Дзеі 21 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Калі ж мы, пакінуўшы іх, паплылі, ідучы наўпрост, мы прыйшлі ў Кос, а на наступны дзень — у Радос, а адтуль — у Патару,
Як жа мы, расстаўшыся зь імі, адплылі, дык простай дарогаю прыплылі да Косу, назаўтрае да Родосу і стуль да Патары.
і, знайшоўшы карабель, які меў плыць у Фінікію, узыйшлі [на яго], і паплылі.
І засьпеўшы караб, што йшоў да Фінікі, узышлі на яго й адплылі.
А ўбачыўшы Кіпр і пакінуўшы яго зьлева, мы плылі ў Сірыю і зыйшлі ў Тыры, бо там карабель меў разладаваць тавар.
І відаць быў Кіпра, і, пакінуўшы яго палеве, мы плылі да Сыры, і выселі ў Тыру, бо там караб меў выкласьці свой наклад.
І, знайшоўшы вучняў, мы былі там сем дзён, а тыя праз Духа казалі Паўлу, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім.
І, засьпеўшы вучанікаў, заставаліся там сем дзён. Яны з Духа казалі Паўлу ня йсьці да Ерузаліму.
А калі мы пражылі тыя дні, выйшаўшы, мы пайшлі, і ўсе праводзілі нас з жонкамі і дзецьмі ажно за горад, і на беразе, укленчыўшы, маліліся.
Як жа скончыліся гэтыя дні, вышлі й пайшлі, і нас прапушчалі ўсі із жанкамі а дзецьмі аж да места; а на беразе, уклякшы, памаліліся.
І, разьвітаўшыся адны з аднымі, мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.
І, разьвітаўшыся адзін із адным, мы ўзышлі на караб, а яны зьвярнуліся двору.
А мы, скончыўшы плаваньне ад Тыру, прыйшлі ў Пталемаіду, і, прывітаўшы братоў, засталіся ў іх на адзін дзень.
Мы ж, скончыўшы плаўбу, прыбылі з Тыру да Птолемаіды і, паздароваўшы братоў, засталіся адзін дзень ізь імі.
А на заўтра тыя, што былі з Паўлам, пайшоўшы, прыйшлі ў Цэзарэю, і, увайшоўшы ў дом Філіпа дабравесьніка, аднаго з сямі, засталіся ў яго.
А назаўтрае Паўла а мы, бытыя зь ім, вышаўшы, прышлі да Цэсарэі і, увыйшоўшы ў дом Піліпа евангелістага, аднаго ізь сямёх, заставаліся ў яго.
У яго ж былі чатыры дачкі дзяўчыны, якія прарочылі.
У яго былі чатыры дачкі дзявушчыя, праракаючыя.
А як мы заставаліся шмат дзён, прыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаў,
Прымеж тога, як мы заставаліся ў іх шмат дзён, прышоў зь Юдэі якісь прарока, на ймя Агаў;
і, увайшоўшы да нас і ўзяўшы пояс Паўла, і зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Гэтак кажа Дух Сьвяты: “Мужа, чый гэты пояс, так зьвяжуць Юдэі ў Ерусаліме і аддадуць у рукі паганаў”».
І, увыйшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі й ногі, сказаў: «Гэтак кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэты пояс, гэтак зьвяжуць у Ерузаліме Жыды і выдадуць у рукі паган».
Калі ж мы пачулі гэта, і мы, і тамтэйшыя прасілі, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім.
Як жа мы пачулі гэта, то й мы й тамашнія прасілі, каб ён ня йшоў да Ерузаліму.
А Павал адказаў: «Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Бо я ня толькі гатовы быць зьвязаным, але і памерці ў Ерусаліме дзеля імя Госпада Ісуса».
Але Паўла адказаў: «Што вы робіце, плачучы а немарасьцячы сэрца мае? бо я гатоў ня толькі быць зьвязаным, але таксама памерці ў Ерузаліме за імя Спадара Ісуса».
І не пераканаўшы яго, мы супакоіліся, кажучы: «Няхай станецца воля Госпада!»
Ня здолеўшы ўмовіць яго, мы змоўклі, кажучы: «Станься воля Спадарова!»
А пасьля гэтых дзён, узяўшы рэчы, мы ўзыходзілі ў Ерусалім.
Просьле гэтых дзён, прыгатаваўшыся, пайшлі мы да Ерузаліму.
Ішлі ж з намі і вучні з Цэзарэі, ведучы да нейкага Мназона, Кіпрыйца, старадаўняга вучня, у якога мы мелі гасьцяваць.
І з вучанікаў з Цэсарэі йшлі з намі, вядучы якогась Мнасона, Кіпраніна, даўнейшага вучаніка, у каторага мы былі б на гасподзе.
А як мы апынуліся ў Ерусаліме, браты прыхільна прынялі нас.
А, як мы прыбылі да Ерузаліму, браты рада прынялі нас.
І на другі дзень увайшоў Павал разам з намі да Якуба; і прыйшлі ўсе старосты.
А назаўтрае Паўла прышоў з намі да Якава, і ўсі старшыя прышлі туды.
І, прывітаўшы іх, ён распавядаў падрабязна, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае.
І, паздароваўшы іх, ён паведаў з парадку ўсе, што Бог учыніў службаю ягонай.
Яны ж, пачуўшы, праславілі Госпада і сказалі яму: «Бачыш, браце, колькі дзясяткаў тысячаў Юдэяў, якія паверылі, і ўсе яны рупліўцы Закону.
Яны ж, пачуўшы, славілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, браце, колькі тысячаў ёсьць із Жыдоў, што ўверылі, і ўсі рупатлівыя праз Закон.
А яны начутыя адносна цябе, што ты вучыш адступніцтву ад Майсея ўсіх Юдэяў, што [жывуць] сярод паганаў, кажучы, каб не абрэзвалі сваіх дзяцей і не хадзілі паводле звычаяў.
Але празь цябе маюць ведамку, што ты вучыш усіх Жыдоў, што памеж народаў, адступніцтва ад Масея, кажучы, што яны ня маюць абразаць дзеці свае ані заховаваць абычаі.
Дык што гэта? Абавязкова мусіць сабрацца мноства, бо пачуюць, што ты прыйшоў.
Дык што ж? Множасьць канечне зьбярэцца, бо пачуюць, што ты прышоў.
Дык зрабі, што табе скажам. Ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе шлюбаваньне.
Зрабі ж, што мы скажам тэ: ёсьць у нас чатыры чалавекі, што маюць на сабе абятніцы.
Узяўшы іх, ачысьціся разам з імі і выдаткуй за іх, каб яны абстрыглі галаву, і ўсе даведаюцца, што тое, што яны дачуліся адносна цябе, ёсьць пустое, але ты ходзіш адпаведна і захоўваеш Закон.
Вазьмі іх, і ачысьціся зь імі, і заплаці выдаткі за іх, каб яны агалілі галавы свае, — і даведаюцца ўсі, што няма нічога праўдзівага з чутага імі празь цябе, але што й сам ты жывеш заховуючы Закон.
А адносна паганаў, якія паверылі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб нічога гэткага не захоўвалі, а толькі высьцерагаліся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты».
А ўзглядам тых, што ўверылі з паган, то мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны ўзьдзержаваліся ад абраканага балваном, ад крыві, ад задушанага і ад бязулства».
Тады Павал, узяўшы мужоў гэтых, на наступны дзень ачысьціўшыся з імі, увайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, калі за кожнага з іх прынесены будзе дар [Богу].
Тады Паўла, узяўшы тых мужоў, назаўтрае ачысьціўшыся, увыйшоў зь імі ў сьвятыню, асьвятчаючы, што дні ачышчэньня скончаны і абрэчаны аброк за кажнага зь іх.
А калі меліся скончыцца сем дзён, Юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў сьвятыні, узрушылі ўвесь натоўп і ўсклалі на яго рукі,
Як жа сем дзён канчаліся, Жыды з Азі, абачыўшы яго ў сьвятыні, узрушылі ўсю гурбу і наклалі рукі на яго,
крычучы: «Мужы Ізраільцяне, дапамажыце! Гэта чалавек, які ўсіх паўсюль навучае супраць народу і супраць Закону, і супраць месца гэтага. Ды яшчэ Грэкаў увёў у сьвятыню і апаганіў гэтае месца сьвятое».
Крычачы: «Мужы ізраельскія, памажыце! гэты чалавек усіх усюдых вуча супроці люду а Закону а месца гэтага, а нават прывёў Грэкаў у сьвятыню і збудзеніў сьвятое месца».
Бо яны раней бачылі з ім у горадзе Трафіма Эфэсца і думалі, што Павал увёў яго ў сьвятыню.
Бо перад тым яны бачылі зь ім у месьце Трахіма Ефэсяніна й думалі, што Паўла быў увёўшы яго ў сьвятыню.
І ўвесь горад узварушыўся, і пазьбягаўся народ. І, узяўшы Паўла, пацягнулі яго вонкі са сьвятыні, і адразу дзьверы былі зачынены.
І ўсе места ўзрушылася, і зьбегліся людзі; і, схапіўшы Паўлу, пацягнулі яго вон ізь сьвятыні, і якга замкнёны былі дзьверы.
А калі шукалі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узрушаны.
Як жа яны хацелі забіць яго, ведамка прышла да тысячніка аддзелу, што ўвесь Ерузалім узрушыўся.
Ён, неадкладна ўзяўшы жаўнераў і сотнікаў, пабег на іх, а яны, убачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі біць Паўла.
Ён, зараз узяўшы жаўнераў а сотнікаў, пабег на іх. Яны ж, абачыўшы тысячніка а жаўнераў, перасталі біць Паўлу.
Тады, наблізіўшыся, тысячнік узяў яго і загадаў зьвязаць двума ланцугамі і пытаўся, хто ён і што зрабіў.
Тады тысячнік, прышоўшы, узяў яго й казаў закаваць двума ланцугамі, і пытаўся, хто ён і што зрабіў.
А ў натоўпе кожны крычаў нешта сваё. І ня могучы праз замяшаньне нешта пэўнае даведацца, загадаў весьці яго ў табар.
У гурбе ж крычэлі адныя адно, другія другое. Ён жа, ня могучы з прычыны сумятні даведацца нічога пэўнага, расказаў весьці яго да гораду.
А калі [Павал] апынуўся ля сходаў, жаўнерам прыйшлося несьці яго на руках дзеля гвалту натоўпу,
Як жа ён быў на ўсходках, жаўнерам давялося несьці яго з прычыны ўсілства гурбы,
бо мноства народу ішло за імі, крычучы: «Забі яго!»
Зо множасьць люду йшла за ім, крычачы: «Вон яго!»
І як меліся ўвайсьці ў табар, Павал кажа тысячніку: «Ці магу нешта сказаць табе?» Той жа сказаў: «Ты ведаеш грэцкую?
Ля ўходу ў горад Паўла сказаў тысячніку: «Ці можна імне сказаць тэ штось?» А гэты сказаў: «Ты знаеш пагрэцку?
Дык ці ня ты той Эгіпцянін, які перад гэтымі днямі збунтаваў і вывеў у пустыню чатыры тысячы чалавек сікарыяў?»
Дык ці ня ты тый Егіпцянін, што надоечы ўзьняў бунт і вывеў на пустыню чатыры тысячы чалавекаў, гэных разбойнікаў (Сыкоран)».
А Павал сказаў: «Я — Юдэй з Тарсу, грамадзянін знакамітага гораду ў Кілікіі. Прашу ж цябе, дазволь мне гаварыць да народу».
Паўла ж сказаў: «Я Жыд, Тарсянін, грамадзянін не апошняга места кіліцкага; дык, калі ласка, дазволь імне прамовіць да люду».
Калі ж той дазволіў, Павал, стаўшы на сходах, даў знак народу рукою, і як сталася вялікая ціша, прамовіў на гебрайскай мове, кажучы:
Як жа тый дазволіў, Паўла, стоячы на ўсходках, кінуў рукою люду і, як сталася вялікая цішыня, прамовіў да іх гэбрэйскай моваю, кажучы: