Дзеі 25 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад В. Гадлеўскага
Калі нарэшце прыбыў Фэст у правінцыю, то па трох днях направіўся з Цэзарэі ў Ерузалім.
Дык Фэст, прыбіўшы ў правінцыю, пасьля трох дзён адбыў з Цэзарэі ў Ерузалім.
Там да яго звярнуліся першасвятар і значныя з юдэяў адносна Паўлы і прапаноўвалі яму,
І былі прыйшоўшы да яго архісьвятары і першыя з жыдоў проціў Паўла, і прасілі яго,
просячы спагады ў яго, каб загадаў паслаць яго ў Ерузалім, падступна думаючы забіць яго ў час дарогі.
жадаючы ласкі проціў яго, каб загадаў яго прывесьці ў Ерузалім, маючы на мэце подступы, каб яго забіць у дарозе.
Але Фэст адказаў, што Паўла знаходзіцца пад вартай у Цэзарэі ды што ён сам скора туды выправіцца:
Але Фэст адказаў, што Паўла сьцерагуць у Цэзарэі, ён-жа мае хутка выехаць.
«Дык хай, хто з вас можа, — гаворыць, — пойдуць разам са мной ды вінавацяць яго, калі за гэтым чалавекам ёсць якія злачынствы».
Дык каторыя з вас, кажа, маюць магчымасьць, няхай, паехаўшы разам, калі ёсьць у мужы якая віна, вінавацяць яго.
І, прабыўшы сярод іх не больш васьмі ці дзесяці дзён, выправіўся ён у Цэзарэю, і на другі дзень сеў у судзе, і загадаў прывесці Паўлу.
Пабыўшы-ж у іх ня болей як восем або дзесяць дзён, вярнуўся ў Цэзарэю і на другі дзень сеў у трыбунале і загадаў прыевесьці Паўла.
І, калі ён прыйшоў, абступілі яго юдэі, што прыйшлі з Ерузаліма, ускладаючы многа цяжкіх абвінавачанняў на Паўлу, якіх не маглі даказаць.
Калі ён быў прыведзены, абступілі яго жыды, што былі прыйшоўшы з Ерузаліму, закідаючы многа цяжкіх правінаў, якіх не маглі даказаць.
Ён жа апраўдваўся: «Не зграшыў я нічым ані супраць закону юдэйскага, ані супраць святыні, ані супраць цэзара».
Павал бараніўся: што я не саграшыў нічога ані проціў жыдоўскага закону, ані проціў сьвятыні, ані проціў цэзара.
А Фэст, хочучы дагадзіць юдэям, адказваючы, сказаў Паўлу: «Хочаш ісці ў Ерузалім, каб там у гэтым быць мною суджаным?»
Але Фэст, хочучы аказаць ласку жыдом, адказваючы Паўлу, сказаў: Хочаш ехаць у Ерузалім і там за гэта быць суджаным перада мною?
Паўла сказаў: «Я стаю перад судом цэзара, дзе трэба мяне судзіць. Юдэям я крыўды не зрабіў, як ты сам добра ведаеш.
Павал-жа сказаў: Я стаю перад трыбуналам цэзара, там мяне трэба судзіць. Жыдом я крыўды не зрабіў, як ты лепш ведаеш.
Калі б зрабіў што несправядліва або ўчыніў штосьці, вартае смерці, не адмаўляюся памерці. Але калі не зрабіў нічога з таго, у чым мяне вінавацяць, ніхто не можа мяне ім выдаць. Апелюю да цэзара!»
Бо калі-б зрабіў крыўду або ўчыніў нешта годнае сьмерці, я не адказваюся памёрці. Але калі няма нічога з таго, у чым яны мяне вінавацяць, ніхто ня можа мяне ім падарыць. Апэлюю да цэзара.
Тады Фэст, пагаварыўшы з радай, адказаў: «Апелюеш да цэзара, дык пойдзеш да цэзара».
Тады Фэст, пагаварыўшы з Радай, адказаў: Да цэзара ты апэляваў, да цэзара пойдзеш.
І праз некалькі дзён цар Агрыпа і Берэніка прыбылі ў Цэзарэю і прывіталі Фэста.
Калі-ж прайшло некалькі дзён, кароль Агрыппа і Вэрніка прыбылі ў Цэзарэю, каб прывітаць Фэста.
Калі там прабылі многа дзён, Фэст паведаміў цару пра Паўлу, кажучы: «Фэлікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека.
І калі прабылі там многа дзён, Фэст далажыў каралю аб Паўле, кажучы: Адзін муж ёсьць астаўлены Фэліксам у вастрозе.
Калі я быў у Ерузаліме, першасвятары і старэйшыны юдэйскія звярнуліся да мяне, дамагаючыся яго асуджэння.
На яго, калі я быў у Ерузаліме, прыйшлі да мяне архісьвятары і старшыя жыдоўскія, жадаючы проціў яго асуджэньня.
Я ім адказаў, што рымляне не маюць звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на смерць, калі абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі ды не атрымае магчымасці бараніцца ад абвінавачанняў.
Я ім адказаў, што ў рымлян няма звычаю асуджаць якога чалавека, перш чым той, каторага вінавацяць, будзе мець прысутных абвініцеляў і атрымае месца на абарону, каб ачысьціцца ад праступкаў.
І, калі яны прыбылі сюды, я без ніякага адкладу на наступны дзень, седзячы ў судзе, загадаў прывесці гэтага чалавека.
Дык калі яны сюды зыйшліся бяз ніякага адкладу, я на наступны дзень, сеўшы ў трыбунале, загадаў прывясьці мужа.
І, калі ўсталі абвінаваўцы, то не прадставілі ніякага абвінавачання ў злачынствах, пра якія я меркаваў.
Стаўшы абвініцелі, не прынясьлі на яго ніякай віны з тых, у каторых я падазраваў благое.
Яны з ім спрачаліся пра іх веру ды пра нейкага памерлага Ісуса, пра Якога Паўла даказвае, што Ён жыве.
Але мелі проціў яго нейкія справы аб сваім вераваньні і аб нейкім памёршым Езусе, аб каторым цьвярдзіў Павал, што жыве.
Не разбіраючыся ў гэтым пытанні, я спытаў, ці не хацеў бы ён пайсці ў Ерузалім ды там быць суджаным у гэтых спрэчках.
Я-ж, не разьбіраючыся ў гэтай справе, казаў, што ці хацеў-бы ён ісьці ў Ерузалім і там за гэтае быць суджаным.
Калі ж Паўла запатрабаваў, каб яго затрымалі на разгляд Аўгуста, я загадаў яго пільнаваць, пакуль не выпраўлю яго да цэзара».
Але калі Павал апэляваў, каб яго захаваць на разгляд Аўгуста, я загадаў захаваць яго, пакуль не адашлю да цэзара.
Агрыпа сказаў Фэсту: «Я і сам хацеў бы паслухаць гэтага чалавека». «Заўтра, — адказаў, — пачуеш яго».
Агрыппа-ж сказаў да Фэста: Я і сам хацеў-бы паслухаць чалавека. Заўтра, сказаў, пачуеш яго.
На другі дзень, калі Агрыпа і Берэніка з вялікаю пышнасцю прыбылі і ўвайшлі ў залу разам з трыбунамі ды самымі паважанымі людзьмі горада, па загадзе Фэста ўведзены быў Паўла.
На другі-ж дзень, калі прыйшоў Агрыппа і Вэрніка з вялікай пышнасьцяй і ўвайшлі ў паслухальню з тысячнікамі і паважанейшымі мужамі гораду, па загаду Фэста быў прыведзены Павал.
І кажа Фэст: «Цар Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Бачыце гэтага, дзеля якога звярталася да мяне многа юдэяў і ў Ерузаліме, і тут, усклікаючы, што яму не належыць больш жыць.
І сказаў Фэст: Кароль Агрыппа і ўсе мужы, што разам з намі прыстутны, вы бачыце гэтага, каторага ўсё мноства жыдоў жадала ад мяне ў Ерузаліме, просячы і крычучы, што трэба, каб ён болей ня жыў.
Але я пераканаўся, што ён не ўчыніў нічога, вартага смерці. А калі ён апеляваў да Аўгуста, вырашыў яго выправіць.
Але я пазнаў, што ён не дапусьціўся нічога годнага сьмерці. А калі ён сам апэляваў да Аўгуста, я разсудзіў паслаць.
Ды не маю нічога пэўнага аб ім напісаць валадару. Дзеля таго прывёў я яго да вас, а асабліва да цябе, цар Агрыпа, каб, зрабіўшы допыт, меў што напісаць.
Што-б аб ім пэўнае напісаць пану, ня маю. Дзеля гэтага вывеў яго да вас, а найбольш да цябе, кароль Агрыппа, каб зрабіўшы допыт, меў я што пісаць.
Бо здаецца мне неразумным выпраўляць вязня, не вызначыўшы яго віны».
Бо неразумным мне здаецца паслаць вязьня і не падаць ягоных правінаў.