Дзеі 6 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага
У тыя-ж дні, як намножылася вучняў, узьнялося нараканьне Грэцкіх на Гэбрэяў, што ў штодзённым служэньні ня ру́пяцца аб удовах іхніх.
У гэныя-ж дні, калі ўзрастаў лік вучняў, паднялося нараканьне грэкаў проціў жыдоў, таму што ў штодзённым паслугаваньні былі крыўджаныя іхныя ўдовы.
Дык дванаццацёра, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі: Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць за сталом.
Дык дванаццацёх, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі: Гэта ня добра, каб мы пакідалі слова Божае, а служылі для сталоў.
Вось-жа, браты, нагле́дзьце спасярод вас се́м дазнаных мужоў, поўных Духа Сьвятога й мудрасьці, якіх паставім на гэту патрэбу,
Дык нагледзьце, браты, спасярод вас, сем мужоў з добрым пасьведчаньнем, поўных Духа сьвятога і мудрасьці, каторых-бы нам паставіць над гэтай справай.
а мы ўсьцяж будзем на малітве й служэньні слова.
А мы будзем пільнавацца малітвы і паслугаваньня слова.
І спадабалася слова гэтае ўсе́нькай грамадзе. І выбралі Сьцяпана, мужа поўнага ве́ры й Духа Сьвятога, і Піліпа й Прахора й Ніканора, і Тымона ды Парме́на, і Мікалая Антыахійца, нованаве́рненага,
І спадабалася мова перад усей грамадой. І выбралі Сьцяпана, мужа поўнага веры і Духа сьвятога, і Філіпа, і Прахора, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна і Мікалая Антыохійца, прозэліта.
ды паставілі іх перад Апосталамі; і яны, памаліўшыся, узлажылі на іх рукі.
Гэты паставілі перад воблікам апосталаў і памаліўшыся, узлажылі на іх рукі.
І слова Божае расло, і лічба вучняў у Ерузаліме ве́льмі мно́жылася, ды вялікае множства сьвяшчэньнікаў скары́лася перад ве́рай.
А слова Пана расло, і лік вучняў у Ерузаліме множыўся вельмі; вялікая так-жа грамада сьвятараў была паслушна веры.
Сьцяпан-жа, поўны ве́ры й сілы, рабіў цуды й знаме́ньні вялікія ў народзе.
Сьцяпан-жа, поўны ласкі і моцы, чыніў цуды і вялікія знакі ў народзе.
І паўсталі некаторыя із школы, называнай Лібэртынскай, ды з Кірэнэйскай і Александрыйскай, дый з тых, што з Кілікіі й Азіі, разважаючы разам з Сьцяпанам;
І паўсталі некаторыя з бажніцы, якая завецца лібэртынаў і Цырэнэяў, і Александрыйцаў, і тых, што былі з Цыліцыі і з Азіі, спрачаючыся з Сьцяпанам.
ды ня здолелі ўстая́ці супраць мудрасьці й духа, якім прамаўляў.
І не маглі устаяць супроць мудрасьці і Духа, каторы гаварыў.
Тады падбілі людзе́й, каб казалі: што чулі мы яго, як гаварыў рэчы ганебныя на Майсе́я і Бога.
Тады падаслалі мужоў, каб яны казалі, што чулі яго гаворачы словы блюзьнерства на Майсея і на Бога.
І падбурылі народ і старшызну ды кніжнікаў і, напаўшы, схапілі яго й павялі ў сынэдрыон,
І так падбурылі народ і старшых і кніжнікаў, і зьбегшыся, хвацілі яго і прывялі ў Раду.
і паставілі фальшывых сьве́дкаў, якія казалі: Гэты чалаве́к ня кідае гаварыць гане́бныя рэчы супраць гэтага сьвятога ме́сца й супраць закону,
І паставілі фальшывых сьведкаў, каторыя казалі: Гэта чалавек не перастае гаварыць словы проціў месца сьвятога і закону.
бо мы чулі, як ён казаў: што Ісус Назарэй зруйнуе ме́сца гэтае ды пазьмяняе звычаі, што перадаў нам Майсе́й.
Бо мы чулі, як ён казаў: што Езус Назарэнскі гэты зруйнуе гэтае месца і зьменіць звычаі, якія нам перадаў Майсей.
І ўсе́ тыя, што сядзе́лі ў сынэдрыоне, пільна ўзіраючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча Ангела.
І ўглядаючыся на яго ўсе, што былі ў Радзе, бачылі твар ягоны, як твар анёла.