Дзеі 8 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І сталася ў той дзе́нь вялікае перасьле́даваньне царквы ў Ерузаліме. Дык усе́, апрача Апосталаў, расьцярушыліся па зе́млях Юдэі й Самарыі.
 
Стаўся-ж у той дзень вялікі прасьлед Касьцёла, які быў у Ерузаліме. І разсыпаліся ўсе па краінах Юдэі І Самарыі, апроч апосталаў.

А Сьцяпана пахавалі багабойныя людзі ды ўчынілі па ім галошаньне вялікае.
 
І пахавалі Сьцяпана багабойнага людзі і ўчынілі над ім вялікі плач.

Саўл жа нішчыў царкву і, уваходзячы ў дамы́ ды цягнучы мужчын і жанчын, аддаваў у вязьніцу.
 
Шавал-жа пустошыў Касьцёл; уваходзячы ў дамы і цягнучы мужоў і жанчын, ён аддаваў у вастрог.

А тыя, што паразьбягаліся, хадзілі і абвяшчалі слова.
 
Дык каторыя былі разсыпаўшыся, хадзілі, абвяшчаючы слова Божае.

Піліп жа, прыйшоўшы ў ме́ста Самарыйскае, абвяшчаў ім Хрыста.
 
Філіп-жа, зайшоўшы ў горад Самарыі, абвяшчаў ім Хрыстуса.

І грамады народу аднадушна прыслухоўваліся да прамоваў Піліпавых, чуючы й бачучы знаме́ньні, якія рабіў.
 
А грамады ўважалі на тое, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і відзячы знакі, якія чыніў.

Бо нячыстыя духі із многіх, што ме́лі іх, выходзілі, моцным голасам галосячы, ды многа спараліжаваных і храмых паздараве́ла.
 
Бо з многіх тых, якія мелі духаў нячыстых, выходзілі яны, крычачы вялікім голасам; і многа спаралізаваных і кульгавых было аздароўленых.

І сталася радасьць вялікая ў ме́сьце гэным.
 
Дык сталася вялікая радасьць у гэтым горадзе.

Быў-жа пе́рш у ме́сьце тым адзін чалаве́к, на ймя Сымон, які чараваў ды задзіўляў народ Самарыйскі, удаючы не́кага вялікага.
 
Адзін-жа муж, на імя Сымон, каторы быў перад гэтым у горадзе чараўніком, зводзячы народ Самарыі, кажучы, што ён ёсьць нешта вялікае.

І ўзіраліся на яго ўсе́ ад малога да вялікага, кажучы: Гэты ёсьць вялікая моц Божая.
 
Яго слухалі ўсе ад найменшага аж да найбольшага, кажучы: Ён ёсьць моц Божая, што завецца вялікая.

А ўзіраліся на яго затым, што даволі часу чарамі іх задзіўляў.
 
А ўважалі яго затым, што праз многа часу сваімі чарамі чмуціў іх.

Калі-ж паве́рылі Піліпу, які абвяшчаў ім Царства Божае ды ймя Ісуса Хрыста, мужчыны й жанчыны хрысьціліся.
 
Калі-ж уверылі Філіпу, абвяшчаючаму аб каралеўстве Божым, хрысьціліся ў імя Езуса Хрыста мужы і жанкі.

Дый Сымон і той паве́рыў і, ахрысьціўшыся, быў пры Піліпе. Бачучы-ж знакі й цуды вялікія, што рабіліся, здумяваўся.
 
Тады і сам Сымон уверыў, і калі быў ахрышчаны, прыстаў да Філіпа. Бачачы так-жа, што дзеяліся дужа вялікія знакі і цуды, ён аслупянеўшы дзівіўся.

Апосталы-ж, што ў Ерузаліме былі, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі ім Пятра ды Іоана,
 
Калі-ж пачулі апосталы, каторыя былі ў Ерузаліме, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна.

якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога,
 
Яны прыйшоўшы, маліліся за іх, каб атрымалі Духа сьвятога;

(бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса).
 
бо яшчэ ня прыйшоў на нікога з іх, але былі толькі ахрышчаны ў імя Пана Езуса.

Тады яны паўскладалі на іх рукі, і тыя прынялі Духа Сьвятога.
 
Тады клалі на іх рукі і атрымоўвалі Духа сьвятога.

Сымон-жа, убачыўшы, што праз ускладаньне рук Апосталавых дае́цца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,
 
Калі-ж убачыў Сымон, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух сьвяты, прынёс ім грошы,

кажучы: Дайце і мне́ гэткую ўладу, каб той, на каго палажу рукі, прыняў Духа Сьвятога.
 
кажучы: Дайце і мне гэту ўладу, каб на каго-колечы я ўзлажу рукі, атрымаў ён Духа сьвятога. А Пётр сказаў да яго:

Пётр жа сказаў да яго: Няхай серабро твае́ будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты маніўся за грошы здабыць.
 
Грошы твае няхай будуць з табою на згубу, бо ты думаў, што дар Божы здабываецца за грошы.

Нямашака табе́ часьціны й долі ў слове гэтым, бо сэрца твае́ ня правае перад Богам.
 
Няма для цябе часьці ані долі у мове гэтай, бо сэрца тваё ня ёсьць простае перад Богам.

Дык пакайся ў гэтай нягоднасьці тваёй ды малі Бога: мо́ думка сэрца твайго будзе табе́ даравана.
 
Дык кайся ў гэтай нягоднасьці тваей і прасі Бога, а можа будзе адпушчана табе гэтая думка сэрца твайго.

Бо бачу цябе́ ў гарчыні жоўці ды ў путах няпраўды.
 
Бо я бачу, што ты ёсьць у жоўці гарчыні і ў зьвязе нягоднасьці.

І Сымон, адказываючы, сказаў: Памаліцеся Госпаду за мяне́ вы, каб нішто на мяне́ не найшло з таго, аб чым вы казалі.
 
Адказваючы-ж Сымон сказаў: Малецеся вы за мяне да Пана, каб ня прыйшло на мяне нічога з таго, што вы сказалі.

Яны-ж, пасьве́дчыўшы й расказаўшы слова Гасподняе, вярнуліся ў Ерузалім ды шмат дзе́ ў вёсках Самарыйскіх абвяшчалі Эвангельле.
 
Яны-ж пасьведчыўшы і расказаўшы слова Пана, варочаліся ў Ерузалім, і абвяшчалі эванэлію ў многіх краінах самаранаў.

І Ангел Гасподні прамовіў да Піліпа, гаворачы: Устань ды йдзі напаўдзён па дарозе, што йдзе́ з Ерузаліму ў Газу; яна пустая.
 
Анёл-жа Панскі сказаў да Філіпа, кажучы: Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, якая з Ерузаліму ідзе ў Газу, яна пустая.

І, устаўшы, пайшоў. І вось муж Эфіопскі, е́ўнух, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопаў, што быў над усімі скарбамі яе́ ды е́зьдзіў у Ерузалім пакланіцца,
 
І ўстаўшы пайшоў. І вось муж этыопец, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы этыопскай, каторы быў над усімі яе скарбамі, быў прыйшоўшы у Ерузалім пакланіцца.

варочаўся назад і, се́дзячы на возе сваім, чытаў прарока Ісаю.
 
І варочаўся, седзячы на возе сваім і чытаючы Ізаія прарока.

І сказаў Дух Піліпу: Падыйдзі й прыстань да возу гэтага.
 
І сказаў Дух Філіпу: Падыйдзі і далучыся да гэтага возу.

Прыбе́гшы-ж, Піліп пачуў, што той чытае Ісаю, дый сказаў: Ці разуме́еш тое, што чытаеш?
 
Прыбегшы-ж Філіп пачуў яго чытаючы Ізаія прарока і сказаў: Думаеш, разумеш, што чытаеш?

Той-жа сказаў: Як здолею, калі хто не давядзе́ мне́? Дый папрасіў Піліпа ўзьлезьці й се́сьці з ім.
 
Ён сказаў: І як-жа я здолею, калі мне хто не пакажа? І прасіў Філіпа, каб узьлез і сеў з ім.

Ме́сца-ж Пісаньня, што ён чытаў, было гэткае: Як аве́чку на ўбой, вялі Яго; і як ягня ёсьць безгалосае перад тым, хто стрыжэ яго, гэтак і Ягоныя вусны не расчыняцца.
 
Месца-ж Пісаньня, якое чытаў, было гэтае (Із. 53:7-8): «Як авечка на забіцьцё быў ведзены, і як баранчык бяз голасу перад стрыгучым яго, так ён не адчыніў вуснаў сваіх.

У паніжэньні Яго суд Ягоны ўзяты. Род-жа Ягоны хто вы́вядзе? Бо жыцьцё Ягонае ўзята будзе ад зямлі (Ісая 53:7−8).
 
У паніжэньні суд ягоны быў зьнесены; род ягоны хто выкажа? Бо ўзятае будзе з зямлі жыцьцё ягонае».

І, адказваючы, сказаў е́ўнух Піліпу: Прашу цябе́: аб кім прарок гавора гэтае? Аб самым сабе́, ці аб кім іншым?
 
І адказваючы еўнух Філіпу, сказаў: Прашу цябе, аб кім прарок кажа гэта, аб сабе ці аб кім іншым?

Піліп-жа, расчыніўшы вусны свае́ ды пачаўшы ад пісаньня гэнага, абвяшчаў яму Ісуса.
 
А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад гэтага Пісаньня, абвяшчаў яму Езуса.

Едучы-ж па дарозе, прыйшлі к вадзе́; і сказаў е́ўнух: Вось вада; што-ж перашкаджае мне́ ахрысьціцца?
 
А калі яны ехалі дарогаю, прыехалі да нейкае вады. І сказаў еўнух: Вось вада, што мне перашкаджае ахрысьціцца?

І сказаў Піліп: Калі ве́руеш з усяго сэрца, дык можна. І, адказываючы, сказаў: ве́рую, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы.
 
Філіп-жа сказаў: Калі верыш з усяго сэрца, можна. І адказваючы сказаў: Веру, што Езус Хрыстус ёсьць Сын Божы.

І загадаў затрымаць воз. І зыйшлі абодва ў ваду, Піліп з е́ўнухам, і ахрысьціў яго.
 
І загадаў затрымаць воз, і ўвайшлі абодва ў ваду, Філіп і еўнух, і ахрысьціў яго.

Калі-ж выйшлі із вады, Дух Гасподні схапіў Піліпа, і е́ўнух больш ня бачыў яго, бо пае́хаў у сваю дарогу усьце́шаны.
 
А калі выйшлі з вады, Дух сьвяты хваціў Філіпа, і болей ня бачыў таго еўнух, але ехаў дарогаю сваею, радуючыся.

Піліп-жа апынуўся ў Азоце; і, праходзячы, абвяшчаў Эвангельле па ўсіх гарадох, пакуль прыйшоў у Кесарыю.
 
А Філіп знайшоўся ў Азоце, і праходзячы абвяшчаў эванэлію усім народам, пакуль ня прыйшоў у Цэзарэю.