Дзеі 2 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І, калі спаўняўся дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым жа месцы.
І калі наступíў дзень Пяцідзеся́тніцы, былí ўсе яны аднаду́шна ра́зам.
І раптам стаўся шум з неба, як бы ад наляцеўшага буйнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
І ра́птам пачу́ўся з неба шум, бы́ццам ад пары́ву бу́йнага ве́тру, і напо́ўніў уве́сь дом, дзе яны сядзе́лі;
І паказаліся ім паасобна языкі, як бы агнявыя, і паселі на кожнага з іх;
і явíліся ім падзе́леныя языкí, нíбы во́гненныя, і апусцíліся па адны́м на ко́жнага з іх.
і напоўнены былі яны ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі так, як ім Дух даваў прамаўляць.
І напо́ўніліся ўсе Ду́хам Святы́м, і пачалí гавары́ць на іншых мо́вах, як Дух дава́ў ім прамаўля́ць.
Жылі тады ў Ерузаліме юдэі, людзі пабожныя, з усіх народаў, што ёсць пад небам;
Знахо́дзіліся ў Іерусалíме Іудзе́і, мужы́ набо́жныя, з уся́кага наро́да, што пад не́бам.
і, калі ўзняўся гэты голас, збеглася мноства людзей, і дзівіліся, бо кожны чуў іх, як прамаўлялі на яго мове.
Калі ж пачу́ўся шум гэты, сышо́ўся шматлíкі люд і збянтэ́жыўся, бо ко́жны чуў, што яны прамаўля́юць яго ўла́снай гаво́ркаю.
Слупянелі яны і дзівіліся, кажучы: «Ці ж, вось, гэтыя ўсе, што прамаўляюць, не галілейцы?
І былí ўра́жаны ўсе і здзіўля́ліся, ка́жучы адзін аднаму́: хіба́ ўсе яны, што прамаўля́юць, не Галіле́яне́
Дык як жа мы кожны чуем сваю ўласную мову, у якой мы нарадзіліся?
чаму ж мы чу́ем ко́жны сваю ўла́сную гаво́рку, у якой нарадзíліся, —
Парты і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі,
Парфя́не, і Мíдзяне, і Еламíты, і жыхары́ Месапата́міі, Іудзе́і і Кападакíі, По́нта і Асíі,
Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лібіі, што каля Цырэны, і прыбыльцы з Рыма,
Фры́гіі і Памфíліі, Егіпта і ча́стак Лíвіі, суме́жных з Кірыне́яй, і прыйшо́ўшыя з Ры́ма, Іудзе́і і празелíты,
а таксама юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — чуем, што яны гавораць пра веліч Божую на нашых мовах».
Кры́цяне і АравíцІяне, — чуем, што яны прамаўля́юць на нашых мо́вах пра ве́ліч Бо́жую?
І дзівіліся ўсе, і не разумелі гэтага, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»
І былí ўра́жаны ўсе і недаўмява́лі, гаво́рачы адзін да аднаго́: што́ гэта можа быць?
А іншыя, падсмейваючыся, казалі: «Можа быць, яны напіліся маладога віна?»
Іншыя ж здзе́кліва каза́лі: яны напілíся сало́дкага віна́.
Тады Пётра, стаўшы з адзінаццаццю, узвысіў голас свой і сказаў ім: «Мужы юдэйскія ды ўсе жыхары Ерузаліма, хай будзе вам гэта ведама, і ўспрыміце вушамі мае словы!
Тады Пётр, ста́ўшы з адзіна́ццаццю, узвы́сіў го́лас свой і прамо́віў да іх: мужы́ Іудзе́йскія і ўсе жыхары́ Іерусалíма! няха́й гэта вам ста́не вядо́ма, і ўслу́хайцеся ў сло́вы мае́:
Гэтыя людзі не п’яныя, як вы думаеце, бо трэцяя гадзіна дня,
яны не п’я́ныя, як ду́маеце вы, бо яшчэ то́лькі трэ́цяя гадзíна дня;
але гэта спаўняецца тое, што сказана праз прарока Ёэля:
але гэта тое, што прадка́зана праро́кам Іаíлем:
“І будзе: у апошнія дні, — кажа Бог, — вылью ад Духа Майго на кожнае цела; і будуць праракаваць сыны вашы і дочкі вашы, і юнакі вашы будуць бачыць з’явы, і старыя вашы будуць бачыць сны.
«і бу́дзе ў апо́шнія дні, — ка́жа Гаспо́дзь, — вы́лію ад Духа Майго́ на ко́жную плоць, і бу́дуць праро́чыць сыны́ ва́шы і до́чкі ва́шы; і юнакí ва́шы відзе́нні бу́дуць ба́чыць, і ста́рцам ва́шым бу́дуць снíцца сны;
І на паслугачоў Маіх і на паслугачак вылью ў тыя дні ад Духа Майго, і будуць праракаваць.
і на рабо́ў Маіх і на рабы́нь Маіх вы́лію ў тыя дні ад Духа Майго, і яны бу́дуць праро́чыць;
І дам цуды на небе, угары, ды знакі на зямлі, унізе кроў і агонь, і слупы дыму;
і дам цу́ды на небе ўгары́ і знаме́нні на зямлí ўнізе, кроў, і агонь, і куро́дым;
сонца зменіцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і слаўны.
сонца ператво́рыцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым наста́не дзень Гаспо́дні, вялíкі і сла́ўны;
І будзе: кожны, хто пакліча імя Госпада, будзе збаўлены”.
і будзе: ко́жны, хто прызаве́ імя́ Гаспо́дняе, спасе́цца».
Мужы ізраэльскія, паслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засведчанага перад вамі Богам моцамі, цудамі і знакамі, якія Бог учыніў праз Яго між вамі, як вы самі ведаеце,
Мужы́ Ізра́ільскія! вы́слухайце сло́вы гэ́тыя: Іісуса Назарэ́я, Му́жа, засве́дчанага вам ад Бога сíламі, і цу́дамі, і знаме́ннямі, якія зрабіў праз Яго Бог сяро́д вас, як і са́мі вы ве́даеце,
Яго вось, Які паводле вызначанага рашэння і наканавання Божага быў выдадзены, вы, рукамі беззаконных прыбіўшы цвікамі, забілі,
Яго, вы́дадзенага па вы́значанай заду́ме і прадве́данню Бо́жаму, вы ўзялí і, рука́мі беззако́нных прыбíўшы цвіка́мі, забíлі;
але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад пакут смерці, бо немагчыма было, каб яна авалодала Ім.
але Бог уваскрасíў Яго, вы́зваліўшы з пу́таў сме́рці, таму што немагчы́ма было́ ёй утрыма́ць Яго.
Бо Давід кажа адносна Яго: “Стаяў я перад Госпадам маім заўсёды; паколькі Ён праваруч мяне, нічога не баюся.
Бо Давід ка́жа пра Яго: «ба́чыў я Госпада перад сабо́ю заўсёды, бо Ён правару́ч мяне́, каб я не пахісну́ўся;
Дзеля таго ўзрадавалася сэрца маё і ўзвесялілася душа мая; звыш таго, і цела маё супакоіцца ў спадзяванні.
таму ўзвесялíлася сэ́рца маё і ўзра́даваўся язык мой, ды і плоць мая́ супако́іцца ў надзе́і,
Бо не пакінеш душы маёй у пекле ды не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне.
бо не пакíнеш Ты душы́ маёй у пе́кле і не дасí свято́му Твайму ўба́чыць тле́нне;
Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця, Ты напоўніш мяне радасцю ад аблічча Твайго”.
Ты даў мне спазна́ць шляхí жыцця́; Ты напо́ўніш мяне́ ра́дасцю перад аблíччам Тваім».
Мужы браты, хай дазволена мне будзе сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, ды магіла яго захавалася ў нас да сённяшняга дня.
Мужы́ браты́! дазво́льце мне сказа́ць вам адкры́та пра праайца́ Давíда, што ён і памёр, і пахава́ны, і магíла яго ў нас да гэ́тага дня;
Як прарок, ён ведаў, што Бог прысягаў яму вернай прысягай, што ад плода сцёгнаў яго паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе Яго,
бу́дучы ж праро́кам і ве́даючы, што Бог кля́тваю пакля́ўся яму́ з пато́мства яго ўздзвíгнуць Хрыста́ ў пло́ці і пасадзíць на яго прасто́ле,
і, прадбачачы, гаварыў пра ўваскрэсенне Хрыста, што душа Яго не застанецца ў пекле, ды што цела Яго не ўбачыць парахнення.
ён, прадба́чыўшы, сказа́ў пра ўваскрасе́нне Хрыста, што не пакíнута душа́ Яго ў пе́кле і це́ла Яго не ўбачыла тле́ння.
Гэтага вось Ісуса ўваскрасіў Бог, і мы ўсе — сведкі гэтага.
Гэ́тага Іісуса Бог уваскрасíў, і ўсе мы све́дкі таго́.
Ён быў правіцаю Божаю ўзвышаны, атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, і выліў Яго, як вы бачыце і чуеце.
Дык вось, правíцаю Бо́жаю ўзне́сены і атрыма́ўшы ад Айца абяца́нне Святога Духа, Ён вы́ліў то́е, што вы цяпер ба́чыце і чу́еце.
Бо Давід не ўзышоў у неба, аднак ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне,
Бо Давід не ўзышо́ў на нябёсы, але сам ён ка́жа: «сказа́ў Гаспо́дзь Го́спаду майму: сядзí правару́ч Мяне́,
аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”.
паку́ль не пакладу́ во́рагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх».
Дык хай вельмі цвёрда ведае ўвесь дом Ізраэля, што гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі, Бог учыніў Госпадам і Хрыстом».
Дык няхай жа цвёрда ве́дае ўве́сь дом Ізра́ілеў, што Го́спадам і Хрысто́м Бог зрабіў Яго, Таго́ Іісуса, Яко́га вы распя́лі.
Калі яны пачулі гэта, спакарыліся сэрцам ды пыталіся ў Пётры і іншых Апосталаў: «Дык што маем мы рабіць, мужы браты?»
Пачу́ўшы гэта, яны ўра́жаны былí сэ́рцам і сказа́лі Пятру́ і аста́тнім Апо́сталам: што́ нам рабíць, мужы́ браты́?
А Пётра сказаў ім: «Учыніце навяртанне, і хай кожны з вас прыме хрост у імя Ісуса Хрыста на адпушчэнне вашых грахоў, і атрымаеце дар Духа Святога;
Пётр жа прамо́віў да іх: пака́йцеся, і няха́й ахры́сціцца кожны з вас у імя́ Іісуса Хрыста дзе́ля адпушчэ́ння грахо́ў, і атрыма́еце дар Святога Духа;
бо вам належыць абяцанае і сынам вашым, ды ўсім тым, хто далёка, каго б ні паклікаў Госпад, Бог наш».
бо вам нале́жыць абяца́нне і дзе́цям ва́шым, і ўсім да́льнім, колькі іх паклíча Гаспо́дзь Бог наш.
І многімі іншымі словамі сведчыў і ўшчуваў іх, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага роду распуснага».
І шмат якíмі íншымі сло́вамі ён све́дчыў і перако́нваў іх, ка́жучы: рату́йцеся ад роду гэ́тага разбэ́шчанага.
Дык тыя, што прыхільна прынялі яго словы, былі ахрышчаны; і ў той дзень было далучана каля трох тысяч душ.
Тады́ ты́я, што ахво́тна прынялí сло́ва яго, былí ахры́шчаны; і далучы́лася ў той дзень каля трох ты́сяч душ;
І трывалі яны ў навуцы Апосталаў ды ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах.
і яны пастая́нна знахо́дзіліся ў вучэ́нні Апо́сталаў, і ў супо́льнасці, і пераламле́нні хле́ба, і ў малíтвах.
І страх быў у кожнай душы, бо Апосталы чынілі мноства знакаў і цудаў.
І з’явіўся страх ў кожнай душы́; і многа цу́даў ды знаме́нняў дзе́ялася праз Апо́сталаў у Іерусалíме.
Усе тыя, што ўверылі, былі разам ды ўсё мелі супольнае,
Страх жа вялікі быў ва ўсіх. Усе ве́руючыя былí ра́зам, і ўсё ў іх было́ супо́льнае;
і прадавалі маёмасць і ўласнасць ды дзялілі яе між тымі, у каго якая была патрэба;
і прадава́лі ўла́снасць і маёмасць, і дзялíлі на ўсіх, колькі каму трэ́ба было́;
і штодзень аднадушна заставаліся ў святыні, і, ламаючы хлеб па дамах, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца,
і кожны дзень яны аднаду́шна знахо́дзіліся ў хра́ме, і, пераламля́ючы хлеб па дама́х, прыма́лі ежу ў радасці і прастаце́ сэ́рца,
славячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народа. Госпад жа штодзень дадаваў да царквы збаўляемых.
хва́лячы Бога і адчува́ючы добразычлíвасць усяго народа. Гасподзь жа штодзень далучаў да Царквы тых, што спаса́ліся.