Дзеі 3 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Аднойчы Пётра і Ян разам уваходзілі ў святыню а гадзіне дзевятай маліцца.
Пётр з Іаа́нам узыхо́дзілі ра́зам у храм на малітву ў гадзíну дзевя́тую.
І ўносілі аднаго чалавека, які быў кульгавы ад улоння маці сваёй, якога клалі штодзень ля брамы святыні, званай Прыгожай, каб прасіў міласціну ў тых, што ўваходзілі ў святыню.
І быў нейкі чалаве́к, кульга́вы ад уло́ння ма́ці сваёй, якога насíлі і садзíлі кожны дзень перад дзвяры́ма хра́ма, што называ́ліся Прыго́жымі, прасíць мíласціну ў тых, хто ўвахо́дзіў у храм;
Ён, убачыўшы Пётру і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, прасіў, каб далі яму міласціну.
ён, уба́чыўшы Пятра і Іаана, якія наме́рваліся ўвайсцí ў храм, папрасíў у іх даць мíласціну.
Тады Пётра з Янам, паўзіраўшыся на яго, сказалі: «Зірні на нас!»
Угле́дзеўся ў яго Пётр, сто́ячы з Іаа́нам, і сказаў: паглядзí на нас.
А ён глядзеў на іх, спадзеючыся нешта ад іх атрымаць.
І той скірава́ў свой по́зірк на іх, спадзеючы́ся нешта атрыма́ць ад іх.
Тады Пётра сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне, але што маю, тое дам табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэта ўстань і хадзі!»
Пётр жа сказаў: серабра́ ды зо́лата няма́ ў мяне́, а што ма́ю, тое даю́ табе́: у імя́ Іісуса Хрыста Назарэ́я ўста́нь і хадзí.
І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго; і зараз акрэплі ногі і стопы яго,
І, узя́ўшы яго за правую руку́, падня́ў; і адра́зу ж умацава́ліся яго ступнí і шчы́калаткі;
і ён, ускочыўшы, стаў на нагах, і хадзіў, ды ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, і падскокваючы, і славячы Бога.
і, падско́чыўшы, стаў ён і пача́ў хадзíць, і ўвайшо́ў з імі ў храм, хо́дзячы і ска́чучы, і хва́лячы Бога.
І ўвесь народ убачыў яго, як хадзіў і славіў Бога,
І ба́чыў увесь народ, як ён хадзíў і хвалíў Бога;
і пазнавалі яго, што гэта той самы чалавек, які дзеля міласціны сядзеў ля Прыгожай брамы святыні; дык напоўніла іх здзіўленне і недаўменне з прычыны таго, што напаткала яго.
і пазна́лі яго, што гэта быў той, які дзе́ля мíласціны сядзе́ў каля Прыго́жых дзвярэ́й храма; і напо́ўніліся жа́хам і здзіўле́ннем ад таго, што адбыло́ся з ім.
А як аздароўлены кульгач прытрымліваўся Пётры і Яна, увесь народ у здзіўленні збегся да іх у прысенак, званы Саламонавым.
А пако́лькі ацалёны ад кульга́васці трыма́ўся Пятра́ і Іаа́на, то ўсе лю́дзі ў здзіўле́нні збе́гліся да іх у прытво́р, які называ́ўся Саламо́навым.
Бачачы гэта, Пётра прамовіў да народа: «Мужы ізраэльскія, чаму дзівіцеся з гэтага ды чаму так углядаецеся на нас, быццам мы сваёй моцай або пабожнасцю справілі тое, што ён ходзіць?
Уба́чыўшы гэ́та, Пётр прамо́віў да людзе́й: мужы́ Ізра́ільскія! чаму́ вы здзіўля́ецеся гэ́таму і чаму так ўгляда́ецеся ў нас, як бы́ццам мы ўла́снаю сíлаю альбо набо́жнасцю зрабілі, каб ён хадзіў?
Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Паслугача Свайго Ісуса, Якога вы выдалі ды адракліся ад Яго перад абліччам Пілата, калі ён вырашыў вызваліць Яго;
Бог Аўраа́ма і Ісаа́ка і Іа́кава, Бог айцоў нашых, прасла́віў Сы́на Свайго Іісуса, Якога вы вы́далі і ад Якога адраклíся перад аблíччам Піла́та, калі той вы́рашыў адпусцíць Яго;
вы ж адракліся Святога і Справядлівага і прасілі даць вам забойцу,
вы ж ад Святога і Пра́веднага адраклíся і вы́прасілі аддаць вам чалаве́ка-забо́йцу,
а Правадыра жыцця забілі, але Бог падняў Яго з мёртвых, і мы — сведкі гэтага.
а Пачына́льніка жыцця́ забíлі; Бог уваскрасíў Яго з мёртвых, і мы све́дкі гэ́тага.
І праз веру ў імя Яго — гэтага чалавека, якога вы бачыце і ведаеце, умацавала імя гэтае, і вера, што праз Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад вамі ўсімі.
І па ве́ры ў імя́ Яго, імя́ Яго ўмацава́ла таго, каго вы ба́чыце і ве́даеце; і ве́ра, якая ад Яго, дала́ яму гэтае ацале́нне перад усімі вамі.
Але я цяпер ведаю, браты, што гэта вы зрабілі па няведанні, як і начальнікі вашы;
І цяпер, браты́, я ве́даю, што па няве́данню ўчынíлі вы гэта, як і нача́льнікі вашы;
а Бог такім чынам здзейсніў тое, што прадказаў вуснамі ўсіх Сваіх прарокаў, што Хрыстос Яго будзе цярпець.
Бог жа, як прадказа́ў ву́снамі ўсіх Сваіх праро́каў, што паку́таваць будзе Хрыстос, так і здзе́йсніў.
Дык навярніцеся і перамяніцеся, каб грахі вашы былі скасаваны,
Дык пака́йцеся і навярнíцеся, каб былí сцёрты грахí вашы,
каб насталі часы асвяжэння ад Госпада і каб Ён паслаў Таго, Якога прадказаў вам, Хрыста Ісуса,
каб прыйшлí часы́ суцяшэ́ння ад аблíчча Гаспо́дняга і каб Ён пасла́ў ране́й прызна́чанага вам Іісуса Хрыста́,
Якога неба мусіць затрымаць аж да часу аднаўлення ўсяго, як спрадвеку прадказваў Бог вуснамі ўсіх святых Сваіх прарокаў.
Якога нале́жала небу прыня́ць да часу аднаўле́ння ўсяго, пра што гаварыў Бог ву́снамі ўсіх святы́х Сваіх праро́каў адве́ку.
Майсей жа сказаў бацькам: “Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых. Слухайце Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.
Бо Маісе́й сказаў айцам: Праро́ка ўздзвíгне вам Гасподзь Бог ваш з брато́ў вашых, як мяне́; Яго слу́хайцеся ва ўсім, што Ён будзе гавары́ць вам;
І будзе: кожная душа, якая не паслухае гэтага Прарока, будзе выкаранена з народа”.
і ста́не так, што кожная душа́, якая не паслу́хаецца Прарока Таго, будзе вы́нішчана з народа.
І прадказвалі гэтыя дні таксама ўсе прарокі ад часоў Самуэля і тыя, што пасля яго прамаўлялі.
Ды і ўсе прарокі ад Самуíла і пасля́ яго, якія толькі прамаўля́лі, таксама прадвясцíлі гэтыя дні.
Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з бацькамі нашымі, калі, кажучы, сказаў Абрагаму: “У нашчадках тваіх дабраславёныя будуць усе зямныя народы”.
Вы — сыны́ тых праро́каў і запаве́ту, які Бог завяшча́ў айца́м нашым, ка́жучы Аўраа́му: «і ў се́мені тваім благаславя́цца ўсе плямёны зямны́я».
Вам найперш Бог, падняўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, каб дабраславіў вас на тое, каб кожны адвярнуўся ад нягоднасці сваёй».
Бог, уздзвíгнуўшы Сы́на Свайго Іісуса, найпе́рш да вас паслаў Яго благаславíць вас, каб адвярну́ўся кожны з вас ад злых спраў вашых.