Дзеі 21 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І калі сталася, што, развітаўшыся з імі, мы паплылі, то напрасткі прыбылі ў Кос, а наступнага дня ў Родас, а адтуль — у Патары;
 
Калі-ж сталася, што мы адплылі, растаўшыся з імі, мы напрасткі прыбылі ў Кос, а на другі дзень у Родос, а адтуль у Патару.

і, знайшоўшы карабель, які меў плысці ў Фэніцыю, мы селі і паплылі.
 
І калі знайшлі карабель, які адплываў у Фэніцыю, мы ўзыйшоўшы адплылі.

Убачыўшы Кіпр і пакінуўшы яго злева, мы плылі ў Сірыю і прыбылі ў Тыр, бо там карабель меў пакінуць груз.
 
Калі-ж мы паказаліся перад Цыпрам, пакінуўшы яго налева, паплылі ў Сырыю. І прыбылі ў Тыр, бо там карабель меў выгрузіць цяжар.

І, адшукаўшы вучняў, прабылі мы там сем дзён; тыя ж праз Духа казалі Паўлу, каб не ішоў у Ерузалім.
 
А знайшоўшы вучняў, мы прабылі там сем дзён; яны казалі Паўлу праз Духа, каб ня ішоў у Ерузалім.

Як прайшлі тыя дні, мы выправіліся і пайшлі, а яны ўсе разам з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас аж за горад. На ўзбярэжжы палі мы на калені і маліліся,
 
Калі- ж скончыліся дні, мы вырушыўшы ішлі. Усе праводзілі нас з жонкамі і дзяцьмі аж за горад, і стаўшы на калені на беразе, мы маліліся.

а затым развіталіся; і мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.
 
І разьвітаўшыся адны з другімі, мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся да сябе.

Скончыўшы плаванне, з Тыра прыбылі мы ў Пталемаіду і, прывітаўшыся з братамі, прабылі мы ў іх адзін дзень.
 
А мы, скончыўшы плаваньне, з Тыру прыбылі ў Птолэмаіду, і прывітаўшыся з братамі, прабылі ў іх адзін дзень.

На другі дзень мы, якія былі з Паўлам, выправіўшыся ў дарогу, прыбылі ў Цэзарэю і ўвайшлі ў дом евангеліста Піліпа, які быў з сямі, ды ў яго затрымаліся.
 
А на другі дзень вырушыўшы, прыбылі ў Цэзарэю. І ўвайшоўшы ў дом Філіпа эванэліста, каторы быў адным з сямёх, затрымаліся ў яго.

А ў яго было чатыры дачкі-дзяўчыны, якія праракавалі.
 
У яго-ж былі чатыры дочкі дзяўчаты, якія прарочылі.

Калі мы там прабылі шмат дзён, прыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаб.
 
І калі мы прабылі некалькі дзён, надыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаб.

І, калі ён прыйшоў да нас і ўзяў пояс Паўлы, то, звязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Гэта кажа Дух Святы: “Так юдэі ў Ерузаліме звяжуць чалавека, якому належыць гэты пояс, ды выдадуць яго ў рукі паганаў”».
 
Ён, прыйшоўшы да нас, узяў пояс Паўла, і зьвязаўшы сабе ногі і рукі, сказаў: Гэтае кажа Дух сьвяты: «Мужа, да каторага належыць гэты пояс, так зьвяжуць у Ерузаліме жыды і аддадуць у рукі паганаў».

Калі мы гэта пачулі, то прасілі разам з братамі, што там былі, каб ён не ішоў у Ерузалім.
 
Пачуўшы гэтае, прасілі мы і тыя, што былі з таго месца, каб ня ішоў у Ерузалім.

Тады Паўла адказаў: «Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Я гатовы не толькі ў вязніцу, але і на смерць у Ерузаліме дзеля імя Госпада Ісуса».
 
Тады адказаў Павал і сказаў: што вы робіце, плачучы і надрываючы маё сэрца? Бо я ня толькі быць зьвязаным, але і памёрці ў Ерузаліме гатоў дзеля імені Пана Езуса.

І, не здолеўшы яго пераканаць, мы саступілі, кажучы: «Хай станецца воля Госпада!»
 
А калі мы яго не маглі пераканаць, мы супакоіліся, кажучы: Няхай станецца воля Пана.

Па тых днях, прыгатаваўшыся, мы выправіліся ў Ерузалім,
 
Пасьля-ж гэтых дзён прыгатовіўшыся, мы ішлі ў Ерузалім.

і пайшлі з намі таксама некаторыя з вучняў з Цэзарэі ды завялі нас да нейкага Мназона з Кіпра, даўняга вучня, у якога знайшлі мы гасціну.
 
Ішлі-ж з намі і вучні з Цэзарэі, вядучы з сабою аднаго цыпрыйца Мнасона, даўняга вучня, у каторага мы мелі гасьціць.

І калі мы прыбылі ў Ерузалім, браты ахвотна прынялі нас.
 
І калі мы прыйшлі ў Ерузалім, браты прынялі нас ахвотна.

А на другі дзень Паўла разам з намі пайшоў да Якуба, і сабраліся таксама ўсе старэйшыя.
 
А на другі дзень увайшоў Павал з намі да Якуба і сабраліся ўсе старшыя.

Прывітаўшы іх, ён пачаў падрабязна расказваць, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз яго паслугу.
 
Прывітаўшы іх, расказваў падрабязна, што Бог учыніў сярод паганаў праз ягонае служэньне.

Чуючы гэта, яны славілі Госпада і сказалі яму: «Бачыш, брат, колькі тысяч юдэяў уверыла, ды ўсе яны рупліва берагуць закон.
 
яны-ж выслухаўшы, славілі Бога і сказалі яму: Відзіш, браце, сколькі ёсьць тысячаў пасярод жыдоў, каторыя ўверылі, а ўсе яны рупныя слугі закону.

Пра цябе ж мы чулі, што ты ўсіх юдэяў, што жывуць між паганамі, навучаеш адступніцтву ад Майсея, кажучы, што яны не павінны абразаць сваіх сыноў ды трымацца звычаяў.
 
А пачулі яны аб табе, што вучыш адступніцтва ад Майсея тых жыдоў, якія ёсьць пасярод паганаў, кажучы, што яны не павінны абразаць сыноў сваіх і паступаць паводле звычаю.

Дык што гэта? Напэўна мусіць сабрацца народ, бо дачуюцца, што ты прыйшоў.
 
Дык што-ж? Пэўне-ж трэба, каб сабраўся народ, бо пачуюць, што ты прыйшоў.

Дык зрабі, як мы табе раім: ёсць у нас чацвёра мужчын, якія ўсклалі на сябе абяцанне.
 
Дык зрабі гэтае, што мы табе кажам: Ёсьць у нас чатыры мужы, каторыя маюць на сабе шлюбаваньне.

Вазьмі іх з сабой, і ачысціся разам з імі, і заплаці за іх, каб яны абстрыглі галовы, і тады ўсе даведаюцца, што тое, што пра цябе пачулі, — няпраўда, але што ты жывеш, захоўваючы закон.
 
Узяўшы іх, асьвяціся з імі і заплаці за іх, каб яны астрыглі галовы; і пазанаюць усе, што тое, што аб табе чулі, ёсьць фальш, але што і сам берагучы закон ходзіш.

А адносна паганаў, якія ўверылі, дык мы напісалі, пастанавіўшы, каб яны нічога такога не прытрымліваліся, але толькі цураліся пасвечанага балванам, і крыві, і задушанага, і распусты».
 
Аб тых-жа, каторыя ўверылі з паганаў, мы напісалі, пастанаўляючы: каб яны ўстрымаліся ад ахвяраванага балваном, і крыві, і душанага, і блуду.

Тады Паўла, які ўзяў з сабой мужчын, на другі дзень разам з імі паддаўся ачышчэнню, і ўвайшоў у святыню, абвяшчаючы заканчэнне дзён ачышчэння, у які за кожнага з іх мае быць складзена ахвяра.
 
Тады Павал, узяшы мужоў, на заўтрашні дзень, будучы ачышчаны з імі, уавайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, як за кожнага з іх будзе зложана ахвяра.

Калі ж сем дзён завяршаліся, юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, падбухторылі ўвесь натоўп ды ўсклалі на яго рукі,
 
Калі-ж кончыліся сем дзён, тыя жыды, што былі з Азіі, убачыўшы яго ў сьвятыні, падбурылі ўвесь народ і налажылі на яго рукі, крычачы:

лямантуючы: «Мужы ізраэльскія! На помач! Гэта той чалавек, які ўсюды ўсіх вучыць супраць народа і закону і супраць гэтага месца, а прытым грэкаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца».
 
Мужы ізраільскія, памажэце! Гэта той чалавек, каторы проціў народу і гэтага месца ўсюды усіх вучачы, яшчэ і паганаў увёў у сьвятыню і зьняважыў гэтае месца сьвятое.

Бо перад тым бачылі з ім Трафіма з Эфеса ў горадзе ды думалі, што Паўла ўвёў яго ў святыню.
 
Бо яны бачылі з ім у горадзе Трахіма Эфэзца, каторага, думалі, Павал увёў у сьвятыню.

Дык узрушыўся ўвесь горад, і пачаў збягацца народ, і схапілі Паўлу ды выцягнулі яго па-за святыню, і зараз жа зачынілася брама.
 
І парушыўся ўвесь горад, і зрабілася зборышча народу. І ўзяўшы Паўла, цягнулі яго за сьвятыню, і зараз-жа дзьверы былі зачынены.

Калі ж хацелі яго забіць, дайшла да трыбуна кагорты вестка, што ўвесь Ерузалім збунтаваўся,
 
Калі-ж яны хацелі яго забіць, дана знаць тысячніку, што ўзбурыўся ўвесь Ерузалім.

дык ён неадкладна, узяўшы жаўнераў ды сотнікаў, сышоў да іх. Яны ж, убачыўшы трыбуна і жаўнераў, перасталі біць Паўлу.
 
Ён зараз-жа ўзяўшы жаўнераў і сотнікаў, прыбег да іх. Яны ўбачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі біць Паўла.

Тады трыбун, падышоўшы, узяў яго і загадаў звязаць двума ланцугамі, ды пытаўся, хто ён і што зрабіў.
 
Тады тыясчнік прыступіўшы, узяў яго і прыказаў яго зьвязаць двама ланцугамі, і пытаўся, хто ён і што зрабіў.

А з натоўпу кожны крычаў што іншае. І, не могучы нічога даведацца яснага з прычыны забурэння, загадаў завесці яго ў крэпасць.
 
А кожны ў грамадзе крычаў што іншае. І ня могучы чаго пэўнага даведацца дзеля разрухі, прыказаў весьці яго ў лагер.

Калі ж прыйшлі да сходаў, з-за штурханіны людзей жаўнеры мусілі несці яго,
 
А калі прыйшоў да сходаў, прыйшлося жаўнерам несьці яго дзеля напору народу.

бо натоўп людзей ішоў за ім, крычучы: «Забі яго!»
 
Бо ішло ўсьлед мноства народу, крычачы: Казьні яго!

І, калі пачалі яго ўводзіць у крэпасць, кажа Паўла трыбуну: «Ці можна мне штосьці сказаць табе?» Ён сказаў: «Ты ўмееш па-грэцку?
 
І калі пачыналі ўвадзіць Паўла ў лагер, ён сказаў тысячніку: Ці можна мне нешта сказаць? Ён сказаў: Умееш па-грэцку?

Ці ты не егіпцянін, які перад гэтымі днямі ўчыніў забурэнне ды вывеў у пустыню чатыры тысячы кінжальшчыкаў?»
 
Ці ты не эгіпцянін, што перад гэтымі днямі падняў разруху і вывеў у пустыню чатыры тысячы мужоў разбойнікаў?

І адказаў Паўла: «Я — юдэй з Тарса ў Цыліцыі, грамадзянін не абы-якога горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да народа».
 
І сказаў да яго Павал: Я-то чалавек жыд з Тарсу ў Цыліцыі, грамадзянін ведамага гораду, і прашу цябе, пазволь мне прагаварыць да народу.

Калі той дазволіў, Паўла, стоячы на сходах, даў знак рукой народу, і, калі настала поўная цішыня, ён прамовіў на гебрайскай мове, кажучы:
 
І калі той пазволіў, Павал, стоячы на сходах, даў знак рукою народу і калі зрабілася вялікая ціш, прагаварыў у жыдоўскай мове, кажучы: