Дзеі 21 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі мы, расстаўшыся з імі, адплылі, то простым шляхам прыбылі на Кос, затым — на Родас, а адтуль — у Патару.
 
Як жа мы, расстаўшыся зь імі, адплылі, дык простай дарогаю прыплылі да Косу, назаўтрае да Родосу і стуль да Патары.

Знайшоўшы карабель, які плыў у Феніцыю, мы селі і паплылі.
 
І засьпеўшы караб, што йшоў да Фінікі, узышлі на яго й адплылі.

А калі паказаўся Кіпр, мы абмінулі яго злева і паплылі ў Сірыю. Прысталі ў Тыры, бо там трэба было разгрузіць карабель.
 
І відаць быў Кіпра, і, пакінуўшы яго палеве, мы плылі да Сыры, і выселі ў Тыру, бо там караб меў выкласьці свой наклад.

Знайшоўшы вучняў, мы засталіся там на сем дзён. Яны ж, натхнёныя Духам, казалі Паўлу не ісці ў Ерузалем.
 
І, засьпеўшы вучанікаў, заставаліся там сем дзён. Яны з Духа казалі Паўлу ня йсьці да Ерузаліму.

Пасля гэтых дзён мы выбраліся ў дарогу, а ўсе з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас за горад. Укленчыўшы на беразе і памаліўшыся,
 
Як жа скончыліся гэтыя дні, вышлі й пайшлі, і нас прапушчалі ўсі із жанкамі а дзецьмі аж да места; а на беразе, уклякшы, памаліліся.

мы развіталіся адзін з адным і селі на карабель, а яны вярнуліся да сябе.
 
І, разьвітаўшыся адзін із адным, мы ўзышлі на караб, а яны зьвярнуліся двору.

На заканчэнне нашага плавання мы прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе прывіталі братоў і прабылі ў іх адзін дзень.
 
Мы ж, скончыўшы плаўбу, прыбылі з Тыру да Птолемаіды і, паздароваўшы братоў, засталіся адзін дзень ізь імі.

Назаўтра адышлі і прыбылі ў Цэзарэю. Увайшоўшы ў дом дабравесніка Філіпа, аднаго з сямі дыяканаў, мы засталіся ў яго.
 
А назаўтрае Паўла а мы, бытыя зь ім, вышаўшы, прышлі да Цэсарэі і, увыйшоўшы ў дом Піліпа евангелістага, аднаго ізь сямёх, заставаліся ў яго.

Ён меў чатыры дачкі, дзевы, якія прарочылі.
 
У яго былі чатыры дачкі дзявушчыя, праракаючыя.

У той час, як мы былі ў іх шмат дзён, прыйшоў з юдэі пэўны прарок, па імені Агаў.
 
Прымеж тога, як мы заставаліся ў іх шмат дзён, прышоў зь Юдэі якісь прарока, на ймя Агаў;

Ён увайшоў да нас, узяў Паўлаў пояс і, звязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Так кажа Дух Святы: “Таго чалавека, чый гэта пояс, так звяжуць у Ерузалеме юдэі і аддадуць у рукі язычнікаў”».
 
І, увыйшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі й ногі, сказаў: «Гэтак кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэты пояс, гэтак зьвяжуць у Ерузаліме Жыды і выдадуць у рукі паган».

Калі мы гэта пачулі, угаворвалі Паўла разам з тамтэйшымі братамі не хадзіць у Ерузалем.
 
Як жа мы пачулі гэта, то й мы й тамашнія прасілі, каб ён ня йшоў да Ерузаліму.

Аднак Павел адказаў: «Навошта плачаце і засмучаеце маё сэрца? Бо я дзеля імя Пана Езуса гатовы не толькі быць звязаным, але і памерці ў Ерузалеме».
 
Але Паўла адказаў: «Што вы робіце, плачучы а немарасьцячы сэрца мае? бо я гатоў ня толькі быць зьвязаным, але таксама памерці ў Ерузаліме за імя Спадара Ісуса».

Паколькі яго не ўдалося ўгаварыць, мы супакоіліся, сказаўшы: «Няхай будзе воля Пана!»
 
Ня здолеўшы ўмовіць яго, мы змоўклі, кажучы: «Станься воля Спадарова!»

Пасля гэтых дзён мы падрыхтаваліся і вырушылі ў Ерузалем.
 
Просьле гэтых дзён, прыгатаваўшыся, пайшлі мы да Ерузаліму.

З намі пайшлі некаторыя вучні з Цэзарэі і прывялі да нас нейкага Мнасона з Кіпра, даўняга вучня, які меў нас прыняць.
 
І з вучанікаў з Цэсарэі йшлі з намі, вядучы якогась Мнасона, Кіпраніна, даўнейшага вучаніка, у каторага мы былі б на гасподзе.

Калі мы прыйшлі ў Ерузалем, браты радасна прынялі нас.
 
А, як мы прыбылі да Ерузаліму, браты рада прынялі нас.

На другі дзень Павел пайшоў з намі да Якуба, куды прыйшлі таксама ўсе старэйшыны.
 
А назаўтрае Паўла прышоў з намі да Якава, і ўсі старшыя прышлі туды.

Прывітаўшы іх, ён падрабязна расказваў пра тое, што Бог учыніў сярод язычнікаў праз яго служэнне.
 
І, паздароваўшы іх, ён паведаў з парадку ўсе, што Бог учыніў службаю ягонай.

Пачуўшы гэта, яны ўславілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, брат, колькі тысяч юдэяў паверыла, а ўсе яны рупліўцы Закону.
 
Яны ж, пачуўшы, славілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, браце, колькі тысячаў ёсьць із Жыдоў, што ўверылі, і ўсі рупатлівыя праз Закон.

Яны чулі пра цябе, быццам ты юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступаць ад Майсея, кажучы, каб не абразалі дзяцей і не трымаліся звычаяў.
 
Але празь цябе маюць ведамку, што ты вучыш усіх Жыдоў, што памеж народаў, адступніцтва ад Масея, кажучы, што яны ня маюць абразаць дзеці свае ані заховаваць абычаі.

Дык што ж? Яны напэўна пачуюць, што ты прыйшоў.
 
Дык што ж? Множасьць канечне зьбярэцца, бо пачуюць, што ты прышоў.

Зрабі тое, што мы кажам табе. У нас ёсць чатыры мужчыны, якія далі абяцанне.
 
Зрабі ж, што мы скажам тэ: ёсьць у нас чатыры чалавекі, што маюць на сабе абятніцы.

Вазьмі іх з сабою, ачысціся разам з імі і заплаці за іх выдаткі, каб яны абстрыглі свае галовы. Так даведаюцца ўсе, што ім кажуць пра цябе няпраўду і што ты сам выконваеш Закон.
 
Вазьмі іх, і ачысьціся зь імі, і заплаці выдаткі за іх, каб яны агалілі галавы свае, — і даведаюцца ўсі, што няма нічога праўдзівага з чутага імі празь цябе, але што й сам ты жывеш заховуючы Закон.

А што да тых язычнікаў, якія паверылі, мы напісалі ім сваю параду, каб яны стрымліваліся ад ахвяраў, прынесеных ідалам, ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты».
 
А ўзглядам тых, што ўверылі з паган, то мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны ўзьдзержаваліся ад абраканага балваном, ад крыві, ад задушанага і ад бязулства».

Тады Павел узяў тых мужчын і назаўтра, ачысціўшыся з імі, увайшоў у святыню і абвясціў пра заканчэнне дзён ачышчэння, калі за кожнага з іх павінна быць прынесена ахвяра.
 
Тады Паўла, узяўшы тых мужоў, назаўтрае ачысьціўшыся, увыйшоў зь імі ў сьвятыню, асьвятчаючы, што дні ачышчэньня скончаны і абрэчаны аброк за кажнага зь іх.

Калі ж заканчваліся сем дзён, юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, падбухторылі ўвесь народ і схапілі яго
 
Як жа сем дзён канчаліся, Жыды з Азі, абачыўшы яго ў сьвятыні, узрушылі ўсю гурбу і наклалі рукі на яго,

з крыкам: «Мужы ізраэльскія, дапамажыце! Гэты чалавек усюды ўсіх навучае супраць народу, Закону і гэтага месца. Яшчэ і грэкаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца».
 
Крычачы: «Мужы ізраельскія, памажыце! гэты чалавек усіх усюдых вуча супроці люду а Закону а месца гэтага, а нават прывёў Грэкаў у сьвятыню і збудзеніў сьвятое месца».

Бо перад тым яны бачылі ў горадзе з ім Трафіма эфесца і казалі пра яго, што Павел увёў яго ў святыню.
 
Бо перад тым яны бачылі зь ім у месьце Трахіма Ефэсяніна й думалі, што Паўла быў увёўшы яго ў сьвятыню.

Увесь горад узрушыўся, і збегся народ. Яны схапілі Паўла, выцягнулі яго са святыні і адразу зачынілі дзверы.
 
І ўсе места ўзрушылася, і зьбегліся людзі; і, схапіўшы Паўлу, пацягнулі яго вон ізь сьвятыні, і якга замкнёны былі дзьверы.

Калі хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерузалем збунтаваўся.
 
Як жа яны хацелі забіць яго, ведамка прышла да тысячніка аддзелу, што ўвесь Ерузалім узрушыўся.

Ён адразу ж узяў жаўнераў і сотнікаў і прыбег да іх. Убачыўшы тысячніка і жаўнераў, яны перасталі біць Паўла.
 
Ён, зараз узяўшы жаўнераў а сотнікаў, пабег на іх. Яны ж, абачыўшы тысячніка а жаўнераў, перасталі біць Паўлу.

Тады тысячнік, наблізіўшыся, схапіў яго і загадаў скаваць падвойнымі ланцугамі. Дапытваўся таксама, хто ён і што ўчыніў.
 
Тады тысячнік, прышоўшы, узяў яго й казаў закаваць двума ланцугамі, і пытаўся, хто ён і што зрабіў.

У натоўпе ж усе крычалі сваё. Не здолеўшы даведацца нічога пэўнага з-за шуму, ён загадаў завесці яго ў крэпасць.
 
У гурбе ж крычэлі адныя адно, другія другое. Ён жа, ня могучы з прычыны сумятні даведацца нічога пэўнага, расказаў весьці яго да гораду.

Калі быў на прыступках, жаўнеры мусілі несці яго з прычыны націску натоўпу,
 
Як жа ён быў на ўсходках, жаўнерам давялося несьці яго з прычыны ўсілства гурбы,

бо шмат народу ішло за ім і крычала: «Забі яго!»
 
Зо множасьць люду йшла за ім, крычачы: «Вон яго!»

Пры ўваходзе ў крэпасць Павел сказаў тысячніку: «Ці можна сказаць табе нешта?» Той адказаў: «Ты гаворыш па-грэцку?
 
Ля ўходу ў горад Паўла сказаў тысячніку: «Ці можна імне сказаць тэ штось?» А гэты сказаў: «Ты знаеш пагрэцку?

Значыць ты не той егіпцянін, які нядаўна ўчыніў бунт і вывеў на пустыню чатыры тысячы забойцаў?»
 
Дык ці ня ты тый Егіпцянін, што надоечы ўзьняў бунт і вывеў на пустыню чатыры тысячы чалавекаў, гэных разбойнікаў (Сыкоран)».

Павел адказаў: «Я юдэй з Тарса, грамадзянін вядомага горада ў Цыліцыі. Прашу цябе, дазволь мне звярнуцца да народу».
 
Паўла ж сказаў: «Я Жыд, Тарсянін, грамадзянін не апошняга места кіліцкага; дык, калі ласка, дазволь імне прамовіць да люду».

Калі ж той дазволіў, Павел, стоячы на прыступках, даў народу знак рукой. Калі настала поўная ціша, прамовіў па-габрэйску, кажучы:
 
Як жа тый дазволіў, Паўла, стоячы на ўсходках, кінуў рукою люду і, як сталася вялікая цішыня, прамовіў да іх гэбрэйскай моваю, кажучы: