Дзеі 15 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Некаторыя, прыйшоўшы з Юдэі, навучалі братоў: «Калі не будзеце абрэзаны па звычаі Майсея, не можаце быць збаўлены».
Некато́рыя, што прыйшлі з Іудзеі, вучы́лі братоў: калі не абрэ́жацеся паводле звы́чаю Маісеевага, то не можаце спасцíся.
І сталася шмат немалых спрэчак і звадак між імі ды Паўлам і Барнабам, так што вырашылі, каб Паўла і Барнаба ды яшчэ некалькі з іх пайшлі дзеля гэтае справы ў Ерузалім да Апосталаў і старэйшых.
Калі ж адбыло́ся сутыкне́нне і спрэ́чка немала́я ў Паўла і Варнавы з імі, то было́ вы́рашана, каб Павел з Варнавам ды некато́рыя іншыя з іх пайшлі да Апосталаў і прасвітараў у Іерусалім па гэтай справе.
Дык, пасланыя царквою, ішлі яны праз Фэніцыю і Самарыю, расказваючы пра навяртанне паганаў, і прыносілі братам вялікую радасць.
І вось, яны, адпра́ўленыя царквою, праходзілі праз Фінікíю і Самары́ю, раска́зваючы пра навярта́нне язычнікаў, і прыно́сілі радасць вялікую ўсім брата́м.
Калі ж прыбылі ў Ерузалім, былі прыняты царквою і Апосталамі ды старэйшымі і расказалі ім, як шмат Бог учыніў ім.
Калі ж прыбылí яны ў Іерусалім, то былí прыня́ты царквою, Апосталамі і прасвітарамі і расказалі пра ўсё, што зрабіў з імі Бог і як Ён адчынíў язычнікам дзверы веры.
Але некаторыя з тых, што ўверылі з герэзіі фарысейскай, супрацівіліся, кажучы: «Трэба абрэзаць іх і загадаць трымацца закону Майсея!»
Тады ўсталі некато́рыя з фарысейскай е́расі, якія ўве́равалі, і яны казалі, што трэба абрэ́зваць язычнікаў і зага́дваць ім, каб выконвалі закон Маісееў.
Дык сабраліся Апосталы і старэйшыя, каб разгледзець гэтую справу.
Апосталы і прасвітары сабра́ліся, каб разгле́дзець гэтую справу.
Калі ўзнікла вялікая спрэчка, тады, узняўшыся, Пётра сказаў ім: «Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўніх дзён выбраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх пагане пачулі слова Евангелля ды ўверылі.
Пасля доўгай спрэчкі ўстаў Пётр і сказаў ім: мужы́ браты́! вы ведаеце, што Бог ад дзён даўніх вы́браў з нас мяне, каб з маіх ву́снаў язычнікі пачулі слова Ева́нгелля і ўве́равалі;
І Бог, Які ведае сэрцы, засведчыў гэта, даючы ім Духа Святога, як і нам,
і Сэрцаве́д Бог даў ім све́дчанне, пасла́ўшы ім Духа Святога, як і нам;
і не зрабіў ніякай розніцы між намі і імі, ачышчаючы сэрцы іх верай.
і не зрабіў нія́кай розніцы паміж намі і імі, вераю ачы́сціўшы сэ́рцы іх.
Дык чаму цяпер выпрабоўваеце Бога, каб ускласці на вучняў ярмо, якога ані бацькі нашы, ані мы самі не змаглі насіць?
Чаму ж вы цяпер спакуша́еце Бога, каб ускла́сці на шы́і вучняў ярмо, якога ні айцы нашы, ні мы не змаглі пане́сці?
Мы, аднак, верым, што праз ласку Госпада Ісуса Хрыста будзем збаўлены, як і яны».
Але мы ве́руем, што благадаццю Госпада Іісуса Хрыста спасёмся, як і яны.
І замоўк увесь натоўп, і слухалі аповед Барнабы і Паўлы, якія знакі і цуды ўчыніў Бог праз іх сярод паганаў.
Тады замоўк увесь сход і слу́хаў Варнаву і Паўла, як яны раска́звалі, якія знаме́нні і цу́ды зрабіў Бог праз іх у язычнікаў.
І калі яны замоўклі, азваўся Якуб, кажучы: «Мужы браты, паслухайце мяне.
Пасля таго, як яны змоўклі, прамовіў Іакаў, кажучы: мужы́ браты́! паслу́хайце мяне;
Сімяон расказаў, як Бог спачатку наведаў паганаў, каб выбраць з іх народ для імя Свайго,
Сíман расказаў, як Бог ад пачатку скірава́ў по́гляд на язычнікаў, каб скла́сці з іх народ у імя́ Сваё;
і з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:
і гэтаму адпавяда́юць словы прарокаў, як напíсана:
“Пасля гэтага вярнуся і адбудую палатку Давіда, якая ўпала, і адбудую руіны яе, і ўзнаўлю яе,
«потым вярну́ся і адбуду́ю скінію Давідаву заняпа́лую, і разбу́ранае ў ёй адбуду́ю, і ўзвяду́ яе,
каб іншыя людзі шукалі Госпада ды ўсе народы, над якімі будзе прызывана імя Маё. Так кажа Госпад, Які чыніць усё гэта:
каб шукалі Госпада іншыя людзі і ўсе народы, для якіх абве́шчана імя́ Маё, — кажа Гасподзь, Які робіць усё гэта».
вядомы спрадвеку Богу ўсе справы Яго”.
Вядо́мы Богу адве́ку ўсе справы Яго.
Таму я лічу, што не трэба непакоіць тых, якія з паганаў навярнуліся да Бога,
Таму я лічу́, што не трэба абцяжа́рваць тых з язычнікаў, якія навярта́юцца да Бога,
але напісаць ім, каб сцерагліся апаганьвання ад балванаў, распусты, і задаўленага, і крыві.
а напіса́ць ім, каб яны ўстры́мліваліся ад апага́ньвання ідаламі, і ад блу́ду, і ад заду́шанага, і ад крывí, і каб не рабілі іншым таго, чаго не жада́юць сабе.
Бо Майсей ад найдаўнейшых пакаленняў мае такіх, што ў розных гарадах абвяшчаюць яго ў сінагогах, дзе кожную суботу чытаюць».
Бо закон Маісе́еў ад старажы́тных ро́даў па ўсіх гарада́х ма́е тых, што прапаве́дуюць яго, і чытаецца ў сінагогах кожную суботу.
Тады Апосталы і старэйшыя з усёй царквою надумалі выбраць мужоў са свайго ліку: Юду, званага Барсабам, і Сілу, мужоў першых сярод братоў, ды паслаць іх у Антыёхію разам з Барнабам і Паўлам,
Тады Апосталы і прасвітары з усёй царквою вы́рашылі пасла́ць вы́браных ад іх мужо́ў у Антыяхíю з Паўлам і Варнавам: Іуду, называ́нага Варса́вам, і Сілу, — мужоў, якія ме́лі старшынство́ сярод братоў,
напісаўшы праз рукі іх гэтак: «Апосталы, і старэйшыя, і браты — тым, што жывуць у Антыёхіі, Сірыі і Цыліцыі, братам з паганаў, прывітанне!
напіса́ўшы і перада́ўшы праз іх насту́пнае: «Апосталы, і прасвітары, і браты́ — брата́м з язычнікаў у Антыяхíі, Сíрыі і Кілікíі: ра́давацца.
Мы даведаліся, што некаторыя з нашых без нашага даручэння занепакоілі вас словамі, трывожачы сэрцы вашы, кажучы, што вы павінны быць абрэзаны і выконваць закон.
Паколькі мы пачулі, што некато́рыя, прыйшоўшы ад нас, устрыво́жылі вас сваімі сло́вамі і збянтэ́жылы ду́шы вашы, ка́жучы, што трэба абрэ́звацца і выко́нваць закон, чаго мы ім не даруча́лі,
Дык мы, сабраўшыся разам, вырашылі паслаць да вас выбраных людзей разам з дарагімі нам Барнабам і Паўлам,
то мы, сабра́ўшыся, вы́рашылі пасла́ць да вас адзінаду́шна вы́браных мужоў з узлю́бленымі нашымі Варнавам і Паўлам,
людзьмі, якія за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста аддалі душы свае.
людзьмí, якія аддалí ду́шы свае за імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста.
Дык пасылаем Юду і Сілу, якія перакажуць словамі тое самае.
Дык вось, мы паслалі Іуду і Сілу, якія на сло́вах перададу́ць вам тое самае;
Бо Дух Святы і мы вырашылі, што не трэба ўскладаць на вас аніякага цяжару, апрача таго, што неабходна:
бо ўгодна Духу Святому і нам не ўсклада́ць на вас нія́кага бо́льшага цяжа́ру, акрамя́ гэтага неабходнага:
устрымлівацца ад ахвяр для ідалаў, ад крыві, ад таго, што задушана, ды ад распусты. Добра вы зробіце, калі ад гэтых рэчаў паўстрымаецеся. Бывайце здаровы».
устры́млівацца ад ахвярава́нага ідалам, і ад крывí, і ад заду́шанага, і ад блу́ду, і не рабіць іншым таго, чаго не жада́еце сабе; выко́нваючы гэта, вы до́бра зро́біце. Быва́йце здаро́вы».
Тыя ж, пасланыя, прыбылі ў Антыёхію і, сабраўшы грамаду, аддалі ліст.
І вось, адпра́ўленыя прыйшлі ў Антыяхíю і, сабра́ўшы людзе́й, перадалí пасла́нне.
Калі яго прачыталі, узрадаваліся словам суцяшэння.
Тыя ж, прачытаўшы, узра́даваліся настаўле́нню.
А Юда і Сіла, якія і самі былі прарокамі, у частых прамовах пацяшалі братоў і ўмацоўвалі іх.
А Іуда з Сілам, якія са́мі былí прарокамі, у многіх прамовах далí настаўле́нне брата́м і ўмацава́лі іх.
Па нейкім часе адаслалі іх браты з прывітаннем супакою да Апосталаў.
Прабы́ўшы там пэўны час, яны былí з мірам адпу́шчаны брата́мі да Апосталаў;
Сіла ж вырашыў застацца, а Юда вярнуўся ў Ерузалім.
але Сіла вы́рашыў заста́цца там, а Іуда адзін вярну́ўся ў Іерусалім.
А Паўла і Барнаба затрымаліся ў Антыёхіі, навучаючы і дабравесцячы з многімі іншымі слова Госпадава.
Павел жа і Варнава знахо́дзіліся ў Антыяхíі, навуча́ючы і прапаве́дуючы з многімі іншымі сло́ва Гасподняе.
А праз некалькі дзён Паўла сказаў Барнабу: «Вернемся і наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведавалі слова Госпадава, і паглядзім, як маюцца».
Праз нейкі час Павел сказаў Варнаву: давай ве́рнемся і наве́даем братоў нашых ва ўсіх гарадах, дзе мы прапаве́давалі слова Гасподняе, — як у іх справы.
Барнаба хацеў узяць з сабой Яна, званага Маркам,
Варнава хацеў узяць з сабою Іаана, называ́нага Маркам;
але Паўла судзіў, што за тое, што ён адышоў ад іх у Памфіліі і не хадзіў працаваць з імі, не належыць браць яго.
Павел жа лічы́ў, што не трэба браць з сабою яго, які пакінуў іх у Памфілíі і не пайшоў з імі на справу, на якую яны былí пасла́ны.
І ўсчынілася крыўда, так што раздзяліліся, і Барнаба, узяўшы Марка, паплыў на Кіпр,
Адбыла́ся спрэчка, так што яны разлучы́ліся адзін з адным; і Варнава, узя́ўшы Марка, адплы́ў на Кіпр;
Паўла ж, абраўшы Сілу, пайшоў, даручаны братамі ласцы Бога.
а Павел, вы́браўшы Сілу, пайшоў, бу́дучы дару́чаны брата́мі благада́ці Божай,
І праходзіў праз Сірыю і Цыліцыю, умацоўваючы цэрквы.
і праходзіў па Сíрыі і Кілікíі, умацо́ўваючы цэ́рквы.