Дзеі 7 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага
І сказаў ахрірэй: Ці-ж гэта так?
І сказаў архісьвятар: Ці гэта так маецца?
Той-жа адказаў: Паслухайце, мужы браты і айцы! Бог славы зьявіўся айцу нашаму Аўрааму, калі той быў у Мэзапатаміі, пе́рш, чым быў асе́ўшы ў Харране,
Ён сказаў: Мужы браты і айцы, слухайце. Бог славы зьявіўся айцу нашаму Абрагаму, калі ён быў у Мэзопотаміі, перш чым пасяліўся ў Гаране,
ды прамовіў да яго: Выйдзі з зямлі тваёй і з сям’і тваёй, ды йдзі ў зямлю, якую табе́ пакажу.
і сказаў да яго: Выйдзі з зямлі тваей і з радні тваей, , і ідзі ў зямлю, якую я пакажу табе (Гэн. 12:1).
Тады, выйшаўшы з зямлі Хальдэйскае, асе́ў ён у Харране. І стуль, пасьля сьме́рці бацькі ягонага, перасяліў яго ў тую зямлю, у якой вы цяпе́р жывецё.
Тады выйшаў з зямлі Хальдэйскай і жыў у Гаране. І стуль, потым як памёр ягоны бацька, перанёс яго ў гэтую зямлю, у каторай вы цяпер жывецё.
І ня даў яму ў ёй спадчыны ні на стапу́ нагі; і абяцаў яму даць яе́ ў валаданьне яму й патомству ягонаму пасьля́ яго, а ня было ў яго тады дзіцяці.
І ня даў яму ў ей спадчыны ані на крок нагі, але абяцаўся даць яму яе ў уладаньне і патомству ягонаму пасьля яго, хоць ён ня меў сына.
І прамаўляў да яго Бог гэтак: Што патомкі ягоныя будуць прыхаджанамі ў чужой зямлі, і паняволяць іх ды будуць мучыць іх чатырыста гадоў.
І гаварыў яму Бог, што патомства ягонае будзе прышлым у чужой зямлі, і паддадуць іх у няволю, і будуць дрэнна з імі абходзіцца праз чатырыста гадоў.
Але я, сказаў Бог, учыню суд над народам, якому будуць яны рабамі; і пасьля то́га яны выйдуць і будуць служыць Мне́ ў гэтым ме́сцы.
А народ, катораму яны будуць служыць, я буду судзіць, сказаў Пан; а пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць мне на гэтым месцы.
І даў яму запаведзь абразаньня. І гэтак ён спарадзіў Ізаака ды абрэзаў яго на восмы дзе́нь; а Ізаак Якава, а Якаў дванаццаць патрыархаў.
І даў яму ўмову абразаньня. І так радзіў Ізаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень, а Ізаак Якуба, а Якуб дванаццаць патрыярхаў.
І патрыархі праз завісьць прадалі Язэпа ў Эгіпет; і Бог быў з ім
А патрыярхі завідуючы, прадалі Якуба ў Эгіпет. І Бог быў з ім,
і ратаваў яго з усіх бе́д ягоных, і даў яму ласку й мудрасьць перад Фараонам, царом Эгіпецкім; і той паставіў яго за начальніка над Эгіптам дый над усім домам сваім.
і вырваў яго з усіх уцісьненьняў ягоных; і даў яму ласку і мудрасьць прад вачамі фараона, караля эгіпскага; і паставіў яго начальнікам над Эгіптам і над усім домам сваім.
І прыйшоў голад на ўсю зямлю Эгіпецкую ды Ханаанскую і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці.
І прыйшоў голад на ўвесь Эгіпет і Ханаан і вялікае ўцісьненьне і не знаходзілі ежы айцы нашыя.
Якаў жа, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў пе́ршы раз нашых айцоў,
Калі-ж пачуў Якуб, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў айцоў нашых першы раз.
а другім разам Язэп быў пазна́ны братамі ягонымі, і Фараону выявіўся род Язэ́павы.
А за другім разам пазнаны быў Язэп братамі сваімі і выяўлены фараону род ягоны.
І Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго, Якава, ды ўсю сям’ю ягоную, душ се́мдзесят пяць.
Язэп-жа, паслаўшы, паклікаў Якуба, бацьку свайго і ўсю радню сваю, семдзесят пяць душ.
І Якаў перабраўся ў Эгіпет ды паме́р тутака сам і нашы айцы;
І перайшоў Якуб у Эгіпет. І памёр ён і айцы нашы,
і перане́сьлі іх у Сіхе́м ды паклалі ў магілы, што закупіў Аўраам за цану серабра ў сыноў Ямора Сіхе́мавага.
і перанесены яны ў Сыхем і паложаны ў гробе, які купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Гэмора, Сыхемавага сына.
А як набліжаўся час абяцаньню, якім кляўся Бог Аўрааму, нарастаў народ ды памнажаўся ў Эгіпце
Калі-ж прыбліжыўся час абяцаньня, якое выказаў Бог Абрагаму, узрос народ і размножыўся ў Эгіпце, каторы ня знаў Язэпа,
да часу, калі настаў новы цар, што ня ве́даў Язэпа.
пакуль не настаў іншы кароль у Эгіпце, каторы ня знаў Язэпа.
Той, хітруючы проці народу нашага, уціскаў айцоў нашых, прымушаючы выкідаць дзіцянятак, каб не выжывалі.
Гэты, хітра выступаючы проціў нашага народу, прыціскаў айцоў нашых, каб выкідалі сваіх дзяцей, каб яны ня жылі.
У тым часе ўрадзіўся Майсе́й ды быў угодны Богу; яго гадавалі тры ме́сяцы ў доме бацькі ягонага.
У тым-жа часе радзіўся Майсей і быў ён мілы Богу. Праз тры месяцы быў ён гадаваны ў доме бацькі свайго,
Калі-ж выкінулі, дык узяла яго дачка́ Фараонава дый узгадавала яго за сына сабе́.
а калі быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і выгадавала яго сабе за сына.
І навучыўся Майсе́й усяе́ мудрасьці Эгіпецкае і быў дуж у словах і дзялох.
І быў Майсей навучаны ўсей мудрасьці эгіпскей і быў магутны ў славах і ў чынах сваіх.
Калі-ж мінула яму сорак гадоў ве́ку, прыйшло яму на сэрца даве́дацца братоў сваіх, сыноў Ізраілявых.
Калі-ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму ў сэрца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраіля.
І, убачыўшы, як аднаго крыўдзілі, заступіўся за яго дый памсьціўся за пакры́ўджанага, забіўшы Эгіпцяніна.
І калі ўбачыў аднаго церпячага крыўду, заступіўся за яго і памсьціўся за пакрыўджанага, забіўшы эгіпцяніна.
Ён думаў, што браты ягоныя зразуме́юць, што Бог ягонай рукой дае́ць ім выбаўле́ньне; ды тыя не зразуме́лі.
Думаў-жа ён, што браты зразумеюць, што Бог ягонай рукой даець ім выбаўленьне; але яны не зразумелі.
На другі-ж дзе́нь ён зьявіўся ім, як яны біліся, ды вёў іх да згоды, мовячы: О, мужы, вы-ж — браты! Чаму-ж крыўдзіце адны адных?
А на другі дзень зьявіўся, калі яны в`адзіліся і гадзіў іх у супакою кажучы: Мужы, вы-ж браты, нашто вы адзін другога крыўдзіце?
Але той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: Хто паставіў цябе́ за начальніка й судзьдзю над намі?
Але той, каторы рабіў крыўду бліжняму, адпіхнуў яго, кажучы: Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі?
Ці й мяне́ хочаш забіць, як забіў учора Эгіпцяніна?
Ці хочаш забіць мяне, так як учора забіў эгіпцяніна?
І ўцёк Майсе́й на слове гэтым ды быў прыхаджанінам у зямлі Мадыямскай, дзе спарадзіў двух сыноў.
І ўцёк Майсей на гэтае слова і стаўся пасяленцам у Мадыянскай зямлі, дзе радзіў двух сыноў.
Калі-ж мінула сорак гадоў, паказаўся яму ў пустыні пад гарою Сынаем Ангел Гасподні ў вагнявым полымі ў кусьце́.
Калі-ж мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні Сынайскай гары Анёл у полымі гаручага куста.
Майсе́й жа, убачыўшы, дзівіўся з ба́чанага; калі-ж падыходзіў разглядзе́ці, пачуўся да яго голас Госпада:
Майсей-жа, убачыўшы, дзівіўся з бачанага. І калі ён падыходзіў, каб паглядзець, стаўся да яго голас Панскі, кажучы:
Я — Бог айцоў тваіх, Бог Аўраама й Бог Ізаака й Бог Якава. І, задрыжэўшы, Майсе́й не адважыўся ўглядацца.
Я ёсьць Бог айцоў тваіх, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба. І задрыжаўшы Майсей, не адважваўся глядзець.
Госпад жа сказаў яму: Разуй вобуй з ног тваіх, бо ме́сца, дзе́ ты стаіш, сьвятая зямля.
Пан-жа сказаў яму: Ззуй абутак ног тваіх, бо месца, на каторым стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
Я глядзе́ў і ўбачыў у́ціск народу Майго, што́ ў Эгіпце, ды пачуў стагнаньне ягонае. І зыйшоў вызваліць яго. Дык ідзі цяпе́р, я пашлю цябе́ ў Эгіпет.
Я відзячы відзеў уцісьненьне народу майго, што ёсьць у Эгіпце, і пачуў стагананьне іх, і зыйшоў вызваліць іх. А цяпер хадзі і пашлю цябе ў Эгіпет.
Таго Майсе́я, якога яны вы́ракліся, мовячы: Хто паставіў цябе́ за начальніка й судзьдзю? — яго Бог за начальніка й збавіцеля паслаў рукой Ангела, што паказаўся яму ў кусьце́.
Гэтага Майсея, якога яны адракліся, кажучы: «Хто цябе паставіў за начальніка і судзьдзю», гэтага Бог паслаў за начальніка і выбаўцу, з рукою Анёла, каторы яму зьявіўся ў кусьце.
Ён вы́веў іх, зрабіўшы цуды й знаме́ньні ў зямлі Эгіпецкай і ў Чырвоным моры і ў пустыні ў працягу сараку́ гадоў.
Гэты іх вывеў, учыніўшы цуды і знакі ў зямлі Эгіпскай і ў Чырвоным моры і ў пустыні праз сорак гадоў.
Гэта той Майсе́й, што сказаў сыном Ізраілявым: Паставіць вам Госпад Бог ваш Прарока із братоў вашых, як мяне́; яго слухайце.
Гэта Майсей, каторы сказаў сыном Ізраіля: Прарока падыме вам Бог з братоў вашых, так як мяне, яго будзеце слухаць (Дт. 18:15).
Той гэта, што быў у пустыні на зборцы з Ангелам, які з ім гутарыў на гары Сінаі, ды з айцамі нашымі; ён жа прыняў жывыя словы, каб даць нам.
Гэта ён, каторы быў на сабраньні ў пустыні з Анёлам, які гаварыў яму на гарэ Сынай і з айцамі нашымі; каторы атрымаў словы жыцьця, каб даць нам.
Якога не хаце́лі слухацца айцы́ нашыя, але адапхнулі яго ды зьвярнулі сэрцы свае́ да Эгіпту,
Каторага не хацелі слухацца айцы нашыя, але адкінулі і адвярнуліся сэрцам сваім да Эгіпту,
кажучы Аарону: Зрабі нам багоў, якія-б ішлі напе́радзе нас, бо з Майсе́ем, тым, што вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ве́даем, што сталася з ім.
кажучы да Аарона: Зрабі нам багоў, якія-б ішлі перад намі, бо Майсей гэты, каторы нас вывеў з зямлі Эгіпскай, мы ня ведаем, што з ім сталася.
І зрабілі ў тыя дні цяля́, і прыне́сьлі ахвяру ідалу, і це́шыліся з дзе́ла рук сваіх.
І зрабілі ў тыя дні цялё, і ахвяравалі балвану ахвяру, і цешыліся з учынкаў рук сваіх.
І адвярнуўся Бог і аддаў іх, каб служылі войску нябе́снаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: Доме Ізраілявы, ці прыносілі вы Мне́ бітае й ахвяры ў працягу сараку́ гадоў у пустыні?
І адвярнуўся Бог і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як ёсьць напісана ў кнізе прарокаў (Ам. 5:25-27): «Ці вы ахвяравалі мне ахвяры і жэртвы праз сорак гадоў у пустыні, доме Ізраіляў?
І паднялі вы палатку Малохаву ды зорку бога Вашага Рэмфана, абразы́, што парабілі, каб ім пакланяцца. Дык перасялю вас ажно за Вавілон.
І вы прынялі палатку Молоха і зорку бога вашага Рэмфана, фігуры, каторыя вы ўчынілі, каб ім кланяцца. І перанясу вас за Бабілон».
Палатка сьве́дчаньня была ў айцоў нашых у пустыні, як загадаў той, што прамаўляў да Майсе́я, зрабіць яе́ на ўзор ба́чанае.
Палатка пасьведчаньня была з айцамі нашымі ў пустыні, як загадаў ім Бог, гаворачы да Майсея, каб зрабіў яе паводле формы, якую бачыў.
Яе́, узяўшы, і зане́сьлі айцы нашыя з Ісусам у зе́млі пага́наў, якіх Бог выгнаў ад аблічча айцоў нашых, да дзён Давіда,
Яе прыняўшы айцы нашыя і ўвялі ў Ёзуэм у дзіржаву паганаў, каторых прагнаў Бог ад вобліку айцоў нашых, аж да дзён Давіда.
які знайшоў ласку ў вачох Бога ды маліў, каб знайсьці жыльлё Богу Якава.
Ён знайшоў ласку ў Бога, і прасіў, каб знайсьці палатку Богу Якуба.
Салямон жа пабудаваў яму дом.
Саламон-жа збудаваў яму дом.
Але Найвышэйшы ня ў твораных рукамі дамох жыве́ць, як кажа Прарок.
Але Найвышэйшы ня ў твораных рукамі жыве, як кажа прарок (Із. 66:1-2):
Госпад гавора: Не́ба — пасад Мой, зямля-ж — падножжа ног Маіх. Які-ж дом пабудуеце Мне́? Ці якое ме́сца дзеля супачынку Майго?
«Неба для мяне пасад, а зямля падножжа ног маіх. Які дом вы для мяне збудуеце, кажа Пан, або якое мнсца майго спачынку?
Ці-ж не Мая́ рука стварыла ўсё гэтае? (Ісая 66:1−2.)
Ці-ж не мая рука ўчыніла ўсё гэтае?»
Людзі з цьвёрдым каркам, ды з неабрэзаным сэрцам і вушыма! Вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як айцы вашыя, так і вы.
Вы цьвёрдага карку і неабрэзаных сэрцаў і вушэй, вы заўсёды працівіцёся Духу сьвятому; як айцы вашыя, так і вы.
Каго із Прарокаў ня гналі айцы вашыя? І пазабівалі прадве́сьнікаў прыходу Справядлівага, здраднікамі й забойцамі Якога вы цяпе́р сталіся.
Каторага з прарокаў не прасьледавалі айцы вашыя? І забылі тых, каторыя прадвяшчалі прыход Справядлівага, якога вы цяпер былі здраднікамі і забойцамі;
Вы прынялі закон па загаду Ангелаў, ды не захавалі яго.
вы, каторыя атрымалі закон пры распарадку анёлаў, і не бераглі.
Слухаючы-ж гэта, яны лопаліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго.
Слухаючы-ж гэтага, надрываліся сэрцы іх і скрыгаталі на яго зубамі.
Ён-жа, поўны Духа Сьвятога, паўзіраўшыся на не́ба, угле́дзіў славу Божую ды Ісуса, стоючы праваруч Бога,
А ён, будучы поўны Духа сьвятога, углядаючыся ў неба, убачыў славу Божую і Езуса, стаячага праваруч Бога. І сказаў: Вось бачу неба адчыненае і Сына чалавечага, стаячага праваруч Бога.
і сказаў: Вось, бачу нябёсы расчыненыя і Сына Чалаве́чага, стоючы праваруч Бога.
Яны-ж, закрычаўшы вялікім голасам, заткнулі свае вушы і аднадушна кінуліся на яго.
Яны-ж, загаласіўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае́ ды аднадушна кінуліся на яго
І выкінуўшы яго за горад, камянавалі, а сьведкі палажылі сваё адзеньне каля ног дзяцюка, каторы называўся Шавал.
і, вывеўшы за ме́ста, закаменавалі яго. А сьве́дкі паклалі вопраткі свае́ ля ног дзяцюка на ймя Саўла
І камянавалі Сьцяпана, усклікаючага і кажучага: Пане Езу, прыймі духа майго!
ды білі камнямі Сьцяпана, які маліўся мовячы: Госпадзе Ісусе, прымі дух мой!
А стаўшы на калені, закрычаў вялікім голасам, кажучы: Пане, не палічы ім гэтага граху. І сказаўшы гэтае, заснуў у Пану. Шавал-жа быў згодны на ягону сьмерць.
І, укле́нчыўшы, загаласіў моцным голасам: Госпадзе, не паліч ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, паме́р. Саўл жа пахваляў забойства яго.