Мацьвея 1 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама:
 

Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і братоў ягоных;
 

Юда нарадзіў Пэрэса і Зару ад Тамар; Пэрэс нарадзіў Эсрома; Эсром нарадзіў Арама;
 

Арам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона;
 

Сальмон нарадзіў Боаза ад Рахаў; Боаз нарадзіў Абэда ад Рут; Абэд нарадзіў Есэя;
 

Есэй нарадзіў Давіда валадара; Давід валадар нарадзіў Салямона ад [жонкі] Урыі;
 

Салямон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абію; Абія нарадзіў Асу;
 

Аса нарадзіў Язафата; Язафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Озію;
 

Озія нарадзіў Ёатама; Ёатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэкію;
 

Эзэкія нарадзіў Манасу; Манаса нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію;
 

Ёсія нарадзіў Ёакіма; Ёакім нарадзіў Ехонію і братоў ягоных перад перасяленьнем у Бабілон.
 

А пасьля перасяленьня ў Бабілон Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зэрубабэля;
 

Зэрубабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліякіма; Эліякім нарадзіў Азора;
 

Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда;
 

Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Маттана; Маттан нарадзіў Якуба;
 

Якуб нарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос.
 

Гэтак усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; ад Давіда да перасяленьня ў Бабілон чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілон да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.
 

Нараджэньне Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маці Яго Марыі з Язэпам, раней, чым яны зыйшліся, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога.
 

Язэп, муж ейны, будучы праведным і ня хочучы выставіць яе на сорам, хацеў цішком адпусьціць яе.
 

Але, калі ён падумаў гэтае, вось, анёл Госпада зьявіўся яму ў-ва сьне і сказаў: «Язэп, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо Тое, што нарадзілася ў ёй, ёсьць ад Духа Сьвятога.
 

Вось, яна народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іхніх».
 

А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
 

«Вось, Дзева прыйме ва ўлоньне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Іммануэль, гэта значыць: З намі Бог».
 

Устаўшы зо-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Госпада, і прыняў жонку сваю,
 

і не спазнаў яе, аж нарадзіла Сына свайго Першароднага, і ён даў Яму імя Ісус.