Мацьвея 1 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама:
 
Кніга роду Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.

Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і братоў ягоных;
 
Абрагам радзіў Ізаака, а Ізаак радзіў Якуба, а Якуб радзіў Юду і братоў яго,

Юда нарадзіў Пэрэса і Зару ад Тамар; Пэрэс нарадзіў Эсрома; Эсром нарадзіў Арама;
 
а Юда радзіў Фарэса і Зарама ад Тамары, а Фарэс радзіў Эзрона, а Эзрон радзіў Арама,

Арам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона;
 
а Арам радзіў Амінадаба, а Амнадаб радзіў Наассона, а Наассон радзіў Саламона,

Сальмон нарадзіў Боаза ад Рахаў; Боаз нарадзіў Абэда ад Рут; Абэд нарадзіў Есэя;
 
а Саламон радзіў Бооза з Рагабы, а Бооз радзіў Обэда з Руты, а Обэд радзіў Ессу, а Есса радзіў Давіда караля,

Есэй нарадзіў Давіда валадара; Давід валадар нарадзіў Салямона ад [жонкі] Урыі;
 
а кароль Давід радзіў Саламона з тае, што была Урыевай,

Салямон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абію; Абія нарадзіў Асу;
 
а Саламон радзіў Робоама, а Робоам радзіў Абія, а Абій радзіў Асу,

Аса нарадзіў Язафата; Язафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Озію;
 
а Аса радзіў Ёзафата, а Ёзафат радзіў Ёрама, а Ёрам радзіў Озія,

Озія нарадзіў Ёатама; Ёатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэкію;
 
а Озій радзіў Ёатама, а Ёатам радзіў Ахаза, а Ахаз радзіў Эзэхія,

Эзэкія нарадзіў Манасу; Манаса нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію;
 
а Эзэхій радзіў Манассу, а Манасса радзіў Амона, а Амон радзіў Ёзія,

Ёсія нарадзіў Ёакіма; Ёакім нарадзіў Ехонію і братоў ягоных перад перасяленьнем у Бабілон.
 
а Ёзій радзіў Ехонія і братоў яго ў перасяленьні бабілонскім,

А пасьля перасяленьня ў Бабілон Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зэрубабэля;
 
а пасьля перасяленьня бабілонскага Ехоній радзіў Салацыеля, а Салацыель радзіў Зоробабеля,

Зэрубабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліякіма; Эліякім нарадзіў Азора;
 
а Зоробабель радзіў Абіюда, а Абіюд радзіў Эліякіма, а Эліякім радзіў Азора,

Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда;
 
а Азор радзіў Садока, а Садок радзіў Ахіма, а Ахім радзіў Эліюда,

Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Маттана; Маттан нарадзіў Якуба;
 
а Эліюд радзіў Элеазара, а Элеазар радзіў Матана, а Матан радзіў Якуба,

Якуб нарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос.
 
а Якуб радзіў Язэпа, мужа Марыі, з каторай нарадзіўся Езус, што завецца Хрыстус.

Гэтак усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; ад Давіда да перасяленьня ў Бабілон чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілон да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.
 
І так усіх пакаленьняў: ад Абрагама аж да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў, і ад Давіда аж да перасяленьня бабілонскага чатырнаццаць пакаленьняў, і ад перасяленьня бабілонскага аж да Хрыстуса чатырнаццаць пакаленьняў.

Нараджэньне Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маці Яго Марыі з Язэпам, раней, чым яны зыйшліся, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога.
 
А нараджэньне Хрыстуса гэтак было: Калі матка яго Марыя была пашлюбавана з Язэпам, то перад тым як яны зыйшліся, выявілася, што мае ў лоне ад Духа сьвятога.

Язэп, муж ейны, будучы праведным і ня хочучы выставіць яе на сорам, хацеў цішком адпусьціць яе.
 
Язэп-жа, муж яе, будучы справядлівым і ня хочучы яе зьняславіць, хацеў тайком пакінуць яе.

Але, калі ён падумаў гэтае, вось, анёл Госпада зьявіўся яму ў-ва сьне і сказаў: «Язэп, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо Тое, што нарадзілася ў ёй, ёсьць ад Духа Сьвятога.
 
А калі ён гэта думаў, вось анёл Панскі зьявіўся яму ў сьне, кажучы: Язэпе, сыне Давіда, ня бойся прыняць жонкі сваей Марыі, бо што ў ёй зачалося, ёсьць ад Духа сьвятога.

Вось, яна народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іхніх».
 
І народзіць сына і дасі яму імя Езус, бо ён збавіць народ свой ад грахоў яго.

А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
 
А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася, што было сказана Панам праз прарока, кажучага (Із. 7:14):

«Вось, Дзева прыйме ва ўлоньне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Іммануэль, гэта значыць: З намі Бог».
 
«Вось дзева ў лоне мець будзе і народзіць сына, і дадуць яму імя Эмануэль, што значыць: Бог з намі.

Устаўшы зо-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Госпада, і прыняў жонку сваю,
 
А Язэп, устаўшы зо сну, зрабіў так, як загадаў яму анёл Панскі і прыняў жонку сваю.

і не спазнаў яе, аж нарадзіла Сына свайго Першароднага, і ён даў Яму імя Ісус.
 
І ня знаў яе, аж радзіла сына свайго первароднага, і даў яму імя Езус.