Дзеі 10 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Быў жа ў Кесарыі муж не́йкі, на ймя Карнэль, сотнік із роты, называнай Італійскай,
 
Быў-жа ў Цэзарыі адзін муж, на імя Карнэль, сотнік роты, якая завецца Італійскай,

пабожны й багабойны разам з усе́нькім домам сваім; багата абдорываў ён народ ды ўсьцяж маліўся Богу.
 
набожны і багабойны з усім домам сваім, робячы вялікае дарэньне для народу і молячыся заўсёды Богу.

Ён бачыў ясна ў зьяве, каля дзявятае гадзіны дня, як увайшоў да яго Ангел Божы і сказаў: Карнэль!
 
Ён відзеў яўна ў відзеньні, каля дзевятае гадзіны дня, анёла Божага ўваходзячага да яго і кажучага яму: Карнэль!

Ён жа, глянуўшы на яго ды спалохаўшыся, сказаў: Хто ты, Госпадзе? І сказаў да яго: Малітвы твае́ й дораньне тваё ўзыйшлі на памяць перад абліччам Бога.
 
А ён, углядаючыся на, зьняты страхам, сказаў: Што, Пане? Ён-жа сказаў яму: Малітвы твае і дарэньні твае ўзыйшлі на памяць перад вачыма Божымі.

Дык пашлі цяпе́р у Іоппу людзе́й ды пакліч праз іх Сымона, што называецца Пятром;
 
А цяпер пашлі мужоў у Ёппу і пакліч нейкага Сымона, каторы завецца Пятром,

ён у гасьцёх у не́йкага Сымона, гарбара, дом якога ля мора. Ён скажа табе́, што трэба табе́ рабіць.
 
ён гасьціць у нейкага Сымона гарбара, каторага дом пры моры: ён табе скажа, што табе трэба рабіць.

Калі-ж Ангел, што гутарыў з Карнэлем, пайшоў, ён, клікнуўшы двое слуг сваіх і пабожнага жаўне́ра із тых, што былі пры ім,
 
І калі адыйшоў анёл, каторы гаварыў яму, ён паклікаў двух сваіх слуг і багабойнага жаўнера, з тых, што былі яму падданы.

ды ўсё ім расказаўшы, паслаў іх у Іоппу.
 
Расказаўшы ім усё, ён паслаў іх у Ёппу.

Назаўтрае-ж, як яны былі ў дарозе й падыходзілі да ме́ста, Пётр узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны.
 
А на заўтрашні дзень, калі яны былі ў дарозе і прыбліжаліся да гораду, узыйшоў Пётр на паверх, каб памаліцца каля гадзіны шостае.

І сталася, пачуў голад ды захаце́ў е́сьці; пакуль-жа гатавалі, найшло на яго захапле́ньне,
 
І калі прагаладаўся, захацеў есьці. А калі яны гатовілі, прыйшло на яго захапленьне.

і бачыць не́ба расчыненае ды судзіну не́йкую, зыходзячы да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю,
 
І ўбачыў адчыненае неба і зыходзячую нейкуб пасудзіну, як-бы вялікі настольнік, за чатары канцы спусканы з неба на зямлю,

а ў ім былі ўсялякія чацьвёраногія зямлі, зьвяры й гады і птахі нябе́сныя.
 
у каторым былі ўсе чацьвёраногія і паўзуны і птахі нябесныя.

І стаўся голас да яго: Устань, Пётр, і забівай ды еш.
 
І стаўся голас да яго: Устань, Пётра, забівай і еш.

Пётр жа сказаў: не, Госпадзе, бо ніколі ня е́ў я паганага й нячыстага.
 
А Пётр сказаў: Ня дай таго, Пане, бо ніколі я ня еў нічога паганага і нячыстага.

І ізноў голас другі раз да яго: Што Бог ачысьціў, ты не пагань.
 
А голас ізноў другі раз да яго: Што Бог ачысьціў, таго не называй паганым.

Сталася-ж гэта тройчы. І судзіна ізноў узьнялася на не́ба.
 
І сталася гэтае праз тры разы, і зараз пасудзіна была ўзятая ў неба.

Калі-ж Пётр сумляваўся ў сабе́, што-б значыла зьява, якую бачыў, — вось людзі, пасланыя ад Карнэля, распытаўшыся аб Сымонавы дом, спыніліся ля варотаў
 
І калі Пётр сам у сабе сумняваўся, што-б гэта было за відзеньне, якое ён бачыў, вось мужы, каторыя былі пасланы Карнэлям, пытаючыся пра дом Сымонаў, сталі ля дзьвярэй.

і, крыкнуўшы, спыталіся: Ці тут у гасьцёх Сымон, называны Пятром?
 
І паклікаўшы, пыталіся, ці Сымон, каторы завецца Пётр, тут мае гасьціну.

А пад той час, як Пётр разважаў пра зьяву, сказаў яму Дух: Вось, трое людзе́й шукаюць цябе́.
 
А калі Пётр думаў ад відзеньні, сказаў яму Дух: Вось тры мужы шукаюць цябе.

Дык, устаўшы, ідзі ды пайдзі з імі, нічога не разьбіраючы: бо Я паслаў іх.
 
Дык устань, зыйдзі і ідзі з імі, нічога не сумневаючыся, бо я іх паслаў.

Зыйшоўшы-ж да гэных людзе́й, пасланых да яго ад Карнэля, Пётр сказаў: Вось я той, каго шукаеце. Што за прычына, дзеля чаго вы прыйшлі?
 
І Пётр, зыйшоўшы да мужоў, сказаў: Вось я ёсьць, каторага вы шукаеце; што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?

Яны-ж сказалі: Карнэль, сотнік, муж справядлівы й багабойны, аб якім сьве́дчыць уве́сь народ Жыдоўскі, дастаў ад сьвятога Ангела загад паклікаць цябе́ ў свой дом ды паслухаць слоў тваіх.
 
Яны сказалі: Карнэль сотнік, муж справядлівы і багабойны, і маючы пасьведчаньне ад усяго жыдоўскага народу, атрымаў загад ад анёла сьвятога паклікаць цябе ў свой дом і пачуць ад цябе словы.

Дык, запрасіўшы іх, пачаставаў. А назаўтрае Пётр пайшоў з імі, ды некаторыя із братоў, што з Іоппы, пайшлі з ім разам.
 
Дык увёўшы іх, прыняў у гасьціну. А назаўтра, устаўшы, пайшоў з імі; і некаторыя з братоў з Ёппы ішлі з ім.

І назаўтрае прыйшлі ў Кесарыю. Карнэль жа чакаў на іх, спрасіўшы родных сваіх ды блізкіх прыяцеляў.
 
На другіх дзень увайшоў у Цэзарэю. Карнэль-жа чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіях прыяцеляў.

Калі-ж сталася, што Пётр увайшоў, Карнэль, сустрэўшы яго, упаў да ног ягоных і пакланіўся.
 
І сталася, калі ўвайшоў Пётр, выйшаў насустрач яму Карнэль і ўпаўшы да ног яго, пакланіўся.

Але Пётр падняў яго, гаворачы: Устань, і я чалаве́к.
 
Але Пётр падняў яго, кажучы: Устань, і я сам ёсьць чалавек.

І, размаўляючы з ім, увайшоў ды знаходзе многа сабраных.
 
І гаворачы з ім, увайшоў і знайшоў многіх, што былі зыйшоўшыся,

І прамовіў да іх: Вы ве́даеце, што не́льга чалаве́ку Жыду лучыцца ці схадзіцца з чужынцамі; але Бог паказаў мне́ не лічыць ніводнага чалаве́ка паганым ці нячыстым.
 
і сказаў да іх: Вы ведаеце, як праціўна мужу-жыду лучыцца або прыходзіць да чужынца. Але мне паказаў Бог не называць ніводнага чалавека паганым або нячыстым.

Дзе́ля гэтага я, пакліканы, і прыйшоў, не спрачаючыся. І вось пытаюся: на што вы клікалі мяне́?
 
Дзеля гэтага бяз сумніву прыйшоў пакліканы. Дык пытаюся, дзеля якой прычыны вы паклікалі мяне?

І прамовіў Карнэль: Ад чацьве́ртага дня ажно да гэтае гадзіны я пасьціў ды ў дзявятай гадзіне маліўся ў доме маім; і вось стануў перада мною муж у бліскучай вопратцы
 
А Карнэль сказаў: Чатыры дні таму ў гэтай гадзіне маліўся я на гадзіну дзевятую ў маім доме, і вось муж стаў перада мною ў ясным адзеньні і сказаў:

ды прамовіў: Карнэль, выслухана малітва твая, і дораньне твае́ ўзыйшло на памяць перад абліччам Бога;
 
«Карнэль, выслухана ёсьць малітва твая і дарэньні твае ўспомнены перад вачыма Божымі.

дык пашлі ў Іоппу ды пакліч Сымона, што называецца Пётр: ён у гасьціне ў доме Сымона гарбара, каля мора; той, прыйшоўшы, скажа табе́.
 
Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, каторы завецца Пётр, ён гасьціць у доме Сымона гарбара каля мора».

Дык я ўраз-жа паслаў да цябе́, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. І вось мы ўсе́ стаімо перад абліччам Бога, каб выслухаць усё, што загадана табе́ ад Бога.
 
Дык зараз-жа я паслаў да цябе; і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Дык цяпер мы ўсе ёсьць прад вачамі тваімі, каб пачуць усё, што-колечы загадана табе ад Пана.

І Пётр, расчыніўшы вусны, сказаў: Запраўды спасьцерагаю, што не на аблічча ўглядаецца Бог,
 
Пётр-жа, адчыніўшы вусны свае, сказаў: Я папраўдзе пазнаў, што Бог не глядзіць на асобы,

але ў кожным народзе прые́мны Яму той, хто баіцца Бога й чыніць справядліва.
 
але ў кожным народзе той, хто баіцца яго і чыніць справядлівасьць, ёсьць прыемны для яго.

Слова паслаў сыном Ізраілявым, абвяшчаючы мір праз Ісуса Хрыста (той ёсьць Госпад усяго);
 
Слова паслаў Бог для сыноў Ізраіля, абвяшчаючы супакой праз Езуса Хрыста — ён ёсьць панам усіх.

вы ве́даеце слова, што сталася па ўсе́нькай Юдэі, пачынаючы ад Галіле́і, пасьля Хрышчэньня, якое абвясьціў Іоан:
 
Вы ведаеце, якое сталася слова па ўсей Юдэі, бо пачаўшы ад Галілеі, па хросьце, які абвясьціў Ян,

як Бог Ісуса із Назарэту памазаў Духам і моцай, што хадзіў робячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных чартом, бо з ім быў Бог.
 
аб Езусе з Назарэту, як яго намасьціў Бог Духам сьвятым і моцай, каторы прыйшоў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных д’яблам, бо з ім быў Бог.

І мы — сьве́дкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне Жыдоўскай дый у Ерузаліме. І забілі Яго, паве́сіўшы на дрэве.
 
І мы сьведкі ўсяго, што ўчыніў у краіне Юдэйскай і Ерузаліме; яго забілі, павесіўшы на дрэве.

Яго Бог ускрасіў на трэці дзе́нь і даў Яму паказвацца,
 
Яго Бог ускрасіў на трэці дзень і даў, што ён стаўся яўным,

ды не ўсяму народу, але сьве́дкам, напе́рад выбраным ад Бога, нам, што е́лі й пілі разам з Ім пасьля ўваскрасе́ньня із мёртвых.
 
не ўсяму народу, але сьведкам, выбраным наперад ад Бога, нам, каторыя елі і пілі з ім, пасьля таго як ускрос з умерлых.

І загадаў нам абвяшчаць народу й сьве́дчыць, што Ён ёсьць празначаны ад Бога судзьдзя жывых і мёртвых.
 
І загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што гэта ён ёсьць, каторы пастаўлены Богам судзьдзёю жывых і ўмерлых.

Аб ім усе Прарокі сьве́дчаць, што кожын, хто ве́руе ў Яго, дастане адпушчэньне грахоў праз імя Ягонае.
 
Яму ўсе прарокі даюць пасьведчаньне, што адпушчэньне грахоў атрымоўваюць праз імя яго ўсе, каторыя вераць у яго.

І, калі Пётр яшчэ гаварыў, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, што слухалі ягонае слова.
 
Калі Пётр яшчэ гаварыў гэтыя словы, паў Дух сьвяты на ўсіх, каторыя слухалі слова.

І ве́ручыя із абрэзаных, якія былі прыйшлі разам з Пятром, здуме́ліся, што дар Духа Сьвятога зыходзе й на паганаў:
 
І астаўпянелі верныя з абразаньня, каторыя былі прыйшоўшы з Пятром, што і на паганаў была выліта ласка Духа сьвятога.

бо пачулі іх гаворачы языкамі і ўзьвялічаючы Бога. Тады прамовіў Пётр:
 
Бо чулі іх гаворачых мовамі і славячых Бога.

Няўжо-ж хто можа забараніць вады дзе́ля хрышчэньня вось гэтых, што прынялі Духа Сьвятога, як і мы?
 
Тады адказаў Пётр: Ці-ж можа хто забараніць вады, каб ня былі ахрышчаныя гэтыя, каторыя атрымалі Духа сьвятога, так як і мы?

І загадаў ім ахрысьціцца ў імя Госпада. Тады прасілі яго, каб пабыў у іх колькі дзён.
 
І загадаў іх ахрысьціць у імя Пана Езуса Хрыста. Тады прасілі яго, каб астаўся ў іх на некалькі дзён.