Дзеі 26 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Агрыпа сказаў Паўлу: «Табе дазволена гаварыць за самога сябе». Тады Павел працягнуў руку і прамовіў у сваю абарону:
Агры́па сказаў Паўлу: дазваля́ецца табе гаварыць за само́га сябе. Тады Павел, прасцёршы руку́, стаў гаварыць у сваю абаро́ну:
«Кароль Агрыпа, я лічу сябе шчаслівым, што сёння павінен абараняцца перад табою ад усяго, у чым мяне вінавацяць юдэі.
цар Агры́па! я лічу сябе шчаслíвым, што магу сёння абараня́цца перад табою ад ўсяго, у чым абвінава́чваюць мяне Іудзеі,
Ты найбольш ведаеш усе юдэйскія звычаі і спрэчныя пытанні. Таму прашу велікадушна выслухаць мяне.
асабліва таму, што ты ве́даеш усе звы́чаі і спрэ́чныя пытанні Іудзеяў. Так што прашу цябе вы́слухаць мяне велікаду́шна.
Жыццё маё з маладосці, якое ад пачатку праходзіла ў Ерузалеме сярод майго народу, ведаюць усе юдэі.
Дык вось, жыццё маё з ю́ных гадоў, якое прахо́дзіла ад пачатку сярод народа майго ў Іерусаліме, ве́даюць усе Іудзеі;
Яны ведаюць мяне здаўна і могуць засведчыць, што я жыў як фарысей паводле самай строгай плыні нашай рэлігіі.
яны здаўна́ зна́юць мяне і, калі б захацелі, маглі б засве́дчыць, што я жыў фарысе́ем паводле самага стро́гага кіру́нку нашага веравызна́ння.
А цяпер я стаю перад судом за надзею на абяцанне, якое Бог даў айцам нашым,
І цяпер я стаю́ перад судом за надзе́ю на Богам да́дзенае айцам нашым абяца́нне,
а яго спаўнення чакаюць нашыя дванаццаць пакаленняў, днём і ноччу няспынна служачы Богу. За гэтую надзею, кароль, юдэі вінавацяць мяне!
на здзяйсне́нне якога спадзяю́цца ўсе нашы двана́ццаць кален, стара́нна слу́жачы Богу дзень і ноч; за гэтую надзе́ю, цар Агрыпа, і абвінава́чваюць мяне Іудзеі.
Чаму вы лічыце неверагодным, што Бог уваскрашае памерлых?
Дык што́ Няўжо невераго́дным лíчыце вы тое, што Бог уваскраша́е мёртвых?
Я таксама лічыў, што павінен шмат зрабіць супраць імені Езуса з Назарэта.
Праўда, і мне здава́лася, што я павінен ру́пна дзе́йнічаць су́праць íмені Іісуса Назарэ́я;
Я гэта і рабіў у Ерузалеме. Атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, я многіх святых кінуў у вязніцу. Калі іх забівалі, даваў згоду.
гэта я і рабіў у Іерусаліме: і многіх святы́х у цямніцы пасадзíў, атрыма́ўшы ўладу ад першасвятаро́ў, і калі забіва́лі іх, я даваў згоду;
Часта па ўсіх сінагогах я караў іх і прымушаў блюзнерыць, а будучы раз’юшаным на іх, пераследаваў нават у чужых гарадах.
і, ва ўсіх сінагогах часта кара́ючы іх, я прымуша́ў іх блюзне́рыць і, бязме́рна люту́ючы су́праць іх, перасле́даваў нават у чужых гарадах.
Калі дзеля гэтага я ішоў у Дамаск з уладай і даручэннем ад першасвятароў,
Дзе́ля гэтага ж ідучы́ ў Дама́ск з паўнамо́цтвамі і даручэ́ннем ад першасвятаро́ў,
апоўдні я ўбачыў на дарозе, о кароль, святло з неба, ярчэйшае за святло сонца, якое асвятляла мяне і тых, хто ішоў разам са мною.
апо́ўдні ў дарозе я ўбачыў, цар, з неба святло, ярчэ́йшае за сонечнае ззя́нне; яно азары́ла мяне і тых, што ішлі са мною.
Калі мы ўсе ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які казаў мне па-габрэйску: “Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне? Цяжка табе ісці супраць ражна”.
І калі ўсе мы папа́далі на зямлю́, я пачу́ў голас, які прамаўля́ў да мяне і казаў на яўрэ́йскай мове: Саўл, Саўл! чаму ты Мяне гоніш? цяжка табе су́праць ражна́ ісцí.
Я спытаўся: “Хто ты, Пане?” Ён адказаў: “Я Езус, якога ты пераследуеш.
А я сказаў: хто Ты, Госпадзí Ён жа сказаў: Я Іісус, Якога ты гоніш;
Але падыміся, устань на ногі свае, бо для таго Я з’явіўся табе, каб зрабіць цябе слугою і сведкам таго, што ты бачыў і што Я адкрыю табе.
але падымíся і стань на ногі твае; бо Я дзе́ля гэтага і явíўся табе, каб паста́віць цябе служы́целем і све́дкам таго, што ты бачыў і што Я адкры́ю табе,
Я вызвалю цябе ад гэтага народу і ад язычнікаў, да якіх Я пасылаю цябе
збаўля́ючы цябе ад народа Іудзейскага і ад язычнікаў, да якіх Я пасыла́ю цябе
адкрыць ім вочы, каб яны павярнуліся ад цермы да святла і ад улады сатаны да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі дараванне грахоў і спадчыну сярод асвячаных”.
адкрыць вочы ім, каб яны павярну́ліся ад це́мры да святла́ і ад ула́ды сатаны да Бога, і каб яны атрыма́лі прабачэ́нне грахоў і до́лю між асвячо́ных праз веру ў Мяне.
Таму, кароль Агрыпа, я не быў непаслухмяным нябеснаму бачанню,
Таму, цар Агрыпа, я не стаў працíвіцца нябе́снаму відзе́нню,
але прапаведаваў спачатку жыхарам Дамаска і Ерузалема, а потым па ўсёй зямлі юдэйскай і язычнікам, каб яны каяліся і навярталіся да Бога, здзяйсняючы справы, што вынікаюць з пакаяння.
а спачатку жыхара́м Дама́ска і Іерусаліма, потым жа па ўсёй краíне Іудзейскай і язы́чнікам прапаве́даваў, каб яны пака́яліся і звярну́ліся да Бога, ро́бячы го́дныя справы пакая́ння.
За гэта юдэі схапілі мяне ў святыні і спрабавалі забіць.
За гэта Іудзеі схапілі мяне ў храме і імкну́ліся ўчынíць распра́ву.
Але, атрымаўшы дапамогу ад Бога, я аж да гэтага дня працягваю сведчыць малому і вялікаму. Я не кажу нічога, акрамя таго, што, па словах прарокаў і Майсея, павінна было адбыцца:
Але я, атрыма́ўшы дапамогу ад Бога, да гэтага дня стаю́ і све́дчу і мало́му, і вялікаму, нічога не ка́жучы, акрамя́ таго, аб чым прарокі і Маісей гаварылі, што гэта будзе:
што Хрыстус павінен быў цярпець і абвясціць, як першы сярод уваскрослых, святло народу гэтаму і язычнікам».
што Хрыстос павінен адпаку́таваць, першым уваскрэ́снуць з мёртвых і прапаве́даць святло народу гэтаму і язы́чнікам.
Калі ён так абараняўся, Фэст гучна сказаў: «Павел, ты ашалеў! Вялікая вучонасць даводзіць цябе да вар’яцтва».
Калі ён так прамаўляў у сваю абарону, Фест гучным голасам сказаў: ты стра́ціў розум, Павел! вялікая вучо́насць даво́дзіць цябе да стра́ты розуму.
Але Павел сказаў: «Я не шалею, дастойны Фэст, але абвяшчаю словы праўдзівыя і прадуманыя.
Ён жа кажа: я не стра́ціў розуму, высокашано́ўны Фест, а прамаўля́ю сло́вы ісціны і здаровага сэнсу;
Бо ведае пра гэта кароль, перад якім я смела кажу гэта. Я ўпэўнены, што нічога з гэтага не схавана ад яго, бо адбывалася не ў закутку.
бо ведае пра гэта цар, перад якім я і прамаўля́ю ўпэ́ўнена; я не веру, каб утаíлася ад яго што-небудзь з гэтага, бо не ў заку́тку ж яно адбыва́лася;
Ці верыш ты, кароль Агрыпа, прарокам? Я ведаю, што верыш».
ці ве́рыш ты, цар Агры́па, прарокам? ве́даю, што ве́рыш.
Агрыпа сказаў Паўлу: «Яшчэ крыху і пераканаеш мяне стаць хрысцінянінам!»
Агры́па ж сказаў Паўлу: ты мала што не ўгаво́рваеш мяне зрабíцца Хрысція́нінам.
Павел сказаў: «Я маліў бы Бога, каб калісьці не толькі ты, але і ўсе, хто сёння чуе мяне, сталі такімі, як я, акрамя гэтых кайданаў!»
А Павел сказаў: я б маліўся Богу, каб ці мала, ці многа, не толькі ты, але і ўсе, хто слу́хае мяне сёння, зрабіліся такімі, як я, аднак без гэтых ако́ваў.
Тады кароль і намеснік, а таксама Бэрэніка, і тыя, што сядзелі разам з імі, падняліся.
І калі ён гэта сказаў, паднялíся цар, і правíцель, і Вернíка, і ўсе, хто сядзе́ў з імі;
Адышоўшы ўбок, яны гаварылі паміж сабою, кажучы: «Гэты чалавек не робіць нічога вартага смерці і кайданаў».
і, адышо́ўшы ўбок, яны размаўля́лі паміж сабою, ка́жучы: нічога ва́ртага смерці або ако́ваў не робіць чалавек гэты.
І сказаў Агрыпа Фэсту: «Можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не звяртаўся да цэзара».
І сказаў Агры́па Фесту: можна было́ б вы́зваліць гэтага чалавека, калі б ён не патрабава́ў суда́ ў ке́сара. Таму і вы́рашыў правíцель паслаць яго да ке́сара.