1 да Цімафея 1 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Павел, апостал Езуса Хрыста паводле загаду Бога, нашага Збаўцы, і Езуса Хрыста, нашай надзеі, —
 

Цімафею, сапраўднаму дзіцяці ў веры: ласка, міласэрнасць і спакой ад Бога Айца і Пана нашага Езуса Хрыста.
 

Ідучы ў Македонію, я прасіў цябе застацца ў Эфесе, каб ты забараніў некаторым навучаць іншаму,
 

а таксама займацца байкамі і бясконцымі радаводамі, якія выклікаюць больш спрэчак, чым служаць Божаму настаўленню ў веры.
 

Мэта ж настаўлення — гэта любоў з чыстага сэрца, добрага сумлення і праўдзівай веры.
 

Некаторыя адвярнуліся ад гэтага і звярнуліся да пустаслоўя,
 

хочучы быць настаўнікамі Закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сцвярджаюць.
 

Мы ведаем, што Закон добры, калі хто ім разумна карыстаецца,
 

ведаючы, што Закон дадзены не для справядлівых, але для несправядлівых, непаслухмяных, бязбожных, грэшнікаў, разбэшчаных і блюзнерцаў, бацьказабойцаў, мацізабойцаў і чалавеказабойцаў,
 

распуснікаў, мужаложнікаў, для гандляроў людзьмі, падманшчыкаў, ілжэсведкаў і для ўсіх тых, хто пярэчыць здароваму вучэнню,
 

згоднаму з Евангеллем, якое ёсць хвалой благаслаўлёнага Бога і якое даручана мне.
 

Я дзякую нашаму Пану Езусу Хрысту, які ўмацаваў мяне, таму што Ён палічыў мяне вартым даверу, паставіўшы сабе на служэнне,
 

хоць я раней быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем. Але я быў памілаваны, таму што рабіў гэта ў няведанні і бязвер’і.
 

Ласка ж нашага Пана шчодра перапоўніла мяне разам з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысце.
 

Годнае веры слова і вартае поўнага прыняцця, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы.
 

Але я памілаваны для таго, каб ува мне першым Езус Хрыстус паказаў усю доўгацярплівасць як прыклад тым, хто будзе верыць у Яго дзеля жыцця вечнага.
 

Валадару вякоў, незнішчальнаму, нябачнаму і адзінаму Богу — пашана і слава на векі вечныя. Амэн.
 

Гэты наказ даю табе, сыне Цімафею, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты змагаўся згодна з імі як добры барацьбіт,
 

маючы веру і чыстае сумленне, якое некаторыя адкінулі і згубілі веру.
 

Сярод іх Гіменэй і Аляксандр, якіх я аддаў сатане, каб адвучыліся блюзнерыць.