Дзеі 5 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага
Адзін муж, на імя Ананія, з жонкай сваёй Сафіраю прадаў маемасьць сваю
Адзін-жа муж, на імя Ананій, з жонкай сваею Сафірай, прадаў поле,
ды прыхаваў із цаны, з ве́дама жонкі сваёй, і, прыне́сшы не́йкую частку, палажыў к нагам Апосталаў.
і адлажыў з заплаты за поле, з ведама сваей жонкі, і прынёсшы нейкую часьць, палажыў ля ног апосталаў.
Але Пётр сказаў: Чаму напоўніў сатана сэрца тваё, каб ашукаці Духа Сьвятога ды прыхаваці із цаны за зямлю?
І сказаў Пётр: Ананій, чаму д’ябал скусіў тваё сэрца, каб ты лгаў Духу сьвятому і адлажыў з заплаты за поле?
Ці-ж не тваё было, што ты ме́ў, дый праданае ці-ж не ў твае́й моцы было? Дзеля чаго паклаў ты дзе́ла гэтае ў сэрцы сваім? Ты ашукаў не людзе́й, а Бога.
Ці-ж астаючыся яно не пры табе аставалася, а прададзенае ці-ж ня ў тваей было моцы? Чаму-ж ты пастанавіў у сэрцы сваім гэтую рэч? Ты не салгаў людзям, але Богу.
Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў бяз духу. І вялікі страх зьняў усіх, што чулі гэта.
А пачуўшы гэтыя словы, Ананій упаў і сканаў. І зьняў вялікі страх усіх, каторыя чулі.
І дзяцюкі, устаўшы, узялі яго ды, вынесшы, пахаранілі.
А ўстаўшы, дзяцюкі прынялі яго і вынесшы, пахавалі.
Сталася-ж гадзіны це́раз тры пасьля гэтага, прыйшла й жана ягоная, ня ве́даючы, што́ зда́рылася.
Прайшло-ж каля трох гадзін часу, і жонка ягона, ня ведаючы, што стала, увайшла.
І прамовіў да яе́ Пётр: Скажы мне́, ці за гэтулькі аддалі вы зямлю? Яна-ж сказала: Але́, за гэтулькі.
І сказаў ей Пётр: Скажы мне жанчына, ці вы за столькі прадалі поле? Яна-ж сказала: Так за столькі.
Дык Пётр сказаў да яе́: Дзе́ля чаго змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось ля дзьве́раў стопы тых, што пахавалі мужа твайго; яны вынясуць і цябе́.
Пётр-жа да яе: што гэта вы змовіліся, каб спакушваць Духа Панскага? Вось ногі тых, што пахавалі твайго мужа, ля дзьвярэй, і цябе вынясуць.
Дык яна ўраз павалілася да ног ягоных і аддала душу. А дзяцюкі, што ўвайшлі, знайшлі яе́ няжывую ды, вынесшы, пахавалі ля мужа яе́.
Яна зараз-жа ўпала ля ног ягоных і сканала. Увайшоўшы-ж дзяцюкі, знайшлі яе памёршаю і вынесьлі і пахавалі каля яе мужа.
І вялікі страх зьняў усю царкву дый усіх, што чулі аб гэтым.
І зьняў вялікі страх увесь касьцёл і ўсіх, што чулі аб гэтым.
Рукамі-ж Апосталаў рабілася многа знакоў ды цудаў у народзе (і былі аднадушныя ўсе ў се́нях Салямонавых,
Праз рукі-ж апосталаў дзеяліся многія знакі і цуды ў народзе. І былі ўсе аднадушна ў прысенку Саламона,
з рэшты-ж ніхто не адважа́ўся далучыцца да іх; ды народ іх вы́сака стаўляў, —
а з іншых ніхто не адважаваўся да іх далучыцца; але народ іх славіў
і ўсё бале́й прыбывала ве́руючых у Госпада, множства мужчын ды жанчынаў);
і болей павялічвалася мноства мужоў і жанок, веручых у Пану,
дык выносілі хворых на вуліцы й клалі на пасьце́лях і ложках, каб пры праходзе Пятра хоць це́нь ягоны ацяніў каго з іх.
так што на вуліцы выносілі хворых і клалі на ложах і насілках, каб пры праходзе Пятра прынамся цень ягоны ацяніў каго-колечы з іх і каб былі звольнены ад сваіх хваробаў.
І зыходзілася ў Ерузалім з акалічных ме́стаў множства людзе́й, нясучы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, дый усе́ яны аздараўляліся.
Зьбіралася-ж так-жа мноства з суседніх гарадоў да Ерузаліму, прыносячы хворых і мучаных духамі нячыстымі; усе яны былі аздароўлены.
І, паўстаўшы, архірэй і ўсе́, што былі з ім, тагачасная гэрэзія Саддуке́йская, напоўніліся зайздрасьцяй
І паўстаўшы архісьвятар і ўсе, што з ім былі (гэта ёсьць гэрэзыя садукеяў), былі напоўнены зайздрасьцяй,
і палажылі рукі свае́ на Апосталаў ды пасадзілі іх у вязьніцу грамадзкую.
і налажылі рукі на апосталаў і пасадзілі іх у вагульны вастрог.
І Ангел Гасподні ўначы адамкнуў дзьве́ры вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
Але анёл Панскі, уначы адчыніўшы дзьверы вастрогу і вывеўшы іх, сказаў:
Ідзе́це ды, стаўшы, кажэце ў царкве́ да народу ўсе́ словы жыцьця гэтага.
Ідзеце, і стаўшы гаварэце народу ў сьвятыні ўсе словы гэтага жыцьця.
Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі нараніцы ў храм і навучалі. Прыйшоўшы-ж архірэй і тыя, што з ім, склікалі сынэдрыон і ўсю старшызну сыноў Ізраілявых ды паслалі ў вязьніцу прывясьці іх.
Яны, пачуўшы, увайшлі нараніцы ў сьвятыню і навучалі. А прыйшоўшы архісьвятар і тыя, што з ім былі, склікалі Раду і ўсіх старшых з сыноў Ізраіля, і паслалі ў вастрог, каб іх прывесьці.
Слугі-ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы і, вярнуўшыся, расказалі, мовячы:
Калі-ж прыйшлі слугі, і адчыніўшы вастрог, не знайшлі іх, вярнуўшыся, абвесьцілі,
Вязьніцу дык знайшлі мы замкнёную ве́льмі крэпка, і варта во́нках стаяла перад дзьвярыма; але, адамкнуўшы, ўсярэдзіне нікога не знайшлі.
кажучы: Вастрог-то мы знайшлі замкнёны з усей стараннасьцяй, і стражнікаў стаячых перад дзьвярамі, але адчыніўшы, мы ўнутры нікога не знайшлі.
Калі-ж пачулі словы тыя сьвяшчэньнік і начальнік ва́рты царкоўнае ды архірэі, дык сумляваліся аб іх, што-б гэта сталася?
Калі-ж пачулі гэтыя словы, начальнік сьвятыні і архісьвятары сумневаліся аб іх, што-б гэта сталася?
І не́хта, прыйшоўшы, расказаў ім, кажучы: Што вось мужы, якіх вы кінулі ў вязьніцу, стаяць у храме й навучаюць народ.
Прыйшоўшы-ж нехта, сказаў ім: што вось мужы, каторых вы пасадзілі ў вастрог, ёсьць у сьвятыні, стаяць і вучаць народ.
Тады пайшоў начальнік варты з слугамі ды прывёў іх, але бяз прымусу, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.
Тады пайшоў начальнік з слугамі і прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не закаменаваў іх.
І, прывеўшы, паставілі іх перад радай; і запытаўся ў іх архірэй, кажучы:
І прывёўшы іх, паставілі перад Радай. І спытаўся ў іх архісьвятар,
Ці не забаранілі мы вам крэпка навучаць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерузалім навукай вашай ды хочаце ўзьвясьці на нас кроў чалаве́ка гэнага.
кажучы: Мы вам забаронай забаранілі, каб вы ня вучылі ў гэтае імя, а вы вось напоўнілі Ерузалім вашаю навукаю і хочаце на нас узьвесьці кроў гэтага чалавека.
І, адказваючы, Пётр ды Апосталы сказалі: Больш трэба слухацца Бога, чым людзе́й.
Адказваючы-ж Пётр і апосталы сказалі: Болей трэба слухаць Бога, чым людзей.
Бог айцоў нашых падняў Ісуса, якога вы забілі, паве́сіўшы на дзе́раве.
Бог айцоў нашых падняў Езуса, каторага вы забілі, павесіўшы на дрэве.
Яго Бог правіцай сваёй узвысіў на Павадыра й Спаса, каб даць Ізраілю пакаяньне й адпушчэньне грахоў.
Гэтага павадыра і збаўцу ўзвысіў Бог правіцаю сваею, каб даць пакутаваньне Ізраілю і адпушчэньне грахоў.
І сьве́дкі Яго на словы гэтыя — мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго.
І мы ёсьць сьведкі гэтых слоў і Дух сьвяты, каторага даў Бог усім паслушным яму.
Тыя-ж, слухаючы, ажно лопаліся ды ра́дзіліся, каб пазабіваць іх.
Пачуўшы гэтае надрываліся і думалі іх забіць.
Устаўшы-ж адзін у сынэдрыоне, фарысэй, на імя Гамаліэль, вучыцель закону, паважаны ўсім народам, загадаў на часіну вывясьці Апосталаў
Устаўшы-ж у Радзе адзін фарызэй, на імя Гамаліель, вучыцель закону, паважаны ўсім народам, загадаў людзям накоратка выйсьці
ды сказаў ім: Мужы Ізраільскія, разважце з сабою аб людзях гэтых, што́ маеце зрабіць.
і сказаў да іх: Мужы ізраільскія, уважайце на сябе адносна гэтых людзей, што маеце рабіць.
Бо перад гэтымі днямі паўстаў быў Тэўда, кажучы, што ён ёсьць не́хта, і да яго прыстала на лік каля чатырохсот людзей; ён забіты, і ўсе́, што́ слухаліся яго, разыйшліся й абярнуліся ў нішто.
Бо прад гэтымі днямі паўстаў Тэод, кажучы, што ён ёсьць нехта; да яго прыстала лікам каля чатырохсот мужоў; ён быў забіты і ўсе, што верылі яму, былі разсеены і абернуты ў нішто.
Пасьля яго ў дні сьпісаваньня паўстаў Юда Галіле́янін ды пацягнуў за сабою даволі народу; дый той пагіб, і ўсе́, што слухаліся яго, рассыпаліся.
Пасьля гэтага паўстаў Юда Галілеец у дні перапісу і пацягнуў за сабою народ; і ён загінуў, і ўсе, каторыя — толькі прысталі да яго, разсыпаліся.
І цяпе́р кажу вам: пакіньце гэтых людзе́й і дайце ім волю; бо, калі ад людзе́й рада гэтая ці дзе́ла гэтае, дык змарне́е,
Дык і цяпер кажу вам, адступеце ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэта рада ці справа ад людзей, яна раскідаецца;
а калі ад Бога, дык ня здолееце зьніштожыць яго, дый каб самі ня сталіся змагарамі проці Бога.
але калі яна з Бога, ня зможаце яе раскінуць, каб часам вам ня прыйшлося змагацца і з Богам. І згадзіліся з ім.
Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы Апосталаў, пабіўшы, загадалі не гаварыць аб імі Ісуса ды звольнілі іх.
І паклікаўшы апосталаў, набіўшы іх, загадалі, каб яны зусім не гаварылі ў імя Езуса, і пусьцілі іх.
Тыя-ж пайшлі ад аблічча сынэдрыонавага, радыя, што сталіся годнымі зьняважэньня за імя Ягонае,
А яны ішлі ад вобліку Рады, цешачыся, што сталіся годнымі цярпець зьнявагу за імя Езус.
ды кожын дзе́нь у храме й дома ня кідалі навучаць і абвяшчаць пра Ісуса Хрыста.
І не пераставалі кожны дзень у сьвятыні і па дамох навучаць і апавяшчаць Езуса Хрыста.