Дзеі 16 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага
І прыйшоў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын аднае жанчыны Юдэйскае вернае і бацькі Грэка.
І прыйшоў у Дэрбу і ў Лістру. І вось быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын жанчыны жыдоўкі, вернай, бацькі паганіна.
Пра яго сьведчылі браты ў Лістры і Іконіі.
Гэтаму давалі добрае пасьведчаньне браты, каторыя былі ў Лістры і Іконіі.
Павал захацеў, каб ён пайшоў з ім, і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля Юдэяў, якія былі ў тых месцах, бо ўсе ведалі бацьку ягонага, што быў Грэк.
Павал хацеў, каб ён з імі рушыў, і ўзяўшы абрэзаў яго дзеля жыдоў, якія былі ў тых мясцох. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў паганін.
Калі ж яны праходзілі праз гарады, перадавалі [цэрквам] захоўваць пастановы, вызначаныя апосталамі і старостамі ў Ерусаліме.
А калі яны праходзілі гарады, перадавалі ім берагчы ўставы, якія былі пастаноўлены апосталамі, каторыя былі ў Ерузаліме.
А цэрквы ўмацоўваліся ў веры і ўзрасталі штодня лікам.
А касьцёлы-то ўцьвярджаліся ў веры і ўзрасталі лікам штодня.
Прайшоўшы ж праз Фрыгію і Галятыйскую краіну, забараніў ім Сьвяты Дух гаварыць слова ў Азіі.
А калі перайшлі Фрыгію і краіну Галацкую, забарніў ім Дух сьвяты гаварыць слова Божае ў Азіі.
Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісьці ў Бітынію; і не дазволіў ім Дух.
І прайшоўшы ў Мізію, маніліся ісьці ў Бітынію, і не дазволіў ім Дух Езуса.
І, абмінуўшы Мізію, яны зыйшлі ў Трааду.
Калі-ж перайшлі Мізію, прыйшлі ў Троаду.
І ўгледзеў Павал уначы відзеж: нейкі муж, Македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: «Перайшоўшы ў Македонію, дапамажы нам».
І паказалася Паўлу ўначы відзеньне: Адзін муж Македонец стаў і прасіў яго і казаў: Перайшоўшы ў Македонію, памажы нам.
Калі ж убачыў ён відзеж, мы адразу шукалі, каб ісьці ў Македонію, разумеючы, што Госпад паклікаў нас дабравесьціць ім.
І як убачыў відзеньне, зараз пастараліся мы рушыць у Македонію, будучы пэўнымі, што Бог нас паклікаў абвяшчаць ім эванэлію.
І, паплыўшы з Траады, мы наўпрост прыйшлі ў Саматракію, а на заўтра — у Нэапаль,
І плывучы з Троады, мы ў простым кірунку прыбылі ў Самотракію, а ў наступны дзень у Нэапаль;
і адтуль — у Філіпы, што ёсьць першы горад тае часткі Македоніі, калёнія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён.
а адтуль у Філіппы, каторыя ёсьць першым горадам тае часьці Македоніі, калонія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён, гутаручы.
І ў дзень суботы выйшлі мы за горад да рэчкі, дзе звычайна адбывалася малітва, і, пасеўшы, гаварылі да сабраных жанчынаў.
А ўдень суботні мы выйшлі за браму да ракі, дзе, здавалася, была малітва, і сеўшы гаварылі да жанчын, якія былі зыйшоўшыся.
І слухала адна жанчына, на імя Лідзія, гандлярка пурпурам, з гораду Тыятыра, якая пакланялася Богу, і Госпад адчыніў сэрца ейнае, каб зважала на прамову Паўла.
Слухала-ж адна жанчына, на імя Лідыя, з гораду Тыатыру, якая гандлявала пурпурай, паклоньніца Божая; адчыніў Пан яе сэрца, каб зважаць на тое, што гаварыў Павал.
А калі ахрысьцілася яна і дом ейны, яна прасіла, кажучы: «Калі вы лічыце мяне вернай Госпаду, увайшоўшы ў дом мой, жывіце». І затрымала нас.
Калі-ж яна была ахрышчана і дом яе, прасіла, кажучы: Калі вы судзіце, што я верная Пану, увайдзеце ў мой дом і жывеце. І прымусіла нас.
Сталася ж, як ішлі мы на малітву, сустрэла нас нейкая служка, якая мела духа вешчага і, варожачы, вялікі заробак давала гаспадарам сваім.
І сталася, калі мы ішлі на малітву, спаткалася з намі адна дзяўчына, каторага мела вешчага духа і каторая варожучы, давала сваім гаспадаром вялікі даход.
Яна, ідучы за Паўлам і намі, крычала, кажучы: «Людзі гэтыя — слугі Бога Найвышэйшага, якія прапаведуюць нам шлях збаўленьня!»
Яна, ідучы за Паўлам і за намі, крычала, кажучы: Гэтыя людзі ёсьць слугі найвышэйшага Бога, яны абвяшчаюць вам дарогу збаўленьня.
А рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, узлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста выйсьці з яе!» І ён выйшаў у той жа час.
Гэтае-ж яна рабіла праз многа дзён. Але Павал, праняты болем і зьвярнуўшыся, сказаў духу: Загадываю табе ў імя Езуса Хрыста выйсьці з яе. І выйшаў у тую-ж часіну.
А гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўла і Сілу, пацягнулі на рынак да начальнікаў.
Гаспадары-ж яе, бачучы, што выйшла надзея іхнага даходу, схапіўшы Паўла і Сылу, завялі на рынак да начальнікаў,
І прывёўшы іх да войтаў, сказалі: «Гэтыя людзі трывожаць наш горад, а яны — Юдэі,
і аддаючы іх уладам, сказалі: Гэтыя людзі трывожаць горад наш, бо яны жыды
і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня сьлед ані прыймаць, ані рабіць».
і абвяшчаюць абычай, каторага нам ня можна прыняць ані чыніць, бо мы рымляне.
І паўстаў натоўп супраць іх, і войты, сарваўшы з іх адзеньне, загадалі біць іх кіямі.
І зьбегся народ проціў іх, а ўлады, парваўшы іхныя вопраткі, прыказалі біць іх розгамі.
І зрабіўшы ім шмат ранаў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы ахоўніку старанна пільнаваць іх.
І даўшы ім многа ўдараў, пасадзілі іх у вастрог, загадваючы сторажу, каб пільна іх сьцярог.
Ён, атрымаўшы гэткі загад, кінуў іх ва ўнутраную вязьніцу і ногі іхнія паўшчамляў у калоду.
Ён, атрымаўшы такі загад, пасадзіў іх у нутраны вастрог, а ногі іх замкнуў у калоду.
Каля паўночы Павал і Сіла, молячыся, сьпявалі Богу, а вязьні чулі іх.
А ўпоўначы Павал і Сыла молячыся хвалілі Бога. І слухалі іх тыя, што былі ў вастрозе.
Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі вязьніцы; і адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і ў-ва ўсіх паслаблі путы.
А раптам сталася вялікае зямлетрасеньне, так што зрушыліся фундамэнты вастрогу. І зараз-жа адчыніліся ўсе дзьверы, і разьвязаліся путы ўсіх.
Ахоўнік жа, прачнуўшыся і бачачы адчыненыя дзьверы вязьніцы, дастаўшы меч, меўся забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.
А стораж вастрогу, прачнуўшыся і ўбачыўшы адчыненыя дзьверы вастрогу, выцягнуўшы меч, хацеў забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.
А Павал закрычаў моцным голасам, кажучы: «Не рабі сабе ніякага ліха, бо ўсе мы тут!»
Але Павал закрычаў вялікім голасам, кажучы: Не рабі сабе нічога дрэннага, бо мы ўсе тут.
Ён жа, папрасіўшы сьвятла, убег і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілаю,
І зажадаўшы сьвятла, увайшоў і дрыжучы ўпаў да ног Паўлу і Сылі.
і, выводзячы іх вонкі, сказаў: «Панове, што я мушу рабіць, каб быць збаўленым?»
І вывеўшы іх вонкі, сказаў: Паны, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?
А яны сказалі: «Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой».
А яны сказалі: Вер у Пана Езуса і будзеш збаўлены ты і твой дом.
І гаварылі слова Госпадава яму і ўсім, хто ў доме ягоным.
І гаварылі слова Пана яму і ўсім, каторыя былі ў яго доме.
І ў тую ж гадзіну ўначы ён, узяўшы іх, памыў ім раны, і адразу быў ахрышчаны сам і ўсе ягоныя.
І ўзяўшы іх у тую часіну ночы, абмыў раны іх; і быў ахрышчаны ён сам і ўвесь дом ягоны безадкладна.
І, завёўшы іх у дом свой, паставіў стол і радаваўся з усім домам, што паверыў у Бога.
І завёўшы іх у свой дом, заставіў ім стол і цешыўся з усім домам сваім, уверыўшы ў Бога.
А як настаў дзень, паслалі войты жандараў, кажучы: «Вызваль людзей гэтых».
Калі-ж настаў дзень, паслалі ўлады ліктараў, кажучы: Пусьці гэтых людзей.
Ахоўнік жа паведаміў словы гэтыя Паўлу: «Войты паслалі, каб цяпер вызваліць вас. Дык, выйшаўшы, ідзіце ў супакоі».
І стораж вастрогу пераказаў гэтыя словы Паўлу: Што ўлады паслалі, каб вы былі выпушчаны. Дык цяпер выйшаўшы, ідзеце ў супакою.
А Павал прамовіў да іх: «Нас, людзей Рымскіх, без суду зьбіўшы прынародна, кінулі ў вязьніцу, і цяпер цішком выганяюць нас? О, не! Але няхай самі, прыйшоўшы, вывядуць нас».
Павал-жа сказаў ім: Абабіўшы публічна нас незасуджаных, людзей рымлян, пасадзілі ў вастрог, а цяпер патайком нас выкідаюць? Ня так, але няхай прыйдуць
Жандары абвясьцілі словы гэтыя войтам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны — Рымляне.
і самі нас выкінуць. І збаяліся, пачуўшы, што яны рымляне.
І, прыйшоўшы, перапрашалі іх, і, вывеўшы, прасілі пайсьці з гораду.
І прыйшоўшы, перапрасілі іх і вывеўшы, прасілі, каб выйшлі з гораду.
Выйшаўшы ж з вязьніцы, яны прыйшлі да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, суцяшалі іх, і пайшлі.
Выйшаўшы-ж з вастрогу, зайшлі да Лідыі, і пабачыўшы братоў, пацешылі іх і вырушылі.