым.
Бачачы гэта, Пётар адказаў народу: «Мужы Ізраільцяне! Што зьдзіўляецеся гэтаму, ці што так углядаецеся на нас, нібыта мы сваёю сілай або пабожнасьцю зрабілі, каб ён хадзіў?
Убачыўшы гэта, Пётр сказаў народу: «Мужы ізраэльскія, чаго здзіўляецеся? Чаго так глядзіце на нас, быццам мы ўласнай сілаю або пабожнасцю зрабілі так, што ён ходзіць?
Бог Абрагама, і Ісаака, і Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы выдалі і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той судзіў вызваліць Яго.
Бог Абрагама, Ісаака і Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Слугу свайго, Езуса, якога выдалі вы і адракліся ад Яго перад Пілатам, калі той вырашыў адпусціць Яго.
Вы ж ад Сьвятога і Праведнага адракліся і прасілі дараваць вам чалавека забойцу,
Вы адракліся ад Святога і Справядлівага, а прасілі памілаваць забойцу.
а Самаго Начальніка жыцьця забілі. Яго Бог падняў з мёртвых, і мы — сьведкі гэтага.
Вы забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых, чаго мы сведкі.
І дзеля веры ў імя Ягонае ўмацавала імя Ягонае таго, каго вы бачыце і ведаеце; і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад усімі вамі.
І праз веру ў імя Ягонае таго, каго бачыце і ведаеце, імя гэтае ўмацавала. Вера, што паходзіць ад Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад усімі вамі.
І цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы гэта, як і начальнікі вашыя,
Цяпер, браты, я ведаю, што вы зрабілі гэта з няведання, як і вашыя кіраўнікі.
а Сам Бог, Які прадвесьціў праз вусны ўсіх Сваіх прарокаў, каб цярпець [пакуты] Хрысту, тое і споўніў.
А Бог здзейсніў тое, што абвяшчаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Яго Месія будзе цярпець.
Дык навярніцеся і вярніцеся, каб сьцерліся грахі вашыя,
Дык пакайцеся і навярніцеся, каб знішчаныя былі грахі вашыя,
каб прыйшлі часы асьвяжэньня ад аблічча Госпада, і каб Ён паслаў Ісуса Хрыста, Якога вам наперад абвясьціў,
каб прыйшла ад Пана гадзіна палёгкі і каб паслаў Ён вам таго, хто быў прадказаны, — Езуса Хрыста,
і Якога мусіла неба прыняць да часу напраўленьня ўсяго, пра што гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых прарокаў ад вякоў.
якога неба павінна было прыняць да часоў аднаўлення ўсяго, пра што спрадвеку казаў Бог вуснамі сваіх святых прарокаў.
Бо Майсей сказаў бацькам: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне. Яго слухайце ў-ва ўсім, што будзе казаць вам.
Майсей сказаў: “Пан Бог дасць вам Прарока з братоў вашых, падобнага да мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.
І будзе: кожная душа, якая не паслухае Прарока гэтага, будзе вынішчана з народу”.
А кожны, хто не паслухае таго Прарока, будзе знішчаны ў народзе”.
І ўсе прарокі ад Самуэля і па чарзе, якія толькі гаварылі, прапаведвалі гэтыя дні.
І ўсе прарокі, якія прамаўлялі з часоў Самуэля і пасля яго, абвяшчалі гэтыя дні.
Вы — сыны прарокаў і запавету, які заключыў Бог з бацькамі нашымі, кажучы да Абрагама: “І ў насеньні тваім дабраслаўлёныя будуць усе народы зямлі”.
Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з айцамі вашымі, кажучы Абрагаму: “Благаслаўлёныя будуць у тваім патомстве ўсе народы зямлі”.
Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуўся кожны ад зласьлівасьці сваёй».
Для вас найперш Бог уваскрасіў Слугу свайго і паслаў Яго, каб Ён благаславіў вас і адвярнуў кожнага ад беззаконняў вашых».